Пальмовая Нядзеля, год А
Божы план збаўлення
1 чытанне — Мц 21, 1-11.
Пс 22, 8-9. 17-20. 23-24.
2 чыт. — Флп 2, 6-11.
Евангелле — Мц 26, 14-27, 66.
“Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана” (Мц 21,9)
Пальмовая Нядзеля – апошняя ў Вялікім Посце, якая папярэджвае Пасхальную Ўрачыстасць.
Нягледзячы на ўзнёслы і радасны пачатак літургіі, чытанні нагадваюць нам здарэнні, якія папярэдзілі Змёртвыхпаўстанне Езуса: несправядлівае асуджэнне Яго, Крыжовы шлях, смерць і пахаванне.
Апісанне мукі і смерці Езуса Хрыста прадстаўлена ў трох вымярэннях.
Першае – найбольш вядомае і знанае вернікамі – гістарычнае. Добра яго ведаем з перажывання набажэнства Крыжовага шляху падчас Вялікага Посту: дакладныя сцэны — стацыі, якія моцна нагадваюць нам значэнне і сэнс мукі Хрыстовай.
Чытаючы другое чытанне, убачым яшчэ іншы сэнс пасхальных здарэнняў, у якім падкрэсліваецца паслухмянасць Езуса волі Бога – Айца. Хрыстус прыходзіць на свет, каб збавіць кожнага чалавека.
Сам прагне гэтай місіі, дасканала выконваючы яе праз сваю смерць на крыжы. Здзяйсняе ахвяру, ў якой сам з’яўляецца Святаром і Ахвярай. Гісторыя Езусовага крыжа становіцца гісторыяй вызвалення чалавека. “Благаслаўлёная віна” – бо менавіта праз чалавечы грэх Бог пасылае свайго Сына, каб Той нанова з’яднаў чалавека з Богам. Нявінны Езус памірае за грэшнага чалавека. Ахвяруе сябе за кожнага чалавека!
Урэшце, пахіліўшыся над першым чытаннем і псалмом, зной-дзем трэцяе вымярэнне, значэнне здарэнняў Вялікага Тыдня. Адчытаем прароцтвы, запісаныя на старонках Старога Запавету: запаведзь і дакладнае апісанне мукі Месіі – Слугі Яхвэ. Цікава, што гэтыя прароцтвы былі запісаны некалькі стагоддзяў перад мукай Хрыста. Па-хіляючыся і разважаючы над натхнёнымі тэкстамі, усведамляем, што Ягоная мука і смерць не былі выпадковымі, не былі толькі нейкім трагічным збегам абставінаў – але ад вякоў былі ўпісаны ў Божы план збаўлення чалавека.
Літургія слова Пальмовай Ня-дзелі нагадвае кожнаму хрысціяніну праўду, што ўсё знаходзіцца ў руках Бога. Некалькі дзён перад апошняй вячэрай, арыштам Езуса, Ягонай мукай і пахаваннем – Бог прагне напоўніць нашыя сэрцы супакоем і даць нам надзею.
Урачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана, год А
Ён сапраўды Ўваскрос!
1 чытанне — Дз 10, 34а. 37-43.
Пс 118, 1-2. 16-17. 22-23.
2 чыт. — Клс 3, 1-4.
Евангелле — Ян 20, 1-9.
“Кожны, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэнне грахоў праз імя Ягонае” (Дз 10, 43)
Змёртвыхпаўстанне Езуса з’яўляецца здарэннем, якое перамяніла лёсы ўсяго чалавецтва.
З’яўляецца добрай навіной, скіраванай да кожнага чалавека.
Цікава, што ў ніводным з Евангелляў мы не знойдзем апісання здарэння таго, каб хтосьці асабіста ўбачыў момант Змёртвыхпаўстання Езуса. Гэты незвыклы факт вельмі істотны, бо падкрэслівае, што галоўнай мэтай Евангелля не з’яўляецца падрабязная рэканструкцыя здарэнняў альбо спроба апі- сання рэчаў, якіх ніхто не бачыў, –але перадусім змяшчае сведчанні людзей, якія асабіста сустрэліся са Змёртвыхпаўсталым!
Спачатку Евангеліст апісвае Марыю Магдалену, Пятра і Яна, якія знаходзяць ужо пусты гроб.
Пазней знойдзем апісанне сустрэчы Езуса са сваімі вучнямі і, ўрэшце рэшт, бачым сустрэчу з апосталамі на беразе возера Генезарэт.
Здаецца невыпадкова Божы Провід менавіта так распарадзіўся, каб людзі не бачылі, як Бог уваскрашае Езуса, каб гэтая таямніца Ўваскрасення была вольная ад людскіх абмежаванасці, фантазій ці непатрэбных эмоцый.
Такім чынам праўда пра Ўваскрослага і жывога Езуса абапіраецца толькі на асабістыя сведчанні сведак. На асабістыя пазнанні і сустрэчы з жывым Хрыстом.
Сённяшняя літургія Слова распавядае пра вельмі шмат такіх сведчанняў.
Да шэрагу гэтых асобаў можам далучыць Касцёл – нашыя браты і сёстры ў веры, якія, таксама не бачыўшы моманту Ўваскрасення, паверылі і распазналі Хрыста ў сакрамэнтах, у Ягоным Слове, у хворых, церпячых ці патрабуючых.
Велікодныя святы ніколі не з’яўляюцца святамі з мінулага. Успа-мінам, ці здарэннем – можа, радасным і незвычайным, але якое не датычыць сучаснага чалавека. Кожны хрысціянін пакліканы быць сведкам Хрыстовага Змёртвыхпаўстання.Больш таго, пакліканы да свайго асабістага змёртвыхпаўстання. І добра, каб як мага хутчэй кожны з нас адкрыў гэтую праўду ў сваім жыцці. Бо хрысціянская вера, традыцыі і святы не мелі б сэнсу, калі б Езус не ўваскрос! А Ён – сапраўды Ўваскрос!
Нядзеля Божай Міласэрнасці, год А
Шчаслівыя
1 чытанне — Дз 2, 42-47.
Пс 118, 2-4. 16-18. 22-24.
2 чыт. — 1 П 1, 3-9.
Евангелле — Ян 20, 19-31.
“Навекі міласэрнасць Ягоная” (Пс 118, 2)
ІІ Велікодная нядзеля пасля Змёртвыхпаўстання Езуса з’яўляецца Нядзеляй Божай Міласэрнасці. Гэтае свята для паўсюднага Касцёла было ўстаноўлена Папам Янам Паўлам II у лістападзе 2000 г. 22 лютага 1931 г. Езус Хрыстус аб’явіўся с. Фаўстыне Кавальскай у кляштары сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Плоцку і паведаміў аб сваім жаданні ўстанавіць свята Божай Міласэрнасці.
У літургіі сённяшняга дня таксама можам прыгледзецца да цікавай постаці св. Тамаша апостала.
Абставіны, у якіх ён апынуўся, – гэта рэчаіснасць Касцёла, ад пачатку яго існавання і аж да нашых часоў: рэчаіснасць, калі мы не бачым нашага Пана!
Як і кожны з нас, св. Тамаш не быў разам з іншымі апосталамі, калі Змёртвыхпаўсталы Езус сустрэўся са сваімі вучнямі; Тамаш, ведаючы, што іншыя бачылі жывога Езуса, у сэрцы перажывае духоўныя змаганні:“Пакуль не ўбачу на руках Ягоных ран ад цвікоў – не паверу.”
Ужо ў вельмі хуткім часе жаданне апостала здзяйсняецца! Убачыў жывога Езуса… і паверыў!
Ад гэтага моманту Тамаша можна было б назваць ужо не толькі веруючым чалавекам, апосталам, але і надзвычай шчаслівай асобай – бо дасведчыў такой асаблівай сустрэчы з Хрыстом…
Нягледзячы на вялікія сумнівы ў веры, рашэнне адыйсці ад супольнасці і недахоп даверу да іншых апосталаў, пасля сустрэчы з Настаўнікам вызнае сваю веру: “Пан мой і Бог мой!”
Так па-сапраўднаму не толькі сустрэча з Езусам, але перад усім досвід Ягонай міласэрнасці перамяняе ўсіх апосталаў. Да гэтага моманту спалоханыя, у роспачы і канфлікце паміж сабою, без веры і надзеі, яны становяцца супольнасцю людзей адважных, веруючых і міласэрных. Вучні Хрыста пачынаюць быць тым добрым фундаментам, на якім будзе пабудаваны Хрыстусовы Касцёл. Шчаслівыя благаслаўлёныя, тыя, якія не бачылі – а паверылі. Шчаслівыя благаслаўлёныя міласэрныя, бо яны самі міласэрнасць спазнаюць!
26 красавіка
III Велікодная Нядзеля, год А
Супольнае вандраванне
1 чытанне — Дз 2, 14а. 22-33.
Пс 16, 1-2а. 5. 7-11.
2 чыт. — 1 П 1, 17-21.
Евангелле — Лк 24, 13-35.
“Ты дарогу жыцця мне пакажаш, паўната радасці перад Табою” (Пс 16, 11)
Евангелле ІІІ нядзелі пасля Ўваскрасення нашага Пана можам назваць Евангеллем падарожжа.
У другім чытанні з ліста святога Пятра знойдзем цытаты з 16 псальма:“Ты сцежку жыцця мне ўкажаш…” – апостал параўноўвае зямное жыццё толькі з прыстанкам перад дасягненнем мэты.
Калі можам параўнаць чалавечае жыццё з падарожжам, то здаецца вельмі важным адцінкам гэтага шляху будзе момант нашага супольнага вандравання разам з Езусам.
З усіх евангелістаў толькі Лукаш апісвае аб’яўленне Езуса вучням, якія ідуць у Эмаус. Сустрэча са Змёртвыхпаўсталым не толькі прымусіла змяніць асабістыя планы і перамяніла іх шлях, але змяніла ўсё іхняе жыццё.
Каб сустрэцца з жывым Богам, патрэбна пераадолець доўгую дарогу. Здаецца перадусім – распачаўшы шлях асабістага навяртання.
Варта ўвагі тое, што дзень Уваскрасення Езуса і вандроўкі апосталаў ужо ніколі не праміне, заўсёды вяртаецца: тады, калі мы ў сваіх думках, словах ці ўчынках набліжаемся да Бога; распазнаём Езуса –так, як апосталы, – у ламанні хлеба, у Эўхарыстыі; ахвотна слухаем Ягонае Слова; маем адвагу задаваць Яму пытанні і запрасіць да свайго дому.
кс. Юрый ПРАКАПЮК