23 звычайная нядзеля, год В
Даверыцца
1 чытанне — Іс 35, 4-7а.
Пс 146, 6в-10.
2 чыт. — Як 2, 1-5.
Евангелле — Мк 7, 31-37.
“Вочы сляпых будуць бачыць, і вушы глухіх адкрыюцца” (Іс 35, 4 -7)
Літургія Слова ХХІІІ звычайнай нядзелі прадстаўляе вернікам здарэнне, у якім Езус аздараўляе глухога ад нараджэння чалавека. Сёння мы становімся сведкамі не толькі аднаго са шматлікіх цудаў, якія Езус здзяйсняў падчас сваёй публічнай дзейнасці, але можам заўважыць, што праз аздараўленне глухога Хрыстус спаўняе месіянскае прароцтва, аб якім мы чулі ў першым чытанні з кнігі прарока Ісаі. Евангеліст Марк указвае, што менавіта на асобе Езуса Хрыста споўніліся словы прарока. Пасля цуду аздараўлення Езус забараняе сведкам яго распавядаць пра тое, што здарылася. Гэтая забарона не толькі павінна аберагаць Езуса ад несвоечасовай папулярнасці, але перад усім служыць таму, каб людзі не мыліліся і не ідэнтыфікавалі Яго з вандроўнымі лекарамі. Цуд вяртання слыху і мовы, аб якім мы сёння разважаем, адбываецца ў Галілеі, – рэгіёне, які насялялі не толькі габрэі, але і язычнікі.
Аздараўленне глухога адбылося не ў сінагозе, ці ў святыні, а сярод людзей, якія хутчэй за ўсё не хадзілі за Езусам і не чулі Ягонай навукі. Язычнікі маглі ўспрыняць цуд аздараўлення, як нейкі магічны рытуал аднаго з вандроўных лекараў, да якіх у той час яны часта звярталіся. Пасланне сённяшняга Евангелля станоўчае і адназначнае: Езус – гэта нехта большы,чым толькі лекар, ці вандроўны настаўнік; Езус – гэта Божы Сын, доўгачаканы Збаўца, абяцаны прарокамі. Хрыстус завяршае цуд, узносячы вочы да неба, да Бога Айца і наказваючы па-арамейскі: „Effatha” – „Адчыніся!” Гэты наказ скіраваны не толькі да хворых вачэй і нематы, але і да ўсяго чалавека, які патрабуе спазнаць жывога і сапраўднага Бога, адкрыцца на Ягонае слова, моц і прысутнасць. Калі жадаем дасведчыць такой збаўчай сустрэчы з Богам, то нам патрэбна адыйсці ад нашых асабістых бажкоў, забабонаў, эгаізму і граху. Імкнуцца толькі ў Езусе бачыць свайго адзінага Бога і Збаўцу, не баяцца сустрэцца з Ім у сакрамэнтах і даверыцца словам Ягонага Евангелля.
24 звычайная нядзеля, год В
Крыж – брама новага жыцця
1 чытанне — Іс 50, 5-9а.
Пс 116, 1-9.
2 чыт. — Як 2, 14-18.
Евангелле — Мк 8, 27-35.
“Плечы свае я падставіў тым, хто б’е” (Іс 50, 5-9).
Найстарэйшае з усіх Евангелляў, Евангелле св. Марка, складаецца з дзвюх частак. Першая – гэта раздзелы ад 1,1 па 8,30, у якіх Езус праз сваё навучанне і цуды аб’яўляе сябе людзям як сапраўднага Месію і запрашае ўсіх пазнаць таямніцы Божага Валадарства. Галоўнай тэмай Евангелля св. Марка з’яўляецца пытанне Божага Сына, якое мы сёння чуем у Літургіі Слова: “Кім людзі лічаць Мяне?”. Пытанне, якое задаваў Езус Пад Цэзарыяй Філіпавай, можам адрасаваць і да сябе: «Кім Езус з’яўляецца для мяне?» Ад гэтага моманту Хрыстус накіроўваецца ў Ерузалем, дзе будзе зняважаны і ўкрыжаваны. Калі Езус першы раз распачаў гаворку пра крыж, Ягоныя вучні нават і не ўяўлялі, што іх Настаўнік не кажа пра нейкую абстрактную, метафарычную рэчаіснасць, але канкрэтна пра прыладу смерці, на якой Ён памрэ. Гэтая размова Езуса з вучнямі ясна адкрывае, наколькі ўяўленні Пятра (здаецца, што і іншых вучняў) пра Месію адрозніваліся ад таго, Кім у рэчаіснасці з’яўляецца Хрыстус. Езус тлумачыць, што азначае быць Ягоным вучнем: калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. Наказ адрачыся ад самаго сябе азначае перад усім прысвяціць сваё жыццё Богу і бліжняму – гэта і ёсць сапраўднае крочанне за Езусам. Пра крыж у Евангеллі св. Марка чуем выключна ў кантэксце наследвання Хрыста. Крыж становіцца сімвалам вернасці Божаму пакліканню, прыняцця ўласнага лёсу, цярпенняў і злучэння іх з цярпеннямі Божага Сына. Езус кажа пра крыж, навучаючы, што кожны вучань павінен прыняць свой крыж і наследваць Яго Крыж – гэта давераная чалавеку Богам місія і заклік да пасвячэння сябе іншым. Толькі такім чынам Крыж становіцца брамай новага жыцця, якая вядзе да змёртвыхпаўстання і жыцця вечнага.
25 звычайная нядзеля, год В
Дасканалы ўзор
1 чытанне — Мдр 2, 12. 17-20.
Пс 54, 3-6. 8.
2 чыт. — Як 3, 16 – 4, 3.
Евангелле — Мк 9, 30-37.
“Хто хоча быць першым, няхай будзе ўсіх слугою” (Мк 9, 30-37)
Фрагмент Добрай Навіны, якую прадстаўляе вернікам Літургія Слова сёння, складаецца з трох здарэнняў: Езус запавядае сваю муку і змёртвыхпаўстанне; вучні спрачаюцца паміж сабою, хто з іх большы; Езус вучыць, што азначае быць першым і ўказвае на малое дзіця як прыклад да наследвання. Аўтар Кнігі Мудрасці, якая адкрывае нядзельныя чытанні, прадстаўляе вернікам вобраз справядлівага чалавека – таго, хто пазнае пераслед, бо з’яўляецца знакам супраціву. Аднак на пагарду і нянавісць іншых, гэты справядлівы не адказвае агрэсіяй ці помстай, але лагоднасцю і цярплівасцю. Шмат людзей, перажываючы ў сваім жыцці драматычныя сітуацыі, крызісы ці нейкія несправядлівыя акалічнасці лёсу, пачынаюць заўважаць Божую любоў і справядлівасць. Адказ на гэтыя таксічныя думкі знаходзім сёння ў Літургіі Слова. Усведамляем, што дасканалым узорам праведнасці і справядлівасці, даверу да Бога з’яўляецца сам Божы Сын – Езус Хрыстус, які першы аб’яўляе сябе як асобу справядлівую і поўную лагоднасці.
Ідучы далей, заўважаем, што Езус спрабуе вытлумачыць і навучыць сваіх вучняў гэтаму шляху справядлівасці. Але, прадказваючы Сваю муку і смерць, сустракаецца з вялікім непаразуменнем і страхам. Вучні не разумеюць, якім чынам такі аўтарытэтны Настаўнік, Цудатворца, каля якога збіраюцца тысячы людзей, можа быць адрынуты і за-біты. Словы Езуса пра справядлівасць, службу і ахвярнасць не трапляюць у сэрцы вучняў. Яны не чуюць і не разумеюць Ягонай навукі і прыкладу. Пачынаюць спрачацца, хто з іх большы. Паддаюцца спакусе ўладкаванага, бесклапотнага жыцця і кар’еры пры боку свайго Настаўніка. Езус, які заўсёды ў праўдзе і любові фармуе сваіх вучняў, адкрывае сапраўдны сэнс улады: што той, хто хоча быць першым, няхай будзе апошнім сярод усіх і ўсім служыць. Далей дае ім за прыклад малое дзіця, каб вучні зразумелі, чым з’яўляецца сапраўдная пакора і веліч у вачах Бога.
26 верасня
26 звычайная нядзеля, год В
Хто крочыць за Хрыстом
1 чытанне — Ліч 11, 25-29.
Пс 19, 8. 10. 12-14.
2 чыт. — Як 5, 1-6.
Евангелле — Мк 9, 38 – 43. 45. 47-48.
“Слова Тваё, Пане, гэта праўда, асвяці нас у праўдзе” (Пар. Ян 17, 17).
Евангелле сённяшняга дня – гэта Евангелле крызісу фармацыі вучня на шляху пазнання свайго Настаўніка. Дастаткова прыгадаць чытанні з дзвюх апошніх нядзель, каб заўважыць эскалацыю гэтага крызісу: адразу па сваім вызнанні веры Пётр супрацівіцца волі Езуса, калі той запавядае сваю муку і смерць; пазней, калі Езус кажа аб ахвяры, якую Ён павінен будзе скласці дзеля збаўлення ўсіх людзей, вучні не толькі Яго не разумеюць, але і спрачаюцца аб тым, хто з іх большы. Сённяшнія літургічныя чытанні паказваюць вернікам, як вучні Хрыста, вандруючы са сваім Настаўнікам шмат часу, вельмі лёгка асуджаюць іншых, – тых, хто не з імі. Канкрэтна гаворка ідзе пра нейкага вандроўнага экзарцыста, чалавека, які, не належачы да супольнасці вучняў, выганяў злых духаў у імя Езуса. Бачым вельмі станоўчую рэакцыю вучняў: асудзіць і забараніць! Абурэнне вучняў зразумелае, бо хадзіць з Езусам, спадарожнічаць Яму – азначае не што іншае, як быць Яго вучнем. Аднак Евангелле ўказвае, што Бог дзейнічае незалежна ад людскога меркавання і логікі. Бог перакрочвае чалавечыя меркаванні, удзяляючы сваіх дароў асобе па-за межамі Дванаццаці. Бог шануе вольную волю кожнага чалавека і ніколі нікога не будзе прымушаць да лучнасці з Ім. Аднак словы Хрыста перад Унебаўшэсцем: ідзіце і ўчыніце вучнямі ўсе народы (Мц 28, 19) пераконваюць нас, што Божай воляй з’яўляецца тое, каб як мага больш было не толькі незалежных вандроўцаў, цудатворцаў, настаўнікаў, добрых людзей, але перад усім – вучняў Хрыста. Вучняў, якія можа і не заўсёды ўсё разумеюць, але дазваляюць сябе фармаваць і вытрывала крочаць за сваім Панам. Варта аб гэтым памятаць, бо ўжо праз некалькі раздзелаў Евангелля менавіта гэтыя вучні – тыя, што трывала былі з Езусам, стануць удзельнікамі Першай святой Імшы, атрымаюць моц святарства і паўнату дароў Духа Святога, адзін з іх стане фундаментам Хрыстусовага Касцёла, а ўсе будуць названыя Апосталамі і пасланыя ісці і навучаць усе народы…
кс. Юрый ПРАКАПЮК