Хлеб штодзённы

7 сакавіка

3 нядзеля Вялікага Посту, год Вgr-str-30

 

 Езус чакае

 

1 чытанне — Зых 20, 1-17.

Пс 19, 8-11. 

2 чыт. — 1 Кар 1, 22-25.

Евангелле — Ян 2, 13-25.

 

“Закон быў дадзены праз Майсея” (Ян 1, 17).

Паводле старатэстамэнтальнага права, кожны габрэй, прынамсі раз у жыцці, павінен быў здзейсніць пілігрымку ў Ерузалем. Прыйсці ў святыню – месца прабывання Бога Ізраэля і скласці належныя ахвяры. Пілігрымаванне служыла духоўнаму аднаўленню  і  навяртанню да Бога. Бачым, што таксама і Езус спаўняе гэты рэлігійны наказ, вандруючы ў Ерузалем перад святам Пасхі. Евангеліст Ян дае выразнае гэтаму  сведчанне. Таксама сёння мы становімся сведкамі здарэння, якога дагэтуль на старонках Евангелля не сустракалі, – абурэння Езуса. Хрыстус у святыні сустракае прадаўцоў жыўнасці і мянялаў, якія сядзелі там.  Езус не дазваляе з Божага дому рабіць дом гандлю.  Пазней біблеісты назавуць гэтае здарэнне момантам ачышчэння святыні. Цікава, што не сам учынак ачышчэння святыні абурае ўдзельнікаў гэтай біблійнай сцэны, але словы Езуса, Які запавядае разбурэнне і адбудаванне  святыні нанава на працягу трох дзён. Для фарызеяў і вучоных словы Хрыста  ў  Пісанні  з’яўляюцца незразумелымі і гучаць як пагроза. Словы, якія пазней стануць прычынай абвінавачвання Яго і арышту. Езус кажа пра святыню свайго цела – пра сябе самога. Ен – жывы Бог Ізраэля, прысутны сярод свайго люду, а  Ягонае цела –  гэта сапраўдная  святыня. Вучні зразумеюць гэта ў момант  Змёртвыхпаўстання  Хрыста. Варта ўвагі, што пасля цуду перамянення вады ў віно на вяселлі ачышчэнне  святыні з’яўляецца другім  знакам,  які Езус здзяйсняе на самым пачатку сваёй дзейнасці. Бачым, як пільна Ён імкнецца збудаваць новую святыню, у якой будзе аддаваная пашана Богу ў Духу і Праўдзе. Прагне з чалавечага сэрца ўчыніць  святыню – месца свайго сталага прабывання. Упарадкаваць яго, напоўніць сваёй прысутнасцю і асвяціць сваёй ласкай. Прагне сустрэчы з кожным чалавекам не толькі ў нейкім адным, адмысловым месцы, але чакае на кожнага ў сакрамэнтах і супольнасці Касцёла.


 14 сакавіка

4 нядзеля Вялікага Посту, год В

 

На  паратунак  свайму народу

 

1 чытанне — 2 Кр 36, 14-16. 19-23.

Пс 137, 1-6.

2 чыт. — Эф 2, 4-10.

Евангелле — Ян 3, 14-21.

 

 ”Усе валадарствы зямныя даў мне Пан, Бог нябёсаў” (2 Кр 36, 21).

Евангеліст Ян нагадвае нам пра здарэнні, якія адбыліся незадоўга да свята Пасхі. Езус прымае рашэнне даўжэй застацца ў Ерузалеме і праз сваю навуку  і  знакі  моцна  звяртае на  сябе ўвагу. Адным з тых, хто зацікавіўся Езусам, быў Нікадэм – адзін са старэйшын юдэйскіх і фарызей. Евангелле сённяшняга дня апісвае дыялог Езуса з Нікадэмам, які прыходзіць да Хрыста ноччу. Поўны кантэкст  гэтай  евангельскай наррацыі  ўказвае, што Езус тлумачыць Нікадэму мэту свайго паклікання: Божы Сын прыходзіць, каб збавіць, а не загубіць свет. Езус павінен сам выканаць гэтую збаўчую місію, цэнтрам якой з’яўляецца Крыж. Бачым, што Хрыстус ад самага пачатку сваёй дзейнасці мае свядомасць, што справа адкуплення будзе патрабаваць ахвяры Ягонага жыцця. Невыпадкова Ён прыгадвае здарэнне з гісторыі Выбранага Народу – узвышэнне мядзянага змея на пустыні: як Майсей узвысіў змея, так патрэбна і Сыну Чалавечаму быць узвышанаму, каб усіх прыцягнуць да сябе. Смерць Божага Сына не была збегам трагічных акалічнасцей. Езус аб’яўляе Сябе як Месію – Збаўцу, Якога Бог паслаў на паратунак свайму народу. У размове з Нікадэмам Божы Сын называе сваё  ўкрыжаванне момантам узвышэння. Крыж становіцца для Яго шляхам да хвалы, адчыняе  шлях да ўваскрашэння. Нягледзячы на тое, што кожны з нас стаўся будаўніком Крыжа Езуса, то праз Яго балесную муку, шлях да Ўваскрасення будзе адчынены для кожнага чалавека. Хто паверыць у Хрыста, той будзе ўратаваны ад смерці і атрымае вечнае жыццё.


 21 сакавікаgr-str-31

5 нядзеля Вялікага Посту, год В

 

Знак, які прыцягвае

 

1 чытанне — Ер 31, 31-34.

Пс 51, 3-4. 12-15.

2 чыт. — Гбр 5, 7-9.

Евангелле — Ян 12, 20-33.

 

Дарую ім правіны і грахоў іхніх больш не буду ўспамінаць(Ер 31,34)

Перад тым, як мы пачуем прамову Езуса, скіраваную да натоўпу, які вітаў Яго падчас уезду ў Ерузалем, пачуем просьбы грэкаў, скіраваныя да вучняў Хрыста, каб яны пазнаёмілі іх з Езусам. Адпавядаючы на просьбу Філіпа і Андрэя  (“Пане, хочам бачыць Езуса”), Божы Сын запавядае хуткі час сваёй крыжовай мукі: Настала гадзіна ўславіцца Сыну Чалавечаму. Езус кажа пра сваю смерць, карыстаючыся метафарай: калі  пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. Да такой жа паставы Езус заклікае і сваіх вучняў: Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам. Пазней, неспа-дзявана, быць можа ўсведамляючы блізкасць свае смерці, Езус у трывозе звяртаецца да Бога-Айца, каб праз сваю муку і Крыж той уславіў свае імя. Голас з неба па-цвярджае блізкасць і волю Айца, якая споўніцца ў хуткім часе. Апошнія словы Езуса запавядаюць, што Ягоная крыжовая мука будзе момантам асуджэння свету і знакам, які прыцягне многіх да Божага Сына.

Асаблівай увагі варта тое, як Хрыстус адносіцца да сваёй крыжовай мукі. Не ўспрымае яе як моманту прыніжэння ці трагічнага выпадку, але наадварот – бачыць ў гэтым  здарэнні  кульмінацыйны момант свайго паклікання і жыцця. Гэта  хвіліна, калі Ён праславіць Айца, а Айцец узвысіць Яго над кожным стварэннем. Адказ на запытанне грэкаў – кім па-сапраўднаму з’яўляецца Хрыстус – ўбачаць усе ў Вялікую пятніцу на Кальварыі. Бог паказаў нам, што няма іншага спосабу, які мог бы перамяніць нашае сэрца, як толькі цярпенне Божага Сына. Бог прагне, каб Яго міласэрная любоў моцна прамовіла да чалавечых сэрцаў і перамяніла іх.


 28 сакавікаgr-str-31-2

Пальмовая Нядзеля, год В

 

Святло  вялікіх здарэнняў

 

1 чытанне — Мк 11, 1-10.

Іс 50, 4-7.

Пс 22, 8-9. 17-20. 23-24.

2 чыт. — Флп 2, 6-11. Евангелле

Мк 14, 1 – 15, 47.

 

“Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана” (Мк 11,9).

Нягледзячы на ўзнеслы і радасны пачатак  літургіі  Пальмовай Нядзелі,  чытанні нагадаюць нам пра  трагічныя  здарэнні  перад Змёртвыхпаўстаннем Хрыста.

На самым пачатку даведваемся, што гэта была серада, наступнага дня у чацвер вечарам распачыналася Пасха – успамін вызвалення Ізраэля з Егіпецкай няволі. У апошніх днях перад святам Пасхі бачым Езуса ў гроне сяброў. У момант, калі Ягонае жыццё знаходзіцца ў небяспецы,  Езус  прагне  сустрэцца  з  блізкімі  Яму людзьмі. Пазней становімся сведкамі здрады Юдаша,  апісанай такім жа чынам, як і яго пакліканне. Як некалькі гадоў таму, ён прыйшоў да Езуса (Мк 3,13), так цяпер прыходзіць да  арцыкапланаў, каб здрадзіць свайму Настаўніку (Мк 14,10). Раніца ў чацвер перад Пасхай была часам,  калі ў святыні забіваліся пасхальныя баранкі. Пасха з’яўляецца здарэннем, у святле якога трэба інтэрпрэтаваць смерць Езуса. Спаўняюцца старатэстамэнтальныя прароцтвы – апошняя вячэра будзе знакам і запаведдзю новага зыходу, доўгачаканага збаўлення. Наступае момант вячэры. Езус, паказваючы поўную свядомасць свайго лёсу, прадкажа здраду, але не называе імя здрадніка. На вачах вучняў, згодна з Божай воляй, спаўняюцца словы Пісання. Шматлікія пытанні апосталаў (“Ці не я?”) пацвярджаюць, што ніхто з іх не мае ўпэўненасці, што менавіта ён не станецца здраднікам.

Далей наступае момант ўстанаўлення Эўхарыстыі. Прадказанне знявер’я вучняў і вызначэнне месца, дзе зноў усе сустрэнуцца. На страх і нявернасць вучняў Езус адказвае сваёй вернасцю. Пазней наступае  малітва  ў  Аліўным садзе, яна паказвае нам вялікі чалавечы страх, які перапаўняе Езуса. Адзінай падтрымкай для Яго з’яўляецца малітва, скіраваная да Айца, у якой выражаецца вера ў Ягоную ўсемагутнасць і дабрыню. Езус не шукае смерці, але больш за жыццё прагне выканаць Божую волю. Далей наступае момант паймання і арышту Хрыста. Несправядлівы суд перад Сінэдрыёнам, здрада Пятра, размова з Пілатам,  Крыжовы шлях, ўкрыжаванне і смерць. Здаецца, апошняй  кропкай у гэтых здарэннях з’яўляецца злажэнне Езуса ў грабніцу… Аднак жанчыны, якія здалёк прыглядаюцца да пахавання Хрыста, ужо вельмі хутка стануць вестунамі  новай  гісторыі, якая распачнецца  ранкам Змёртвыхпаўстання.

 

 

 кс. Юрый ПРАКАПЮК


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий