3 снежня
I Нядзеля Адвэнту,год В
Чувайце, бо прыйдзе гаспадар дома “
1 чытанне — Іс 63, 16b-17. 19b.
Пс 80 (79), 2ас і 3b. 15-16. 18-19.
2 чытанне — 1 Кар 1, 3-9.
Евангелле — Мк 13, 33-37.
“Ён і будзе ўмацоўваць вас аж да канца, каб вы былі бязвіннымі ў дзень Пана нашага Езуса Хрыста” (1 Кар 1, 8).
На пачатку новага літургічнага года, а дакладней, у пачатку Адвэнту, запытаем у сябе: якія гарачыя жаданні мы носім у сабе? Якое з іх у нас пераважвае?
Каб зразумець тых, хто жыве ў нашым грамадстве, хоць яны і не з’яўляюцца хрысціянамі, мы можам пашырыць гэтае пытанне: да чаго імкнуцца людзі, якіх мы штодня сустракаем? Мы, здаецца, не памылімся, калі скажам, што ўсе мы імкнёмся да таго, каб «жыць і быць шчаслівымі». Аднак ці не з’яўляюцца менавіта жыццё і шчасце тым, што Святое Пісанне называе «збаўленнем»? І што датычыць нас, ці жадаем мы палымяна быць збаўленымі?
Калі нашыя жаданні збаўлення не закаранёныя ва ўсведамленні абсалютнай ініцыятывы Бога Збаўцы, то яны з’яўляюцца толькі смешнымі намерамі і снамі, якія хутка паблекнуць. Да канчатковай сустрэчы з Панам мы не рыхтуемся толькі праз тое, што будзем шмат і, можа, добра гаварыць, але перш за ўсё праз тое, што мы даверымся ўладзе і дзейснасці Яго збаўчай дзейнасці. Жаданне збаўлення з’яўляецца са-праўдным і каштоўным менавіта тады, калі мы ўпэўнены, што толькі Бог можа нас збавіць. Гэта азначае, што чакаць збаўлення мы можам толькі ад Бога.
10 снежня
II Нядзеля Адвэнту,год В
Падрыхтуйце дарогу Пану
1 чытанне — Іс 40, 1-5. 9-11.
Пс 85 (84), 9аb-10. 11-14.
2 чытанне — 2 П 3, 8-14.
Евангелле — Мк 1, 1-8.
“Як пастыр, Ён будзе пасвіць статак свой; ягнятаў будзе браць на рукі і насіць на грудзях сваіх” (Іс 40, 11).
Першае чытанне апісвае нам абстаноўку ў вавілонскай няволі: ізраільскі народ церпіць выгнанне са сваёй радзімы. Юдэі, хоць і страцілі ўсё, аднак мелі ў сваім сэрцы цвёрдую ўпэўненасць, што Бог іх вызваліць.
Сёння мы жывём у спакойным грамадстве, на сваёй радзіме, у сваіх дамах. Але як? Мы замыкаемся ў сваіх памяшканнях, нібы знахо-дзімся ў акружэнні. З гэтага пункту гледжання нагадваем юдэяў у вы-гнанні, але з той розніцай, што многія з нас не чакаюць боскага Вызваліцеля. Многія ўжо не спа-дзяюцца, што могуць быць вызвалены. Хіба не праўда, што самотнасць, страх, неспакой нясуць адчуванне таго, што мы ў пустыні? Аднак ці ёсць яшчэ ў гэтай пустыні жыцця магчымасць збаўлення?
Мы, у якіх часта не хапае надзеі, нагадваем пустыню. Аднак Бог бярэ на сябе ініцыятыву і выходзіць нам насустрач – прамаўляе праз Хрыста сваё збаўленчае слова. Бог таксама пасылае ў нашу пустыню Яна Хрысціцеля, які кліча і абвяшчае прыйсце Хрыста: «Ідзе за мною мацнейшы за мяне… Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».
Голас Яна Хрысціцеля гучыць «у пустыні», там, дзе няма жыцця, дзе няма чакання збаўлення, надзеі на вызваленне, дзе ёсць цемра, неўрадлівасць. Такім з’яўляецца наш свет. Аднак у ім ёсць Бог. Ён прыходзіць у Езусе Хрысце. Ён любіць нас, хоць мы і нягодныя гэтага, Ён верыць нам, нават тады, калі мы Яму не давяраем, Ён жадае нашага збаўлення, нават тады, калі мы не чакаем збаўлення. Аднак калі мы прымем Бога, то нават пустыня расквітнее і прынясе плады.
Навяртанне ўключае ў сябе шмат аспектаў. Адзін з іх датычыць сям’і. Задумаемся, ці не з’яўляюцца нашыя дамы пустыняй. Як мы можам падрыхтаваць шлях для Пана да гэтай пустыні? Чытанні сённяшняй літургіі сцвярджаюць адно: Бог жадае прыйсці ў нашу пустыню і вызваліць нас ад голаду, прагі і бясплоднасці.
17 снежня
III Нядзеля Адвэнту, год В
Узыдзе правасуддзе
1 чытанне — Іс 61, 1-2а. 10-11.
Лк 1, 46b-48. 49-50. 53-54.
2 чытанне — 1 Тэс 5, 16-24.
Евангелле — Ян 1, 6-8. 19-28.
“Дух Пана Бога на мне, бо Пан намасціў мяне“(Іс 61, 1).
У падрыхтоўчым дакуменце для Сабору ў Ларэта гаворыцца: «Хрысціянскае прымірэнне з’яўляецца дарам з неба: Бог праз Езуса Хрыста паяднаў нас з сабою (пар. 2 Кар 5, 18), і Яму найперш аддаём нашу ўдзячнасць і хвалу (пар. Эф 1, 3–23; Клс 1, 3–23). (…) Гэта ініцыятыва, у якой мы і ўсё чалавецтва, перш за ўсё тыя, хто атрымлівае ласку, не з’яўляемся яе ініцыятарамі. Да прымірэння прыходзім праз пасхальную ахвяру Езуса, якая становіцца прысутнай у Эўхарыстыі і праз пасрэдніцтва Духа Святога, спасланага дзеля адпушчэння грахоў».
«Рашэнне» прыходзіць ад Бога, а не ад людзей. Аднак кожны дзень мы ўсё ж такі рызыкуем ізноў будаваць ілюзіі, што самі або з дапамогай іншых людзей вырашым нашыя праблемы. І штодзень мы павінны канстатаваць, што рашэнні, якія паходзяць ад нас, не выдаляюць канфліктаў, суперніцтва, па-дзелаў, несправядлівасці. Справа ў тым, што існуе рашэнне, якое не паходзіць ад нас і не з’яўляецца такім, як нам яно бачыцца, – гэта рашэнне, якое паходзіць ад Бога.
24 снежня
IV Нядзеля Адвэнту, год В
Дзева прымірэння
1 чытанне — 2 Сам 7, 1-5. 8b-12. 14а. 16.
Пс 89 (88), 2-5. 27 і 29.
2 чытанне — Рым 16, 25-27.
Евангелле — Лк 1, 26-38.
”Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38).
Сёння, у чацвёртую нядзелю Адвэнту, Марыя дапамагае нам падрыхтаваць Каляды прымірэння.
Можам заўважыць, што ўрывак з Евангелля насычаны спасылкамі на тэкст 2 Кнігі Валадарстваў (глава 7): «І дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца».
Але хто ж такі той, якога абвяшчаюць як новага Давіда? Гэта не кароль, гэта не чалавек, які мае прэтэнзіі да палітычнай улады, гэта не валадар з тронам і тэрыторыяй, над якой ён валадарыць. Езус –Месія і Сын Божы. Ён нарадзіўся не ад жадання мужа, але выключна праз дзеянне Духа Святога.
Таму Яго нараджэнне – гэта не нараджэнне беднага і безабароннага дзіцяці, якому мы павінны дапамагаць. Гэта нараджэнне Божага Сына, які стаў чалавекам, каб вызваліць людзей і даць ім магчымасць жыць як Божыя дзеці.
Марыя з’яўляецца супрацьлегласцю Давіда: яна не мае ўлады, у яе няма цудоўных мараў –яна звычайная юдэйская дзяўчына, якая прызнаецца, што не ведае мужа. Акрамя таго, яна – як жанчына – не мела ў юдэйскім грамадстве ніякага грамадскага стану. І ўсё ж такі гэтая дзяўчына была самай падрыхтаванай да супрацоўніцтва, самай адкрытай у адносінах да Бога, здольнай быць паслухмянай адзінаму Каралю сусвету.
Божае абяцанне, дадзенае Да-віду, цяпер на самой справе спаўняецца канчаткова і назаўсёды: Бог зробіць сабе дом сярод нас: «Слова стала Целам і пасялілася між намі» (пар. Ян 1, 14). Нараджэнне Езуса з’яўляецца вернасцю Бога свайму абяцанню адносна збаўлення. Богу не патрэбны дом. Гэта нам усё трэба. Хоць і мы часта запэўніваем сябе, што з’яўляемся каралямі. Мы нават думаем, што пабудуем дом Богу. На самой справе ва ўсім маем патрэбу мы, і Бог даў нам усё праз тое, што аддаў свайго Сына.
Таму падыход, з якім мы павінны ісці насустрач Божаму Нара-джэнню, паказаны ў завяршэнні Паслання да Рымлянаў (пар. Рым 16, 25–27), якое мы пачулі сёння ў другім чытанні. Гэта ўзнясенне хвалы Богу, Які адзіны мудры і моцны. Толькі Яго трэба праслаўляць, таму што Ён паказаў нам сваю «таямніцу», сваю мару: якім чынам нас праз пасрэдніцтва Езуса Хрыста зрабіць сваімі дзецьмі. І нам усім Ён паслаў Добрую Вестку Евангелля Езуса Хрыста, каб яна прыйшла да ўсіх людзей. Калі мы так, як Марыя, прымем Добрую Вестку пра нараджэнне Езуса, Месіі і Божага Сына, мы прымем таго, хто адзіны дае прымірэнне людзям з Богам і паміж сабою.
31 снежня
Нядзеля Святой Сям’і’
Быць Божымі дзецьмі
1 чытанне — Сір 3, 2-6. 12-14.
Пс 105 (104), 1b -2. 3-6. 8-9.
2 чытанне — Клс 3, 12-21.
Евангелле — Лк 2, 22-40.
“Слова сталася целам і пасялілася між намі. А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі” (Ян 1, 14а).
У сучасным грамадстве сем’і сустракаюцца са шматлікімі праблемамі. Сённяшняе літургічнае свята не дае нейкага новага «рэцэпту», які б мы маглі залічыць да мноства папярэдніх. Сёння святая Эўхарыстыя цэлебруецца не для таго, каб даць парады для вырашэння праблем, з якімі сутыкаюцца нашыя сем’і. Езус Хрыстус прапануе нашмат больш радыкальнае «рашэнне», якое глядзіць у корань усіх цяжкасцей не толькі ў сям’і, але і ва ўсім нашым жыцці. Ён кажа нам, што крыніцай усіх нашых «цярпенняў» з’яўляецца той факт, што мы не адважваемся быць Божымі дзецьмі. А менавіта гэта і з’яўляецца нашым пакліканнем –быць Божымі дзецьмі. Калі мы хочам жыць толькі як звычайныя «чалавечыя» дзеці і выключым Бога з нашага жыцця, а праз гэта таксама і з сям’і, мы прынізім сябе да таго, што будзем жыць у супярэчнасці з нашым самым сапраўдным чалавечым пакліканнем.
кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC