1-я нядзеля Адвэнту, год С
Павінны быць падрыхтаванымі
1 чытанне – Іс 2, 1-5.
Пс 122, 1-2. 4-9.
2-е чытанне – Рым 13, 11-14.
Евангелле – Мц 24, 37-44.
“Дай спазнаць Твае дарогі, Пане, і навучы мяне сцежкам Тваім” (Пс 25 (24), 4).
Увесь сённяшні ўрывак з Евангелля з’яўляецца для нас заклікам быць гатовымі. Яго можна падзяліць на тры часткі:
- першая частка спасылаецца на падзеі з мінулага – на часы Ноя, калі людзі жылі цалкам паглыбленыя ў свае зямныя клопаты і «нічога не заўважылі» (вершы 37-39);
- Хрыстус прыйдзе. Ён прыйдзе ў канцы, нечакана і застане нас сярод нашых штодзённых спраў. Гора нам, калі мы не будзем гатовы (вершы 40-41);
- неабходна, каб мы былі пільнымі і падрыхтаванымі да прыйсця Пана праз тое, што мы абавязкова будзем жыць паводле Евангелля (вершы 42-44).
Быць пільнымі не азначае толькі «быць уважлівымі», аднак, паводле Мацвея, азначае «здзяйсняць на практыцы» словы Езуса. Быць пільнымі – значыць сапраўды дзейнічаць паводле Евангелля, жыць паводле яго на практыцы. У вершах 40–41 мы бачым такі прыклад: двое працаўнікоў робяць адну і тую ж працу ў полі, дзве жанчыны мелюць на жорнах, аднак тое, чым яны адрозніваюцца, гэта не знешняя дзейнасць. Праца аднолькавая, але адрозніваюцца іх унутраныя адносіны да яе. З гэтага яскрава вы-нікае, што «быць гатовымі» азначае добра працаваць, з правільным унутраным намерам. Усё нашае жыццё мы павінны штодзень быць пільнымі ў нашай дзейнасці, павінны ўвесь час жыць правільна. Быць пільным не азначае быць усхваляваным або жыць пад страхам перад смерцю, гэта таксама не ліхаманкавае і залішне асцярожнае чаканне будучага, а спакойная і ціхая надзея чалавека, які штодня працуе і застаецца верным Евангеллю.
Літургічны год пачынаецца з погляду, скіраванага на другое, канчатковае прышэсце Пана нашага Езуса Хрыста, гэта значыць на чаканне мэты гісторыі. І яго параўноўваюць са шляхам: «З радасцю пойдзем у дом Пана Бога» (пар. Пс 122). Калі мы будзем дзейнічаць такім чынам, то навучымся з дапамогай літургіі (і біблейскіх чытанняў) распазнаваць «сэнс» часу.
8 снежня
2-я нядзеля Адвэнту, год С
Рыхтаваць шлях Пану
1 чытанне – Іс 11, 1-10.
Пс 72, 1-2. 7-8. 12-13. 17.
2-е чытанне – Рым 15, 4-9.
Евангелле – Мц 3, 1-12.
“Змяні наш лёс, о Пане, як патокі на поўдзень” (Пс 126 (125), 4).
Янам Хрысціцелем кіравала гарачае перакананне, што набліжаецца прышэсце Божага Валадарства: «Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае… Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму (пар. Мц 3, 2–3). Ян перакананы, што менавіта ў яго час адбываецца пераварот і радыкальная змена старога парадку ў свеце. Новы, больш чалавечны і больш справядлівы свет створыць не чалавек, а сам Пан. Нават Бог сваім «неадваротным гневам» учыніць канец сапсаванага і хворага свету. Ян прадбачыць знакі падзення старога парадку і структур свету: «Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэваў; бо кожнае дрэва, што не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь» (пар. Мц 3, 10). Божы суд цалкам ачысціць свет ад усялякай несправядлівасці.
Ян Хрысціцель абвяшчае новы свет, які народзіцца з Божага дару. Ён сам аб’яўляе, што «той, хто ідзе за мною… будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём» (пар. Мц 3, 11). Ян Хрысціцель усведамляе, што ў яго няма ні моцы, ні сродкаў для таго, каб змяніць свет, і таму яго дзейнасць абмяжоўваецца толькі прапаведваннем і ўдзяленнем хросту «ў вадзе для пакаяння». Ён толькі папярэднік Месіі, які будзе дзейнічаць моцаю Духа Пана, сімвалам якога з’яўляецца агонь.
Знясіленаму чалавецтву, якое штодзень распачынае сваю сізіфаву працу ў справе змянення свету (які ў гэтага чалавека выклікае ўсё большую агіду), Ян Хрысціцель кажа: «Досыць! Ужо пара скончыць з бясплённай і бескарыснай працай. Прызнайцеся ў сваіх грахах, у прагненні ўлады і насілля, якія асляпляюць вашыя сэрцы; адкрыйце вочы, глядзіце ўвысь і наперад; бачыце, Бог праз Езуса менавіта цяпер робіць для вас магчымым прышэсце Валадарства Ягонага». Такім з’яўляецца хрысціянскі Адвэнт: пры-знаць уласную немач і глядзець з даверам і надзеяй на Бога, бо толькі Ён можа прынесці нам жыццё.
15 снежня
3-я нядзеля Адвэнту, год С
Для Бога ўсё магчыма
1 чытанне – Іс 35, 1-6а. 10.
Пс 146, 6b-10.
2-е чытанне – Як 5, 7-10.
Евангелле – Мц 11, 2-11.
“Спявайце Пану, бо Ён учыніў вялікія рэчы, абвясціце гэта па ўсёй зямлі” (Іс 12, 5).
Гэтую нядзелю па традыцыі мы называем лацінскім тэрмінам Gaudete – нядзеляй радасці. Першае чытанне пачынаецца настойлівым заклікам да радасці: «весяліся, радуйся, усклікай!».
Якія прычыны для нашай радасці? Штодзённасць і наш асабісты вопыт хутчэй прапануюць мноства прычын для плачу, смутку і перажывання з-за пастаянных няўдач. Больш адпаведным быў бы песімістычны настрой і расчараванне. Хіба не праўда тое, што так шмат лю-дзей церпіць, памірае, цяжка працуе і не атрымлівае за гэта належнай платы, што так шмат самотных, прыгнечаных, ахвяраў несправяд-лівасці, хоць асабіста нам жывецца добра? Замест закліку радавацца ці не быў бы больш падыходзячым пратэст, крык, поўны абурэння і супраціву злу, або меланхалічнае, аднак шматзначнае маўчанне, хоць і бяссільнае, бясплённае? Усе нашыя пярэчанні супраць закліку радавацца зыходзяць з пераканання ў немагчымасці перамагчы зло, з адчування бяссілля перад злом, з якім мы сустракаемся ў жыцці і ў свеце. Бо хто можа і сапраўды жадае перамяніць якасць свайго жыцця? Па-вінен быў бы стацца «цуд». Аднак, здаецца, складана нават спадзявацца на яго, не тое што настойліва патрабаваць яго.
Езус сёння кажа: «Ідзіце, абвяс-ціце Яну тое, што чуеце і бачыце: сляпыя зноў бачаць і кульгавыя хо-дзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна» (пар. Мц 11, 4–5). З прышэсцем Езуса ўзнік новы свет: тое, што было немагчыма для чалавека, стварыў Бог. Каля Езуса фарміруецца новае грамадства жанчын і мужчын, якія здольныя верыць, не страчваць на-дзею і любіць. Яны адчуваюць новы прыліў энергіі для жыцця.
А як мы? Ці здолеем паверыць у Езуса Хрыста? Ці зможам даверыцца Яму і стварыць з Ім такое грамадства, у якім і сёння магчымы «цуды» веры і любові, якая дае сілы, ажыўляе, адарае пад’ёмам, смеласцю, ацаляе і ўмацоўвае?
22 снежня
4-я нядзеля Адвэнту, год С
Знак «Эммануэль»
1 чытанне – Іс 7, 10-14.
Пс 24, 1-6.
2-е чытанне – Рым 1, 1-7.
Евангелле – Мц 1, 18-24.
“Вось іду, каб выканаць волю Тваю” (Гбр 10, 9)
Жонка Ісаі (або жонка цара Ахаза) нарадзіла дзіця, якога звалі Эммануэль. На першы погляд, няма тут нічога незвычайнага. І ўсё ж такі, гэта зусім не малазначная падзея і не такая банальнасць, як магло б здавацца на першы погляд. Гаворка ідзе пра «асобу», якая з’явіцца на свет, а кожная асоба з’яўляецца носьбітам пэўнай таямніцы, пэўнага лёсу, які яе бацькі не могуць загадзя запраграмаваць ці прадбачыць.
Нараджэнне дзіцяці – гэта бачная прысутнасць таямніцы, якая за-ключаецца ў самой аснове чалавечага існавання. Аднак, калі гаворка ідзе пра Божага Сына, мы разумеем больш дакладна, што Яго не можа нарадзіць нейкі мужчына і нейкая жанчына: Ён не можа быць нічым іншым, як толькі Божым дарам. Ён з’яўляецца бачным увасабленнем «асновы» самой рэчаіснасці – увасабленнем Бога ў родзе чалавечым. Ён з’яўляецца выкананнем гарачых чалавечых жаданняў, якія ніколі б не здзейсніліся, калі б яны засталіся пакінутымі на волю лёсу.
Сказаць, што Езус –Эммануэль (у перакладзе – «Бог з намі»), значыць прызнаць, што Ён з’яўляецца сувярэннай «сапраўднасцю», якая канчаткова пераадольвае чалавечую няздольнасць дасягнуць радасці, супакою і збаўлення. Ён – сапраўды Збаўца.
Свята Святой Сям’і – Езуса, Марыі і Юзафа
Сям’я – хатняя касцёльная супольнасць
1 чытанне – Сір 3, 2-6. 12-14.
Пс 128, 1-5.
2-е чытанне – Клс 3, 12-21.
Евангелле – Мц 2, 13-15. 19-23.
“Называемся дзецьмі Божымі, і мы з’яўляемся імі” (1 Ян 3, 1).
Урачыстасць Нараджэння Пана мы адсвяткавалі, і таму адпаведна, што з храналагічнага пункту гледжання сённяшняе свята з’яўляецца яе працягам. Як мы перажывалі Божае Нараджэнне? Магчыма, многія сем’і перажылі нават цярпенне, смутак, нязгоду…
У некаторых сем’ях бацькі перажывалі Нараджэнне Пана, прымаючы ўдзел у набажэнствах, а іх сын ці дачка не жадалі пайсці з імі святкаваць урачыстасць. Магло быць і наадварот. Колькі цярпення, колькі болі ў нашых сем’ях! На першы погляд магло б падацца, што праз адзначэнне свята Святой Сям’і падкрэсліваецца непераадольная розніца паміж ідэальнай і рэальнай сям’ёй. Мы можам запытацца, у якім сэнсе Святая Сям’я можа быць «прыкладам» для нашых сем’яў.
Несумненна, у Святой Сям’і былі выключныя «асобы», быў у ёй сам Божы Сын. Аднак яны прысутнічаюць і сярод нас, у нашых дамах.
кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC