5 лістапада
XХХI нядзеля звычайная,год А
Адзіны Айцец,адзіны Настаўнік
1 чытанне — Мал 1, 14b-2, 2b. 8-10.
Пс 131 (130), 1.2.3.
2 чытанне — 1 Тэс 2, 7b-9. 13.
Евангелле — Мц 23, 1-12.
“Вы ж не дазваляйце называць сябе «настаўнік», бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы – браты” (Мц 23, 8).
Хто мае ў грамадстве паўнамоцтвы, той часта патрабуе, каб да яго звярталіся, ужываючы ганаровыя званні, каб яго акружалі слугі. А званні і слугі з’яўляюцца адлюстраваннем пэўнага вобразу мыслення і спосабу жыцця, заснаваных на саперніцтве і на ўладзе. Улада падзяляе, робіць розніцу паміж моцнымі і ўплывовымі і слабымі, паміж слугамі і іх гаспадарамі, шэфамі і падначаленымі. Узнікаюць канфлікты і сацыяльная барацьба, напружанне і класавае расслаенне грамадства. Нярэдка ўлада суправаджаецца праяўленнем грубага і эгаістычнага спосабу будавання грамадскіх адносінаў. А якога грамадства жадае Езус?
Езус выказвае сваё ўяўленне наступным чынам: «Большы з вас няхай будзе слугою для вас» (Мц 23, 11). Узгадаем, якім было жыццё Езуса. Ён адмовіўся ад таго, каб іншыя служылі Яму. Так, падчас Апошняй Вячэры Ён не жадаў, каб вучні абмылі ногі Ягоныя (пар. Ян 13, 1–20).
У юдэяў жа было прынята, каб настаўнік дазволіў вучням сваім абслугоўваць сябе. Пра гэта сведчыць таксама вядомае выказванне рабіна Ёханана, які быў сучаснікам Езуса: «Кожны, хто перашкаджае свайму вучню, каб той служыў яму, з’яўляецца чалавекам, які перашка-джае, каб яго любілі». Аднак Езус – не звычайны юдэйскі настаўнік. Ён прыйшоў, каб служыць іншым, а не для таго, каб іншыя служылі Яму. І Яго вучні павінны наследаваць Яго ў гэтым.
Евангелле на гэтую нядзелю прапануе нам ідэал братэрскай супольнасці без айцоў, супольнасці слугаў, а значыць, супольнасці, якая з’яўляецца поўнай супрацьлегласцю свецкіх грамадстваў, дзе адносіны базуюцца на панаванні, уладзе, на прыёме паслуг і выражэнні пашаны (пар. Мк 10, 42–45).
Езус прапануе зусім іншую супольнасць, якая адрозніваецца ад тых грамадстваў, якія пабудавалі людзі. А ці пабудаваны нашы хрысціянскія абшчыны на гэтых патрабаваннях Евангелля?
12 лістапада
XХХII нядзеля звычайная,год А
Гадзіна вяселля
1 чытанне — Мдр 6, 12-16.
Пс 63 (62), 2. 3-8.
2 чытанне — 1 Тэс 4, 13-18.
Евангелле — Мц 25, 1-13.
“Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце” (Мц 24,44).
Напэўна, усім вядома «гульня», у якой кожны імкнецца пазбавіцца адказнасці за тое, што не ладзіцца, і перанесці ўсё на іншых. Уладальнікі маёмасці абвінавачваюць працаўнікоў, працаўнікі – уладальнікаў… Хто гатовы ўзяць на сябе адказнасць у поўным аб’ёме і прызнацца ў сваіх памылках?
Гульня «у хованкі» часта прыводзіць да зменлівасці і недастатковай устойлівасці ў выкананні задач. Чалавек стамляецца, яму хочацца перанесці на іншых нават сваю працу. І пры гэтым мы павінны з надзеяй глядзець наперад, на заўтра. Але якая гэта надзея, калі сённяшні чалавек адмаўляецца несці адказнасць за свае ўчынкі?
У Святым Пісанні мы адчуваем усхваляванае эсхаталагічнае чаканне першых хрысціянаў, іх гарачае жаданне канчатковага прышэсця Хрыста. Для іх будучыня не была нечым абстрактным ці матэрыялізаваным, не азначала таксама «новыя рэчы» ці «апошнія рэчы». Гэта была сустрэча і жыццё разам з рэальнай асобай – з уваскрослым з памерлых Хрыстом.
Адначасова з біблейскіх тэкстаў мы даведваемся, што эсхаталагічнае жаданне не аддаляе і не адводзіць хрысціяніна ад актуальнасці і штодзённых абавязкаў. Адзіна правільным спосабам, як чакаць Хрыста і быць падрыхтаваным да Яго прышэсця, з’яўляецца наследаванне Хрыста.
19 лістапада
XХХIII нядзеля звычайная,год А
Божая вернасць і Божае прабачэнне
1 чытанне — Прып 31, 10-13. 19-20. 30-31.
Пс 128 (127), 1-2. 3. 4-5.
2 чытанне — 1 Тэс 5, 1-6.
Евангелле — Мц 25, 14-30.
“Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён” (Ян 15, 5).
Паміж тым, кім мы сталі, і тым, да чаго мы ідзём або кім хацелі б стаць, заўсёды існуе нейкая дыспрапорцыя. Ажыццяўляючы нашыя мары, мы пазнаём пэўную абмежаванасць нашых магчымасцей у пераўтварэнні мараў у рэальнасць. Таму часта носім у сабе пачуццё ўласнай недасканаласці. Як казаў Паскаль, «усе гэтыя бедствы правяраюць веліч душы чалавека». Таму няма прычыны для песімізму. Няўдачы і недасканаласці дапамагаюць нам зразумець, што дзеянні (нашыя справы) не выплываюць непазбежна з прычыны (нашай волі). Наша ня-ўпэўненасць у сабе ўмешваецца ў нашыя планы, аднак гэта не павінна быць перашкодай. І ўсё ж часам мы адчуваем сябе нібы заблакіраванымі, паралізаванымі страшным пачуццём бяссілля, бяздзейснай пасіўнасці.
Што можа даць нам энергію, аднавіць радасць з таго, што мы маем жаданне, гатоўнасць і волю працаваць? Што дапаможа не губляць энергію ў марах і добрых намерах, якія мы ніколі не здзейснім? Хто можа нас збавіць не толькі ад злой волі, але таксама ад таго, што мы часта не робім таго, што хацелі б рабіць? Хто можа нас ацаліць ад блакіроўкі, якая ўзнікла з-за нашай жа няўпэўненасці і нашых ня-ўдач? Езус прыносіць нам прабачэнне ў форме аздараўлення з нашай няўпэўненасці, вяласці ў дзейнасці і з песімізму, абумоўленага пастаяннымі няўдачамі. Божае прабачэнне з’яўляецца творчай энергіяй, крыніцай жыцця і дзейнасці, невычэрпным імпульсам для нашай волі і актыўнасці.
26 лістапада
Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, год А
Кароль і Суддзя
1 чытанне — Эзх 34, 11-12. 15-17.
Пс 23 (22), 1-2а. 2b-3. 5. 6.
2 чытанне — 1 Кар 15, 20-26. 28.
Евангелле — Мц 25, 31-46.
“Я буду судзіць паміж аднымі авечкамі і другімі” (Эзх 34, 22).
Евангелле кажа, што Хрыстус як Валадар вернецца ў вя-лікай хвале на зямлю бачным, каб публічна судзіць чалавецтва. Нашу веру ў гэта мы выражаем кожную нядзелю, молячыся Сімвал веры: «І паўторна прыйдзе ў хвале, каб судзіць жывых і памерлых». Калі Пілат спытаў у Хрыста «Дык Ты кароль?», то атрымаў у адказ: «Ты кажаш, што Я кароль» (пар. Ян 18, 37). Таму як Валадар нашых душаў і нашых сумленняў Ён мае права нас судзіць.
Суд у канцы свету не будзе падобны да нашых зямных судоў. Тады нас будуць судзіць не за адзін ці два нашыя ўчынкі, але за ўсе дзеянні ў нашым жыцці. І не толькі (як гэта адбываецца на судовых справах, якія вяршыць чалавек) за дрэнныя ўчынкі, але таксама за добрыя. Гэты суд можна назваць ацэнкай нашых учынкаў ці экзаменам з усяго жыцця.
Патрэбу ў такім судзе многія бачаць таксама таму, што нашая чалавечая справядлівасць, нашыя суды недасканалыя. Нашыя дрэнныя ўчынкі і намеры, якія давялі да іх, часта невядомыя ім. Шмат нашых добрых учынкаў таксама невядомыя людзям або не ацэненыя імі. Такім чынам, мы прагнем, каб Хтосьці, хто ведае нас дасканала, лепш, чым мы самі сябе, ацаніў нашае жыццё і аддаў нам справядлівасць.
кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC