Хлеб штодзённы

5 мая
3-я Велікодная нядзеля, год С

 

gr-str-30

Цудоўны ўлоў рыбы

 

1 чытанне — Дз 5, 27b-32. 40b-41.
Пс 30, 2. 4-6. 11-13.   
2 чыт. — Ап 5, 1-14.
Евангелле — Ян 21, 1-19.

 

«Пане, Божа мой, буду хваліць Цябе вечна» (Пс 30 (29), 13).
Касцёл  жыве верай ва Ўваскрослага з памерлых Езуса Хрыста. Касцёл жыве  перакананнем, што Бог мацнейшы за смерць, што Ён можа даць вечнае жыццё ўкрыжаванаму і пахаванаму чалавеку. Гэтая вестка, магчыма, здаецца нам перабольшанай, бо мы занадта прызвычаіліся да таго, што смерць мае апошняе слова.
Аднак  вера ва Ўваскрасенне Хрыстовае не закрывае вусны Касцёлу, а Бог не застаецца бяссільным  перад смерцю. Наадварот, гэтая вера  абвяшчае, што Бог збаўляе (і збаўленчая  моц здзяйсняецца таксама ў адносінах да смерці), а  слова  Яго  ажыўляе.
Такім  чынам, Касцёл  верыць, што Бог дае жыццё, што апошняе слова з’яўляецца  словам  жыцця, якое паходзіць ад Бога.
Нам  складана зразумець пасхальную вестку пра ўваскрасенне Езуса з памерлых.
Прасцей, напэўна, разважаць пра Езуса, які нарадзіўся, навучаў, здзяйсняў цуды і суцяшаў людзей. Мы павінны навучыцца новаму спосабу мыслення. Мы павінны давяраць Божаму слову, якое кіруе намі пры разважанні і якое дапамагае нам разумець новае. Толькі Божае слова дае нам магчымасць «зразумець», што Езус жыве, прысутнічае і  дзейнічае  ў  сваім Касцёле.
Пасля цудоўнага ўлову рыбы вучні ўсклікнулі: «Гэта Пан». Гаворка ідзе пра вызнанне веры Яна, прамоўленае  ад імя ўсіх: Езус – наш Пан, Ён уваскрос. Затым Езус скіроўвае да вучняў заклік: «Хадзіце ж, снедайце!». І ў гэты момант гаворыцца не толькі пра рыбу, але і пра хлеб, які даў ім Езус. Цяпер Езус знаходзіцца ў новай супольнасці, якую Ён сам насычае тым, што дае хлеб і рыбу, якія сімвалізуюць Ягоны дар самога сябе.
Відавочна, што пасхальны пір Езуса з вучнямі з’яўляецца сімвалам Эўхарыстыі.
Затым Езус скіроўвае заклік да Пятра, каб ішоў за Ім і пасвіў авечак Яго. Але пры гэтым кажа Пятру: «выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш».
Следаванне Пятра за Хрыстом – суровае, цяжкае. Пётр атрымлівае заклік не панаваць над паствай, але пасвіць іх з любові да Езуса і ахвяраваць за іх асабістае жыццё.
Пакліканне  Пятра   заключаецца не  ў  прымяненні  аўтарытэту  і  ўлады, а  ў велікадушным   аддаванні  свайго  жыцця, як гэта зрабіў Езус. Толькі  повязі  асабістай  любові («ці любіш ты Мяне?») робяць Пятра здольным  пайсці за Панам і цалкам аддацца  Яму.


12 мая
4-я Велікодная нядзеля, год С

 

Паства Езуса

 

gr-str-30-2

1 чытанне — Дз 13, 14. 43-52.
Пс 100, 2-5.    
2 чыт. — Ап 7, 9. 14b-17.  
Евангелле — Ян 10, 27-30.

 

«Я – добры пастыр, – кажа Пан, – і ведаю авечак Маіх, а Мае ведаюць Мяне» (Ян 10, 14).
Касцёл – гэта таямніца, багацце, якое нашым розумам мы ніколі не зможам даследаваць, бо ў гэтай таямніцы прысутнічае сам Бог. Таму, калі мы кажам пра Касцёл, нам  неабходна выкарыстоўваць розныя  вобразы  і аналогіі, якія ніколі не перададуць усяго багацця Касцёла.
Касцёл – гэта  паства  Езуса: «Авечкі Мае  слухаюць  голасу Майго, і  Я ведаю іх, і  яны ідуць за Мною». Гэта значыць, яны павінны імкнуцца жыць з Ім і жыць так, як  жыў  Ён. Але каб ісці за Ім, трэба каб яны пачулі Яго голас, каб згадзіліся з Яго словам у паслухмянасці веры.
Для таго, каб веруючыя далучыліся да Езуса, свайго пастыра, і пайшлі за Ім, трэба, каб яны належалі Яму. А каб мы адважыліся належаць Езусу і прынялі гэтую рэчаіснасць, Езус дае нам здольнасць зразумець Яго і пайсці за Ім.
«Я ведаю іх». Дзеяслоў «ведаць» мае трапнае значэнне, бо акрамя па-знання ўключае ў сябе абарону, любоў, клопат, адданасць і ўласнасць: «І Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, і ніхто не вырве іх з рук  Маіх».
Быць у руках Езуса азначае тое самае, што знаходзіцца ў руках Айца: «Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца Майго». Усё адбываецца з бязмежнай любові Айца, які прысутнічае ў Езусе. Езус жа аб’яўляе сябе ў Ім, і разам з Айцом яны – «адно». Супярэчыць Езусу азначае супярэчыць Пану, адмаўляцца ад Езуса азначае адмаўляцца ад Айца.
Такім чынам, Касцёл, які вызнае, што жыве ў Пану і для Яго, не дазволіць, каб «свет» авалодаў ім.
Касцёл ствараецца і жыве ў свеце, і місія яго – рабіць у свеце прысутным тое, што сам Езус здзяйсняе ў Касцёле. З’яўляючыся паствай Езуса Хрыста, Касцёл імкнецца абвяшчаць Евангелле ў сэрцы культур і ў самых разнастайных абставінах жыцця. Так Касцёл становіцца святлом свету і соллю зямлі.


19 мая
5-я Велікодная нядзеля,год С

 

Закон любові

 

1 чытанне — Дз 14, 21b-27.
Пс 145, 8-13.   
2 чыт. — Ап 21, 1-5а.  
Евангелле — Ян 13, 31-33a. 34-35.

 

 

«Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі  будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13, 35).
Які статут новай людской супольнасці, якая верыць ва Ўваскрослага Езуса? Сам Хрыстус даў сваім вучням ў якасці адрознага знака запаведзь любові: «Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго» (пар. Ян 13, 34). Езус называе яе запаведдзю, але не ў сэнсе знешняга закона. Таксама Езус атрымлівае запаведзь ад Айца і кажа: «Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові» (Ян 15, 10). Запаведзі Айца – гэта Яго любоў да Езуса.
Такім чынам, законы Езуса не з’яўляюцца загадам ці законам у звычайным сэнсе, яны – праяўленне любові Айца, якія павінны асвячаць усё жыццё сапраўднага вучня Езуса.
Значыць, Езус патрабуе, каб мы прынялі любоў Айца так, як прыняў яе Ён, і каб мы жылі ёю так, як ёю жыў Ён. Любоў паміж братамі-хрысціянамі з’яўляецца ўдзелам у Божай любові, якой Айцец любіць Сына.
Любоў, якую Езус паказвае і робіць магчымай, гэта тая ж любоў, якой Айцец любіць Езуса. Любоў Езуса не з’яўляецца толькі прыкладам для нас, нормай, але і прынцыпам і крыніцай нашай узаемнай любові.
Сапраўдная хрысціянская любоў выцякае са зносінаў хрысціянаў з Хрыстом, значыць, таксама са зно-сінаў з Айцом, і адначасова паказвае і праяўляе гэтыя таямнічыя, але са-праўдныя адносіны паміж людзьмі, якія  выконваюцца ў любові з Богам: «Па  гэтым  усе  пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго».
Вучні Езуса павінны паказаць, што магчыма любіць так, як любіў Хрыстус. Гэта любоў, якая паказвае, хто такія  вучні Езуса. Канкрэтнае  жыццё ва ўзаемнай хрысціянскай любові з’яўляецца першай, сутнаснай формай місіі хрысціянаў у свеце.


26 мая
6-я Велікодная нядзеля, год С

 

Адзінае сонца

gr-str-31

1 чытанне — Дз 15, 1-2. 22-29.
Пс 67, 2-3. 5. 6. 8.   
2 чыт. — Ап 21, 10-14. 22-23.
Евангелле — Ян 14, 23-29.

 

«Няхай Бог змілуецца над намі і благаславіць нас, няхай заззяе аблічча Яго над намі» (Пс 67 (66), 4).
Узгадваючы сэнс і каштоўнасць касцёльных законаў, мы не забылі, што «горад  не мае патрэбы ні ў сонцы, ні ў луне  для асвятлення свайго, бо слава Божая асвяціла яго, і светач яго –  Ягня». Мэта касцёльных законаў у тым, каб прывесці нас да адзінага святла, якое можа нас збавіць, – да Езуса Хрыста.
У Евангеллі Езус абяцае ўнутранае святло і разуменне таго, што Ён кажа: «Я сказаў вам гэта, будучы з вамі. А Суцяшальнік,  Дух Святы, якога  Айцец  пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам». Дух Хрыстовы – аснова  «Новага  Запавету» хрысціяніна. Нормы ў гісторыі змяняюцца, яны падпарадкоўваюцца простым ацэнкам, якія звязаны з дадзенай эпохай і сітуацыяй паводле таго, якім  чынам  у дадзены момант і на дадзеным  месцы  здзяйсняецца Хрыстовая любоў. Але аснова новага жыцця – тая ж самая, пастаянна  ідэнтычная  і пастаянна новая – Хрыстовы Дух.
Ніхто не  выключаны з закліку Езуса. Усе людзі, незалежна ад расы, мовы ці нацыі могуць стаць членамі Касцёла, калі прымуць Духа Хрыстовага і Яго слова. Бо асновай нашай прыналежнасці  да  Касцёла  з’яўляецца вера ў Хрыста, і мы выражаем яе тым, што прымаем слова Хрыста, якое  абвяшчае ўвесь Касцёл на чале з пераемнікам Пятра і біскупамі і ў лучнасці з Хрыстом.
Гэта Дух Езуса, які пранікае ў сэрцы людзей праз моц Евангелля, нараджае  Божых  дзяцей  у  хросце, і такім  чынам пастаянна нараджае Касцёл, амаложвае  і  натхняе яго. Дух Езуса пастаянна кліча ў Касцёл усё новых і новых вучняў, здзяйсняе цуды ў сэрцах людзей, якія любяць Езуса, слухаюць Яго і захоўваюць Яго слова. Такім чынам яны становяцца  святыняй  Найсвяцейшай Тройцы: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае  слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем  да Яго, і зробім жыллё ў Яго».

 

кс. Алег  ГРЫГАРОВІЧ,  SAC


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий