3 лістапада
31-я звычайная нядзеля, год С
Шлях «навяртання»
1 чытанне — Мдр 11, 22 – 12,2.
Пс 145. 1-2. 8-11. 13-14.
2 чыт. — 2 Тэс 1, 11 – 2, 2.
Евангелле — Лк 19, 1-10.
«Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула» (Лк 19, 10).
Урывак з Евангелля, які мы разглядаем, паказвае этапы шляху сапраўднага навяртання. Перш за ўсё гэта шуканне Езуса і жаданне бачыць, хто Ён. Па-другое, гэта радаснае прыманне Збаўцы ў сваім доме, канкрэтны і велікадушны ўклад сваёй штодзённай дзейнасці. Гэта лагічная паслядоўнасць: ад веры і навяртання – да паводзінаў, характэрных для таго, хто навярнуўся. Вера ў Збаўцу Езуса заўсёды знаходзіцца каля кораня кожнага павароту ў нашым жыцці, калі мы шукаем Яго аўтэнтычнасці.
Павел кажа, што ён моліцца, «каб Бог наш зрабіў вас годнымі звання і паспрыяў усялякаму дабру і здзейсніў справу веры». Усё, што зможа зрабіць чалавек, заўсёды не завершана: чалавек ніколі не здзейсніць свой намер сам, бо гэта магчыма толькі з дабрыні Бога і моцы Яго.
Павел адгукваецца толькі на неспакой тых, хто думаў, што канец свету, а значыць другое прышэсце Хрыста настане ў бліжэйшыя дні, у адзін момант. Апостал кажа, што мы не павінны дапусціць, каб нас звяло з сапраўднага шляху сутаргавае чаканне будучыні. Наадварот, мы павінны імкнуцца жыць кожны дзень адпаведна з пакліканнем, якое мы атрымалі ад Бога, і маліцца, каб Ён споўніў нашыя пажаданні, якія без Яго дапамогі мы не ў стане здзейсніць. Інакш кажучы, Апостал вядзе палеміку з такім разуменнем рэлігіі, якая плануе будучыню, не лічачыся з цяперашнім, або рэкамендуе, каб чалавек пазбег сённяшняга дня. Будучыня будуецца штодзённа, дзякуючы Божай ласцы.
32-я звычайная нядзеля, год С
Бог жывых
1 чытанне — 2 Мак 7, 1-2. 9-14.
Пс 17, 1. 5-6. 8. 15.
2 чыт. — 2 Тэс 2, 16 – 3, 5.
Евангелле — Лк 20, 27-38.
«Валадар свету ўваскрасіць да вечнага жыцця нас, якія паміраюць за Яго Закон» (2 Мак 7, 9).
Выказванне, якое з’яўляецца цэнтрам сённяшняга ўрыўка з Евангелля, наступнае: «Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць» (пар. Лк 20, 38). Ён любіць жыццё, бо ў ім знаходзіцца вечная крыніца, якая ніколі не вычарпаецца. Смерць не прыходзіць ад Бога, нават можна сказаць, што Бог ненавідзіць смерць. У Кнізе Мудрасці Саламона напісана: «Бог не стварыў смерці, Ён не цешыцца са згубы жывога. Бо Ён стварыў усё для жыцця, стварэнні свету маюць у сабе здароўе, няма ў іх знішчальнай атруты, ні валадарства памерлых на зямлі» (пар. Мдр 1, 13–14). Мэтаю, да якой набліжаюцца ўсе стварэнні, мэтаю, якую даў ім Бог, з’яўляецца жыццё. «Смерць прыйшла на свет з-за зайздрасці злога: таму яе спазнаюць усе, хто да яго належыць» (пар. Мдр 2, 24). Сапраўдная смерць, поўная і канчатковая, датычыць толькі «бязбожных», тых, хто адкрыта, энергічна і цалкам адкідае Бога. Так, грэх прагна прыцягвае да сябе смерць як свае жаданыя плады, і той, хто грашыць, належыць да такой сквапнасці, якая нясе смерць: «Аднак грэшнікі заклікаюць яе рукамі і словамі, думаючы, што яна іх сяброўка, захапляюцца ёю, навад дамову з ёю заключаюць. Яны заслугоўваюць, каб стаць яе здабычай» (пар. Мдр 1, 16).
На гэтым старазапаветным фоне, які мы аднавілі перад нашымі вачыма, і змешчана размова некалькіх садукеяў, якія адмаўляюць уваскрасенне Езуса з мёртвых. Здаецца, што выпадак сямі братоў спарадзіў невырашальную праблему.
У сапраўднасці ж размова нара-джае недавер… Стаіць пытанне: паверыць ці не паверыць ва ўваскрашэнне памерлых, праз якое чалавек уваходзіць у нябесны свет і становіцца яго часткаю, дзе ўваскрослыя ўжо «не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж», нават «памерці ўжо не змогуць», бо яны цалкам і канчаткова жывуць аднолькавым жыццём як Бог?
Замагільны свет – не проста працяг жыцця гэтага свету «там». Гэта нават не «іншы свет», але новы нябесна-божы спосаб існавання. Пасля ўваскрасення з мёртвых мы будзем жыць у дасканаласці як Божыя дзеці: «Гэта Божыя сыны, таму што яны сыны ўваскрасення».
Падчас уваскрашэння людзі будуць «як анёлы» (толькі Лука ўжывае гэты выраз). Нам не трэба фантазіраваць, выдумваць штосьці пра будучае жыццё, якое прыйдзе. Мы можам з упэўненасцю сказаць, што гэта будзе анёльскае, нябеснае жыццё. Мы бу-дзем жыць як анёлы, з Богам і для Бога ў Яго «свеце».
17 лістапада
33-я звычайная нядзеля, год С
Не палохайцеся
1 чытанне — Мал 3, 19 – 20а.
Пс 98, 5-9.
2 чыт. — 2 Тэс 3, 7 – 12.
Евангелле — Лк 21, 5-19.
«Калі хто не хоча працаваць, няхай і не есць» (2 Тэс 3, 10).
Мэта прамовы Езуса аб крушэнні і канцы свету не заключалася ў тым, каб унушыць слухачам «страх перад ацаленнем», «страх перад збаўленнем». Наадварот, Езус паўтарае: «Не палохайцеся». Езус паступае не так, як некаторыя прапаведнікі, якія думаюць, што яны праз свае выступленні аб поўным канцы свету прывядуць да навяртання. Езус замест гэтага здымае з «канца» містыфікацыю драматычнасці. Ён не дае ніякіх прыкмет пра канец, не дае ніякіх апісанняў, каб уздзейнічаць на слухачоў. Езус вучыць спакойна, што дадзены момант – гэта час поўнага даверу чування.
Езус папярэджвае: «Бо шмат хто прыйдзе пад імем Маім, кажучы „гэта Я“» (пар. Лк 21, 8). З’явяцца фальшывыя месіі, якія пажадаюць, каб іх лічылі Праўдай. Аднак мы ведаем, хто сапраўдны і адзіны Месія, мы ведаем Яго рысы і словы, Яго зямное жыццё. Мы не будзем хадзіць і шукаць футуролагаў!
Іншыя пажадаюць прадказваць будучы канец і будуць казаць: «Наблізіўся час» (пар. Лк 21, 8). Хрыс-ціянамі не павінен авалодваць ніякі неспакой ці ўзбуджэнне, нібы яны ведалі б, што канец будзе імгненны. Хрысціянскае чаканне і надзея – гэта спакойная і ўпэўненая перакананасць у канцы, які нас чакае, калі з’явіцца Пан. Чаканне не здымае з нашых плеч ні клопатаў, ні абавязкаў тут, на зямлі, яно не стварае перабольшанага захаплення ці страху, але акрэслівае гарызонт, у якім мы павінны разумець і ацэньваць сваё жыццё. Езус проста папярэджвае: «Не ідзіце за імі» (пар. Лк 21, 8).
«Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся!» (пар. Лк 21, 9). Нават гэтыя падзеі не павінны ўспрымацца як знакі, прыкметы канца. Нічога нельга інтэрпрэтыраваць як прыкмету імгненнага канца, бо нават зло ў кожнай форме, якое існуе ў свеце, з’яўляецца «прыкметай», што той свет не будзе існаваць вечна, бо ён знаходзіцца пад уладай граху: свет будзе вызвалены і пераменены.
«Бо спачатку гэта павінна адбыцца, але канец не адразу» (пар. Лк 21, 9). Перад канцом будзе час Касцёла, нявызначаны час, бо канец не прый-дзе хутка, «не прыйдзе адразу».
Гэта час працаёмкага і сур’ёзнага клопату, радаснай і цяжкай дзейнасці, барацьбы і надзеі, руплівасці і чакання. У гэты час хрысціянін жыве канкрэтна і істотна пражывае сваё ненапоўненае жыццё ў чаканні яго напаўнення.
«І будзе гэта вам на сведчанне» (пар. Лк 21, 13). Падчас пераследу, цярпення і здрады хрысціяне павінны будуць сведчыць аб тым, што яны жывуць паводле Евангелля з надзеяй, сведчыць пра сваю радасць з жыцця.
Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету
Будзь нам Валадаром, Хрыстэ!
1 чытанне — 2 Сам 5, 1 – 3.
Пс 122, 1-2. 4-5.
2 чыт. — Клс 1, 12 – 20.
Евангелле — Лк 23, 35 – 43.
«Ён ёсць перад усім, і ўсё трывае ў Ім» (Клс 1, 17).
У нашым уяўленні слова «валадар» звязана з нейкім уладаром, што сядзіць на троне з каронаю на галаве, са скіпетрам у руцэ і багата ўбраны. Валадара акружаюць многія, адзіным абавязкам каторых з’яўляецца пры-слугоўваць яму. У выпадку небяспекі, якая пагражала б уладару, яго падданыя абавязаны бараніць яго. Валадар жыве ў прыгожым палацы. У асноўным, усе яго баяцца, хоць, з іншага боку, стараюцца спадабацца яму. Валадар павінен мець уладу. Валадар павінен мець дзяржаву. Чым большыя памеры дзяржавы, тым большая яго ўлада. Валадар без дзяржавы – гэта зусім не валадар.
Спытаюся ў вас: кім ёсць Езус Хрыстус? Што вы мне адкажаце? (…). Езус Хрыстус ёсць: Збавіцелем свету; Сынам Божым, Які стаў чалавекам і памёр за нас на крыжы; нашым Панам; нашым Суддзёю, які прыйдзе судзіць жывых і памерлых і аддасць кожнаму паводле яго ўчынкаў.
Езус Хрыстус ёсць таксама Валадаром Сусвету. Менавіта сёння, у апошнюю нядзелю літургічнага года, мы адзначаем урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Што значаць словы: «Езус з’яўляецца валадаром»? З Евангелля святога Яна мы даведваемся, што аднойчы Езуса хацелі абраць царом.
Валадарства Хрыста – гэта «валадарства праўды і жыцця, валадарства святасці і ласкі, валадарства справядлівасці, любові і супакою» (прэфацыя пра Езуса Хрыста, Валадара Сусвету). Незвычайнае гэта валадарства!
Валадарства Хрыста – гэта валадарства не смерці, але валадарства жыцця.
Валадарства Хрыста несумяшчальнае з грахом, злом і спакусамі. Яно – валадарства святасці і ласкі. Таму, чым больш у табе святасці і ласкі, тым больш ты садзейнічаеш узмацненню Хрыстовага валадарства.
Мы добра ведаем заклік: «Будзь нашым Валадаром, Хрыстэ!» Няхай гэта будуць не пустыя словы. Колькі разоў ты адкідваеш нянавісць і выбіраеш любоў, столькі разоў не вуснамі, але ўчынкам гаворыш: «Будзь нашым Валадаром, Хрыстэ!».
кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC