Хлеб штодзённы

6 чэрвеняgr-str-30

10 звычайная нядзеля, год В

 

Трываць у Божым слове

 

1 чытанне — Быц 3, 9-15. 3

Пс 116, 12-13. 15-18. 

2 чыт. — 2 Кар 4, 13 – 5, 1.

Евангелле — Мк 3, 20-35.

 

“…хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці” (Мк 3, 35).

Сённяшняе Евангелле можам назваць Евангеллем сустрэчы. Шмат людзей, кіруючыся рознымі патрэбамі, шукаюць сустрэчы з Хрыстом. Вялікі натоўп збіраецца ў месцах, дзе Настаўнік затрымліваецца, каб убачыць Яго, атрымаць аздараўленне, ці звычайна пачуць Словы Ягонай навукі. Сярод натоўпу прысутнічаюць не толькі родныя Езуса, простыя людзі, але  таксама і вучоныя, якія прыйшлі з Ерузалема. Варта ўвагі, што кожны, хто прыходзіць  да Хрыста, прыносіць у сваім сэрцы розныя думкі і інтэнцыі. Адны напоўнены надзеяй, другіх перапаўняе захапленне, а сэрцы іншых атручаныя зайздрасцю і трывожнымі думкамі. Евангеліст  дакладна прыводзіць размову Хрыста з вучонымі ў Пісанні, якія абвінавачваюць Яго ў тым, што Ён дзейнічае моцай Бэльзэбуба і ў Яго імя выганяе злых духаў! Езус указвае на абсурднасць такога мыслення і рэзка адказвае на абвінавачванні: называе іх словы кламствам і грахом супраць Духа Святога. Гэты грэх не з’яўляецца актам выпрабавання Бога, узважваннем Ягонай моцы ці ўсемагутнасці, але заключаецца ў свядомым і дабравольным адрачэнні ад Езуса як Божага Сына і Збаўцы. Такая пастава практычна азначае абвінавачванне ў хлусні Духа Святога, які дае сведчанне  пра Езуса і аб’яўляе сваю моц у Ягоных учынках. Такі грэх ніколі не будзе адпушчаны чалавеку. На самым пачатку сённяшняга Евангелля можам заўважыць блізкіх і родных Езуса, якія клапоцяцца  пра Яго: “…І зноў сабраўся натоўп, так што яны не маглі нават хлеба паесці. Пачуўшы гэта, Яго родныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум” (Мк 3, 20-21). Можам заўважыць, што Езус у сваіх учынках перад усім кіруецца аўтарытэтам і воляй Нябеснага Айца – не адкідвае  свае зямной сям’і, кроўных, але кожнага запрашае стаць часткай іншай супольнасці – сям’і дзяцей Божых. Езус кажа: “Хто будзе выконваць волю Божую, той  Мне брат і сястра, і маці” (Мк 3, 35). Толькі тады сям’я, як і кожны з нас, спаўняе сваё заданне, калі трывае ў Божым слове і ў Божым плане збаўлення.


 

 13 чэрвеняgr-str-30-2

11 звычайная нядзеля, год В

 

Хто клапоціцца і прымушае квітнець

 

1 чытанне — Эзх 17 , 22-24.

Пс 92, 2-3. 13-16. 

2 чыт. — 2 Кар 5, 6-10.

Евангелле — Мк 4, 26-34.

 

“Стараемся падабацца Яму, ці то будучы з Ім, ці то далёка ад Яго” (2 Кар 5, 9).

У гэтую нядзелю працягваем чытанне Евангелля, паводле св. Марка, якое было напісана Першым у храналагічным парадку. Крыху пазней тэкстамі евангеліста Марка карысталіся св. Лука і св. Ян падчас рэдакцыі ўжо сваіх Евангелляў. Чацвёрты раздзел Добрай Навіны, запісаны св. Маркам, пры-свечаны прыпавесцям, якія Езус апавядаў людзям, прагнучы данесці і растлумачыць ім таямніцы Божага Валадарства. У сённяшняй Літургіі Слова мы пачуем дзве з пяці прыпавесцей: аб пшанічным і гарчычным зерне. Падчас сваёй публічнай дзейнасці Езус даволі часта карыстаўся метафарамі, каб людзям тлумачыць таямнічыя і не раз цяжкія Божыя справы. Гісторыя збаўлення здзяйсняецца сярод дрэваў. Пачынаючы ад дрэва жыцця, праз дрэва пазнання дабра і зла і ажно да Дрэва Крыжа, на якім даканалася нашае  збаўленне. Сённяшняя Літургія Слова паказвае, што мы не толькі жывём сярод дрэваў, але што таксама і духоўнае жыццё кожнага чалавека вельмі падобна да дынамікі росту нейкага дрэва альбо расліны. Пачынаючы ад першага чытання, пераконваемся, што заўсёды павінен быць хтосьці, хто дасць пачатак росту, хтосьці,  хто падрыхтуе добрую глебу для далейшага развіцця, каб урэшце рэшт дачакацца добрых плёнаў. Літургія Слова ўказвае, што менавіта Бог з’яўляецца тым, хто садзіць, клапоціцца, дае ўзрост і прымушае квітнець, прыносіць плады. Здаецца, што адзіным заданнем чалавека з’яўляецца цярплівасць і асабістая згода дазволіць Богу клапаціцца пра сябе: бо ўсе мы павінны з’явіцца перад тронам Хрыста, каб кожны атрымаў згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе: добрае ці благое (пар. 2 Кар 5, 6-10).


 

 20 чэрвеняgr-str-31

12 звычайная нядзеля, год В

 

Новае стварэнне

 

1 чытанне — Ёв 38, 1. 8-11.

Пс 107, 23-26. 28-31. 

2 чыт. — 2 Кар 5, 14-17.

Евангелле — Мк 4, 35-41.

 

“…калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось сталася новае” (2 Кар 5, 17).

Літургія Слова сённяшняга дня вядзе нас праз ветры і буры ажно да спакойнай і бяспечнай прыстані. У першым чытанні бачым Ёва, які ўсклікае да Бога і абвінавачвае Яго ў бяздзеянні падчас смяротнай небяспекі на моры. Аднак Бог мае свой план і ў адпаведны час усё парадкуе, прыходзячы на паратунак чалавеку. Далей становімся сведкамі Евангельскага здарэння, якое хоць і адбываецца ўжо ў іншым месцы і часе, але дакладна паўтарае гісторыю і дасведчанасць Ёва цяпер ужо ў жыцці вучняў Хрыста. Здаецца, што апосталы трапляюць у тую ж самую духоўную буру, якая калісьці паглынула сэрца Ёва, а цяпер запаўняе іхнія сэрцы страхам і роспаччу. Вучні падобна, як Ёў, клічуць: не хвалюе Цябе, што мы гінем?! Езус абараняецца пытаннем, скіраваным да іх: чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры? Незалежна ў якім часе і абставінах прыйшлося жыць кожнаму з нас, але добра мець свядомасць, што прыйдзе момант, калі хвалі жыццёвага крызісу, незапланаваныя цяжкія здарэнні будуць затапліваць човен і нашага жыцця. Не раз будуць сеяць у нашых сэрцах роспач, пазбаўляючы нас здольнасці бачыць Бога і давяраць Яму, з націскам будуць пераконваць нас, што Бог далёка ад майго жыцця і маіх праблем. Пытанне, якое Езус кіруе да сваіх вучняў у момант небяспекі, з’яўляецца для кожнага з нас адказам і паратункам. Апрача сваіх жыццёвых забеспячэнняў, варта паклапаціцца і захаваць у сэрцы жывую веру. Даверыцца Богу, які цярпліва трывае пры кожным чалавеку і мае моц у адпаведны час усё ўпарадкаваць і прыйсці да нас з паратункам.


 

 27 чэрвеняgr-str-31-2

13 звычайная нядзеля, год В

 

 Не бойся, толькі вер!

 

1 чытанне — Мдр 1, 13-15; 2, 23-24. 

Пс 30, 2. 4-6. 11-13. 

2 чыт. — 2 Кар 8, 7. 9. 13-15.

Евангелле — Мк 5, 21-43.

 

“Наш Збаўца Езус Хрыстус знішчыў смерць“ (2 Цім 1,10).

“Евангелле” – грэчаскае слова, якое дакладна тлумачыцца як Добрая Навіна. Кожную нядзелю падчас святой Імшы чытаюцца тэксты, запісаныя евангелістамі, каб кожны чалавек мог насыціцца гэтай дабрынёй і пазнаць Бога, які любіць чалавека. Езус, Божы Сын, з’яўляецца дасканалым адлюстраваннем гэтай любові, якую аб’яўляе сваімі словамі і ўчынкамі. І калі ў першым чытанні мы пачулі аб дабрыні Бога, то ў сённяшнім Евангеллі знаходзім пацвярджэнне гэтых слоў канкрэтнымі ўчынкамі Хрыста. Езус здзяйсняе справы, якія моцна парушаюць сэрцы сведкаў евангельскага здарэння, – уваскрашае дачку Яіра, аднаго з кіраўнікоў сінагогі. Словы з Кнігі Мудрасці знаходзяць сваё спаўненне ў сённяшнім Евангеллі: Бог стварыў усё для жыцця, Ён не цешыцца са згубы жывога. Стварыў чалавека для несмяротнасці, учыніў яго вобразам сваёй вечнасці! Нягледзячы на тое, што пасля гэтага здарэння мінула некалькі тысячагоддзяў, мы маем упэўненасць, што любоў Бога і Ягоны клопат пра кожнага чалавека застаюцца нязменнымі і ніколі не губляюць сваёй моцы. Няма такой нядзелі і няма такой святой Імшы, калі б вернікі не выслухалі слоў Евангелля – усё гэта дзеля таго, каб мы няспынна ўсведамлялі сабе праўду пра Бога, у Якога верым, мелі праўдзівы вобраз Бога. Сёння найважнейшым пасланнем да кожнага верніка з’яўляюцца словы Езуса, скіраваныя кіраўніку сінагогі: не бойся, толькі вер! Мы ўжо ведаем, які плён у яго жыцці прынесла вера ў Хрыста, цяпер час даведацца, якія плёны прынясе вера ў Бога ў нашым жыцці, каб і мы маглі па нашай веры спазнаць Божую дзейнасць, паўнату жыцця і збаўлення.

 

 

кс. Юрый  ПРАКАПЮК


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий