Хлеб штодзённы

6 верасня

23 звычайная нядзеля, год Аgr-str-30

 

Напомніць брату

 

1 чытанне — Эзх 33, 7-9.

Пс 95, 1-2. 6-9.

2 чыт. — Рым 13, 8-10.

Евангелле — Мц 18, 15-20.

 

 

“Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў свайго брата” (Мц 18, 15)

Адкрываючы Евангелле св. Мацвея, пачуем навучанне Езуса пра правілы, якія павінны перасцерагаць вучняў Хрыста. Гаворка пра братні успамін бліжняга.

Варта ўвагі тое, што Езус кажа пра гэты цяжкі ўчынак адразу пасля прыпавесці пра загубленую авечку. Абедзве гэтыя гісторыі, безумоўна, датычаць адносін да братоў, якія саграшылі, і вучаць нас адказнасці адзін за другога. Каб мы не толькі ўмелі заўважыць грэх ці загубленасць бліжняга, але і дапамагчы яму.

Першае чытанне, якое пачынае літургію Слова XXIII звычайнай нядзелі, яскрава ўказвае на  ролю і адказнасць стражніка, які ў адпаведны час павінен перасцерагчы горад, каб захаваць жыхароў ад небяспекі. Св. Мацвей працягвае гэтую думку, паказваючы адказнасць за бліжняга, асабліва тады, калі бліжні трывае ў граху. Калі не знойдзем у сваім сэрцы адвагу і добрую волю на шчырую размову і не ўспомнім нашага брата ў веры за яго неадпаведныя паводзіны, тады і мы самі знаходзімся ў небяспецы духоўнай слепаты і эгаізму. Абавязак братэрскага  напаміну – гэта цяжкае заданне. З аднаго боку можа здавацца, што ўмешваемся ў асабістыя справы іншых, а з другога боку  спакуса крытыкаваць і справядліва асуджаць за плячыма бліжняга вельмі вялікая. Сённяшняе слова нагадвае, што кожны з нас мае права на такі напамін – крытыку і ацэнку асабістых дзеянняў, але дзеля духоўнага дабра бліжняга. Гэта своеасаблівая барацьба за святасць тых, хто побач з намі, – каб мы, ўсведамляючы неаднойчы сваю асабістую загубленасць і памылкі, не былі абыякавымі да іншых.


 13 верасняgr-str-30-2

24 звычайная нядзеля, год А

 

Колькі раз прабачаць

 

1 чытанне — Сір 27, 30 – 28, 7.

Пс 103, 1-4. 9-12.

2 чыт. — Рым 14, 7 – 9.

Евангелле — Мц 18, 21-35.

 

 

Даруй несправядлівасць бліжняму свайму, і тады, калі будзеш маліцца, твае грахі дараваны будуць (Сір 28, 2). 

Прыпавесць Езуса, якую запісаў для нас св. Мацвей, адначасова з’яўляецца і добрай навіной, і пера-сцярогаю. Добрай навіной, бо заахвочвае не баяцца прасіць прабачэння ў Бога, а перасцярогаю – бо, маючы свядомасць, што самі атрымаўшы прабачэнне, мы не паддаліся спакусе затрымаць яго толькі для сябе. Маем моцную і канкрэтную перакананасць, што Бог прабачыць нам так, як і мы прабачаем. Калі праўдзіва глядзім на сваё жыццё, то напэўна заўважаем, што ўсе мы з’яўляемся даўжнікамі Бога. Гаворка не толькі пра асабісты грэх і нашыя злыя ўчынкі, якія Бог прабачае ў сакрамэнце пакаяння. Гаворка ўвогуле пра дар нашага жыцця: нашыя здольнасці, час, які мы часта марнуем, дабро, якога не робім, справы, якія не пачынаем дзеля свайго спакою. Вялікія дары, якімі Бог адорвае кожнага чалавека, становяцца вялікім доўгам, калі мы адыходзім ад Бога, пагарджаем Ягонай любоўю і наказамі. Здаецца, што ад пачатку існавання сусвету Бог аказвае чалавецтву сваю любоў і прабачэнне, якія не маюць межаў і ліку.

Навука Езуса, каб прабачаць 77 разоў, – зразумелая, хоць і цяжкая ў штодзённай практыцы. Важна не лічыць, колькі разоў мы аказалі міласэрнасць бліжняму, але прабачаць як Бог – без меры і абмежаванняў. Перажываючы розныя канфлікты з нашымі бліжнімі, было б добра паспрабаваць і зрызыкаваць жыць паводле Божай логікі – логікі міласэрнасці.

Св. Сястра Фаўстына ў сваім “Дзённіку” пакінула прыгожую малітву: “Прагну ўся перамяніцца ў Тваю міласэрнасць, дапамажы мне, Пане, каб вочы мае былі міласэрнымі, слух мой был міласэрны, язык мой быў міласэрны, рукі, ногі былі міласэрнымі, маё сэрца, перамяні мяне ў Сябе, Езу, – Ты ўсе можаш (163)!”. Варта ўвагі тое, што пасля гэтай малітвы ў дзённіку яна пакінула некалькі пустых старонак – для асабістых нататкаў на будучыню… Можам уявіць, што сястра Фаўстына зрабіла гэта, каб запісваць свае ўчынкі штодзённай міласэрнасці, любові і прабачэння. Трэба пастарацца, каб і ў нашым жыцці заўсёды было некалькі такіх старонак.


 20 верасняgr-str-31

25 звычайная нядзеля, год А

 

Узнагарода за працу

 

1 чытанне — Іс 55, 6-9.

Пс 145, 2-3. 8-9. 17-18.

2 чыт. — Флп 1, 20с-24. 27а.

 Евангелле — Мц 20, 1-16а.

 

 

Шукайце Пана, пакуль Ён дазваляе знайсці сябе, клічце Яго, пакуль Ён блізка (Іс 55, 6). 

Літургія Слова сённяшняга дня прадстаўляе нашай увазе фрагмент Евангелля і прыпавесць пра працаўнікоў у вінаградніку нейкага  гаспадара.  Варта ўвагі тое, што ў першым чытанні прарок Ісая заахвочвае чалавека да пошуку Бога, а ў Евангеллі Езус параўноўвае Бога з Гаспадаром, Які сам шукае лю-дзей! Бог укрыты ў асобе Гаспадара дому і вінаградніка, у адрозненне ад людзей, адзначаецца незвычайнай актыўнасцю. Увесь час выходзіць з дому і шукае тых, хто захоча распачаць працу ў Яго вінаградніку. Выходзіць у розныя поры дня: раніцай, а трэцяй, шостай, дзевятай гадзіне… і дамаўляецца з наймітамі на справядлівую аплату.

Можам заўважыць, што Бог не зносіць людской бяздзейнасці, ляноты і стагнацыі…

Евангелле ўказвае на тое, што жыццё, у  якім няма працы на карысць Божага Валадарства,  становіцца пустым жыццём, пазбаўленым сэнсу. Сённяшняе Евангелле з’яўляецца запрашэннем прыняць удзел у творчай дзейнасці Пана, Які няспынна нас да гэтага запрашае. Св. Мацвей выразна паказвае, што вінаграднік з’яўляецца сімвалам Ізраэля, Божага Валадарства і Касцёла, да будавання якога пакліканы кожны веруючы. Запрашаючы да працы на карысць Валадарства, Бог ратуе чалавека ад марнавання   жыцця.

Часта, кіруючыся выключна людскім меркаваннем, мы не разумеем логіку і ўчынкі Бога. Менавіта так сталася і ў сённяшняй прыпавесці: напрыканцы дня працаўнікі, якія прыйшлі за аплатай, не разумеюць, чаму ўсе атрымліваюць аднолькава. Можа здавацца, што Бог-Гаспадар ўзнагароджвае несправядліва, аднак Бог заўсёды дае ў паўнаце, бо інакш не ўмее. Узнагарода за працу застаецца нязменнай для ўсіх, нягледзячы на час яе распачацця. Гэтай узнагародай з’яўляецца: паўната жыцця, ратунак ад бессэнсоўнасці і збаўленне. Дары, якія нельга ацаніць, бо яны бясцэнныя, плата, якую нельга з чымсьці параўнаць,  бо яна неабсяжна вялікая і поўная для кожнага, хто яе атрымоўвае.


 27 верасняgr-str-31-2

26 звычайная нядзеля, год А

 

Узнагарода за працу

 

1 чытанне — Эзх 18, 25-28.

Пс 25, 4-9.

2 чыт. — Флп 2, 1-11.

Евангелле — Мц 21, 28-32.

 

 

“Пан добры і справядлівы, таму  паказвае грэшнікам шлях” (Пс 25, 8). 

У нядзельнай літургіі мы працягваем чытанне фрагменту Евангелля св. Мацвея.

21 раздзел распачынаецца  апісаннем уезду Езуса ў Ерузалем. Свае першыя крокі Ён накіроўвае ў святыню, адкуль праганяе гандляроў, пазней аздараўляе хворых  і сляпых. На наступны дзень, пасля ночы ў Бэтаніі, Езус зноў вяртаецца ў Ерузалемскую святыню: там навучае ў прыпавесцях і размаўляе з фарысеямі і садукеямі.

Менавіта ў размове з імі і да іх была скіравана прыпавесць пра двух сыноў. Гэтае здарэнне запісаў толькі св. Мацвей. Моцныя словы, скіраваныя да старэйшых, што мытнікі і распусніцы перад імі ўваходзяць у Валадарства Нябеснае, моцна іх узрушаюць!

Прыпавесць з сённяшняга Евангелля, як і ўся літургія Слова, прыгадвае нам добра вядомую, але цяжкую праўду, якая датычыць кожнага чалавека. Праўду, ад якой мы самі не раз уцякаем, калі ўсведамляем нашую грэшнасць, духоўную крохкасць і непаслухмянасць Богу. Праўду, якая становіцца добрай навіной, калі ўслухоўваемся ў словы Хрыста і бачым, што заўсёды маем цудоўную магчымасць вярнуцца да Бога!

Шчыры зварот да Бога – асабістае рашэнне навяртання – у любы момант нашага жыцця становіцца пачаткам новага жыцця, прыносіць чалавеку збаўленне. Напэўна, застануцца наступствы граху і патрэбна праца над сваімі заганамі, але так, як сын з прыпавесці, які, адмовіўшы паслухмянасці айцу, а пазней выканаў волю айца, так і кожны з нас заўсёды можа ўвайсці на шлях навяртання.

 

 кс. Юрый ПРАКАПЮК


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий