1 кастрычніка
XХVI нядзеля звычайная,год А
Збаўленне і свабода
1 чытанне — Эзх 18, 25-28.
Пс 25 (24), 4-5.
2 чытанне — Флп 2, 1-11.
Евангелле — Мц 21, 28-32.
“Нічога не рабіце дзеля разладу ці дзеля пустой пахвальбы, але ў пакоры лічыце адзін аднаго вышэйшым за сябе. Не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых” (Флп 2, 1-5).
Напэўна, вы звярнулі ўвагу на тое, што з трох чытанняў першае і трэцяе маюць супольную тэму, а другое, узятае з Паслання св. Паўла, утрымлівае асобную тэму для разважання.
Першае чытанне прадстаўляе пазіцыю Старога Запавету, а Евангелле – меркаванне Езуса.
Сёння мы ўздымаем тэму пра асабістую адказнасць за збаўленне. Нашае збаўленне – гэта бескарыслівы дар Бога чалавеку. Аднак сённяшняе пасланне ў роўнай ступені з’яўляецца таксама плёнам нашага супрацоўніцтва і нашай свабоды. «Той, які стварыў цябе без цябе, – казаў св. Аўгустын, – не можа цябе збавіць без тваёй дапамогі». Знакам свабоды чалавека з’яўляецца магчымасць навяртання, адмаўлення ад зла дзеля дабра, магчымасць станавіцца добрым, але таксама магчымасць разбэсціцца, стаць злачынным элементам грамадства. Бо нікому не прыпісаны беспаваротны стыль жыцця.
Дай спазнаць Твае дарогі, Пане,і навучы мяне сцежкам Тваім.
Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, бо Ты Бог збаўлення майго, на Цябе спадзяюся кожны дзень.
«Бог нашага збаўлення», які стаў чалавекам у Езусе Хрысце, прыходзіць да нас, каб нанава ахвяраваць нам збаўленне. І спадзяецца, што мы са свайго боку ахвяруем Яму сваю свабоду.
8 кастрычніка
XХVII нядзеля звычайная,год А
Няўдзячнасць – адплата свету?
1 чытанне — Іс 5, 1-7.
Пс 80 (79), 9 і 12. 13-16. 19-20.
2 чытанне — Флп 4, 6-9.
Евангелле — Мц 21, 33-43.
“Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і мальбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя просьбы Богу”. (Флп 4, 6).
Адным з найпрыгажэйшых слоў у скарбніцы нашай мовы з’яўляецца слова «дзякуй». А тым, з прычыны чаго мы найчасцей церпім, з’яўляецца ня-ўдзячнасць. Раcчараванне, звязанае з ёю, часта жыве глыбока ў нас і цягнецца за намі на працягу доўгага часу. Тэма ўдзячнасці і яе недахопу заўсёды актуальная.
“Так ёсць, – хацелася б сказаць, – такі ёсць свет!”. Без сумніву, мы рэагавалі б так, як людзі, пра якіх апавядае сённяшняе Евангелле. Аднак што гэта такое – свет? Кім з’яўляюцца людзі, якія жывуць у ім? Трэба быць вельмі асцярожнымі перад неабдуманымі суджэннямі.
На асцярожнасць указваецца і таму, што ў прыпавесці гаворыцца не пра ўдзячнасць, а пра Валадарства Божае. Спадкаемец, Сын Божы, не знаходзіць месца сярод людзей.
Няхай ласкавы Бог, Які глядзіць на нас ва ўсе дні жыцця нашага, благаславіць плады зямлі, што з’яўляюцца знакам нашага жыцця.
Няхай благаславіць нашу працу, якая з’яўляецца знакам нашай добрай волі.
Няхай шчодра благаславіць нас сваімі дарамі, якія з’яўляюцца знакамі Яго любові. Няхай благаславіць нашыя рукі і сэрцы, каб мы перадавалі гэтыя дары далей і станавіліся знакамі нашай веры.
15 кастрычніка
XХVIII нядзеля звычайная,год А
Пах любові
1 чытанне — Іс 25, 6-10а.
Пс 23 (22), 1-3а. 3b-4. 5. 6.
2 чытанне — Флп 4, 12-14.19-20.
Евангелле — Мк 22, 1-14.
“Пан прыгатуе гасціну і вы-тра слёзы з усіх твараў” (Іс 25, 6).
Калі Езус закладваў Касцёл, Ён не сядзеў у зале для аўдыенцый. Ён быў за сталом для спажывання ежы. У Евангеллі «diakonein» азначае служыць пры стале. Апошняя Вячэра, як сцвярджаюць тэолагі, акрэсліваецца як найважнейшае рэлі-гійнае дзеянне, якое існуе ў Касцёле. Ці не будзем мы пазбаўленыя чагосьці істотнага, калі ў хуткім часе будзе недастаткова святароў, бо толькі яны могуць выконваць гэты чын? Хіба можа гэта быць задумай Езуса? Хіба можа гэта быць задумай Бога?
«Ежаю тут усё не вырашыш», – піша бразільскі пратэстанцкі паэт Рубэм Алвіш. «Голад — гэта не ўсё. Хлеб павінен мець пах любові. Цела павінна ўсміхацца…» І потым дадае: «Таму запрошана ўсё цела: вочы, нос, вушы – усё гэта суправаджае вусны».
Узгадваю гэтыя словы і думаю пра нашыя Імшы. Думаю пра тое, што называем «святой вячэрай». Кожны раз супольнасць за сталом з’яўляецца для Езуса вобразам вялікай, урачыстай вячэры, якую Бог будзе цэлебраваць у канцы часоў разам з усімі людзьмі усіх народаў. Чым для нас з’яўляецца Эўхарыстыя?
22 кастрычніка
XХIX нядзеля звычайная,год А
Іншыя погляды
1 чытанне — Іс 45, 1. 4-6.
Пс 96 (95), 1 і 3. 4-5. 7-8.9-10а.
2 чытанне — 1Тэс 1, 1-5b.
Евангелле — Мц 22, 15-21.
“Я – Пан, і няма іншага” (Іс 45, 5).
Хрысціяне павінны вызначацца тым, што даюць шанс і іншым поглядам. Калі мы яшчэ раз свядома прыгледзімся да іншага боку, нам будзе дадзены новы погляд. Некаторыя ж такім чынам самі распачалі альтэрнатыўны стыль жыцця.
Кожны чалавек бачыць свет ці іншага чалавека праз свае “акуляры” – у некаторых яны ружовыя, у іншых заўсёды цёмныя. Спосаб успрымання выяўляе нашыя адносіны да іншага. Англічане, калі кажуць «time is money», а амерыканцы называюць грошы неабходным фундаментам у жыцці («the bottom line»), тым самым выдаюць тое, што адбываецца за іх “акулярамі». (…) Для многіх погляды на жыццё акрэсліваюць грошы, а не Бог. І надзею яны ўскладаюць на грошы, а не на Бога.
Няхай Бог благаславіць і дасць вам новыя вочы, каб вы ўбачылі добрае ў свеце.
Няхай Бог благаславіць і дасць вам пільную ўвагу, каб маглі заўважаць тое, што не бачаць іншыя.
Няхай Бог благаславіць і дасць вам збаўленчую разважлівасць, каб не пайшлі ні з чым, калі будзе вырашацца вашае жыццё і вашая любоў.
Няхай Бог благаславіць і дасць вам такт і зычлівасць, каб за вашу ветлівасць усе дзверы і шляхі былі перад вамі адкрытымі.
29 кастрычніка
XХX нядзеля звычайная,год А
Закон – гэта любоў
1 чытанне — Іс 45, 1. 4-6.
Пс 18 (17), 2-3а. 3bc-4. 47 і 51ab.
2 чытанне — 1Тэс 1, 1-5b.
Евангелле — Мц 22, 15-21.
“Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё” (Ян 14, 23).
У нашых разважаннях пра Божае слова мы павінны пазбягаць «аддзялення» розуму ад веры. Інакш кажучы, мы не павінны аддзяляць ці замяняць Божае дзеянне і нашыя абавязкі.
Вера павінна прасякнуць усё нашае дзеянне, але не для таго, каб «прапаноўваць» «тэхнічныя рашэнні», а для таго, каб даць вышэйшы і канчатковы сэнс таму, што мы робім. Вера робіць для нас магчымым жыць на нашым зямным шляху «такім чынам», як жыў Хрыстус, ад-крывае нас на добрае і прыгожае, правільнае і праўдзівае, на ўсё тое, што паходзіць ад Хрыста.
Гэта пацвярджаюць і сённяшнія чытанні: любоў да бліжняга не з’яўляецца чымсьці, што мы можам ад-крыць самі, а тым, што нам аб’яўляе Евангелле і Хрыстус праз свае чыны. Любіць па-са-праўднаму – гэта значыць любіць так, як любіў Езус.
Хрысціянская любоў бачыць у чалавеку другое аблічча Бога, і гэтым самым яна паглыбляе існуючую ў грамадстве мараль, без якой распад грамадства спасціг бы як асобных людзей, так і дзяржавы. Хрысціянская любоў, што ажыўляецца «Божай праўдай», якую мы вызнаём у нашай веры, здзяйсняе «праўду любові». Таму сапраўдная любоў да бліжняга з’яўляецца дарам праўды пра Бога і пра чалавека. І менавіта праўда пра Бога і пра чалавека, якая прыходзіць да нас праз Хрыста, неабходная свету больш за ўсё: «ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста» (пар. Ян 1, 17).
кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC