5 звычайная нядзеля, год В
Пра сэнс цярпення
1 чытанне — Ёв 7, 1-4. 6-7.
Пс 147, 1-6.
2 чыт. — 1 Кар 9, 16-19. 22-23.
Евангелле – Мк 1, 29-39.
«Хіба жыццё чалавека на зямлі не нагадвае змагання?» (Ёв 7, 1-4).
Сёння Касцёл увагу вернікаў з’вяртае на дзве асобы: Ёва – Старазапаветную постаць, закранутую асабістай трагедыяй і цяжкай хваробай, і Езуса Хрыста. У сённяшнім Евангеллі не знойдзем апісання мукі і смерці Хрыста, але бачым невыпадковае падабенства паміж гэтымі постацямі, якія ў сваім жыцці дасведчылі шмат выпрабаванняў і цярпення. Больш таго, уся літургія Слова дапаўняе гэтую сумную рэчаіснасць, распавядаючы пра натоўпы людзей, якія, маючы духоўныя і фізічныя цярпенні, шукаюць магчымасці сустрэцца з Езусам. Здаецца, што, як і ў біблійныя часы, так і сёння, шмат людзей шукае адказ на пытанне пра сэнс цярпення, зла і несправядлівасці. Невыпадкова Марк у сваім Евангеллі звяртае ўвагу і падкрэслівае сапраўдную боскасць Езуса, якая праяўляецца не толькі ў мудрых словах Яго навукі, але і ў шматлікіх аздараўленнях, і ўладай над злымі духамі. Езус, шукаючы магчымасці сустракацца як мага з большай колькасцю людзей, указвае іншы шлях аздараўлення, не той, які спадзяюцца ўбачыць людзі. Вучыць вытрываласці і даверу да Бога нават у найцяжэйшыя жыццёвыя моманты і, урэшце, сам бярэ на сябе нашыя хваробы і цярпенні, слабасці і грэх. Праз дабравольную крыжовую ахвяру становіцца Новазапаветным Ёвам. Становіцца крыніцай надзеі і благаслаўлення не толькі для нашчадкаў Ёва і сваіх вучняў, але для кожнага церпячага, прыгнечанага хваробай ці грахом чалавека. Словы, сказаныя прарокам Ісаяй «Ён узяў на сябе цярпенні нашыя і панёс нашы хваробы» (Iс 53,2-4), – дзейсныя на працягу тысячагоддзяў, усцяж спаўняюцца і ў нашыя дні.
14 лютага
6 звычайная нядзеля, год В
Дар новага жыцця
1 чытанне — Лев 13, 1-2. 44-46.
Пс 32, 1-2. 5. 11.
2 чыт. — 1 Кар 10, 31 – 11,1.
Евангелле — Мк 1, 40-45.
“Шчаслівы той, каму адпушчана беззаконне, і чый грэх забыты” Пс 32, (1-2).
Чытанні VІ звычайнай нядзелі распавядаюць пра хваробу, якую чалавецтва здолела перамагчы: гаворка пра праказу. У Бібліі праказа была не толькі сімвалам жудаснага зла – невылечнай хваробы, але стала вобразам граху і Божага праклёну. Першае чытанне, якое папярэджвае Евангелле, падрабязна распавядае пра Старазапаветныя законы, якія датычылі хворых праказай. Можам заўважыць усю трагедыю гэтых людзей: ізаляваныя ад супольнасці, без падтрымкі і надзеі на вылячэнне… аж да моманту сустрэчы з Езусам. Пракажоны, сустрэўшы Езуса, падае на калені, моліць аб аздараўленні і называе Яго Панам. Такое своеасаблівае вызнанне веры адразу змушае Езуса да дзейнасці! Дотык Хрыста становіцца лекам на смяротную хваробу. Пасля цудоўнага аздараўлення Езус наказвае скласці ахвяры, прадпісаныя ў Габрэйскім праве. Варта ўвагі тое, што, паводле закону, хто аднойчы дакрануўся да хворага праказай – сам станавіўся нячыстым. Такі чалавек не мог прабываць у горадзе, ён адразу павінен быў сысці ў пустыннае месца, лічыўся нячыстым і праклятым Богам. Такім чынам мы становімся сведкамі цудоўнай замены, калі Езус займае месца чалавека хворага, церпячага і праклятага. Сыходзіць і прымае на сябе ўвесь цяжар закону. Гэтае здарэнне не здарылася ў жыцці Езуса толькі аднойчы. Хрыстус паўторыць яго ў момант свайго ўкрыжавання. Гэта будзе момант, калі Ён прымае пакаранне за ўсе чалавецтва. Становіцца праклятым, пагарджаным і нячыстым за правіны, якія не здзяйсняў.
Прымае крыжовае пакаранне замест кожнага паасобнага чалавека. Тым часам аздароўлены чалавек пасля сустрэчы з Хрыстом далучаецца да супольнасці, зноў злучаецца са сваімі блізкімі і знаёмымі, вяртаецца да нармальнага жыцця… Так па-сапраўднаму атрымлівае новае жыццё. Падобным чынам, як і чалавецтва, пасля смерці і Ўваскрасення нашага Пана атрымала дар новага жыцця, вольнага ад праказы граху, зла і смерці.
1 нядзеля Вялікага Посту, год В
Пачатак навяртання
1 чытанне — Быц 9, 8-15.
Пс 25, 4-9.
2 чыт. — 1 П 3, 18-22.
Евангелле — Мк 1, 12-15.
«Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы» (Пс 25 , 5).
Распачынаючы Вялікі Пост, Касцёл вяртаецца да чытання першых раздзелаў Евангелля св. Марка. Евангеліст распавядае, як Езус, выведзены Духам на пустыню, прабывае там сорак дзён у посце і малітве, падвержаны спакусам злога духа. Лічба “сорак” нагадвае нам пра сорак дзён, якія Майсей правеў на гары Сінай, і пра сорак год вандроўкі і выпрабаванняў Выбранага Народа. Нягледзячы на тое, што, паводле паўсюднага меркавання, пустыня была месцам прабывання злых духаў і дэманаў, у Старым Запавеце Бог часта вы-біраў менавіта гэтае месца на сустрэчу са сваім Народам. Езус паўтарае гісторыю Ізраэля. Пасля сарака дзён посту пустыня для Яго становіцца не толькі месцам асабістага выпрабавання, але адмысловым часам сустрэчы з Айцом і часам духоўнага ўмацавання. Езус становіцца пачаткам новага Ізраэля, які не бунтуецца на пустыні, не паддаецца спакусам і застаецца паслухмяным Айцу і Яго волі. Марк не апісвае падрабязна моманту спакусаў – амаль адразу пераходзіць да місіі Езуса: абвяшчэння Евангелля і закліку да навяртання. Евангеліст перакананы, што адгэтуль усё жыццё Хрыста будзе адной вялікай барацьбой супраць сатаны, змаганнем, якое зной-дзе сваё спаўненне і канчатковую перамогу праз крыжовую пакуту, смерць і Змёртвыхпаўстанне. Паслухмянасць Езуса становіцца лекам на непаслухмянасць чалавека і нанова адчыняе дзверы Божага Валадарства. Такі прыклад паслухмянасці Богу і духоўнай дысцыпліны можа быць добрым пачаткам асабістага навяртання.
2 нядзеля Вялікага Посту, год В
Адзін з прыстанкаў
1 чытанне — Быц 22, 1-2. 9а. 10-13. 15-18.
Пс 40, 2 + 4ab, 7-8а.
2 чыт. — Рым 8, 31b-34.
Евангелле — Мк 9, 2-10.
«Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце» (Мк 9, 7).
Час Вялікага Посту падрыхтоўвае вернікаў да найважнейшай хрысціянскай урачыстасці – Уваскрасення Пана. Сёння мы становімся сведкамі незвычайнага здарэння, якое дапаможа нам лепей падрыхтавацца да гэтага свята: Езус з Пятром, Якубам і Янам узыходзяць на высокую гару, дзе наступае момант перамянення. У наступныя хвіліны вучні назіраюць дыялог, які Езус вядзе з Майсеем і Іллёй. Здзіўлены Пётр прапануе паставіць тры шатры для Езуса і Яго суразмоўцаў, каб застацца на гары як мага даўжэй. Аднак з’ява знікае неспадзявана, як і з’явілася: воблака засланяе суразмоўцаў, і ўсе чуюць голас Бога: “Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце”. Для вучняў цуд перамянення Пана, словы прароцтва пра крыж і Змёртвыхпаўстанне – хоць пакуль яшчэ і з’яўляюцца таямніцай, – ужо ўмацоўваюць іх веру і рашэнне наследаваць Хрыста, асабіста паглыбляць містэрыі Божага Сына. Перад тым, як Езус узыйдзе на гару сваёй смерці – Галготу, сёння забірае сваіх вучняў і кожнага з нас на гару перамянення. Паказвае, што Галгота – гэта толькі адзін з прыстанкаў у Ягоным і нашым падарожжы да Божага Валадарства. Выразна паказвае, што гэты шлях Бог захацеў прайсці разам з чалавекам.
кс. Юрый ПРАКАПЮК