Хлеб штодзённы

4 красавікаgr-chleb-1-04-2021

 Вялікдзень, год В

 

 Сапраўды  ўваскрос!

 

 1 чытанне — Дз 10, 34а, 37-43.

Пс 118, 1-2. 16-17. 22-23.

2 чыт. — Клс 3, 1-4.

Евангелле — Ян 20, 1-9.

 

“Шукайце таго, што ў вышы- нях, дзе Хрыстус” (Клс 3, 1).

У Нядзелю Змёртвыхпаўстання Пана заўсёды чытаецца поўнае дынамізму Евангелле св. Яна, якое распавядае пра бег вучняў да пустога гробу. Цікава, што ва ўсіх Евангеллях мы не зной-дзем апісанняў моманту Змёртвыхпаўстання Езуса – дакладнай гадзіны, ці падрабязных акалічнасцей… Св. Ян піша толькі аб Марыі Магдалене, якая знаходзіць пусты гроб і, перапалоханая, паведамляе аб гэтым Пятру і Яну, пасля чаго Евангелле ўсе больш і больш пачынае адкрываць здарэнні дня Змёртвыхпаўстання Пана. Пазней даведваемся аб сустрэчы Езуса са сваімі вучнямі  ў  вячэрніку  і  над  возерам Генезарэт.

Евангеліст не дае іншых довадаў, якія б указвалі на Ўваскрасенне Езуса, апрача пустога гробу і палотнаў у грабніцы, куды  было пакладзена цела Езуса. Аднак гэтыя звесткі толькі павялічваюць няўпэўненасць і ствараюць больш пытанняў, чым адказаў. Варта ўвагі, што ў Евангеллі палотны з’яўляюцца сымбалам вучняў, а хуста, замотаная на галаве Езуса, сымбалізуе Пятра. Вучні, якія былі так блізка з Езусам на працягу некалькі гадоў, цяпер становяцца сведкамі, апосталамі Змёртвыхпаўсталага Пана. Бачым, што пакліканне Пятра сярод іншых вучняў асаблівае – яму даручана місія кіравання Касцёлам Хрыстовым. Толькі  Ян апісвае гісторыю Пятра, які тры разы выракся Езуса, а над возерам Генезарэт – тры разы вызнае Яму сваю любоў, пасля чаго Езус умацоўвае і даручае Пятру  місію кіравання іншымі.

Усе, хто меў магчымасць сустрэцца са Змёртвыхпаўсталым Панам, сведчаць пра  незвычайную перамену – цяпер у іх сэрцах пануе супакой, надзея і радасць, няма месца для страху  і роспачы. Менавіта такімі павінны быць святы Ўваскрасення Пана, Пасха – наш пераход да новага жыцця, бо Хрыстос сапраўды ўваскрос!


 11 красавікаgr-chleb-02-04-2021

2 Велікодная Нядзеля,

Нядзеля Божай Міласэрнасці, год В

 

Як Айцец Нябесны

 

1 чытанне — Дз 4, 32-35.

Пс 118, 2-4. 16-18. 22-24. 

2 чыт. — 1 Ян 5, 1-6.

Евангелле — Ян 20, 19-31.

 

 

“Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў” (Ян 20, 29).

Сённяшняе Евангелле з’яўляецца працягам сустрэчы Ўваскрослага Пана са сваімі вучнямі, апісанае ў 20 раздзеле. У першы дзень тыдня Пан прыходзіць да апосталаў праз зачыненыя дзверы вячэрніка і перадае ім знак супакою. Як даведаемся пазней, сярод вучняў не было Тамаша. Апостал не верыць сведчанню іншых апосталаў і хоча асабіста пераканацца, што Хрыстос уваскрос. Езус дае яму такую магчымасць, зноў прыходзіць у вячэрнік і дазваляе дакрануцца да сваіх ран, каб у сэрцы Тамаша запанавала вера, а не сумненні. Напрыканцы гэтай сустрэчы мы пачуем словы,  скіраваныя ўжо да кожнага з нас: “Благаслаўлёныя, хто не бачыў – а паверыў!” Сузіраючы духоўнымі вачыма гэтае евангелічнае здарэнне, варта звярнуць увагу на паставу іншых апосталаў, якія моўчкі назіраюць за сустрэчай Тамаша з Езусам. Іх захаванне можа быць прыкладам для кожнага з нас: каб не горшыцца, не крытыкаваць, не скрэсліваць недахоп веры ў сэрцы бліжняга, але лагодна і з цярплівасцю дазволіць дейнічаць Божай ласцы. Вера з’яўляецца нашай перамогай і моцай, лекам для  небяспечнай хваробы  граху і зла. Таму невыпадкова мы, разважаючы над гэтым здарэннем у Нядзелю Божай Міласэрнасці, бо менавіта такім павінен быць Касцёл – натхнёны Божым Духам, лагодны і міласэрны, – заўсёды гатовы дзяліцца верай. Такім павінны быць кожны хрысціянін, напоўнены Божай ласкай, цярплівасцю і спагадлівасцю да іншага чалавека. Быць міласэрным, як Айцец Нябесны.


 18 красавікаgr-chleb-3-04-2021

3 Велікодная Нядзеля, год В

 

Дар  супакою

 

1 чытанне — Дз 3, 13-15. 17-19.

Пс 4, 2. 4. 7. 9. 

2 чыт. — 1 Ян 2, 1-5а.

Евангелле — Лк 24, 35-48.

 

“Пакайцеся і навярніцеся, каб знішчаныя былі грахі вашыя( Дз 3,19)

Евангелле сённяшняга дня ўказвае нам вучняў, якія разважаюць над здарэннямі, што адбыліся  ў  свята  Габрэйскай  Пасхі. Змёртвыхпаўсталы Хрыстус зноў  прыходзіць да напалоханых і збянтэжаных вучняў. Бачачы іх страх і разгубленасць (ім здавалася, што  бачаць  з’яву), Езус просіць даць Яму нешта да спажытку і пераконвае іх, што Ён – не з’ява, што Ён – сапраўды ўваскрос.

Пазней Хрыстус тлумачыць Пісанні, каб вучні зразумелі ўсе тыя здарэнні, якія папярэдзілі Ягоную муку, смерць і ўваскрасенне. Тлумачыць, што ўсе гэта здарылася з Ім невыпадкова, але было ўпісана ў Божы план збаўлення і прадказана прарокамі. Евангелле кажа, што Езус: “Асвяціў умыслы вучняў, каб яны разумелі словы Пісання”. Тлумачачы даслоўна гэты ўрывак з грэцкай мовы, даведваемся, што Езус шырока адчыніў умыслы вучняў – так, як адчыняюць дзверы і вокны ў доме.

    Менавіта ў такіх умыслах, падатлівых на Божую дзейнасць, шукаючых праўду, і нараджаецца вера ў Змёртвыхпаўстанне Езуса. Першым дарам, якім Хрыстус адорвае сваіх вучняў, з’яўляецца дар супакою. Габрэйская культура дар супакою разумела і тлумачыла як пэўную рэчаіснасць, злучаную з дабрабытам, шчасцем і выключнай вольнасцю ад усялякага ворага. Для апосталаў дар супакою, які ад Хрыста паходзіць, злучаны з асаблівымі адносінамі паміж Богам і чалавекам, выключнай лучнасцю, якую да гэтага часу нішчыў грэх, і з моцным перакананнем, што Езус жыве і прабывае сярод свайго Касцёла!


 25 красавікаgr-chleb-4-04-2021

4 Велікодная Нядзеля, год В

 

Добры  Пастыр

 

1 чытанне — Дз 4, 8-12.

Пс 118, 1. 8-9. 21-23. 26. 28-29. 

2 чыт. — 1 Ян 3, 1-2.

Евангелле — Ян 10, 11-18.

 

“І няма ні ў кім іншым збаўлення  (Дз 4, 12).

Сённяшняя Літургія Слова асаблівым чынам звяртае ўвагу вернікаў  на Езуса – Добрага Пастыра. Варта ўвагі, што Хрыстус сам называе сябе Добрым Пастырам. Ён моцна падкрэслівае паставу сапраўднага пастыра, які, у адрозненне ад наймітаў, ведае сваіх авечак, не пакідае іх у небяспецы і нават гатовы аддаць сваё жыццё за іх. Езус адразу ўказвае на розніцу паміж пастырам і злодзеем, які падманам прыходзіць у аўчарню, каб рабаваць і нішчыць. Такія асобы не маюць права кіраваць статкам. Трываючы ў Велікодным часе, бачым, што Евангелле яшчэ раз нагадвае нам пра важныя збаўчыя здарэнні, якія адбыліся  дзеля кожнага  чалавека ў Вялікую Пятніцу, калі Езус – Добры Пастыр, аддаў сваё жыццё за свой статак, за ўсё чалавецтва, каб вызваліць нас з моцы зла. У Старым Запавеце часта сам Бог быў параўнаны з Пастырам, які няспынна чувае над сваім людам. Таксама “пастырамі” называлі каралей і ўладароў, якія стаялі на чале Выбранага Народу. Сёння Езус адназначна ўказвае на Сябе, як на адзінага Пастыра Свайго народу, а словы  Евангелля з’яўляюцца запрашэннем для кожнага з нас даверыцца  Яму і дазволіць быць пастырам  нашага  асабістага жыцця.

 

 

кс. Юрый ПРАКАПЮК


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий