Хлеб штодзённы

4 кастрычнікаgr-str-30

27 звычайная нядзеля, год А

 

 Бог  заўсёды чакае

 

1 чытанне — Іс 5, 1-7.

Пс 80, 9. 12-16. 19-20.

2 чыт. — Флп 4, 6-9.

Евангелле — Мц 21, 33-43.

 

Вярніся, Божа Магуццяў, па-глядзі з нябёсаў і пабач, і наведай гэты вінаграднік(Пс 80 (79), 15). 

Апавяданне — прыпавесць, якую нам прапануе сённяшняя літургія слова, вельмі багатая па свайму зместу. Езус, паслугоўваючыся вобразам вінніцы, укладвае ў яе духоўны сэнс.

Перадусім бачым сусвет – усё стварэнне, як дар ад Бога, даручаны чалавеку. Гэты дар адначасова з’яўляецца заданнем і месцам працы. Сённяшняе Евангелле ўказвае нам, што Бог чакае ад чалавека добрага выкарыстання гэтых багаццяў, і смутным для кожнага чалавека можа быць факт, што плады нашага жыцця і працы не заўсёды добрыя.

У вобразе гаспадара вінніцы можам распазнаць самаго Бога. Вінніцай   з’яўляецца  выбраны  Божы народ. Абяцаная зямля, гэта Божае валадарства, а працаўнікі – ізраэльцяне, народ,  з якім Бог усталяваў запавет і якому даў свае загады. Бог пасылае да свае вінніцы слуг – прарокаў і  ў  пэўным моманце гісторыі прымае рызыковае рашэнне паслаць свайго Сына Езуса Хрыста.

Евангельская прыпавесць  – перадусім гэта гісторыя пра любоў Бога да свайго стварэння, але таксама і гісторыя Бога, Якога здрадзілі, пагардзіўшы Ягонай любоў’ю і дабрынёй.

Езус дакладна бачыць, што Ягоныя словы і навука сустракаюцца з вялікім супрацівам і незразуменнем. Прадбачвае і запавядае пераслед і крыжовую муку. Адначасова запавядаючы надыход новага этапу ў гісторыі чалавецтва, калі праз пасхальныя здарэнні, праз Яго змёртвыхпаўстанне ўжо не толькі Ізраэль, але і кожны чалавек будзе запрошаны да супрацоўніцтва з Богам ў Яго вінніцы. Бу-дзе запрошаны стаць часткаю Выбранага Народу – Касцёлам Божым. Кіруючы гэтае запрашэнне да кожнага чалавека, Бог нязменна будзе чакаць ад нас добрых пладоў нашага асабістага жыцця – ў кожным часе, ва ўсіх закутках свету.


 

11 кастрычніка

28 звычайная нядзеля, год А

 

У Богу наша надзея

 

1 чытанне — Іс 25, 6-10а.

Пс 23, 1-6.

2 чыт. — Флп 4, 12-14. 19-20.

Евангелле — Мц 22, 1-14.

 

“Пан прыгатуе гасціну і вы-тра слёзы з усіх твараў” (Іс 25, 6-10а).

Першае чытанне, якое адчыняе сённяшнюю літургію слова, – з кнігі прарока Ісаі,  – распавядае пра вялікае вяселле. Ісая падкрэслівае любоў і актыўнасць Бога ў падрыхтоўцы да гэтай урачыстай вячэры: Бог асабіста клапоціцца пра вяселле, рыхтуе стравы, запрашае гасцей. Падобным чынам, як і ў мінулую нядзелю, у прыпавесці Езус паслугоўваецца вобразамі і тэрмінамі, добра знаёмымі для тагачасных людзей. Разважаючы над першым чытаннем і Евангеллем, можам убачыць, што вобраз урачыстай сустрэчы – гэта святкаванне і вяселле, падрыхтаванае Богам для свайго Сына, на якое Ён запрашае кожнага чалавека. Можам уявіць, што гэтай сустрэчай з’яўляецца святкаванне перамогі Езуса над смерцю і злом, якое Ён перамог праз сваю муку, смерць і змёртвыхпаўстанне. Таксама атмасфера вяселля і радасці з сённяшняга Евангелля можа быць вобразам лучнасці Хрыста са сваім народам, адкупленым Яго Крывёю. Вобраз адзінства з Богам, якое кожны чалавек можа атрымаць праз веру.

У пэўны момант Евангелле звяртае ўвагу, што асобы, якія атрымалі запрашэнне на вячэру, павінны былі прыйсці апранутыя ў святочную вопратку. Існуе меркаванне, што вясельная шата – гэта алюзыя да сакрамэнту хросту, які далучае чалавека да супольнасці Касцёла, супольнасці, якая святкуе перамогу Езуса над грахом і смерцю. Св. Аўгустын у вобразе святочнай вопраткі бачыць сымбаль ласкі, якую ахвяроўвае Бог чалавеку і якую той, на жаль, часта па сваёй волі адкідвае. Гэтай ласкай з’яўляецца апраўданне ў Хрысце, прыняцце збаўлення і пачатак новага жыцця ў веры. З пэўнасцю можам дадаць, што святочнай шатай кожнага чалавека з’яўляюцца асабістыя добрыя ўчынкі. Недастаткова належаць да супольнасці Касцёла праз прыняцце сакрамэнту хросту, недастаткова ўсведамляць збаўленне, якое Хрыстус выслужыў праз сваю крыжовую ахвяру, – патрэбна на гэтыя праявы Божай любові адказаць сваім жыццём: добрымі ўчынкамі і любоўю да Бога і бліжняга.


 

18 кастрычнікаgr-str-31

29 звычайная нядзеля, год А

 

Запрашэнне  наследаваць Хрыста

 

1 чытанне — Іс 45, 1. 4-6.

Пс 96, 1. 3-5. 7-10.

2 чыт. — 1 Тэс, 1, 1-5b.

Евангелле — Мц 22, 15-21.

 

Апавядайце між плямёнамі  пра славу Яго, паміж усімі народамі пра цуды Ягоныя(Пс 96 (95), 3)

Працягваючы разважанні над Евангеллем св. Мацвея, становімся сведкамі адных з найбольш цяжкіх у місыі Езуса здарэнняў. У раздзелах, якія папярэднічалі сённяшняму Евангеллю, Езус трыўмфальна ўваходзіць у Ерузалем: увесь горад з радасцю Яго вітае і радуецца Ягонай прысутнасці. Першыя крокі пасля прыбыцця ў Ерузалем Езус накіроўвае ў святыню, адкуль спачатку выкідвае ўсіх гандляроў, пазней аздараўляе хворых і ўжо на наступны дзень пачынае навучаць людзей у прыпавесцях, якія мы пачулі і над якімі разважалі ў папярэднія нядзелі.

Здарэнні, апісаныя ў сённяшнім Евангеллі, з’яўляюцца заканчэннем навучання Езуса і пачаткам эскалацыі канфлікту з фарысеямі, якія, шукаючы магчымасці скампраметаваць Хрыста,  задаюць Яму пытанне наконт падаткаў.

Езус, запрашаючы людзей “Богу аддаць тое, што Божае, а Цэзару – тое, што да Цэзара належыць”, указвае на дзве рэчаіснасці, якія, без сумніву, для кожнага чалавека маюць нейкую вартасць.

Першая – гэта грошы ці іншыя матэрыяльныя каштоўнасці. Другая рэчаіснасць – духоўная і часта незаўважальная, але якая мае значна большую вартасць за матэрыяльныя рэчы, бо здольная паяднаць чалавека з Богам, – гэта вера і добрая воля чалавека.

Езус не асуджае матэрыяльны дастатак, але мае свядомасць, наколькі матэрыяльныя рэчы могуць зняволіць сэрца чалавека, паралізаваць яго волю. Хрыстус сам адмовіўся ад зямных дабротаў, свядома выбіраючы беднасць і абвяшчэнне Добрай Навіны, вандруючы па іўдэйскай зямлі. Такое рашэнне прынясло Яму шмат унутранай вольнасці і радасці, дазволіла да канца выканаць волю Бога Айца.

Аддаць Богу тое, што Божае, гучыць як запрашэнне наследаваць Хрыста ў Яго вольнасці і вернасці, не баяцца даверыцца Богу і пры-свяціць Яму сваё жыццё.


 

25 кастрычнікаgr-str-31-2

30 звычайная нядзеля, год А

 

Мост, які злучае з Небам

 

1 чытанне — Зых 22, 20-26.

Пс 18, 2-4. 47. 51.

2 чыт. — 1 Тэс 1, 5с-10.

Евангелле — Мц 22, 34-40.

 

Калі хто любіць Мяне, той захоўвае  слова Маё…” (Ян 14, 23)

Сённяшняе Евангелле распавядае пра яшчэ адну сустрэчу Езуса з фарысеямі. Гэта цяжкая  сустрэча і цяжкая размова, бо фарысеі ўсе болей шукаюць магчымасці справакаваць, абвінаваціць і спыніць прапаведванне Езуса.

Пытанне, зададзенае Хрысту і ўпісанае ў літургію сённяшняга дня, датычыць Божых наказаў: які з іх найважнейшы? Езус, цытуючы ўрывак Святога Пісання, кажа пра запаведзь любові да Бога і бліжняга – як запаведзь, якая змяшчае ў сабе ўсе іншыя загады.

“Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім.”

Такая любоў да Бога не мае нічога супольнага з пачуццямі ці  няўстойлівымі  эмоцыямі. Сэрца – у разуменні тагачасных людзей – было месцам, дзе чалавек прымае рашэнні, месцам, якое ў нашыя часы мы называем воляй і сумленнем чалавека. Душа – гэта не нейкая абстрактная рэчаіснасць, але крыніца жыццёвых сіл і энергіі, чалавечай крэатыўнасці. Урэшце, розум – азначае інтэлектуальныя здольнасці. Сапраўдная любоў да Бога павінна выглядаць менавіта такім чынам: ахопліваць усяго чалавека, пачынаючы ад яго імкненняў, думак, планаў і заканчваючы яго штодзённымі ўчынкамі.

Другая частка адказу датычыць любові да бліжняга: “Любі бліжняга свайго, як самаго сябе”. Езус невыпадкова злучае гэтыя два наказы, каб паказаць, што немагчыма шчыра любіць Бога, адначасова адчуваючы нянавісць да свайго бліжняга.

Сёння Евангелле нагадвае нам пра запаведзі любові, якімі ў сваім жыцці павінен кіравацца кожны хрысціянін. Паказвае, што любоў з’яўляецца той моцай, якая здольная падтрымаць чалавека, стаць добрым жыццёвым падмуркам, які пераадолее ўсе цяжкасці чалавечага лёсу.

Любоў да Бога і бліжняга, урэшце рэшт, з’яўляецца мастом, які злучае нас з Небам. Менавіта з такой любові калісьці кожны з нас будзе разлічаны перад Богам.

 

кс. Юрый ПРАКАПЮК


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий