Хлеб штодзённы

7 красавіка
5-я нядзеля Вялікага Посту, год С

 

gr-str-30

Безагаворачнае прабачэнне

 

1 чытанне — Іс 43, 16-21.
Пс 126, 1-6.     
2 чыт. — Флп 3, 8-14.
Евангелле — Ян 8, 1-11.

 

«Хто з вас  без граху, няхай першы кіне ў яе камень» (Ян 8, 7).
Выпадак з жанчынай, якую злавілі на чужаложстве, падкрэслівае міласэрнасць Езуса і Яго прабачэнне.
Кніжнікі і фарысеі прывялі да Езуса грэшніцу, «бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго». Евангеліст з самага пачатку выкрывае намер юдэяў, іх жаданне і імкненне выглядаць шчырымі і добра выхаванымі. Яны спасылаюцца на Закон, каб асудзіць тую, якую злавілі на чужаложстве, і пабіць яе камянямі. Яны патрабуюць ад Езуса, каб Ён выказаў сваё меркаванне: ці Ён за Закон Майсея, ці супраць яго? У кнізе Левіта і кнізе Другазаконня напісана, што за чужаложства трэба асуджаць на смерць.
Езус ухіляецца ад пастаўленай Яму юдэямі пасткі: Ён пачаў «пісаць пальцам па зямлі». Але што пісаць? Ужыты ў гэтым выразе грэчаскі дзеяслоў можна перакладаць як «пісаць акт асу-джэння». Юдэі, якія лічаць сябе нявіннымі, шчырымі і добрымі, хочуць ведаць, каго асудзіў Езус, бо Ён не назваў ніякага імя. Ці на іх Ён баку?
А Езус адказвае ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень». Значыць, асуджэнне адносіцца да тых, хто думае, што ён больш пабожны, чым іншыя, або да тых, хто асуджае вінаватых і не бачыць сваіх уласных недахопаў. Усе зразумелі павучанне і адышлі. Калі Езус застаўся адзін з жанчынай, сказаў ёй: «I Я не асуджаю цябе; ідзі, і адгэтуль больш не грашы».
Жанчыне, злоўленай на чужаложстве, Ён кажа: «больш не грашы». Ён даў ёй магчымасць больш не грашыць і паступаць паводле Божага закону. Ён дае новую асобу, новы спосаб жыцця, і таму тут гучыць заклік: «Ідзі, і адгэтуль больш не грашы».
Жыццё без граху можа быць толькі плёнам закліку з боку Езуса. Так, адносіны Езуса да грэшніцы не з’яўляюцца абыякавымі ў адносінах да маралі, а Божым прабачэннем.
Бог жадае прабачыць, а не пакараць. Ён жадае перамены жыцця, а не асуджэння чалавека і яго вечнай смерці. Езус прабачае і не ставіць умоў. Наадварот, Ён за-клікае ісці па шляху, які адкрывае Яго прабачэнне. Такою ёсць цудоўная Божая Міласэрнасць, якая не звязвае сваё прабачэнне з нашымі заслугамі, бо ведае, што мы не можам заслужыць яго сабе. З іншага боку, Божая любоў не абумоўлена тым, што робім мы. Бескарысліва прабачаць – цудоўная якасць Бога, падобна як і рабіць магчымым новае жыццё. Таму і мы, хрысціяне, таксама павінны вучыцца прабачаць бліжняму – шчыра, без папрокаў і без умоў…


14 красавіка
Пальмовая нядзеля.
Нядзеля Мукі Пана,год С

 

gr-str-30-2

Агіда і пакора

 

1 чытанне — Іс 50, 4-7.
Пс 22, 8-9. 17-20. 23-24.    
2 чыт. — Флп 2, 6-11.
Евангелле — Лк 22, 14 – 23, 56.

 

«Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых» (Лк 23, 28).
Адносіны Езуса да болю маюць два вымярэнні: агіду і пакору. З аднаго боку, Езус не жадае болю, не шукае яго, просіць Айца збавіць Яго ад гэтага келіху. Езус не выбірае таксама бездапаможную пасіўнасць, Ён не падпарадкоўваецца болю, не адмаўляецца змагацца супраць болю.
І ўсё ж такі Ён аддае сябе Богу. І гэта не праяўляе Яго як чалавека ў адчаі, які апускае рукі, калі бачыць, што яго барацьба не мае сэнсу. Пакутуючы, Езус аддаецца цудоўнай Божай таямніцы, аддае сябе ў рукі Айца, які з’яўляецца вышэйшым гарантам надзеі. Гэта пакора, але таксама акт надзвычайнай моцы. Гэта не падпарадкаванне ці нейкая слабасць, а жэст таго, хто цалкам і адназначна з’яўляецца панам самога сябе.
Паводзіны Езуса – гэта супраціўленне ў пакоры, барацьба ў даверы, што Бог Айцец Яго падтрымлівае, што Ён гарантуе Яму перамогу, міласэрную, але са-праўдную перамогу.
Езус здолее нават учыніць са свайго болю справу любові, з’яднання з Богам і людзьмі, ператворыць яго ў сапраўдную ахвяру. Таму Езус дае параду  сваім вучням працягваць маліцца, каб не паддацца спакусе. Толькі малітва як адданасць Богу і дыялог з Ім дае людзям моц вытрываць боль, не супраціўляцца адчайна супраць яго або пасіўна яму паддавацца. Малітва дае чалавеку сілы не падпарадкавацца болю, насіллю, несправядлівасці, смерці, а аддаць сябе Таму, хто нават у смерці, болю і несправядлівасці дапаможа адшукаць сэнс і на-дзею. Таму чалавек не павінен шукаць боль і запэўніваць сябе, што ён моцны. Трэба шукаць Бога ў кожных абставінах, нават у болю і ў смерці.


21 красавіка
Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана, год С

 

gr-str-31

Укрыжаваны ўваскрос з памерлых

 

1 чытанне — Дз 10, 34а. 37-43.
Пс 118, 1-2. 16-17. 22-23.   
2 чыт. — Клс 3, 1-4.
Евангелле — Ян 20, 1-9.

 

«Калі ж з’явіцца Хрыстус, жыццё вашае,  тады і вы з’явіцеся разам з Ім у хвале» (Клс 3, 4).   Сёння мы святкуем уваскрасенне Хрыста, які паўстаў з памерлых і жыве сярод нас.
Мы не засяроджваем нашу ўвагу на тым, што перажываем у глыбіні нашай душы, – маем мы прычыну для святкавання, ці не. Мы радуемся, бо Езус жыве і ёсць сярод нас. Ён – прычына нашага свята. Гэта Яго свята, гэта Езусава Пасха, а не «нашая» Пасха.
Урывак з Евангелля паводле Яна арыентуецца на той факт, што магіла пустая: Езус не застаўся вязнем смерці. Хрысціянскую супольнасць тут прадстаўляюць Марыя Магдалена, Пётр і «іншы вучань». Хрысціянская супольнасць не прыходзіць да веры ва ўваскрасенне з памерлых адразу ж і лёгка.
Марыя прыйшла да магілы «раніцай, калі было яшчэ цёмна». Тут гаворка ідзе не толькі пра цемру ночы, але таксама пра цемру, якая ўсё яшчэ не дазваляе Марыі бачыць у веры.
Марыя Магдалена з’яўляецца сімвалам пошукаў, сумніву і здзіўлення хрысціянскай супольнасці: «не ведаем, дзе паклалі Яго». Таксама Пётр убачыў толькі «палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы». Гэта знакі смерці Езуса, але дзе Езус? Прыходзіць іншы вучань: ён «убачыў, і паверыў».
Такім чынам сімвалічна намаляваны шлях хрысціянскай супольнасці, які вядзе да веры ва Уваскрослага. Усё гэта сталася «ў першы дзень тыдня» (пар. Ян 20, 1а) – у дзень, які адкрывае новую эру ў свеце. Уваскрослы Езус аднаўляе жыццё там, дзе была смерць, дае надзею там, дзе, здавалася, ужо не было выйсця з адчаю і смерці.


28 красавіка
2-я Велікодная нядзеля.
Нядзеля Божай Міласэрнасці, год С

 

Дары Ўваскрослага

 

1 чытанне — Дз 5, 12-16.
Пс 118, 2-4. 22-27а.   
2 чыт. — Ап 1, 9-11а. 12-13. 17-19.
Евангелле — Ян 20, 19-31.

 

«Хваліце Пана, бо навекі міласэрнасць Ягоная» (Пс 118 (117), 1).   
Гісторыя Касцёла пачынаецца з Пасхі Езуса Хрыста. Гэта гісторыя ранніх хрысціянаў і адначасова гісторыя Касцёла ўсіх хрысціянаў ажно да сённяшняга часу. У гэтай доўгай і неспакойнай гісторыі жыве Езус, Ён у ёй прысутнічае і дзейнічае праз пасрэдніцтва свайго Духа. Гісторыя Касцёла – гэта гісторыя дзеяння Езуса і Яго сілы сярод Яго вучняў, якія жывуць у свеце. Езус ніколі не пакінуў і не пакіне свой Касцёл.
Пад уплывам сродкаў масавай камунікацыі мы, магчыма, бачым толькі знешні і менш знамянальны бок Касцёла, г. зн. «касцёльную палітыку». Аднак сённяшнія чытанні вядуць нас да больш глыбокага разумення таямніцы жыцця Касцёла, а менавіта праз разважанне пра дары, якія Ўваскрослы падзяляе ў сваёй сям’і, у Божым народзе, які нарадзіўся з Яго пра-бітага боку і ажыўляецца Яго Духам.
Гісторыя Касцёла з’яўляецца гісторыяй святых і грэшнікаў, ве-лікадушных і гераічных мужчын і жанчын, але таксама часам убогіх мужчын і жанчын. Але ўсё ж такі яна з’яўляецца перш за ўсё гісторыяй цудоўных дзеянняў, якія здзяйсняе ў нас Божая любоў.

 

 

кс. Алег  ГРЫГАРОВІЧ,  SAC


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий