14 звычайная нядзеля, год В
Быць чуйным
1 чытанне — Эзх 2, 2-5.
Пс 123, 1-4.
2 чыт. — 2 Кар 12, 7-10.
Евангелле — Мк 6, 1-6.
“Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне яго, сярод родных яго і ў доме яго” (Мк 6, 1-6).
Свядомае хрысціянскае жыццё – гэта заўсёды шэраг, не раз маленькіх, але вельмі канкрэтных крокаў у кірунку Бога і бліжняга. Паставы і ўчынкі, напоўненыя дабром і адказнасцю за іншых, з’яўляюцца нібыта місіяй, да выкання якой Бог кліча кожнага чалавека. Хоць вельмі часта нашая духоўная моц удасканальваецца праз нашыя слабасці, у гэтай місіі Божая ласка заўсёды нас апярэджвае, умацоўвае і фармуе. У сённяшнім Евангеллі Езус паказвае, што найцяжэй гэтае заданне выконваць – сведчыць аб сваёй веры – сярод сваіх родных і блізкіх. Цяжка быць сведкам веры сярод тых, хто асабіста не дасведчыў і не адчуў смаку веры.
Езус са сваімі вучнямі прыходзіць у Назарэт – горад, у якім вырас, дзе ўсе Яго добра ведаюць, і распачынае сваё прапаведванне ў сінагозе, падчас набажэнства, распавядаючы пра Божае Валадарства. Ягоныя словы і чуткі пра цуды, здзейсненыя ў іншых месцах, вельмі зацікаўліваюць слухачоў… Аднак у сэрцах прысутных, апрача здзіўлення і шматлікіх пытанняў, на жаль, не знаходзіцца месца для веры і пераканання ў тым, аб чым Езус кажа.
Менавіта гэта і было галоўнай прычынай, з-за якой Езус сыходзіць з Назарэта, не ажыццявіўшы там шмат цудаў. Падобнай “спакусе недаверу” можа паддацца кожны вернік. Шмат гадоў належачы да канкрэтнай парафіі, добра ведаючы святароў, якія ў ёй працуюць, кожны тыдзень слухаючы казанні і катэхезы, з цягам часу можам загубіць духоўную чуйнасць. Прыйсці да перакання, што нічога новага для сябе ўжо не даведаемся, што звычайна марнуем свой час і сілы. Аднак добра мець свядомасць, што духоўнае жыццё – гэта заўсёды рэчаіснасць, поўная дынамізму. Варта быць чуйным да праўдаў веры, якія можам адкрываць праз паслугу іншых, нават і добра вядомых нам асобаў, у добра вядомых нам месцах, ці звычайна ў нашай штодзённасці. Быць уважлівым, каб не затрымлівацца над ужо дасягнутым, азначае заўважаць здарэнні і сустрэчы, якія паглыбляюць нашую веру. Бог дзейнічае ў нашай штодзённасці, дзейнічае праз іншых людзей, праз розныя сітуацыі і заўсёды болей атрымаем, калі ахвочым сэрцам і добрай воляй будзем здольныя заўважаць гэтыя знакі.
11 ліпеня
15 звычайная нядзеля, год В
Даверыцца Божаму Провіду
1 чытанне — Ам 7, 12-15.
Пс 85, 9-14.
2 чыт. — Эф 1, 3-14.
Евангелле — Мк 6, 7-13.
“Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові” (Эф 1,4).
Сённяшняе Евангелле аб’яўляе чытачам місію і заданні, з якімі Хрыстус прыйшоў на гэты свет. Больш таго, заўважаем вучняў, якія спадарожнічалі Езусу і былі побач Яго і якія сёння чуюць наказ: ісці і абвяшчаць Слова, аздараўляць, уваскрашаць памерлых, выганяць злых духаў. Пачуем таксама аб адпаведнай паставе вучня: не браць ані хлеба, ані торбы, ані медзі – дзеля таго, каб цалкам даверыцца Божаму Провіду і не клапаціцца аб іншых справах. Напэўна, гэта нялёгкае заданне іншым несці добрую навіну, калі сэрца чалавека часта застаецца зачыненым на Божую праўду. На мінулым тыдні мы разважалі над цяжкім лёсам прарока. Варта ўвагі тое, што Хрыстус кліча тых, каго Сам выбраў, каб яны былі блізка Яго, абвяшчалі навуку і выганялі злых духаў. Да сённяшняга дня апосталы здзейснілі толькі першую частку гэтага задання – спадарожнічалі разам з Езусам, але ўжо ў наступных раздзелах наступае пераломны момант, калі вучні пачынаюць удзельнічаць і ў галоўнай місіі Божага Сына: абвяшчаць Евангелле, аздараўляць і вызваляць з путаў зла – становяцца апосталамі (пасланымі). Хрыстовы наказ – “Ідзіце і навучайце” – без сумніву скіраваны і да кожнага з нас.
Удзельнічаем у збаўчай справе Самога Бога і будуем супольнасць Касцёла, калі выконваем Ягоную волю. Здаецца, вельмі істотным для поўнага перажывання сваёй веры, сваёй прыналежнасці да хрысціянства з’яўляецца не толькі доўгі час быць побач з Хрыстом, прымаць сакрамэнты, знаходзіць час на духоўныя разважанні і малітву, але ў пэўны момант згадзіцца прыняць Ягонае запрашэнне (калісьці ўпершыню скіраванае да апосталаў) – стаць сведкай Евангелля ў сваім асяроддзі. Не баяцца падзяліцца досведам сваёй асабістай веры з іншымі: у сваіх сем’ях, на месцах працы, у грамадстве… Даверыцца Божаму Провіду і перамяняць гэты свет Божай моцай.
18 ліпеня
16 звычайная нядзеля, год В
Дзяліцца сваім досведам
1 чытанне — Ер 23, 1-6.
Пс 23, 1-6.
2 чыт. — Эф 2, 13-18.
Евангелле — Мк 6, 30-34.
“Былі як авечкі без пастыра” (Мк 6,34).
Трываючы пры Евангеллі св. Марка, працягваем разважанні над шостым раздзелам, у якім Езус абвяшчае Божае Валадарства і здзяйсняе шматлікія цуды. Нягледзячы на гэтыя надзвычайныя здарэнні, місія Хрыста сустракаецца з вялікім адпорам і незразуменнем, нават з боку ягоных землякоў і на ягонай бацькаўшчыне. У наступных главах мы становімся сведкамі смерці папярэдніка Езуса – Яна Хрысціцеля і ўсё з большай дакладнасцю можам прадбачыць небяспекі, якія чакаюць і Езуса. Сённяшняе Евангелле апісвае вяртанне вучняў, якія, паслухмяныя наказу Хрыста, вырушылі, каб абвяшчаць Евангелле.
Марк апісвае іх вялікую радасць і жаданне падзяліцца сваім досведам. Здаецца, што словы добрай навіны і ўчынкі вучняў трапілі ў сэрцы тых, да каго яны былі накіраваныя. Езус пасылае сваіх вучняў крыху адпачыць, адыйсці на пустыннае месца, каб набрацца сіл перад новым этапам фармацыі. Пасрэдна можам заўважыць таксама вялікі духоўны голад людзей, якія, аднойчы дасведчыўшы сустрэчу з Хрыстом ці з Ягонымі вучнямі, далей шукаюць магчымасці сустракацца з імі. “Былі як авечкі без пастыра”. Бачым, што цяпер ужо толькі сам Хрыстус адказвае на прагненне чалавечых сэрцаў – адмаўлячыся ад адпачынку, сустракаецца з людзьмі і пачынае іх навучаць. Евангелле ўказвае Хрыста, Які знаходзіцца ў сталым руху амаль без перапынку. Паказвае, што няма адпачынку ад адказнасці і любові. Божы Сын аб’яўляе Сябе Пастырам, даступным 24/7. Такім застаецца для кожнага чалавека і цяпер. Варта ўсвядоміць, што праз дар веры ў нашае асабістае жыццё запрашаем і трываем у прысутнасці Самога Бога – сапраўднага Пастыра, які не хоча адпачываць, міласэрныя вочы і любячыя сэрца якога заўсёды звернуты да чалавека.
17 звычайная нядзеля, год В
Прыклад дае Хрыстус
1 чытанне — 2 Вал 4, 42-44.
Пс 145, 10-11. 15-18.
2 чыт. — Эф 4, 1-6.
Евангелле — Ян 6, 1-15.
“Вочы ўсіх з надзеяй глядзяць на Цябе, і Ты даеш ім ежу ў свой час” (Пс 145, 15).
У сённяшнім Евангеллі св. Ян, апісваючы размнажэнне малой колькасці пшанічнага хлеба, якім насычаецца вялікі натоўп, указвае на тое, што адбываецца падчас кожнай святой Імшы. Перад тым, як Езус завершыць цуд размнажэння хлеба, спачатку падрыхтоўвае, фармуе нашыя сэрцы да адпаведнай паставы, каб яны былі вольнымі ад матэрыяльных калькуляцый Філіпа і скептыцызму Андрэя. Хрыстус, беручы хлеб і прамаўляючы малітву падзякі, дае нам прыклад, якім павінен быць і наш асабісты падыход, нашае асабістае настаўленне перад тым, як мы самі прыступім да Святой Камуніі. Адкрываем праўду, што, нягледзячы на лёгкасць заспакойвання свайго фізічнага голаду і прагнення, кожны з нас носіць у сабе вялікі духоўны голад. Голад і прагненне, якія толькі Бог можа заспакоіць: дае ежу ў свой час, адкрывае сваю руку і ўдосталь насычае ўсё жывое (Пс 145 (144)). Божым спажыткам для душ людскіх з’яўляецца Цела і Кроў Хрыста. Маленькі кавалак Жывога Хлеба становіцца духоўнай ежай, якая мае вялікую моц. Варта ўвагі тое, што Езус не просіць, а спачатку дзякуе (грэчаскае слова euxaristesas – па-дзяка – Эўхарыстыя) за тое, што яшчэ не атрымаў. Цалкам давяраючы Айцу, не паддаецца людскім калькуляцыям, але пераканана верыць, што ўсё, аб чым папросіць, – атрымае, бо Айцец Нябесны дае толькі добрыя рэчы сваім дзецям. Сённяшняе Евангелле адчыняе перад вернікамі глыбокі сэнс Эўхарыстыі – святой Імшы і фармуе нас да ўдзячнасці, адкрытасці на Божыя дары. Менавіта па-гэтаму нашая пастава і падыход да Эўхарыстыі не павінны абмяжоўвацца толькі малітвай просьбы, але перад усім быць малітваю падзякі і абсалютнага даверу Богу.
кс. Юрый ПРАКАПЮК
1 жніўня
18 звычайная нядзеля, год В
Хлеб з неба
1 чытанне — Зых 16, 2-4. 12-15.
Пс 78, 3-4. 23-25. 54.
2 чыт. — Эф 4, 17. 20-24.
Евангелле — Ян 6, 24-35.
“Хто да Мяне прыходзіць, небудзе галодны” (Ян 6, 35).
Літургія слова гэтай нядзелі, якая тэматыча моцна злучана з літургічнымі тэкстамі папярэдняй, працягвае адчыняць перад вернікамі таямніцу Эўхарыстыі. Галоўнай праўдай, якая знаходзіцца ў літургіі, з’яўляецца тэма Хлеба Жыцця, які Бог дае свайму народу. Будучае ўстанаўленне сакрамэнту Эўхарыстыі Бог прадказвае праз добра вядомае для кожнага габрэя гістарычнае здарэнне, якое адбылося падчас саракагадовай вандроўкі Выбранага народу ў пустыні. Гаворка пра цуд манны з неба, якая праз доўгі час была галоўнай ежай на шляху да Абяцанай Зямлі (Першае чытанне, Зых 16, 2–4. 12–15). Манна, пасланая Ізраэлю на пустыні, хоць і насычала, але з часам знікла; хоць і давала жыццёвыя сілы, але не аберагала ад смерці. Сённяшняе Евангелле апісвае дыялог людзей з Езусам, якія патрабуюць, каб Ен выказаўся нейкім моцна выразным знакам, які калісьці дасведчылі іхнія продкі. Шукаюць пераканання і доказу, што Езус з’яўляецца Божым Сынам і сапраўдным Месіяй. У адказ Хрыстус указвае на Сябе, як на Новы Хлеб, які з неба сыходзіць і дае жыццё кожнаму, хто Яго спажывае. Здаецца, што словы Хрыста больш зразумелыя для нас, сучасных людзей, якія ўжо шмат чаго чулі пра сакрамэнты, удзельнічалі ў шматлікіх катэхезах, рэгулярна бывалі на святой Імшы. Незалежна ад асабістага ўзроўню рэлігійных ведаў, заўсёды варта нанова ўсведамляць рэальную прысутнасць Хрыста ў постаці хлеба і віна. Шукаць магчымасці як мага часцей насычацца гэтым Хлебам, услухоўвацца ў Божае Слова, давяраць яму, пільнаваць сваё сэрца ад спакусы “шукання новых знакаў” Божай прысутнасці, …каб мы больш не жылі, як жывуць язычнікі, каб адкінулі ранейшыя паводзіны і свайго старога чалавека; апрануліся ў новага чалавека, створанага паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды (пар. Эф 4, 17. 20–24).
8 жніўня
19 звычайная нядзеля, год В
Крыніца нашага жыцця
1 чытанне — 1 Вал 19, 4-8.
Пс 34, 2-9.
2 чыт. — Эф 4, 30 – 5, 2.
Евангелле — Ян 6, 41-51.
“Я шукаў Пана, і Ён пачуў мяне і ад усіх пагрозаў вызваліў мяне” (Пс 34, 5).
Прагненне і смак жыцця – гэта адно з самых цудоўных пачуццяў, якія можа дасведчыць чалавек. Стан духа, напоўнены надзеяй, радаснымі перажываннямі, планамі на будучыню, якія правакуюць да яшчэ больш актыўнага перажывання сваёй штодзённасці, часта называем шчасцем. Аднак часам здараюцца жыццёвыя выпадкі і сітуацыі, якія пазбаўляюць нас і гэтай надзеі, і планаў, і смаку жыцця. Першае чытанне дасканала апісвае менавіта такі момант духоўнай барацьбы, пра якую сведчыць Прарок. Ілля трапляе ў стан дэпрэсіі, губляе надзею і прагне смерці, бо звычайна па-чалавечы не бачыць выйсця з сітуацыі, у якой апынуўся, заклікае: Хопіць ужо, Пане! Вазьмі маё жыццё, бо я не лепшы ад маіх продкаў!
Можа нас здзіўляць адказ Бога на ягоны крык душы – прынесеная анёлам ежа і загад «устань і еш!». Аднак адразу заўважаем незвычайную моц, якую Ілля атрымлівае, будучы паслухмяны Божаму наказу: ён устаў, з’еў і выпіў. І, падмацаваўшыся гэтым пасілкам, ішоў сорак дзён і сорак начэй да Божай гары Горэб. Сёння мы працягваем, ужо трэцюю нядзелю запар, разважаць над Літургіяй слова, якое датычыць Эўхарыстыі. Невыпадкова Евангелле гэтай нядзелі папярэджвае гісторыя прарока Іллі, лёс якога можа адлюстроўваць найбольш грозныя цяжкасці чалавечага лёсу. Сёння маем не толькі прыклад, як Бог клапоціцца аб тых, хто верыць у Яго. Атрымліваем нешта большае – абяцанне вечнага жыцця, калі будзем спажываць Хлеб, з неба нам даны, якім з’яўляецца Цела Хрыста. У гэтую нядзелю адкрываем Эўхарыстыю не толькі як адно са шматлікіх набажэнстваў, нейкі абавязак, ці толькі традыцыю, але перад ўсім бачым у ёй крыніцу свайго жыцця. Добра, калі асабіста пакаштуем і ўбачым, які добры ёсць Пан! Бо шчаслівы чалавек, які на Яго спадзяецца (Пс 34).
15 жніўня
Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, год В
Бог дае надзею
1 чытанне — Ап 11, 19а;
12, 1-6а. 10ab.
Пс 132, 6-7. 9-10. 13-14.
2 чыт. — 1 Кар 15, 20-27.
Евангелле — Лк 1, 39-56.
“Марыя ўзята на неба, радуюцца хоры анёлаў” (Спеў перад Евангеллем).
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што Ўнебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца асаблівым ўдзелам у Змёртвыхпаўстанні Яе Сына, а для ўсіх вернікаў – спадзяваннем на асабістае ўваскрашэнне (ККК 966). Уваходзячы ў атмасферу святкавання гэтага здарэння, вернікі асаблівым чынам вызнаюць веру ў тое, што Марыя, завяршыўшы шлях зямнога жыцця, была ўзята целам і душою ў нябесную хвалу (ККК 966), дасягнула таго, да чаго мы толькі цярпліва ідзём. Радуемся надзеі, якую Бог дае кожнаму, што і мы, пасля нашай зямной вандроўкі, сустрэнемся з нашым Панам у Ягоным Валадарстве. Касцёл, ушаноўваючы Панну Марыю, заахвочвае кожнага хрысціяніна не толькі заклікаць Яе заступніцтва, але і наследваць Яе веру і адданасць Божай волі. У сённяшнім Евангеллі чуем словы: “Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам” (Лк 1, 45). Добра ведаем, што жыццёвы шлях Марыі не быў лёгкім, наадварот – азначаны выпрабаваннямі і цяжкасцямі.
Вартым нашай увагі з’яўляецца тое, што ва ўсіх гэтых здарэннях Марыя захавала паслухмянасць і веру, якая ў свой час прынесла збаўленчыя плады ў вечнасці. Трываючы пры Богу, Ягоным Слове і сакрамэнтах, перасцерагаючы хрысціянскія традыцыі, можам быць упэўненыя, што і мы знаходзімся на шляху збаўлення. Кожны на свой спосаб і ў сваім часе, але з кожным днём усё болей набліжаемся да канчатковай мэты і сэнсу хрысціянскага паклікання – з’яднання з Богам і жыцця вечнага ў Нябесным Валадарстве.
22 жніўня
21 звычайная нядзеля, год В
Запрашэнне
1 чытанне — Іс 9, 1-6.
Пс 34, 2-3. 16-23.
2 чыт. — Рым 12, 9-16b.
Евангелле — Лк 1, 26-38.
“Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы, хвала Яго заўсёды на маіх вуснах” (Пс 34,2).
Евангелле сённяшняга дня, паводле св. Яна, прадстаўляе вернікам ужо апошнія раздзелы шостай главы, якія завяршаюць навучанне пра Хлеб Жыцця, якім з’яўляецца Езус Хрыстус. Важнымі тэматычнымі фігурамі гэтай наррацыі з’яўляюцца: рэакцыя вучняў на словы Хрыста об тым, што Ягонае Цела з’яўляецца Хлебам, які належыць спажываць; далей, вартым ўвагі з’яўляецца магчымасць вольнага выбару, які Пан пакідае сваім вучням; і, урэшце, пытанне-вызнанне Пятра: “Пане, да каго мы пойдзем, Ты маеш словы вечнага жыцця…”.
З Літургіі Слова даведваемся, што пасля размовы з Езусам многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім. Мова Езуса здаецца ім цвёрдай і не супадае з іх спосабам мыслення, з іх верай і ўяўленнем Бога. Водгук Евангельскага пытання “Ці і вы таксама хочаце адысці?” чуем у першым чытанні. Езус Навін, які кажа сваю развітальную прамову перад смерцю і звяртаецца да ўсіх пакаленняў Ізраэля, нагадвае ім пра рэлігійную спадчыну той часткі Божага народа, якая перажыла Зыход і Аб’яўленне Пана. Пытаецца ва ўсяго народа, ці жадае ён пакланяцца толькі Пану? Дае яскравую альтэрнатыву: калі вам здаецца кепскім служыць Пану, то зрабіце сёння выбар, каму хочаце служыць. Я ж і мой дом будзем служыць Пану! Усе пакаленні вырашаюць служыць толькі Пану Богу.
Невыпадкова гэтыя тэксты – першае чытанне і Евангелле – сёння разам ўключаны ў Літургію Слова, аб’ядноўвае іх адзіная думка – запрашэнне даверыцца Богу і вытрываць у веры, нават тады, калі гэтая рэчаіснасць незаўсёды зразумелая і ясная. Такім чынам вера правакуе нас да прынцыповага рашэння абраць Бога за свайго адзінага Пана. Кіравацца Ягонымі запаведзямі ў сваім сямейным, прафесійным, ці грамадскім жыцці. Адкрываць Ягоную прысутнасць у сакрамэнтах (асабліва падчас святой Імшы) і асабістай малітве. Пытанне Хрыста “Ці і вы таксама хочаце адысці?” ужо некалькі тысячагоддзяў застаецца актуальным, скіраваным да кожнага чалавека. Добра, калі ў ягоным жыцці настане момант і за св. Пятром ён паўторыць: “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага. А мы паверылі і спазналі, што Ты ёсць Святы Бога”.
29 жніўня
22 звычайная нядзеля, год В
План на цэлае жыццё
1 чытанне — Дрг 4, 1-2. 6-8.
Пс 15, 2-5.
2 чыт. — Як 1, 17-18. 21b-22. 27.
Евангелле — Мк 7, 1-8. 14-15.
Хто паселіцца на Тваёй святой гары?
Лета скончылася, вяртаемся да школы, да працы, а тут Пан заахвочвае нас, каб паглядзелі на неба, затым прыгледзеліся да нашай штодзённасці. Так жыве Божы чалавек – з сэрцам на небе і ступаючы цвёрда па зямлі.
Пачуўшы наказы Права, захоўваем іх ў сэрцы і выконваем іх, бо сваёю мудрасцю яны вядуць да Неба. Гэта план для кожнага з нас на цэлае жыццё. Пасля знаходзім нашае пакліканне і рэалізуем яго. Найперш патрэбна нарадзіцца са Слова Божага, пасля прыняць сакрамэнты і весці жыццё, годнае дзяцей Божых. Без крывадушша і рэлігійнай дробязнасці пакланяемся Богу не толькі вуснамі, але ўсім сэрцам. Аб’яўляецца гэта мнага-кратна ў справах міласэрнасці.
Неба павінна пасяліцца ў сэрцы, якое па-людску поўнае ўсякай нячыстасці. Як тую нячыстасць “павымятаць”? Запрасіць да яго добрага Божага Слугу, які ім не пагарджае, але пераменіць яго на прыгожую святыню.
кс. Юрый ПРАКАПЮК