Хлеб штодзённы

6 снежняAdvent-2

2 Нядзеля Адвэнту, год В

 

 Заклік да навяртання

1 чытанне — Іс 40, 1-5. 9-11. 

Пс 85, 9-14.

2 чыт. — 2 П, 3, 8-14.

Евангелле — Мк 1, 1-8.

 

“Падрыхтуйце  дарогу Пану” (пар. Іс 40, 3)

У ІІ Нядзелю Адвэнту ў нашых духоўных разважаннях спадарож-нічае нам Ян Хрысціцель – апошні прарок Старога Запавету. Чалавек, які ўсе сваё жыццё прысвяціў Богу, абвяшчаючы надыход Месіі-Збаўцы. Ягоны голас у пустыні абвяшчае таго, у кім споўняцца ўсе прароцтвы Старога Запавету і хто прынясе людзям збаўленне, – Езуса Хрыста! Ян заклікае да навяртання, кліча да радыкальнага падпарадкавання і паслухмянасці навуцы Евангелля.  Перажываючы  літургію  сённяшняга дня, мы ўсведамляем праўду, што як некалькі тысячагоддзяў назад, так і сёння, Бог дае кожнаму чалавеку шанец на новае жыццё. Пасылае прарока, які заклікае  да навяртання, каб мы маглі быць падрыхтаваныя на су-стрэчу з жывым і сапраўдным Богам. Жыццё  і дзейнасць Яна Хрысціцеля сведчыць пра Бога, Які адказвае на заклік і малітвы свайго люду, нікому не адмаўляе ў дапамозе, нягледзячы на чалавечыя слабасці і грэх. Заўсёды чакае, каб падтрымаць і вызваліць чалавека ад таго, з чым ён сам ніколі б не справіўся.  

“Пачатак Добрай Навіны аб Езусе” – так даслоўна гучыць пераклад першых слоў, якія адкрываюць пасланне св. Марка. Евангелле – з грэцкай мовы  euangelion – з’яўляецца апавяданнем пра жыццё, смерць і змёртвыхпаўстанне Езуса.  Прысутнасць у свеце Божага Сына для ўсяго чалавецтва становіцца такой Добрай Навіной.  

Здаецца, што маем яшчэ шмат часу да Урачыстасці Божага Нараджэння, але важна, каб мы ўмелі распазнаць Божую прысутнасць як мага хутчэй – таму літургія і чытанні так моцна заахвочваюць вернікаў да чування.  Айцы Касцёла кажуць,  што Хрыстус нараджаецца ў сэрцах тых, хто яго чакае!  


 

 13 снежняAdvent-3

3 Нядзеля Адвэнту, год В

 

Момант  асабістай сустрэчы

 1 чытанне — Іс 61, 1-2а. 10-11. 

2 чыт. — 1 Тэс 5, 16-24.

Евангелле — Ян 1, 6-8. 19-28.

 

“Узвесяліцца душа мая ў Богу маім” (пар. Іс 61, 10)

Евангелле св. Яна было напісана каля 90 году. У адрозненне ад Евангелляў,   напісаных    Маркам, Мацвеем і Лукой, якія імкнуліся храналагічна апісаць факты з жыцця Езуса, евангеліст Ян з вялікай да-кладнасцю ўказвае сэнс місіі Хрыста, значэнне Яго прысутнасці і дзейнасці на зямлі. Фрагмент Евангелля, над якім вернікі разважаюць у ІІІ Нядзелю Адвэнту, распавядае пра Яна Хрысціцеля – постаць,  якая непадзельна злучана з місіяй Езуса. Апошні прарок Старога Запавету, які збірае каля сябе натоўпы людзей,  заклікае да навяртання, удзяляе хрост,  запавядае  і  ўказвае на Езуса-Месію, Божага Баранка, які ўжо надыходзіць, каб вызваліць чалавецтва з моцы смерці і граху. Усё, што робіць Ян Хрысціцель, – хрост людзей, прапаведванне і заклік да навяртання, –  гэта рыхтаванне дарогі для Хрыста. І варта ўвагі тое, што выкананне гэтай місіі Яну Хрысціцелю прыносіць шмат радасці, духоўнай моцы і супакою – нават у момант выпрабавання і смяротнай небяспекі! 

У літургіі ІІІ Нядзелі Адвэнту шмат разоў узгадваецца  пра радасць.Перажываем нядзелю Gaudete – Нядзелю Радасці, якая запрашае да радаснага чування, бо хутка надыйдзе Хрыстус-Збаўца! Момант асабістай сустрэчы чалавека з Богам, Які прыходзіць раздзяліць ягоны лёс і адорвае збаўленнем, не можа не радаваць і не ўзбуджаць надзеі ў сэрцы! Аднак, апрача гэтага, постаць Яна Хрысціцеля ўказвае, у чым кожны з нас можа знайсці радасць і супакой: у выкананні Божай волі, у тым, каб згадзіцца быць прыладай у руках Бога і рыхтаваць сцежкі для Пана, Які прыходзіць. 


 

 20 снежняAdvent-4

4 Нядзеля Адвэнту, год В

 

Ад нас залежыць

 1 чытанне — 2 Сам 7, 1-5. 8b-12. 14а. 16. 

Пс 89, 2-5. 27. 29.

2 чыт. — Рым 16, 25-27.

Евангелле — Лк 1, 26-38.

 

“Няхай Мне станецца паводле твайго слова” (пар. Лк 1, 38)

Фрагмент сённяшняга Евангелля, аўтарам якога з’яўляецца св. Лука, належыць да так званага евангелля дзяцінства – апісання здарэнняў,  якія датычаць ранніх гадоў жыцця Езуса. Акрамя Лукі, звесткі пра гэты перыяд жыцця нашага Збаўцы перадае толькі Мацвей. У евангеллі дзяцінства евангеліст прадстаўляе гісторыі двух сямей, якія нераздзельна  злучаныя між сабою: Альжбеты і Захарыі – бацькоў Яна Хрысціцеля і Марыі і Юзафа, на якіх ляжыць абавязак выхавання Езуса. 

Маючы перад вачыма вобраз дзяцінства Езуса і адносіны лю-дзей, якія акружалі Яго сваёй апекай, сёння асаблівым чынам  літургія слова  накіроўвае ўвагу вернікаў на здарэнні, якія Бог  рэалізаваў у жыцці Марыі. Здарэнні, якія   па-сапраўднаму мелі вялікі ўплыў на лёс кожнага чалавека. На працягу ўсей гісторыі Бог заўсёды  з’яўляецца ініцыятарам сустрэчы з чалавекам. Момант звеставання Марыі  Панне  не  быў  выключэннем. Бог першы, хто знайшоў Марыю і паслаў да яе анёла. Момант звеставання – гэта момант цудоўнай сустрэчы Стварыцеля са сваім стварэннем, падчас якой  Бог не дае дакладных інструкцый і правіл, не заспакойвае людскую цікаўнасць, але запэўнівае ў сваёй усемагутнасці і любові. 

Шмат разоў вернікі чулі, што  Адвэнт  з’яўляецца часам  чування і разважання  над  прыйсцем  Бога ў гэты свет. Сёння  ўсведамляем, што з верай перажываючы таямніцы Божага Нараджэння, маем магчымасць сведчыць пра сустрэчу  з Богам – так, як гэта  дасведчыла Марыя: у Яго слове, на малітве і ў чуванні. Варта ўвагі тое, што Бог выходзіць насустрач кожнаму чалавеку, і только ад нас залежыць, ці будзе гэтая сустрэча  для нас момантам ласкі, ці будзе напоўнена страхам і няўпэўненасцю. Словы Марыі гучаць як заахвочванне даверыцца  Богу  і могуць  стаць  най-прыгажэйшай малітвай, якую чалавек прамаўляе да Бога: “Вось я слуга Пана, няхай мне станецца паводле твайго слова.” 


 

 27 снежняgr-chleb-4-12-2020

Свята Святой Сям’і: Езуса,  Марыі і  Юзафа, год В

 

След  у  след

 1 чытанне — Сір 3, 2-6. 12-14.

Пс 128, 1-5.

2 чыт. — Клс 3, 12-21.

Евангелле — Лк 2, 22-40.

 

“Хто слухае Бога, той шануе сваіх бацькоў” (пар. Сір 3, 2-6).

29 снежня Каталіцкі Касцёл адзначае Свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа. У гэты дзень у многіх парафіяльных супольнасцях падчас святых Імшаў вернікі моляцца за сем’і, а сужэнцы аднаўляюць свае шлюбныя абяцанні. 

Свята Святой Сям’і, якое невыпадкова змешчана ў літургічным каляндары пасля Урачыстасці Божага Нараджэння, падкрэслівае  вартасць і выключнасць сямейнага жыцця.  Касцёл звяртае ўвагу на прыклад жыцця і веры  Святой Сям’і, каб яшчэ больш дадаць на-дзеі нашым сем’ям. Заахвочвае  прыняць узор Святой Сям’і як праграму для свайго асабістага сямейнага жыцця. 

Літургія сённяшняга дня нагадвае вернікам здарэнні, калі Марыя і Юзаф з маленькім Езусам прыходзяць у Ерузалемскую святыню, каб выканаць абрад ачышчэння, паводле юдэйскай традыцыі. Апрача членаў Святой Сям’і, сустракаем таксама Семіёна і Анну,  якія з’яўляюцца сымбалам Старога Запавету, усіх людзей, якія чакалі прыйсця Місіі-Збаўцы. А Марыя і Юзаф – гэта тыя, хто належыць ужо да Новага Запавету, як і кожны з нас.  Асобай, якая збірае і злучае каля сябе два тэстамэнты, дзве рэчаіснасці,  напоўненыя прароцтвамі, чаканнем і надзеяй, з’яўляецца Езус. Гэта ў Ім спаўняюцца ўсе прароцтвы Старога Запавету, а  з момантам Яго нараджэння распачынаецца Новы час для ўсяго чалавецтва. Таму невыпадкова вернікі сёння пачуюць гімн праслаўлення Бога і гімн падзякі, якія евангеліст укладвае ў вусны Семіёна і Анны.

Кожная асоба Святой Сям’і  ўзаемна для сябе з’яўляецца асаблівым дарам і вартасцю. Рэчаіснасцю, якая найбольш збліжае гэтых людзей  і дае сілы выконваць Божую волю, захоўваць рэлігійныя  традыцыі, трываць на супольнай малітве і быць  вернымі  Божаму слову, з’яўляецца любоў. Любоў да Бога і любоў да бліжняга… Шукаючы  добрага фундаменту  для  асабістага сямейнага  жыцця,  варта  паспрабаваць ступаць след у след Святой Сям’і і распачаць ад любові. 

 

 

кс. Юрый ПРАКАПЮК


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий