Хлеб штодзённы

3 студзеня

2 Нядзеля пасля Нараджэння Пана, год В

 

 Адвечнае святло

 

1 чытанне — Сір 24, 1-2, 8-12. 

Пс 147, 1-15, 19-20.

2 чыт. — Эф 1, 3-6. 15-18.

Евангелле — Ян 1, 1-18.

 

“Кожны, хто жыве ў Ім, не грашыць” (1 Ян 3, 6)

Сённяшняя літургія слова звяртае ўвагу вернікаў на першы раздзел  Евангелля св. Яна. Чытаем так званы  Гімн пра Логас – хрысціянскі твор, які апісвае місію надыходзячага Хрыста-Божага Слова.

Св. Ян прадстаўляе гісторыю Ўцелаўлення інакш ад св. Лукі і св. Мацвея. Евангеліст апісвае тэалагічныя праўды з касмічнай перспектывы і распачынае апавяданне пра Яна Хрысціцеля, які ўказвае на надыходзячага Месію. Шлях Езуса на зямлю распачынаецца яшчэ перад стварэннем свету і існаваннем зямнога часу. Нанова ўсведамляем біблійныя праўды: аб стварэнні свету, што ўсё сталася праз Слова Бога, і пра Уцелаўленне Другой Асобы Святой Троіцы. Евангеліст падкрэслівае, што адносіны паміж Боскімі Асобамі з’яўляюцца адносінамі любові. Бог прамовіў Слова, якое сталася рэчаіснасцю і збаўчым здарэннем для ўсяго чалавецтва.  Езус прыходзіць на свет багаты любоўю. Наступныя фрагменты Евангелля тлумачаць, чаму Бог прымае рашэнне стаць чалавекам. Евангеліст Ян выкарыстоўвае вобраз цемры, якая ўвасабляе канкрэтнае асабовае зло, якое распачынае змаганне супраць Бога і імкнецца пагрузіць свет у хаос. Евангеліст некалькімі словамі сцвярджае, што зло пераможана  ўжо на самым пачатку бунту супраць Бога. Невыпадкова няма падрабязнай гаворкі пра гэтую барацьбу, бо не існуе такая сіла, якая б была ў стане супрацівіцца Стварыцелю. Словы Евангелля праменяць надзеяй, што грэх і цемра ніколі не ахопяць свет.  

Трываем у літургічным перыядзе, калі асабліва ўзгадваем прыйсце на зямлю Уцелаўленай Божай Мудрасці. Адвечнае Божае Слова – нібы лятарня  на  моры, якая  ўказвае шлях.  Езус, адвечнае святло, прыцягвае вернікаў да бяспечнага порта Божага Валадарства, дастаткова толькі вы-трывала імкнуцца да гэтага святла. 


 

10 студзеняgr-str-30

Свята Хросту Пана, год В

 

 Ласка асаблівай прыналежнасці

 

1 чытанне — Іс 55, 1-11.

Пс 29, 1-4, 3, 9-10.

2 чыт. — 1 Ян 5, 1-9.

Евангелле — Мк 1, 7-11.

 

«Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў” (Мц 3, 17).

Паводле біблістаў, Евангелле св. Марка з’яўляецца найстарэйшым з усіх Евангелляў. Цэнтральным пунктам Евангелля з’яўляецца вызнанне Пятра пад Цэзарыяй Філіпавай “Ты – Хрыстус” (Мк 8,29), якое падсумоўвае першую частку Евангелля і адказвае на важнае пытанне: “Кім з’яўляецца Езус?”. Св. Марк у сваім  Евангеллі не ўдзяляе шмат увагі апісанню дзяцінства Езуса, большы акцэнт робіць не на чалавечнасць  Езуса, як гэта зрабіў Мацвей, але на  Ягоную Боскасць.

Евангелле ўзгадвае пра голас з неба, калі Езус прымае Хрост у Ярдане, – каб адразу ўказаць на здарэнне, якое пацвярджае боскае паходжанне Хрыста. У кароткай евангелічнай наррацыі Марка можам заўважыць спаўненне слоў старатэстамэнтальнага прароцтва і адначасова запаведзь новага хросту – хросту  Святым Духам, які будзе датычыць  ужо кожнага хрысціяніна і які будзе ўдзяляць Сам Езус. Першым хростам, які быў удзелены ў імя Езуса Хрыста (можам знайсці яго на старонках Бібліі), з’яўляецца хрост у дзень Пяцідзесятніцы – у дзень спа-слання Духа Святога. Сёння Езус прымае рашэнне ўвайсці ў раку, напоўненую людскім грахом, і прыняць хрост. Ярдан становіцца ракой Божых дзяцей. Божы Сын робіць гэта, каб “споўніліся пісанні”. Праяўляе вялікую салідарнасць з грэшнымі людзьмі, не горшыцца чалавечым грахом і пагружаецца ў воды Ярдана, каб грэх усяго чалавецтва ўзяць на сябе. Дух Святы ў постаці голуба, які зыходзіць на Езуса, з’яўляецца знакам Божай любові і міласэрнасці. Праз сакрамэнт хросту кожны чалавек можа дасведчыць  гэтай збаўчай рэчаіснасці – пачатку новага жыцця, прабачэння грахоў, Божай любові і ласкі асаблівай прыналежнасці да Бога. 


 

 17 студзеня

2 звычайная нядзеля, год В

 

Ісці за Хрыстом

 

1 чытанне — 1 Сам 3, 3b-10. 19.

Пс 40, 2. 4 ab, 7-8а.

2 чыт. — 1 Кар 6, 13с-15а. 17-20.

Евангелле — Ян 1, 35-42.

 

Пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго(Ян 1, 39).

Літургія сённяшняга дня прапануе нашай увазе разважанні над пакліканнем  першых  вучняў  Хрыста.  Вернікі становяцца сведкамі размовы Яна Хрысціцеля з фарысеямі, якіх ён пераконвае, што не з’яўляецца Месіяй.  Пасля гэтага, заўважаючы праходзячага Хрыста, Ян указвае на Езуса: “Вось Баранак Божы, які возьме на сябе грэх свету”.  Указваючы на Езуса, Ян Хрысціцель дасканала выканаў сваю місію – падрыхтаваў людзей на сустрэчу з Божым Сынам. Вяртаючыся да моманту па-клікання,  бачым   станоўчую  рэакцыю  вучняў, якія адразу прымаюць рашэнне ісці за Хрыстом. Чуем пытанне,  якое  Езус   накіроўвае   да   іх:      “Чаго шукаеце?”. Для вучняў гэта момант важнай канфрантацыі – ачышчэння іх інтэнцыі і намераў. Вучні на пытанне Хрыста адказваюць сваім пытаннем: “Настаўнік, дзе Ты жывеш?”. 

Пытанне першых вучняў робіць наяўным іх жаданне ўбачыць і асабіста дасведчыць штодзённае жыццё  Езуса.  Менавіта такім чынам: у клімаце даверу, адкрытасці і праз блізкае быццё ў біблійныя часы вучань мог пазнаць свайго настаўніка і ягоную навуку. Вельмі хутка наррацыя аб пакліканні вучняў ператвараецца ў гісторыю пра самога Хрыста. Ужо на наступны дзень Андрэй не называе Яго толькі “настаўнікам”, якіх было шмат у тыя часы, але звяртаецца да Езуса “Месія, Хрыстус”, бачыць у Ім Збаўцу, абяцанага Богам. Варта ўвагі тое, што ў гэтай сцэне паклікання чытач можа заўважыць толькі імя аднаго вучня – Андрэя, брата Сымона. Імя другога вучня застаецца невядомым, так як бы евангеліст паза-ставіў месца ў шэрагу вучняў Хрыста для кожнага чалавека.


 24 студзеня

Нядзеля Божага слова,  год В

 

 Верце  ў  Евангелле!

 

1 чытанне — Ён 3, 1-5. 10.

Пс 25, 4-5б. 6

2 чыт. — 1 Кар 7, 29-31.

Евангелле — Мк 1, 14-20.

 

”Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей” (Мк 1, 17). 

Увазе вернікаў Касцёл прапануе ўрывак Евангелля, запісаны св. Маркам. Цікава, што евангеліст у сваім пасланні каля 60 разоў узгадвае  ўлюбёную тэму прапаведвання Езуса – “Божае Валадарства”.  Для  Марка  Божае Валадарства – гэта панаванне Бога, якое мае розные формы: панаванне ў гісторыі;  панаванне напрыканцы часоў і канчатковая перамога Бога над грахом і смерцю; панаванне Бога ў людскіх сэрцах – менавіта адсюль і вынікае патрэба навяртання, каб быць падрыхтаваным да гэтага моманту.  У сённяшнім  Евангеллі  Езус шукае тых, хто будзе будаваць гэтае  Божае  Валадарства  на зямлі.  Заўважаем, як Езус прапануе важнае заданне чатыром рыбакам: Сымон, Андрэй, Якуб і Ян маюць пайсці за Ім і стаць рыбакамі людскіх душ. У адказ  першыя вучні пакідаюць сваю маёмасць і працу і вырушаюць за Хрыстом. З рыбакамі Езус размаўляе зразумелай для іх мовай, а адначасова ўкладвае глыбокі сэнс у сваё запрашэнне: дае ім прапанову быць рыбакамі людзей! Вобраз лоўлі рыбы з’яўляецца вобразам апакаліптычным, які адназначна ў Святым Пісанні датычыць канца свету. Пакліканне і місія вучняў моцна злучаны з гэтым здарэннем, бо менавіта яны маюць ратаваць людзей ад граху і вечнай смерці. 


 

 31 студзеняgr-str-31

4 звычайная нядзеля, год В

 

 Вартоўныя  муры

 

1 чытанне — Дрг 18, 15-20.

Пс 95, 1-2. 6-9.

2 чыт. — 1 Кар 7, 32-35.

Евангелле — Мк 1, 21-28.

 

“Народ, які сядзеў у цемры, убачыў святло вялікае” (Мц 4,16).

Перажываючы літургічны год B, мы  будзем звяртацца да найкарацейшага з усіх  Евангелляў, аўтарам якога з’яўляецца св. Марк. Евангеліст Марк накіроўвае сваю Добрую Навіну перад усім да язычнікаў, таму невыпадкова ў ягонай наррацыі знайходзім падрабязнае апісанне таго, як Езус выганяе злога духа. Для язычнікаў уладу над духамі мог мець толькі хтосьці вельмі асаблівы і надзвычайны. Разважаючы над Евангеллем, можам заўважыць, што св. Марк не пакідае ніякага сумніву адносна боскай натуры Езуса. Сёння евангеліст пераносіць нас у горад Кафарнаўм, у сінагогу. Менавіта тут Езус распачынае сваю дзейнасць настаўніка і цудатворцы: аб’яўляе сваю моц праз слова і чын. Спачатку – навучаючы з моцай, а пазней – аздараўляючы. Злы дух называе Яго “Святым Божым” і ўцякае перад  Ягонай моцай. Дакладна ў грэцкім перакладзе можам прачытаць зварот дэмана да Езуса: “Што ёсць паміж намі і Табою, што мы маем супольнага?”. І насамрэч, няма нічога супольнага  паміж  злым  духам і Божым Сынам –  Езусам, Які з’яўляецца адлюстраваннем Айца, праяваю Ягонай моцы і любові да чалавека! Веліч Езуса бярэ пачатак з крыніцы глыбокай блізкасці  з Айцом. Такой лучнасці з Богам злыя духі не вы-трымоўваюць і ўцякаюць перад Яго прысутнасцю і магутнасцю.  Касцёл ад пачатку свайго існавання кожнаму верніку дае прылады асабістай абароны перад усялякім злом. Асвячальная ласка, якую чалавек атрымлівае праз дзеянне сакрамэнтаў, моц асабістай малітвы і вернасць Божаму Слову могуць быць не толькі добрым падмуркам духоўнага жыцця, але і вартоўнымі мурамі, якія захоўваюць чалавека. 

 

 

кс. Юрый ПРАКАПЮК


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий