I Нядзеля Вялікага Посту, год А
Прыклад паслухмянасці і даверу
1 чытанне — Быц 2, 7-9; 3, 1-7.
Пс 50, 3-6а, 12-14. 17.
2 чыт. — Рым 5, 12-19.
Евангелле — Мц 4, 1-11.
“Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа, і аднаві ўва мне трывалы дух” (Пс 50, 12).
Першая нядзеля Вялікага Посту носіць назву Інвакабіт – што ў пера-кладзе з лацінскай мовы (іnvocabit) азначае: клікаць, прызываць, запрашаць. Гэтая назва бярэ свой пачатак з імшальнай антыфоны – 91 псальма, які пераконвае кожнага чалавека, што Бог у выпрабаванні заўсёды яго вы-слухае: “Будзе мяне заклікаць, а Я яго выслухаю!”. Словы надзеі, якія ўводзяць нас ў цяжкі час навяртання і пакуты…
Распачынаем Вялікі Пост, разважаючы над рашэннем Езуса на сорак дзён зыйсці ў пустыню. Езус паўтарае вопыт Майсея, які сорак дзён і начэй трываў у Божай прысутнасці на гары Сінай. Хоча перажыць гэты час без ежы і піцця – так, як гэта перажылі габрэі падчас свае вандроўкі на пустыні. Божы Сын уваходзіць у “стан” Эвы, Давіда, Ёва і многіх іншых лю-дзей, якія дасведчылі спакусы яшчэ да Яго нараджэння, а таксама ўсіх тых, якія дасведчаць спакусаў злога ў будучыні…
Езус свядома і дабраахвотна паўтарае смутны і цяжкі лёс усяго чалавецтва. Невыпадкова перажывае спакусы – каб даць прыклад, як можна перамагаць нашыя асабістыя спакусы і змаганні. На кожную спакусу Езус адказвае злому духу словамі Святога Пісання, сваім даверам і па-слухмянасцю Богу. Не працягвае з ім размову і не пакідае яму магчымасці маніпуляваць і сеяць недавер да Бога. Апошняя, трэцяя спакуса, здаецца перапоўнена подступам і нянавісцю да Бога. Злы дух, забраўшы Езуса на высокую гару, прапануе пакланіцца яму, адрачыся свайго Айца – Бога!
У Бібліі гара часта была месцам, дзе Бог сустракаўся з чалавекам. Месцам аб’яўлення чалавеку Божай любові, Ягонай моцы, наказаў, якія павінны былі захаваць чалавека ад зла, якія неслі чалавеку радасць і надзею, месцам запавету… Злы дух няўдала спрабуе наследваць Бога…
Перад тым, як людзі пачуюць з вуснаў Хрыста навуку і настаўленні, запрашэнне пайсці за Ім, даверыцца Яму і быць паслухмянымі Божым наказам, – Сам дае прыклад паслухмянасці і даверу Богу, вытрымкі ў спакусах.
8 сакавіка
II Нядзеля Вялікага Посту, год А
Час навяртання
1 чытанне — Быц 12, 1-4а.
Пс 33, 4-5. 18-20. 22.
2 чыт. — 2 Цім 1, 8b-10.
Евангелле — Мц 17, 1-9.
“Душа наша чакае Пана, Ён – наша дапамога і абарона” (Пс 33, 20).
Калі ў кожную першую нядзелю Вялікага Посту мы будзем сведкамі духоўнага змагання Езуса на пустыні, то заўсёды другая нядзеля будзе адчыняць перад намі гісторыю перамянення нашага Пана на гары Табор.
Езус перамяняецца на вачах апосталаў і чуе голас Бога Айца: “Ты Сын мой умілаваны!”. Менавіта тут, на гары Табор, Езус упершыню пачынае гаворку пра сваю муку: кажа пра цярпенне, знявагі, прадкажа сваю смерць… І Ўваскрасенне.
Час Вялікага Посту з’яўляецца менавіта такім часам навяртання. Сёння гэтыя некалькі тыдняў пакуты і разважання над сваім жыццём напаўняецца Добрай навіной аб змёртвыхпаўстанні нашага Пана!
Пачынаем больш выразна бачыць мэту і напрамак, да якога накіроўваемся ў гэтыя сорак дзён. Дасведчанасць, якая мае давесці нас не да смутку і роспачы, але да паяднання з Богам і сустрэчы з Пераможцам смерці і шатана – з Езусам. Да нашага асабістага змёртвыхпаўстання!
Голас і запэўненне Бога “Ты Сын мой умілаваны”, які чуюць Езус і апосталы, сёння скіраваны таксама да кожнага з нас. Запэўненне Божай любові, якое павінна нас ўмацаваць на шляху нашага асабістага перамянення і навяртання да Бога.
15 сакавіка
III Нядзеля Вялікага Посту, год А
Жывая вада
1 чытанне — Зых 17, 3-7.
Пс 95, 1-2. 6-9.
2 чыт. — Рым 5, 1-2. 5-8.
Евангелле — Ян 4, 5-42.
“Дай нам вады, каб мы пілі” (Зых 17, 2)
Схіляючыся над Евангеллем паводле св. Яна, можам убачыць, як евангеліст асаблівым чынам шмат увагі прысвяціў падрабязнасцям і здарэнням, каб як мага лепей перадаць чытачу таямніцу Езуса – Божага Сына.
Сёння мы становімся сведкамі размовы Езуса з самарытанкай – грэшнай жанчынай. Гэтае здарэнне дасць пачатак наступным апавяданням, якія ў Евангеллі Яна можам аб’яднаць адной тэмай: жывая вада.
Добра ведаем, што вада – гэта тое, без чаго мы не можам жыць. Жывая вада ў Евангеллі св. Яна – гэта Словы Езуса, Ягоная любоў. Евангеліст паказвае, што толькі яна здольная за-спакоіць кожнае чалавечае прагненне. Уважліва чытаючы Евангелле св. Яна, убачым яшчэ некалькі здарэнняў, злучаных з вадою. Вяселле ў Кане Галілейскай, калі Езус перамяняе ваду ў віно; размова з Нікадэмам і гаворка пра тое, што з сэрца чалавека веруючага паплывуць струмені жывой вады; аздараўленне сляпога чалавека, які на загад Хрыста абмывае свае вочы вадою… Разважаючы над гэтымі фрагментамі, запісанымі ў розных месцах Евангелля, Бэнэдыкт XVI пракаменціруе: што ўсё гэта з’яўляецца апісаннем хросту, які дазваляе нам бачыць. Хрыстус з’яўляецца Даўцам святла, Тым – хто праз сакрамэнты адкрывае нашыя вочы.
Пасля сустрэчы і размовы з Езусам самарытанка без страху і з радасцю вяртаецца ў сваю вёску, каб ўсім расказаць пра сустрэчу, якая змяніла яе жыццё. Пакідае пусты збан для вады, з якім прыйшла да студні, але адыходзіць, напоўніўшы сваё сэрца Евангеллем – Добрай навіной, жывой вадою, словамі Езуса.
Поўны сэнс сустрэчы Езуса з самарытанкай можам адкрыць і ўбачыць на Галгоце. Там, дзе ўкрыжаваны Езус зноў паўтарае тыя ж самыя словы, што сказаў жанчыне пры студні: “Прагну!”. Бачым прагненне Езуса выканаць Божую волю да канца, прагненне распаліць веру ў людзкіх сэрцах, прагненне кожнаму ахвяраваць любоў, якая мае моц перамяніць чалавечае жыццё.
22 сакавіка
IV Нядзеля Вялікага Посту, год А
Не будзьма сляпымі
1 чытанне — 1 Сам 16, 1b. 6-7. 10-13а.
Пс 23, 1-6.
2 чыт. — Эф 5, 8-14.
Евангелле — Ян 9, 1-41.
“Я – святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця” (Ян 8, 12).
Чацвёртая нядзеля Вялікага Посту – нядзеля “Радасці” – з лацінскай мовы: Laetare. Антыфона на ўваход заахвочвае кожнага да радасці, бо набліжаецца нашае адкупленне і збаўленне, якое ўзгадваем, святкуючы Пасхальныя святы. У Літургіі Слова будзем разважаць над усемагутнасцю Бога, Які сляпому ад нараджэння чалавеку вяртае зрок. Апісанне гэтага здарэння паказвае нешта велічнае і вартае ўвагі – момант пераходу ад цемры да святла!
Чалавекам сляпым, па логіцы евангеліста, з’яўляецца кожны, хто хоць і глядзіць, але перажывае сваё жыццё па-людзку, без Бога, кіруючыся толькі сваім розумам і не звяртаючы ўвагі на Божыя наказы. Невыпадкова Ян дакладна цытуе словы Езуса, Які называе фізічна здаровых фарысеяў сляпымі. Маючы вочы – не бачаць найважнейшага. Застаюцца сляпымі на прысутнасць сярод іх Месіі, Божага Сына, пра Якога так шмат ведаюць са старонак Старога Запавету і на Якога так доўга чакалі. Не вераць і не жадаюць прыняць Ягоныя словы – таму далей застаюцца ў сляпаце і духоўнай цемры.
Св. Ян працягвае тэму духоўнай слепаты, калі падрабязна апісвае ў Евангеллі момант аздараўлення невідушчага чалавека: нават калі наступае фізічнае аздараўленне, то Ян далей упарта называе яго сляпым. Указваючы, што чалавек пачне бачыць толькі тады, калі прамовіць заключныя словы Евангелля: “Веру, Пане!”
29 сакавіка
V Нядзеля Вялікага Посту, год А
Езус чакае веры
1 чытанне — Эзх 37, 12-14.
Пс 130, 1-8.
2 чыт. — Рым 8, 8-11.
Евангелле — Ян 11, 1-45.
“Я ўдыхну ў вас дух Мой і ўчыню, што будзеце жыць” (Эзх 37, 12-14).
Невыпадкова ў V нядзелю Вялікага Посту – за тыдзень перад тым, як будзем перажываць Муку Пана нашага Езуса Хрыста, чуем Евангелле аб уваскрашэнні Лазара. Гэтае здарэнне стала пачаткам вялікага ўзрушэння сярод габрэяў: шмат з іх паверыла у Езуса, але некаторыя з іх у гэты дзень прынялі рашэнне забіць Яго. Евангелле св. Яна, апісваючы цуд вяртання Лазара да жыцця, паказвае яшчэ адно, вельмі важнае здарэнне: запаведзь змёртвыхпаўстання Хрыста!
Сённяшняе Евангелле распавядае, што Марта, Марыя і Лазар былі сябрамі Езуса. Сёстры просяць Яго, каб хутка прыйшоў і ўратаваў свайго сябра; аднак Езус спазняецца…
Вучні і тыя, хто быў блізка Хрыста, не разумеюць гэтага жыццёва важнага спазнення! Не разумее таксама і Марта, якая, выбягаючы на сустрэчу да Езуса, жаліцца і дакарае Яго: “Пане, калі б Ты тут быў, то мой брат бы не памёр!”, завяршаючы гэты цяжкі дыялог вызнаннем веры, што: “Бог дасць Табе ўсе, аб чым папросіш.”
Можа, менавіта такі давер і вера Марты змушаюць Езуса дзейнічаць. Хрыстус, замест аздараўлення, робіць нешта больш важнае – цуд уваскрашэння Лазара!
Перед уваходам у магілу свайго сябра, размаўляючы з Мартай, Езус чакае не столькі ведаў пра загробнае жыццё, ці змёртвыхпаўстанне, але веры: “Кожны, хто ў Мяне верыць, хоць бы і памёр, будзе жыць. Ці верыш у гэта?” – пытаецца ў Марты; і толькі тады, калі атрымлівае станоўчы адказ, пачынае дзейнічаць.
Становімся ўдзельнікамі асаблівай катэхезы – дзе Езус паказвае, што для Яго смерць – гэта сон, з якога Бог можа абудзіць кожнага чалавека. Хрыстус ведае, што смерць Ягонага сябра з’яўляецца запаведздзю Яго асабістай смерці… Верыць і мае на-дзею, што Бог Айцец таксама не па-кіне і Яго ў магіле.
Пане, адары нас ласкай вытрымкі ў такой веры і надзеі, каб і мы не засталіся ў нашых магілах, але маглі дасведчыць уваскрасення да жыцця ў Тваім Валадарстве.
кс. Юрый ПРАКАПЮК