Хлеб штодзённы

2 мая

5 Велікодная Нядзеля, год В

 

У лучнасці з Езусам

 

1 чытанне — Дз 9, 26-31.

Пс 22, 26-28. 30. 31-32. 

2 чыт. — 1 Ян 3, 18-24.

Евангелле — Ян 15, 1-8.

 

Аб чым ні папросім, атрымаем ад Яго, бо захоўваем запаведзі Ягоныя і робім тое, што Яму падабаецца” (1 Ян 3, 22). 

Літургія Слова сённяшняй  нядзелі багатае на метафары, над якімі варта затрымацца і паразважаць. Сёння  шмат пачуем пра вінаграднік, вінаградную лазу – гэта вобразы добра вядомыя і распазнаваныя на старонках Святога Пісання.  Пад гэтай рэчаіснасцю  знойдзем апісанне Выбранага народу. У габрэйскай традыцыі Тора, Божае права прыраўноўваецца да віна  альбо азначае любоў, якою Бог адорвае Ізраэль. На вяселлі ў Кане Галілейскай Езус перамяняе ваду ў віно, якое становіцца сімвалам  Евангелля, якое Хрыстус абвяшчае ўжо на самым пачатку  свае публічнай дзейнасці. Добрая Навіна  Божага Сына  замяняе прэсную ваду законаў старога Запавету  і  прыносіць  людзям  радасць. Сёння мы пачуем словы Хрыста, які прыраўноўвае сябе да вінаграднай лазы, вернікаў – да галінак, а  Бога-Айца – да гаспадара вінаградніка, які клапоціцца аб ім. Прыладай, якой дзейнічае Айцец для ачышчэння вінаградніка, з’яўляецца слова Езуса. Кожны вернік атрымлівае запрашэнне трываць у лучнасці з Езусам, з Яго словамі ў Ягонай навуцы. Святы Ян тлумачыць, што перад усім гэтая пастава трывання праяўляецца ў захаванні слоў Божых і навукі Евангелля. Божае Слова можа стаць добрым жыццёвым фундаментам для кожнага чалавека. Дзякуючы слову, якое нам дае Айцец,  мы можам духоўна ўзрастаць і прыносіць добрыя плады. Трываючы ў Велікодным перыядзе, узгадваем хвалебнае Змёртвыхпаўстанне Езуса і таксама разважаем пра нашу будучыню. Падчас зямнога вандравання нашае асабістае духоўнае Змёртвыхпаўстанне з’яўляецца нічым  іншым, як рашэннем  вытрываць у лучнасці з Сапраўднай Вінаграднай Лазой, якой з’яўляецца Езус Хрыстус. 


 9 мая

6 Велікодная Нядзеля, год В

 

Трывайце ў любові

 

1 чытанне — Дз 410, 25-26. 34-35. 44-48.

Пс 98, 1-4. 

2 чыт. — 1 Ян 4, 7-10.

Евангелле — Ян 15, 9-17.

 

“Кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога” (1 Ян 4, 7).

Бог ёсць Любоў. Чалавек быў створаны па вобразу і падабенству Божаму. Здаецца, што самым трапным адкрыццём нашага падабенства да Бога з’яўляецца нішто  іншае, як  трыванне ў любові. Навучыцца перажываць штодзённасць у лучнасці з Панам, выконваючы Ягоныя наказы, каб дасведчыць збаўчых плёнаў у сваім жыцці. У сённяшнім  Евангеллі  Езус вучыць і  паказвае прыкладам свайго жыцця, чым з’яўляецца сапраўдная любоў.  Евангеліст Ян ажно дзесяць разоў паўтарае грэцкае слова: agape, agapao – любоў, любіць, кажучы пра ўзор дасканалай любові – чыстай, бескарыслівай, ахвярнай і адданай. Падчас Апошняй Вячэры Езус  менавіта на гэта звяртае асаблівую ўвагу, бо без такой любові Пасхальныя здарэнні і ўвогуле жыццё чалавека не мела б  сэнсу. Хрыстус ведае, што ўжо вельмі хутка вучні будуць сведкамі Ягонай мукі, укрыжавання і смерці, таму падкрэслівае, што няма большай любові за тую, калі сваё жыццё аддаём за іншых. Божы Сын не толькі прагне перадаць гэтую любоў  вучням, але кожнага запрашае да наследвання Яго ў гэтым. Таксама Літургія Слова адчыняе перад намі абавязковую ўмову, прыказанне, спаўняючы якое мы будзем вучнямі Хрыста: абавязак  вытрываць у Божай любові! Гэтыя словы з’яўляюцца заахвочваннем не толькі да аднаразовага ўчынку,  але да практыкавання любові на працягу ўсяго жыцця і трывалага ў ей прабывання.


 13 маяgr-str-30

Урачыстасць Унебаўшэсця Пана, год В

 

Місія абвяшчэння Евангелля

 

1 чытанне — Дз 1, 1-11.

Пс 47, 2-3. 6-9. 

2 чыт. — Эф 1, 17-23.

Евангелле — Мк 16, 15-20.

 

Узнёсся на вачах іхніх (пар. Дз 1, 9).

Падчас свайго зямнога жыцця і публічнай дзейнасці Езус абвяшчаў Евангелле пераважна ў межах Палесціны. Пасхальныя здарэнні і Ўваскрасенне Хрыста дае пачатак пракламацыі праўды аб адкупленні чалавецтва ўжо па ўсім свеце. Уваходзячы ў атмасферу святкавання Ўнебаўшэсця Пана, Касцёл звяртае асаблівую ўвагу на тое, што Езус,  вяртаючыся да Айца,  не пакідае сваіх вучняў. Працягвае ім спадарожнічаць і надзяляе іх духоўнымі дарамі, каб праз розныя знакі і цуды аб’яўлялася прысутнасць і любоў Бога да кожнага чалавека. Ад гэтага моманту  місія абвяшчэння Евангелля лажыцца  на апосталаў. Гэтае заданне нясе ў сабе неверагодную павагу і адказнасць, бо ад яе выканання залежыць збаўленне чалавека. У Евангеллі чуем запаведзь знакаў і цудаў, якія будуць спадарожнічаць тым, хто паверыць і прыме да сэрца словы Добрай Навіны: злых духаў  выганяць будуць, хворым несці аздараўленне, вырываць людзей з моцы граху і смерці. Крыху пазней, пасля Ўнебаўшэсця Езуса, святы Павел напіша: гора мне, калі б я не абвяшчаў Евангелле. Здаецца, што гэтае заданне і гонар абвяшчэння Евангельскіх праўдаў датычацца  кожнага  хрысціяніна.  Прыняцце Добрай Навіны аб тым, што Езус аддаў за нас сваё жыццё, памёр і ўваскрос, – вядзе да збаўлення, і добра, калі мы знойдзем у сваім сэрцы жаданне дзяліцца гэтымі праўдамі з іншымі.


 23 мая

Нядзеля Спаслання Духа Святога, год В

 

У сэрцы тых, хто  паверыў

 

1 чытанне — Дз 2, 1-11.

Пс 104, 1. 24. 29-31. 34. 

2 чыт. — 1 Кар 12, 3b-7. 12-13.

Евангелле — Ян 20, 19-23.

 

Усе напоўніліся Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах” (Дз 2, 4).

   У сённяшнім Евангеллі Ян вяртае нас у дзень Змёртвыхпаўстання Езуса, апісваючы здарэнні, калі Езус, праз зачыненыя дзверы, прыходзіць да сваіх вучняў. У першым чытанні Лука апісвае момант спаслання Духа Святога, адзначаючы час гэтага здарэння – пяцьдзясят дзён пасля Пасхі. У адрозненне ад яго, евангеліст Ян сведчыць пра гэтае здарэнне, указваючы, што яно адбылося ў дзень Змёртвыхпаўстання. Такім чынам Ян падкрэслівае, што Дух Святы прыходзіць разам са Змёртвыхпаўсталым Панам у сэрцы тых, хто паверыў.  Убачыўшы свайго Пана, Ягоныя прабітыя рукі, ногі і бок, вучні не могуць паверыць, што Езус жыве! Хрыстус адорвае сваіх вучняў дарам супакою і напаўняе іх сваім Духам. Менавіта праз дзеянне і моц Духа Святога ад гэтага моманту апосталы атрымліваюць моц адпушчэння грахоў. Дар Духа Святога з’яўляецца першым плёнам нашай веры ў  Хрыста Ўваскрослага.  Пазнейшыя словы Езуса аб адпушчэнні грахоў з’яўляюцца тэалагічнай падставай сакрамэнту пакуты  і паяднання. Добра перажыты сакрамэнт споведзі дае чалавеку магчымасць новага духоўнага нараджэння. Адпускаючы грахі, Пан стварае нас нанава. Дае сапраўдную  вольнасць. У Евангеллі грэчаскае слова krateo – затрымліваць (грахі) – дакладна тлумачыцца як трыванне, прабыванне ў вязніцы. Кожны,  хто  не  прымае Божай ласкі, застаецца ў духоўнай  клетцы, вязніцы свайго асабістага граху. Бог жадае дабра і  вольнасці  кожнаму чалавеку, і здаецца, што толькі ад нас саміх залежыць, ці мы захочам прыняць гэты дар.


 30 маяgr-str-31

Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, год В

 

Самая дасканалая супольнасць

 

1 чытанне — Дрг 4, 32-34. 39-40.

Пс 33, 4-6. 9. 18-20. 22. 

2 чыт. — Рым 8, 14-17.

Евангелле — Мц 28, 16-20.

 

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому, Богу, які ёсць, які быў  і які прыходзіць (пар. Ап 1,8).  

Сённяшняе Евангелле скіроўвае нашую ўвагу да аднаго з нямногіх урыўкаў з Новага Запавету, які гаворыць пра Святую Тройцу. Падчас сустрэчы ў Галілеі  Хрыстос аб’яўляе  сваім вучням  Святую Тройцу – Бога, Які з’яўляецца дасканалай супольнасцю і лучнасцю асобаў.  Менавіта такім чынам  Бог хоча даць сябе пазнаць і застацца ў гісторыі чалавецтва, адорваючы кожнага сваёй любоўю.  Дзелячыся  сваёй  таямніцай з іншымі, Бог прагне, каб і людзі дасведчылі такой жа супольнасці і ў сваім асабістым жыцці. Прагне, каб як мага больш людзей пачалі  будаваць свае адносіны такім жа чынам – па прыкладу і ўзору самай дасканалай еднасці, якую  можам  адкрыць і ўбачыць у Богу. Наказ хросту, які  Езус пакідае  апосталам і абяцанне Ягонай прысутнасці са сваімі вучнямі аж да сканчэння свету, з’яўляецца нічым іншым, як запрашэннем стаць часткай  гэтай супольнасці, якую ў паўнаце  перажываем  у Касцёле. Праз сакрамэнты і захаванне Божага слова яднаемся з Богам, сведчым аб дарах Святога Духа і прысутнасці  Хрыста  ў сваім жыцці.

 

 

 кс. Юрый ПРАКАПЮК


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий