2 чэрвеня
7-я Велікодная нядзеля, год С
Адна тэма
1 чытанне — Дз 7, 55-60.
Пс 97, 1-2. 6-7. 9.
2 чыт. — Ап 22, 12-14, 16-17, 20.
Евангелле — Ян 17, 20-26.
“Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас” (Ян 17, 21).
Толькі тыдзень аддзяляе нас ад урачыстасці Спаслання Духа Святога на апосталаў, сабраных у Вячэрніку. Падобна як апосталы, так і мы думаем ужо сёння пра тое, што прынясе нам Дух Святы. Сярод Яго шматлікіх дароў сённяшняе Евангелле ўзгадвае асабліва пра патрэбу еднасці і любові ў нашым жыцці.
У сваёй архісвятарскай малітве, прамоўленай у Вячэрніку, Хрыстус узняў дзве тэмы: тэму еднасці і тэму любові. У сапраўднасці ж гэта адна тэма. Бо еднасць – гэта плён любові, а любоў на практыцы вядзе да еднасці. Езус вельмі клапаціўся пра тое, каб апосталы былі адзіным. Таму Ён так горача маліўся, так прасіў свайго Нябеснага Айца: «Ойча, учыні, каб усе былі адно». Здаецца, апосталы не разумелі сутнасці гэтай малітвы. Яны былі адзіным з Езусам. Не адчувалі ўчынку Юды, які парушыў гэтую еднасць. Адзін толькі Езус дасканала ведаў пра ўсё.
Смерць Езуса на крыжы – гэта вялікая мальба аб еднасці. Паміраючы на крыжы, Хрыстус мог сказаць: людзі, глядзіце, якую вялікую каштоўнасць мае еднасць, калі Я плачу за яе такую вялікую цану! Езус не пабаяўся заплаціць такую цану, каб толькі дасягнуць гэтага.
9 чэрвеня
Нядзеля Спаслання Духа Святога, год С
Дух жыцця
1 чытанне — Дз 2, 1-11.
Пс 104, 1. 24. 29-31. 34.
2 чыт. — 1 Кар 12, 3b – 7. 12-13.
Евангелле — Ян 20, 19-23.
“Усе мы адным Духам ахрышчаныя” (1 Кар 12, 3b-7. 12-13).
У літургіі Нядзелі Спаслання Духа Святога мы святкуем дар, які даў Езус сваім Вучням, – дар Духа Святога. У Сімвале веры мы вы-знаём, што Дух дае нам жыццё. Таму сёння – свята жыцця! Уваскрослы Езус дае нам свайго Духа, таму што хоча, каб мы жылі.
Для свету сённяшняя ўрачыстасць з’яўляецца святам надзеі, адказам на нашае непагаснае жаданне жыцця. Мы самі не зможам цалкам рэалізаваць гэтае жаданне, але з дапамогай Езусавага Духа можам жыць паўнавартасным і вечным жыццём. Яго Дух дае нам магчымасць жыць, таму што з’яўляецца «жыватворчай энергіяй» Бога.
Грэх чалавека прынёс у свет смерць, і здаецца, што смерць з’яўляецца бязмежнай уладаркай, аднак жыватворчая моц Духа мацнейшая за смерць. І сёння мы з радасцю паўтараем: «Веру ў Духа Святога, Пана і Жыватворцу».
16 чэрвеня
Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, год С
Таямніца Бога адзінага ў Тройцы
1 чытанне — Прып 8, 22-31.
Пс 8, 4-9.
2 чыт. — Рым 5, 1-5.
Евангелле — Ян 16, 12-15.
“Перад стварэннем зямлі Мудрасць была ўстаноўлена” (Прып 8, 22-31)
Найсвяцейшая Тройца, адзінства Божых Асоб – Айца, Сына і Духа Святога – назаўсёды застанецца таямніцай веры. Аднак гэта не таямніца ў значэнні таямнічых ведаў, дасяжных толькі выбраным, паінфармаваным. Бог Сам захацеў нам аб’явіць гэту таямніцу, аб’явіць Сябе Самога ў Асобах Айца, Сына і Духа. Аб’яўляючыся ў Старым Запавеце як Айцец выбранага народу, Ён аб’яўляецца ў Новым Запавеце ў асобе Езуса Хрыста – адзінароднага Сына Божага, Бога-Чалавека, Збаўцы свету, а пасля ўнебаўшэсця Хрыста – у асобе Духа Святога – Суцяшыцеля, Духа праўды і адзінства. Такім чынам, гэтая праўда пра Бога ў Тройцы адзінага не з’яўляецца загадкай. Яе аб’яўленне паспяхова адбываецца на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва. Бог аб’яўляецца чалавеку не для таго, каб чалавек толькі больш ведаў, а для таго, каб ён дасягнуў збаўлення. Містычнае пазнанне рэчаіснасці Бога, а праз гэта і дасканалае з’яднанне з Богам здзейсніцца толькі пасля дасягнення збаўлення. Па-знанне таямніцы Бога перакрочвае магчымасці людскога розуму. Бог аб’яўляецца чалавеку як любячы Айцец-Стварыцель, як Сын Божы, Які прыносіць збаўленне, як Бог-Чалавек, Брат і асвячаючы Дух Святы Суцяшыцель. І для нас важна не тое, якія ўнутраныя адносіны ў Найсвяцейшай Тройцы, а тое, што Бог любіць нас, што прагне нас збавіць і асвяціць, прагне аддаць нам Сябе.
23 чэрвеня
12-я звычайная нядзеля, год С
«Ты – мой Бог, Цябе шукаю…»
1 чытанне — Зах 12, 10-11;13, 1.
Пс 110, 1-4.
2 чыт. — Гал 3, 26-29.
Евангелле — Лк 9, 18-24.
“Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною” (Лк 9, 18-24).
У сённяшнім Евангеллі Езус кажа нам пра спосабы і ўмовы таго, каб пайсці за Ім: «Калі хто хоча ісці за Мною…». Каб добра зразумець гэтыя патрабавальныя словы Езуса, мы павінны пазбавіцца фальшывых забабонаў. Гаворка ідзе перш за ўсё пра тую думку, быццам Бог павінен змясціцца ў нашы схемы мыслення, якія мы загадзя вызначылі сабе, хоць і ў нас ёсць добры намер «абараняць» Бога. Грэкі і яўрэі думалі, што яны абараняюць Бога, або, лепш сказаць, правільную думку пра Бога, калі лічылі Хрыстовы крыж «спакусай» і «вар’яцтвам». Другі забабон, які мы тут коратка закранем, – гэта тое, нібыта Бог уяўляе сабой пэўнае абмежаванне для чалавека. Але мы ведаем, што Бог не зайздросціць чалавеку, не абмяжоўвае яго, а менавіта наадварот – хоча падняць яго так, каб зрабіць сваім сынам.
30 чэрвеня
13-я звычайная нядзеля, год С
Калі Бог кліча
1 чытанне — 1 Вал, 19,16b. 19-21.
Пс 16, 1-2а. 5. 7-11.
2 чыт. — Гал 5, 1. 13-18.
Евангелле — Лк 9, 51-62.
“Ты дарогу жыцця мне пакажаш, паўната радасці перад Табою” (Пс 16 (15), 11).
У першым чытанні і ва ўрыўку з Евангелля развіваецца тэма, якую літургія ставіць у цэнтр увагі: калі нас кліча Бог, трэба, каб мы ахвотна кінулі ўсё і пайшлі за Ім. Гэта значыць, што Бог патрабуе ад чалавека бескампраміснага і дасканалага рашэння, безумоўнага падпарадкавання і абсалютнай гатоўнасці. Божае пакліканне – гэта незапраграмаваная навіна, яго нельга прадбачыць. Ілля кідае на Елісея свой прароцкі плашч, каб паказаць яму, што ён пакліканы на служэнне: Елісей у той час якраз баранаваў зямлю і яму нават у галаву не прыйшла думка, што ў яго жыцці мог бы здзейс-ніцца такі асаблівы паварот. Такім часта і бывае Божае пакліканне: нечаканая “інтэрвенцыя” ў спакойнае жыццё чалавека, з патрабаваннямі прысвяціць сябе свайму пакліканню, хаця і гэтыя ўмовы здаюцца амаль бесчалавечнымі, занадта патрабавальнымі. У са-праўднасці яны выражаюць неабходную ўмову для таго, каб чалавек мог сапраўды жыць паўнавартасным жыццём і цалкам падарыць сябе. У перспектыве, якую адкрываюць далейшыя літургічныя чытанні, развіваецца тэма Божага паклікання ў двух напрамках: з хрысціянскага пункту гледжання тлумачыцца дзеянне Духа, праз пасрэдніцтва якога Бог дае пачуць свой заклік і зразумець мэту, на якую заклік арыентуецца, гэта значыць – свабоду. Бог, урэшце рэшт, кліча чалавека для таго, каб ён быў сапраўды свабодным.
кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC