4-я звычайная нядзеля, год А
Свята Ахвяравання Пана
Крыніца святла
1 чытанне — (сш. 14) Мал 3, 1-4.
Пс 24 (23), 7-8. 9-10.
2 чыт.- Гбр 2, 14-18.
Евангелле — Лк 2, 22-40.
“Святло для асвятлення язычнікаў, знак, якому супраціўляцца будуць” (Лк 2, 32-34).
Сёння распачынаем літургію ад запальвання свечак і, працэ-сіяй уваходзячы ў касцёл, вызнаём, што Езус Хрыстус ёсць адзіным святлом, якое апраменьвае змрокі гісторыі. Вызнаём веру, што Бог ёсць сапраўднаю святасцю і крыніцаю святла. Дзякуючы слуханню Слова Божага, мы – “ілюмінаты” асвечаныя. Гэта – характэрная асаблівасць хрысціянскага люду. Ведаем таксама, дзякуючы Святому Паўлу, з Ліста да Рымлянаў, што мы – язычнікі, прышчэпленыя ў аліўку, і сталі новым людам Ізраэля. Той вялікі апостал язычнікаў у Лісце да Габрэяў прыпамінае, што той вялікі прышчэп прынёс нам вялікі дар – вызваленне ад моцы д’ябла. А гэта заклікае нас да ахвяравання свайго жыцця для Хрыстуса. Таму ў Евангеллі бачым дзве постаці – Сімяона і Ганны, якія з’яўляюцца для нас прыкладам людзей, якія служаць Богу. Ганна “не раставалася са святыняю, служачы ў пастах і малітвах днём і ноччу”. Бачым у ёй пры-клад удавы, якая пражыла сваё жыццё прыгожа. Не наракаючы, не бунтуючы супраць Божай Волі, але, будучы “падсветкаю”, адкрыла Божы план, сваё пакліканне. У гэты план Бога ўпісана нават заўчасная смерць мужа. Сімяон – фігура чалавека, які здзейсніўся ў жыцці. Ён – сын Абрагама, значыць чалавек веры. У ягоным жыцці споўніліся абяцанні Бога; тое, што пачуў раней, споўнілася. Убачыў Збавіцеля, убачыў збавенне, убачыў Месію. І гэта для нас па-вінна быць крыніцаю шчасця і спакою – сведчанне прысутнасці Збавіцеля, Яго міласэрнасці.
І яшчэ адна вельмі важная праўда сённяшняга Свята. Той прызначаны (…) на “знак, якому супраціўляцца будуць”. Праз усе пакаленні Касцёл быў і павінен быць тым знакам супраціву. Гэта – цана вернасці любові Пана. Не можам супраціўляцца мудрасці і ласцы Бога.
9 лютага
5-я звычайная нядзеля, год А
Вера без спраў мёртвая
1 чытанне — Іс 58, 7-10.
Пс 112 (111), 4-7. 8а і 9.
2 чыт. — 1 Кар 2, 1-5.
Евангелле — Мц 5, 13-16.
“Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць” (Мц 5, 7).
Неаднакратна ў жыцці наводзім “генеральныя” парадкі і выкідаем тое, што ні на што не будзе патрэбна. Так, сёння Езус гаворыць з намі пра веру, якая страціла смак. І тады можа адбыцца нешта страшнае – можа прыйсці спакуса, каб яе “выкінуць”, бо ні на што не будзе па-трэбна. Вера “без смаку” вядзе найчасцей да пазіцыі язычніцкай, а тая – да расчаравання. Так, вера можа страціць смак. Але што ёсць “смакам” веры? Справы міласэрнасці! Такі адказ дае нам сёння прарок Ісайя: “Раздзялі з галодным хлеб свой, і бяздомных запрасі ў дом; калі ўбачыш голага, адзень яго, і ад адзінакроўнага свайго не хавайся”. Вера без спраў – мёртвая, “без смаку”.
Рэха той навукі знаходзім ў Апостальскай адгартацыі Папы Францішка “Радасць Евангелля”: “Неабходнасць слухання крыку бедных становіцца для нас рэальнасцю, калі ўзрушаемся да глыбіні душы, калі церпіць іншы чалавек. Прачытайма (…) Евангелле, якое гаворыць: “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць” (Мц 5,7). Апостал Якуб вучыць, што міласэрнасць адносна іншых дазваляе нам апынуцца трыумфуючымі на судзе Божым: “Гаварыце і чыніце так, як тыя, хто мае быць асуджаны паводле закону свабоды. Бо суд без міласэрнасці чакае таго, хто не чыніў міласэрнасці. Міласэрнасць вышэйшая за суд” (Як 2, 12-13). (…). “Міласціна ад смерці вызваляе і можа ачысціць ад усялякага граху” (Тоб 12,9). Больш яскрава гэта выражана у Сіраха: “Вада пагасіць полымя агню, і міласціна ачысціць грахі” (Сір 3,30). Той самы сінтэз сабраны ў Новым Запавеце: “Перш за ўсё, майце шчырую любоў адзін да аднаго, таму што любоў закрывае мноства грахоў” (1 Пятра 4,8)”.
Калі прагнем, каб наша вера атрымала добры смак, які да-зволіць іншым убачыць святло Змёртвыхпаўсталага Пана, дайма сабе шанс да навяртання нашага сэрца. Адным словам, акрамя пакорнай малітвы аб дару веры, падтрымлівайма яе постам і справамі міласэрнасці. Будзем практыкавацца ў добрых справах!
16 лютага
6-я звычайная нядзеля, год А
Благаслаўлёныя, хто шукае Бога
1 чытанне — Сір 15, 15-20.
Пс 119 (118), 1-2. 4-5. 17-18. 33-34.
2 чыт. — 1 Кар 2, 6-10.
Евангелле — Мц 5, 17-37.
“Нам жа Бог адкрыў праз Духа, бо Дух пранікае ва ўсё, нават у глыбіні Божыя” (1 Кар 2, 10).
Калі слухаем сёння навуку Слова Божага, то прыпамінаецца мне выказванне Мітрапаліта Ігнацыёса на экуменічным з’ездзе ў Уппсале ў 1968 годзе: “Без Духа Святога Бог ёсць далёкім, Хрыстус – мінулым, Евангелле – мёртваю літараю, Касцёл – толькі арганізацыяй, улада – панаваннем, місія – прапагандай, культ – вяртаннем успамінаў, а паводзіны па-хрысціянску – маральнасцю нявольнікаў”. Тое, што прапануе нам Езус Хрыстус, ёсць па-за межамі нашай дасягальнасці, не цешце сябе ілюзіямі! Большасць з нас нават ментальна не згаджаюцца з тым, што зараз чуем. Камусьці можа здавацца, што настолькі ёсць моцны, што можа выканаць тыя словы. Нават не спрабуйце гэта рабіць, бо можна трапіць у шпіталь для псіхічна хворых! А што павінны зрабіць? Прынізіцца і з пакораю прасіць аб дару і дапамозе Святога Духа. І гэта –Добрая Навіна сённяшняга дня. Гэта не я, але Хрыстус ва мне гэта робіць. Маральнасць Новага Запавета не разлічана на нашыя сілы, гэта абяцаны апосталам Дух робіць нас здольнымі да такой паставы. Таму спяваем у сённяшнім псальме “благаслаўлёныя, хто шукае Бога”. Гэта павінны рабіць усім сэрцам. Звяртаймася ў штодзённай малітве да Святога Духа, Ён – наша моц! Гэта Ён дае жыццё, Ён ёсць Панам і Ажыўляючым. Ён робіць нашае сэрца здольным да любові Бога і братоў. Ён – Айцец убогіх.
7-я звычайная нядзеля, год А
Хто мае жыццё вечнае...
1 чытанне — Лев 19, 1-2. 17-18.
Пс 103 (102), 1-4. 8 і 10. 12-13.
2 чыт. — 1 Кар 3, 16-23. Евангелле — Мц 5, 38-48.
“Любіце ворагаў вашых… ” (Мц 5, 44).
У іканаграфіі можна часта сустрэць матывы Хрыстуса Пантакратара, які трымае ў руцэ Святое Пісанне са словамі “Любіце ворагаў вашых, прыйду хутка, чувайце”. Сёння прадаўжаем слуханне “Казання на Гары”. Яно – канстытуцыя хрысціянскай супольнасці. Калі не ідзём у тым напрамку, то наша дарога вядзе ў нікуды. І зноў вяртаецца пытанне – ці я здольны да такой паставы? Адказ у маім сэрцы – не здольны. Замкнутае кола, як з яго вырвацца? Дзе ўкрыта моц навукі Хрыстуса? Як раскрыць тайну моцы жыцця “Казаннем на Гары?”. У Езусе Хрыстусе Змёртвыхпаўсталым – толькі Ён выканаў тое Слова і ў Ім і праз Яго і ад Яго павінны яго пакорна прыняць. І гэта неверагодна Добрая Навіна, якую павінны абвяшчаць на дахах нашых гарадоў і вёсак – Пан міласэрны і ласкавы і не пакінуў нас у нашай бядзе і немачы. Кожную нядзелю збірае сваіх верных, каб рабіць іх здольнымі да такога ладу жыцця. Хто корміцца Целам і Крывёю Хрыста, той мае жыццё вечнае. А паставы з сённяшняга Евангелля ёсць паставы жыцця вечнага.
У дзень хросту дарослай асобы адбываецца наступны дыялог:
– Аб чым просіш Касцёл?
– Аб веры.
– Што дае табе вера?
– Жыццё вечнае.
Святы Павел напамінае нам, у чым хаваецца “патаемная моц” і валоданне жыццём вечным, – “з’яўляемся святыняю Бога і Дух Божы жыве ў нас”. Дадайма, што скарб гэты носім ў посудзе гліняным, таму патрэбна ўнутраная пакора і разуменне справы Божай: да чаго па-кліканыя?
Асія Бібі, пакістанская хрысціянка, асуджаная за надуманае блюзнерства супраць ісламу, а на самой справе – за злажэнне хрысціянскага сведчання веры, напісала ў камеры смяротнікаў дзённік і ліст да самых блізкіх. Прыводжу невялікі фрагмент гэтай найпрыгажэйшай карэспандэнцыі: “Дзеці мае, не губляйце адвагі або веры ў Езуса Хрыстуса”, – піша яна і дадае: “Нават, калі вярнулася ў камеру з інфармацыяй, што павінна памерці, усе мае думкі звярнуліся да Цябе, мой улюбёны Асік, і да вас, мае любімыя дзеці. Нішто не баліць мне мацней, чым тое, што вы застанецеся адныя ў поўнай роспачы”. І далей: ”З’яўляемся хрысціянамі і ўбогімі, але наша сям’я ёсць святлом… Не ведаю, калі мяне павесяць; заставайцеся ў супакоі, мае дарагія; пайду з паднятаю галавою, без енчання, бо будуць са мною наш Пан і Панна Марыя, якія абдымуць мяне”. Хто мае жыццё вечнае, той здольны да такой паставы.
кс. Славамір ЛАСКОЎСКІ