Хлеб штодзённы

1 верасня
22-я  звычайная  нядзеля, год С

 

Абраць бедных

gr-str-30

1 чытанне — Сір 3, 17-18. 20. 28-29.
Пс 68, 4-7. 10-11.     
2 чыт. — Гбр 12, 18-19. 22-24а.
Евангелле — Лк 14, 1. 7-14.

 

“Бог рыхтуе дом для самотных, вязняў выводзіць да шчасця” (Пс 68 (67), 7).
Імпульс да сённяшняга разважання прыходзіць да нас з Павучання аб хрысціянскай свабодзе і вызваленні, як яго прапануе Кангрэгацыя Веравучэння (1986 г.): «Тым, што Касцёл палюбіў бедных, ён сведчыць пра годнасць чалавека, ён кажа адназначна, што гэта датычыць хутчэй таго, чым чалавек ёсць, чым таго, чым ён валодае. Ён пацвярджае, што такую годнасць нельга знішчыць, якім бы ні было становішча, на якое рэдукуецца чалавечае жыццё: беднасць, пагарджэнне, высяленне на край грамадства, бяссілле. Касцёл праяўляе салідарнасць з тымі, хто нічога не значыць у грамадстве, з якога яны былі маральна, але часта і фізічна, выкінуты на яго край. Ён іх зноў прымае ў супольнасць людзей і ў супольнасць Божых дзяцей. Асаблівым чынам Касцёл з мацярынскай любоўю схіляецца да сваіх дзяцей, якія з-за чалавечага зла ніколі не ўбачаць святла, – гэта пажылыя людзі, адзінокія і пакінутыя. У тым, што Касцёл у першую чаргу абірае бедных, прычым гэты выбар зусім не з’яўляецца знакам выключнасці або сектанцтва, праяўляецца ўніверсальнасць характару і місіі Касцёла. Гэты падыход не выключны» (68).


8 верасня
23-я  звычайная  нядзеля, год С

 

Які выбар правільны?

 

1 чытанне — Мдр 9, 13-18b.
Пс 90, 3-6. 12-14. 17.     
2 чыт. — Флм 9b-10. 12-17.
Евангелле — Лк 14, 25-33.

 

“Хто можа спазнаць, чаго жадае Пан?” (Мдр 9, 13-18b).
Духоўнае перажыванне заўсёды нараджаецца з таго, што чалавек «выходзіць» з самога сябе і палюбіць Бога, Якога разумее як вышэйшы, благаслаўляючы сэнс свайго быцця. Такое выйсце і любоў даюць чалавеку магчымасць дасягнуць аўтэнтычнасці, значыць рэалізаваць сябе як «эксцэнтрычную» істоту, створаную для таго, каб свой цэнтр перанесці ў Іншага. Высакароднасць чалавека ніколі не азначае таго, што ён чыста, спакойна і неабвержна валодае чымсьці, што ў яго ёсць. Ёй заўсёды штосьці пагражае, і трэба яе непарыўна ствараць аднаўляемым выйсцем за праўдай і дабром, пастаянным працэсам аднаўлення любові да Бога і ўсяго, што з Ім звязана. Бог – гэта трансцэндэнтная звышнатуральная Таямніца, гэта не рэч, не істота з гэтага свету, Ён – Незнаёмы. Але Ён не зусім Незнаёмы, таму што чалавек усё-такі заўсёды зможа – хаця і са складанасцямі і напружаннем – расшыфраваць патрабаванні Абсалюту, даведацца пра Яго волю, якая павінна прывесці нас да аўтэнтычнасці, да таго, каб мы сталі сапраўднымі людзьмі. Шукаць Бога – гэта менавіта той шлях пастаяннага, усё больш глыбокага і яснага ад-крыцця Бога і Яго волі і нашага намагання праводзіць яе ў нашым жыцці. Думкі Бога і Яго шляхі, верагодна, вельмі адрозніваюцца ад чалавечых думак і шляхоў. Працэс пошукаў у чалавека суправаджаюць многія пасткі, такія як лянота, стомленасць, рассеянасць, эгаізм, павярхоўнасць, грэх. У Езусе і праз Яго пасрэдніцтва мы бачым аблічча Бога чалавечым спосабам. Езус нам паказвае, якім чынам трэба выконваць Божую волю, як стаць сапраўднымі людзьмі. Бо Езус заўсёды прымаў правільныя рашэнні.


15 верасня
24-я  звычайная  нядзеля, год С

 

Бог – добры Айцец

 

1 чытанне — Зых 32, 7-11.
Пс 51, 3-4. 12, 13, 17. 19.     
2 чыт. — 1 Цім 1, 12-17.
Евангелле — Лк 15, 1-10.

 

“Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй  знішчы беззаконні мае” (Пс 51 (50), 3).
Усе рэлігіі прыпісваюць Богу моц, уладу, а таксама ўсемагутнасць. Але не ўсе яны ведаюць, што Божая моц або ўсемагутнасць – гэта любоў. Напрыклад, грэкі не лічылі добрым, калі бог быў не здольны перамагчы іх ворагаў або выгнаць іх. У адпаведнасці з іх меркаваннем, бог паказвае сваю моц тым, што знішчае тых, хто аказвае яму супраціўленне. Але Бог Бібліі праяўляе сваю моц у міласэрнасці і прабачэнні грахоў. Пан – гэта любячая міласэрная ўсемагутнасць, або – іншымі словамі – Ён усемагутная Любоў і Міласэрнасць. Такі сапраўдны твар Бога! Бог хоча не знішчаць, а прабачаць, Ён не хоча перамагаць тым, што будзе выганяць ворагаў, а тым, што па-кіне іх жыць – бо Божая моц не служыць сваёй выгадзе ці эгаістычным мэтам. Божая моц адрозніваецца ад таго, чым мы можам валодаць і што можам рабіць. Яна нават прымае меры для прабачэння, для самай пяшчотнай і самай спачувальнай міласэрнасці, для пошуку таго чалавека, які абразіў Бога.


22 верасня
25-я  звычайная  нядзеля, год С

 

gr-str-31

Служыць Богу  ці мамоне?

 

1 чытанне — Ам 8, 4-7.
Пс 113, 1-2. 4-8.     
2 чыт. — 1 Цім 2, 1-8.
Евангелле — Лк 16, 1-13.

 

“Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы  ў малым  несправядлівы і ў вялікім”  (Лк 16,10-13).
Мы ўсе ведаем цяжкія сацыяльныя праблемы, якія турбуюць чалавецтва: беднасць краін «трэцяга свету» у параўнанні з насычанасцю багатага грамадства, эксплуатацыя  даведзеных да ўбогасці масаў, непаразуменні з-за станаўлення справядлівай зарплаты і іншае.
Сродкі масавай камунікацыі у бездані сваёй інфармацыі пастаянна прыносяць нам бязрадасныя карціны сацыяльнай несправядлівасці. Аказваецца, што два вялікія праекты і абяцанні, якія ўвасабляюць дзве палітычныя сусветныя сістэмы (капіталізм і сацыялізм), з дня ў дзень усё менш здольныя адказаць на законныя моцныя жаданні чалавецтва жыць у справядлівасці, якая становіцца як бы яго крыкам або безнадзейнай пакорнасцю лёсу. У Касцёла няма падрыхтаванага рэцэпту або патэнту для вырашэння ўсіх сацыяльных праблем. Падобна да таго, як усе грамадскія ўстановы, Касцёл таксама шукае рашэння. У яго асноўнае пасланне, прыняццем якога можна было б накіраваць высілкі асобных людзей і нацый для дасягнення гармоніі ў агульнай «культуры», якой з’яўляецца культура са-лідарнасці. Салідарнасць – гэта паняцце, з дапамогай якога мы абазначаем узаемны давер і дапамогу, супрацоўніцтва і камунікацыю, сумесную адказнасць і ўзаемнае прыняцце ўдзелу ў вырашэнні праблем.


29 верасня
26-я  звычайная  нядзеля, год С

 

Прыпавесць пра багатага чалавека

 

1 чытанне — Ам 6, 11а. 4-7.
Пс 146, 6b-10.     
2 чыт. — 1 Цім 6, 11-16.
Евангелле — Лк 16, 19-31.

 

“Трымайся вечнага жыцця, да якога ты пакліканы…”(1 Цім 6, 12).  
Прыпавесць пра  багатага чалавека і  жабрака заслугоўвае таго, каб мы  яе  ўважліва  разгледзелі не толькі з-за шматлікіх каштоўных павучэнняў, але  і таму, што ў народнай традыцыі  яна  набыла  розныя  неда-кладныя  трактоўкі.
Прыпавесць яўна складаецца з дзвюх частак: першая займаецца лёсам тых, хто любіць грошы, другая ж разглядае магчымасць пазбегнуць такога лёсу. Езус гэтай прыпавесцю звяртаецца да фарысеяў, паводзіны якіх адлюстроўваюцца ў паводзінах багатага чалавека. Таму зразумелая і другая частка, прызначаная для тых, хто чуе і ведае «Майсея і прарокаў». Відавочна, што евангеліст тут думае пра ўваскрасенне Езуса, якое вельмі мала паўплывала на фарысеяў і на Ізраэль. Багаты чалавек і яго браты паказваюць, куды вядзе слепата Ізраэля ў дачыненні да старазапаветнай з’явы: Святое Пісанне кажа пра Хрыста і вядзе да Яго.
Галоўнай дзеючай асобай першай часткі з’яўляецца багаты чалавек, які «апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў». Апісваецца яго багацце, але нічога не гаворыцца пра яго мараль.Таксама  не прыводзяцца ніякія рэлігійныя або маральныя характарыстыкі і беднага: ён толькі «ляжаў каля брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі ж прыходзілі і лізалі струпы ягоныя». З гэтага нельга проста выводзіць папрок багатаму, як на гэта намякалі перапісчыкі Святога Пісання. Справа датычылася выяўлення крайняй беднасці чалавека.
Перад намі дзве сітуацыі: велізарнае багацце і страшная беднасць. Але прыходзіць смерць: «Памёр жабрак… Памёр і багаты». Сітуацыя змяняецца: бедны знаходзіцца на ўлонні Абрагама, багаты – у пекле ў пакутах. Евангеліст не мае намеру апісваць іншае жыццё: гэта жытло мёртвых, але яно абазначае дзве супрацьлеглыя сітуацыі: нязменныя, назаўсёды вызначаныя смерцю, без магчымасці замяніць адну другою. Мараль – у тым, што тыя, хто цяпер на зямлі шчаслівы, будуць няшчаснымі, і наадварот.
Пасланнем гэтай прыпавесці з’яўляецца выклік да навяртання, якое засноўваецца на Божым слове.
Абмяркоўваецца таксама права бедных і ўскосна – небяспека багацця. Вечнае  пакаранне багатых не неабходна, калі  яны  перажывуць навяртанне. Тут падкрэсліваецца менавіта «любоў да грошай», а не валоданне імі. Багаты чалавек з прыпавесці сваю схільнасць, якую павінен быў праяўляць да Бога, праяўляў да грошай, значыць – да мамоны. Ён адмаўляў гэтым абсалютную ўладу Бога над сваім жыццём і не прызнаваў яе. Замкнуўся  ў  сваёй  радасці, не  заўважаючы беднага каля брамы, не заўважаючы правоў Бога. Цяпер ён  павінен  адчуваць наступствы. Нарэшце, збаўленне  аб’явіцца  як Божая  ласка, якая абірае беднага, узвышае  яго і благаславіць, каб такім чынам  паказаць  нічым  не  абмежаваную  свабоду  Божай бясконцай любові.

 

 кс. Алег  ГРЫГАРОВІЧ,  SAC


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий