Хлеб штодзённы

6 кастрычнікаgr-str-30

27-я  звычайная  нядзеля, год С

 

Калі б вы мелі веру…

 

 1 чытанне — Абк 1, 2-3; 2, 2-4.

Пс 95, 1-2. 6-9.    

2 чыт. — 2 Цім 1, 6-8. 13-14.

Евангелле — Лк 17, 5-10.

 

 

“О, каб вы паслухалі сёння Ягоны голас” (Пс 95 (94), 7).

Апосталы просяць Езуса: «Дадай нам  веры». У гэтай просьбе яны ўсведамляюць сваю слабую веру і жаданне, каб яна ў іх расла. У ёй утрымліваецца  таксама  жаданне, каб Бог сваім цудоўным дзеяннем умяшаўся і запаліў у іх іскру дзейснай веры. Іншымі словамі, здаецца, што гэтую просьбу апосталаў  дыктуе жаданне  бачыць і пераканацца ў яўных і  канкрэтных  уздзеяннях  веры. Таму мы маглі  б  бачыць у  ёй адлюстраванне  праблем  першапачатковага  хрысціянскага  грамадства  ў  дачыненні да свету. Узнікае пытанне: ці можа вера на самой справе змяніць свет?

Адказ  Езуса носіць чыста палемічны характар. Справа не ў тым, павінны  мы  мець  большую або меншую веру, таму што гэта не пытанне  колькасці: «Калі  б  вы  мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць  смакоўніцы  гэтай: „вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора“, – і яна б паслухалася вас». Калі чалавек мае сапраўдную веру, яна ўчыніць цуды. Тое, што здаецца на першы погляд  немагчымым,  як,  напрыклад, вырваць смакоўніцу з карэннем і  перасадзіць  яе  ў  мора,  ажыццявіцца сродкам веры. У параўнанні з сілай, якую рэалізуе  свет праз насілле  і  часта з грубасцю, вера здаецца нам гарчычным зернем. Але і з гэтага ўяўнага бяссілля можа ўзнікнуць сіла, здольная  змяніць свет.

Наступная  прыпавесць звернута да апосталаў з заклікам да пакоры: «Калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: „мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць“». Бог – не валадар-дэспат, але Ён не можа і падпарадкоўвацца патрабаванням  чалавека: Яго ўчынкі і ўзнагарода цалкам бескарысныя і свабодныя. Гэта значыць, што хоць чалавек  і  зрабіў усё, што павінен быў, ён не можа прадстаўляць патрабаванняў або ставіць умовы Богу, быццам бы заключаў з Ім нейкае камерцыйнае пагадненне: я даў табе, таму ты  таксама павінен даць мне.

У веры  павінна  прысутнічаць наша  гатоўнасць пакінуць Богу неабмежаваную прастору для Яго свабоднага  рашэння. Мы зробім усё, што нас чакае, але гэта не павінна ніякім чынам абумоўліваць Божае дзеянне. Вера – гэта ўпэўненасць у тым, што Бог мае свае спосабы, час і сілу  для  таго, каб умяшацца, без таго, каб мы гэта загадзя ведалі. Такая ёсць вера, якая перамагае свет!


 

13 кастрычніка

28-я  звычайная  нядзеля, год С

 

Вера, якая аздараўляе

 

1 чытанне — 2 Вал 5, 14-17.

Пс 98, 1-4.   

2 чыт. — 2 Цім 2, 8-13.

Евангелле — Лк 17, 11-19.

 

 

“Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся праславіць Пана, акрамя гэтага чужынца” (Лк 17, 18).

Чытанне  з  Евангелля  падобнае да ўрыўка з першага чытання. Бо і тут ёсць аздараўленне ад праказы і тэма прызнання  і ўдзячнасці аздароўленых, з якіх  адзін  для  габрэяў здаецца «чужым», іншаземцам, самаранінам. Уся  ўвага  і цэнтр  аповеду звяртаюцца да супрацьлеглага паводзінам аздароўленых: самаранін – адзіны, які праслаўляе  Бога. А да гэтага яго прыводзіць вера. «Вера твая збавіла цябе», значыць, ён  не  толькі  аздароўлены, але і збаўлены. Бо аздараўленне – не тое ж самае, што збаўленне. Усе дзесяць пракажоных  былі  фізічна  аздароўлены, але  толькі адзін з іх быў збаўлены, іншымі словамі, унутрана аздароўлены.

Выпадак у Евангеллі не кажа ні пра якое пераканаўчае слова Езуса, на аснове якога адбылося б збаўленне, Ён  толькі  гаворыць: «Ідзіце, пакажыцеся  святарам». Па  габрэйскім  законам святары былі ўпаўнаважаны  на афіцыйнае прызнанне аздараўлення, якое  ажыццявілася, і  такім  чынам  яны ў поўнай меры прыводзілі аздароўленых  зноў у грамадства. І толькі адзін  з  аздароўленых вярнуўся да Езуса і «моцным голасам  праслаўляў Бога» і дзякаваў Таму, хто яго ачысціў. Мы павінны думаць, што  астатнія  не лічылі аздараўленне ні справай Бога, ні Езуса. Езус жа сказаў: «Ці не дзесяць было ачышчаных, дзе  ж  дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся  праславіць Пана,  акрамя гэтага  чужынца?».

Недастаткова ветлівага і годнага стаўлення да законаў, як у нашым выпадку –  «паказацца святарам». Бо сілы і здольнасці аздараўляць да глыбіні, выратаваць чалавека не мае рэлігійная ўстанова. Усе дзесяць пракажоных  былі  пабожнымі. Недастаткова нават прызнаць, што Езус – настаўнік, які вучыць правільна захоўваць законы, або прызнаць, што Ён цудатворца, які ведае, якія абрады трэба правесці, каб чалавек  быў  аздароўлены. Усе дзесяць пракажоных усхваляюць Езуса як «настаўніка», і толькі  адзін даведваецца, што Бог праз пасрэдніцтва Езуса выратаваў яго: гэта вера. Вера, якая аздараўляе і прыносіць  збаўленне. Гэта вера ў збаўчую моц Бога, які дзейнічае ў Езусе і праз Яго пасрэдніцтва. Гэта вера ў Езуса. Хрысціянская вера азначае  звярнуцца да Чалавека Езуса, у якім прысутнічае і дзейнічае збаўленне Бога для нас.


 

20 кастрычніка

29-я  звычайная  нядзеля, год С

 

Прыпавесць пра настойлівасць

 

 1 чытанне — Зых 17, 8-13.

Пс 121, 1-8.    

2 чыт. — 2 Цім 3, 14 – 4, 2.

Евангелле — Лк 18, 1-8.

 

 

“Узнімаю вочы свае да вышыняў: адкуль  прыйдзе мая дапамога? (Пс 121 (120), 1).

Прыпавесць у Евангеллі паводле Лукі пра несправядлівага суддзю і безабаронную ўдаву дапамагае нам працягваць разважанні пра малітву. Бедная ўдава, якая хоча дамагчыся справядлівасці, настойліва просіць няверуючага суддзю; ён, нарэшце, выслухае яе толькі таму, што яна настойліва патрабуе гэтага ад яго. Сам Езус тлумачыць сэнс прыпавесці: «Дык  ці  ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, хоць і марудзіць абараніць іх? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх».

Прыпавесць прызначана для грамадства,  якое прыгнятаюць і пераследуюць і ў якога адзіны сродак – малітва, якая дапамагае дамагчыся справядлівасці. Ніхто ў ім не можа ўстанавіць  справядлівасці,  толькі Пан. Калі  ж прыйдзе дзень і Бог пакажа, што права за Яго супольнасцю, і калі ўсталюе ў ёй справядлівасць? Прыпавесць хоча паказаць вернікам,  што  Бог  не дасць іх малітве ўпасці ў бездань. Але ў іх павінна быць адвага веры. Калі той несумленны  чалавек пачуў удаву, тым больш Бог пачуе тых, хто Яго просіць. Але калі прыйдзе Бог – у час ці позна? Адказ: Ён прыйдзе хутка. Бог не вагаецца, не спазняецца, але кіруецца  іншым календаром, чым мы.

Затым гаворыцца: «Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?».  Праблема не ў тым, пачуе Бог нашы малітвы ў час ці позна, а ў тым, ці падрыхтаваны мы да Яго прыйсця. У гэтым сэнсе прыпавесць становіцца  перасцярогай  і заклікам да пільнасці: малітва – гэта акт   чування,  падрыхтоўкі да прыйсця Езуса, барацьба са стомленасцю і  непастаянствам.

Удава  сімвалізуе чалавечае бяссілле, бескарыснасць  імкнення чалавека  паступаць справядліва. Тут ідзе гаворка пра веруючую  ўдаву: яна адважна спадзяецца  на  тое, што малітва  будзе пачута. Настойлівасць з’яўляецца знакам адносінаў удавы да Бога, а гэта і характарыстыка сапраўднай малітвы. Бо мы не павінны маліцца  з  неразважлівасцю і нецярплівасцю таго, хто хоча хутка ўбачыць вынік сваёй  малітвы, а  з настойлівасцю і цярплівасцю таго, хто давярае, спадзяецца і ўмее чакаць. Толькі  цярплівая  і  настойлівая  малітва з’яўляецца знакам і выразам даверу  і  адданасці  Богу.


 

27 кастрычнікаgr-str-31

30-я  звычайная  нядзеля, год С

 

Малітва пакорнага

 

1 чытанне — Сір 35, 12-14.  16-18.

Пс 34, 2-3. 17-19. 23.    

2 чыт. — 2 Цім 4, 6-9. 16-18.

Евангелле — Лк 18, 9-14.

 

 

Кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябебудзе ўзвышаны(Лк 18, 14). 

Фарысей і мытнік – гэта  два  сімвалы. Фарысей  прадстаўляе  тут чалавека,  які  ўкладае  ўвесь  давер  толькі ў самога  сябе, лічыць сябе справядлівым, таму што ён захоўвае Закон, і пагарджае  бліжнімі. Урэшце рэшт, ён цвёрда ўпэўнены ў сваім збаўленні. Тут неабходна звярнуць увагу на сувязь паміж меркаваннем, што чалавек справядлівы  перад Богам, але нязломны ў адносінах да бліжняга, якім пагарджае. З другога боку, мытнік –  гэта  грэшнік  par  excellence, аднак ён мае алмазную веру чалавека, які, як  дзіця, давяраецца  Божай міласэрнасці.

Кантраст паміж абодвума радыкальны. Фарысей не моліцца, хоць яго  маналог здаецца малітвай. На месца Бога ён паставіў сваё «я», усе астатнія  людзі – гэта «вымагальнікі, рабаўнікі, крыўдзіцелі, несправядлівыя людзі, распуснікі». Фарысей кажа таксама пра тое, што ён робіць звыш таго, што прадпісвае Закон: посціць два разы на тыдзень. Акрамя гэтага, ён дае дзесяціну не толькі з пшаніцы, віна, масла, як наказана ў Старым Запавеце (пар. Дрг 14, 22), але з усяго, у чым мае прыбытак. З гэтага пункту гледжання Бог – той, каму прызначаюцца  шматлікія  і   працаёмкія  намаганні  чалавека, той, хто патрабуе і тым больш задаволены, чым больш чалавек Яму прапануе. Рэлігія фарысея – гэта рэлігія Бога-гаспадара, які павінен даваць ці – дзеля чалавечай велікадушнасці – даваць  больш,  чым  прадпісвае абавязак.

Мытнік – гэта сімвал чалавека, які прызнае, што яму неабходны Бог. Ён прызнаецца ў тым, што ён грэшны, і моліцца: «Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка» (пар. Пс 51). Каб зразумець пазіцыю мытніка, трэба прачытаць  увесь Псальм 51: «Бог прабачае,  сцірае  грахі, адкрывае мудрасць, вучыць мудрасці, дае радасць і весялосць, стварае чыстае сэрца  і моцны дух, прыносіць радасць збаўлення». Бог не той, каму прызначаны  чалавечыя  намаганні, Ён – крыніца ўсякага дабра. Такім чынам, мытнік выяўляе  ў  сваёй малітве  сапраўдную веру, у той час як  фарысей  толькі  «пабожны, рэлігійны»  чалавек.

 

 

 кс. Алег  ГРЫГАРОВІЧ,  SAC


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий