Хлеб штодзённы

1 лістапада

Урачыстасць Усіх Святых, год Аgr-str-30

 

Хто мае вартасць у вачах Бога

 

1 чытанне — Ап 7, 2-4. 9-14.

Пс 24, 1-6.

2 чыт. — 1 Ян 3, 1-3.

Евангелле — Мц 5, 1-12а.

 

“Я ўбачыў вялікі натоўп, якога ніхто не мог палічыць, з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў…” (Ап 7, 9).

Евангелле св. Мацвея было напісана і адрэдагавана каля 80 года (хутчэй за ўсе — у Антыёхіі Сырыйскай) і было скіравана да хрысціян габрэйскага паходжання. Гэтыя гістарычныя звесткі важныя, даюць магчымасць лепей зразумець стыль і галоўную думку ўсяго Евангелля св. Мацвея, які імкнецца апісаць рэчаіснасць Божага Валадарства. Сёння ў літургіі слова мы пачуем пра восем благаслаўленняў. Мацвей указвае Езуса як новага Майсея, які, уваходзячы на гару, абвяшчае Божае Валадарства і, не зносячы Божых наказаў, дае новые запаведзі: навучае пра восем благаслаўленняў. Можам заўважыць, што Божае Валадарства не затрымліваецца ў мінулым, выключна ў наказах Старога Запавету, але дынамічна развіваецца і ўзрастае. Становіцца актуальным, здзяйсняецца і знаходзіцца там, дзе прысутнічаюць Езус і Ягоныя вучні. Менавіта таму вернікі чуюць гэты ўрывак Евангелля на Ўрачыстасць Усіх Святых. Сёння Евангелле ўказвае кожнаму хрысціяніну на прысутнасць у Касцёле Езуса і Ягонага Валадарства, запрашаючы кожнага да асабістай святасці, якую можам дасягнуць, ідучы дарогай благаслаўленняў. Благаслаўленні, аб якіх навучае Езус, не з’яўляюцца сцежкай толькі для некаторых выбраных вучняў. З’яўляюцца сваеасаблівым запрашэннем да асягнення святасці і шчасця, скіраваным да кожнага чалавека, і спаўняюцца ў жыцці кожнага, хто з вераю прымае іх. Благаслаўлёныя ўбогія, ціхія, прагнучыя справядлівасці, міласэрныя, чыстыя сэрцам, церпячыя пераслед… На грэцкай мове “благаслаўленымі” (makarioi) называюць  тых, каму  ўсміхаецца фартуна, каго шануюць і паважаюць, каму пашчасціла ў жыцці. Парадоксам Божага Валадарства з’яўляецца тое, што Бог перамяняе паўсюдныя законы і правы. Тыя, хто знаходзіцца на маргінэсе грамадства і пазбаўлены годнасці ці шацунку, у Божых вачах маюць вялікую вартасць!


 

 8 лістапада

32 звычайная нядзеля, год А

 

Не чакайце апошняй хвіліны

 

1 чытанне — Мдр 6, 12-16.

Пс 63, 2-8.

2 чыт. — 1 Тэс 4, 13-18.

Евангелле — Мц 25, 1-13.

 

“Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце”  (Мц 24,44).

Евангельская прыпавесць пра дзесяць паннаў, якія выходзяць насустрач жаніху, адчыняе перад чытачом умовы ўваходу ў Нябеснае Валадарства. Звычайнае здарэнне ў габрэйскай традыцыі, калі сяброўкі, адказныя за вяселле, павінны былі сустрэць жаніха. Больш зразумелым становіцца таксама патрэба светачаў, каб распазнаць жаніха і асвячаць дарогу, калі ўсвядомім, што вяселлі звычайна адбываліся ноччу. Такой жа звычайнай справай (здаецца, што і ў нашыя дні таксама) было спазненне жаніха. Вартым увагі з’яўляецца тое, што Евангелле падкрэслівае недахоп алею ў пасудзінах некаторых паннаў.

Евангелле называе мудрымі тых людзей, якія заўсёды падрыхтаваныя на сустрэчу з Богам: не чакаючы на апошнюю хвіліну і небяспеку смерці, каб звярнуцца да Яго, але кожны дзень супрацоўнічаючы з Божай ласкай. Для кожнага чалавека калісьці прыйдзе момант адыходу з гэтага свету – Ўрачыстасць усіх Святых і Ўспамін усіх памерлых вернікаў, якія мы адзначалі на мінулым тыдні, да-кладна нагадваюць нам аб гэтым.


 

 15 лістапада

33 звычайная нядзеля, год А

 

Запрашэнне да чування

 

1 чытанне — Прып 31, 10-13. 19-20. 30-31.

Пс 128, 1-5.

2 чыт. — 1 Тэс 5, 1-6.

Евангелле — Мц 25, 14-30.

 

“Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён” (Ян 15, 5).

Стоячы  на парозе заканчэння літургічнага  касцёльнага  года, увазе вернікаў лекцыянарый  прапануе чытанні, якія распавядаюць пра канчатковы лёс чалавека, галоўным пасылам якіх з’яўляецца не жахлівы вобраз пекла, але запрашэнне да чування і паставы гатоўнасці ў кожны момант сустрэцца з Богам.

Сённяшняя Евангельская прыпавесць – гэта гісторыя пра шчодрасць Бога і  абавязак  добрага выкарыстання атрыманых дароў. Добрая воля чалавека, рашэнне  адпаведна  дыспанаваць і памнажаць Божыя дары напрыканцы жыцця  будзе разлічана Божай  справядлівасцю. Чытаючы  старонкі Святога Пісання, можам здзіўляцца,  якім  даверам  і годнасцю Бог адорвае сваё стварэнне, спадзяючыся, што  чалавек будзе з Ім супрацоўнічаць і  памнажаць  атрыманыя таленты.

Вартым увагі з’яўляецца апісанне таго, як Пан разлічваецца са сваімі слугамі: з вялікай радасцю і энтузіязмам звяртаецца да іх, хваліць, радуецца іх дасягненням. Заўважаем, што Пан не звяртае асаблівай увагі на тое, колькі чалавек здолеў зарабіць, але радуецца добрай волі і шчыраму жаданню супрацоўнічаць з Ім. Трагедыя распачынаецца ў той момант, калі ў чалавечым сэрцы пануе недавер, брак павагі і недахоп любові да Бога.

Не кожны  чалавек  верыць і шукае Бога ў сваім жыцці, але кожны абдараваны  Ягонымі  дарамі. Гэта могуць быць інтэлектуальныя здольнасці, фізічныя  таленты,  духоўныя дары і харызматы – кожны атрымлівае непаўтаральна і ў паўнаце таго, што можа прыняць.


 

 22 лістапада

Урачыстасць  Пана нашага  Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, год Аgr-str-31

 

Трывайце ў веры, надзеі,  любові!

 

1 чытанне — Эзх 34, 11-12. 15-17.

Пс 23, 1-3. 5-6.

2 чыт. — 1 Кар 15, 20-26. 28.

Евангелле — Мц 25, 31-46.

 

 

«Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету» (Мц 25, 34).

Літургія слова Урачыстасці Хрыста, Валадара Сусвету, якая зачыняе літургічны год, нагадвае пра Божую справядлівасць і Апошні Суд. Божае слова выразна паказвае, што людзі будуць вымушаныя стаць перад Божым трыбуналам перадусім за выкананне наказаў любові да бліжняга. Гэты эсхаталагічны досвед чакае кожнага чалавека – незалежна ад яго веры, канфесійнай прыналежнасці ці светапогляду.

Узнагародай за сумленнае жыццё, багатае на ўчынкі любові і міласэрнасці, будзе вечнае прабыванне ў Божым Валадарстве. Тыя, хто пагарджаў і  быў  абыякавы  да свайго бліжняга, будуць  асуджаныя  на  вечныя  пакуты і пазбаўленыя Божай прысутнасці.

Сённяшняя літургія моцна ўказвае на Бога як на Ўсемагутнага Суддзю, аднак на працягу ўсяго літургічнага года старонкі Евангелля няспынна нагадвалі  вернікам  пра Бога – Добрага Пастыра; пра Айца, які заўсёды чакае  на марнатраўнага сына; пра ахвяру любові, якую Езус здзейсніў на крыжы.

Верым, што Бог ніколі не пакідае чалавека падчас яго зямной вандроўкі, няспынна даючы знакі сваёй любові і апекі. Перажываючы розныя духоўныя змаганні, варта памятаць аб гэтым, чакаючы вялікай ўзнагароды, якую  Нябесны  Айцец  абяцае тым, хто  вытрывае  ў  веры, надзеі і любові.


 

 29 лістапада

1 Нядзеля Адвэнту, год В

 

Да жыцця ў Божай ласцы

 

1 чытанне — Іс 63, 16b-17. 19b; 64, 2b-7.

Пс 80, 2. 3. 15-16. 18-19.

2 чыт. — 1 Кар 1, 3-9.

Евангелле — Мк 13, 33-37.

 

 “Пан збірае ўсе народы ў вечны мір Божага Валадарства“ (Іс 2, 1-5).

У Касцёле Адвэнт распачынае не толькі новы літургічны перыяд, але таксама з’яўляецца пачаткам новага літургічнага года (год “В”). На працягу наступных дванаццаці месяцаў вернікі (найчасцей у нядзелю) будуць слухаць фрагменты Евангелля, запісаныя св. Маркам.

Паўстанне гэтага Евангелля (найкарацейшага з усіх Евангелляў) датуецца каля 30-40 года пасля смерці і Ўваскрасення Езуса. Вартым увагі з’яўляецца факт, што евангелісты Лукаш і Ян, калі рэдагавалі свае Евангеллі, карысталіся з тэкстаў, запісаных  Маркам. Традыцыя захавала шмат звестак аб гэтым евангелісце. Апостал габрэйскага паходжання, ён выхоўваўся ў Ерузалеме, удзельнічаў у першым місійным падарожжы св. Паўла, падчас свайго прабывання ў Рыме пазнаёміўся са св. Пятром – гэтае знаёмства пакінула асаблівыя рысы  ў  Евангеллі ад Марка і змяшчае шмат звестак, запісаных са сведчання св. Пятра.

Першы  тыдзень  Адвэнту  характарызуецца моцным запрашэннем Езуса  да  чування. Чуйнасць (грэцкае слова  gregoreo) – гэта  пастава жаўнера на полі бітвы, які павінен быць вельмі ўважлівым перад магчымай надыходзячай  небяспекай. Здаецца, што мы не знаходзімся ва ўмовах вайны, але праўдай з’яўляецца тое, што вера чалавека  і   яго духоўны свет – гэта няспыннае духоўнае змаганне  і  барацьба. У вялікай небяспецы знаходзіцца той, хто губляе чуйнасць. Быць у стане чування таксама азначае пэўную актыўнасць, гатоўнасць да  выканання  місіі,  даручанай Панам.

На пачатку Адвэнту – радаснага часу падрыхтоўкі да Ўрачыстасці Божага  Нараджэння, Езус перасцерагае перад духоўнай стагнацыяй і лянотай. Заахвочвае  захаваць чуйнасць – распачаць штодзённую барацьбу за сваё збаўленне і быць падрыхтаваным на сустрэчу з Панам у любы час.

 

 

кс. Юрый ПРАКАПЮК


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий