3 кастрычніка
27 звычайная нядзеля, год В
Адзіная і непадзельная лучнасць
1 чытанне — Быц 2, 18-24.
Пс 128, 1-6.
2 чыт. — Гбр 2, 9-11.
Евангелле — Мк 10, 2-16.
“Не добра, каб чалавек быў адзін” (Быц 2, 18-24).
Галоўнай думкай сённяшняй Літургіі Слова з’яўляецца пытанне адносна трываласці сужэнства. Фарысеі, выпрабоўваючы Езуса, пытаюцца, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Апрача пытання пра сужэнскае права, гэтая размова ўказвае на яшчэ адну важную тэму – дамінанту Божага закону над чалавечым правам. У часы Езуса разводы былі звычайнай і вельмі распаўсюджанай практыкай, акцэптаваныя праз рэлігійныя аўтарытэты. Старатэстаментальнае права дапускала разводы, але ў сённяшніх разважаннях адкрываем, што гэты дазвол быў дадзены Майсеем як пэўная часовая мера, якой не было ў першасным Божым плане. Езус тлумачыць, што Майсей дазволіў пісаць разводныя лісты з прычыны жорсткасці людскіх сэрцаў. Езус не ўводзіць новых стандартаў сямейнага жыцця, але нагадвае пра першапачатковы Божы план і першаснае значэнне сужэнства: калі пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам, а тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае (пар. Мк 10, 2-12). Сужэнства – адзіная і непадзельная лучнасць мужчыны і жанчыны, якая прыносіць шчасце і спаўненне, але на жаль, таксама часта падвержаная канфліктам і крызісам, патрабуе Божай інтэрвенцыі.
Бязмежная любоў Бога, якая аб’явілася ў асобе Езуса Хрыста, з’яўляецца лекам на падатлівую людскую натуру. З’яўляецца той крыніцай сіл, якая ўмацоўвае людскія адносіны.
10 кастрычніка
28 звычайная нядзеля, год В
Якія багацці збіраем?
1 чытанне — Мдр 7, 7-11.
Пс 90, 12-17.
2 чыт. — Гбр 4, 12-13
Евангелле — Мк 10, 17-30.
“Прадай усё, што маеш, і ідзі за Мною” (пар. Мк 10, 21)
У другой частцы Евангелля св. Марка Езус не здзяйсняе ніякіх цудаў. Вернікі становяцца сведкамі Ягонага вандравання ў Ерузалем. Падчас гэтага падарожжа са сваімі вучнямі Настаўнік распавядае пра галоўную мэту сваёй місіі. Навучае, што шлях Божага Сына будзе назначаны цярпеннем, і такім жа будзе шлях тых, хто прыме рашэнне пайсці за Ім. Нядзельная евангельская наррацыя моцна назначана радыкалізмам, аднак прыняцце такой паставы нясе вялікую ўзнагароду тым, хто выбірае шлях Хрыста. Сёння мы даведаемся пра гісторыю паклікання аднаго чалавека. Некаторыя тлумачэнні Евангелля адзначаюць, што гаворка ідзе пра маладога чалавека. Убачым, што нягледзячы на пабожнасць і шчыры пошук вечнага жыцця, з прычыны свайго багацця гэты чалавек не можа пайсці за Езусам.
Пасля яго адыходу Хрыстус пачынае навучаць пра небяспеку багаццяў, якія перашкаджаюць збаўленню. Наўмысна падкрэслівае, што лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае. Чалавек, прывязаны да багаццяў, нагадвае вярблюда, які нясе на сваіх плячах і ў сваім сэрцы шматлікія скарбы. Езус перасцерагае, што брама, якая вядзе да Божага Валадарства, з’яўляецца вузкай і будзе змушаць вандруючага пазбыцца шмат рэчаў. Вучні Хрыста здзіўлены такім станам рэчаў, бо ў традыцыі юдэяў багацце лічылася выразнай адзнакай Божага благаслаўлення. Варта зразумець, што не матэрыяльныя даброты аддзяляюць нас ад Бога. Галоўнай прычынай заўсёды з’яўляецца чалавечае сэрца, якое, калі вольнае, зможа выбіраць сярод розных багаццяў найбольш каштоўныя рэчы. Падобна, як аўтар Кнігі Мудрасці (першае чытанне), які сярод шматлікіх магчымасцей прымае рашэнне выбраць дар Мудрасці. Калі ў сваім жыцці выбіраем тое, што не мае ў сабе вартасці, то вельмі хутка губляем унутраную вольнасць, трапляем у небяспеку залежнасцяў і духоўнай слепаты.
29 звычайная нядзеля, год В
Выбраць Езуса і ісці за Ім
1 чытанне — Іс 53, 10-11.
Пс 33, 4-5. 18-20. 22.
2 чыт. Гбр 4, 14-16.
Евангелле — Мк 10, 35-45.
“За цярпенні сваёй душы ён убачыць святло і ім насыціцца” (Іс 53, 10-11).
Евангелле сённяшняга дня з’яўляецца працягам падарожжа Езуса ў кірунку Ерузалема.
Працягам размоваў, фармацыі і ачышчэння паклікання вучняў. Сёння Якуб і Ян прыходзяць да свайго Настаўніка і просяць, каб Ён дазволіў ім заняць першыя месцы ў Ягоным Валадарстве. Гэтая просьба дакладна адлюстроўвае іх спадзяванні і мыльныя ўяўленні аб Месіі. Місія Хрыста была далёкай ад змены палітычнага строю і ўсталявання іншага валадарства, больш дасканалага ў сваёй палітычнай структуры. Такое памылковае разуменне правакуе вучняў да размовы з Езусам дзеля таго, каб першымі атрымаць уладу і добрую пасаду. Заўважаем, што выбраць Езуса і ісці за Ім – вельмі важны крок, але толькі пачатак шляху. Патрэбна навучыцца быць з Ім у штодзённасці і дазволіць Яму фармаваць сябе. Якуб і Ян, браты, якія сёння адчыняюць Езусу свае сэрцы і дзеляцца марамі аб уладзе, не з’яўляюцца негатыўнымі постацямі. Адважыўшыся на такую шчырую размову, прызнаўшыся ў найглыбейшых імкненнях і жаданнях свайго сэрца, адразу сведчаць ачышчэнню свайго паклікання і падпарадкоўваюцца Божаму плану. Езус заўважае ў іх карысных імкненнях зерне шчырасці, любові і праўды. Добрая воля вучняў праяўляецца ў тым, што, нават не шмат разумеючы з навукі Хрыста, Якуб і Ян, перапоўненыя эмоцыямі, пераконваюць свайго Настаўніка: Пане, хочам раздзяліць з Табою Твой шлях, будзем піць з Твайго келіха. Хрыстус тлумачыць, што піць келіх, які Ён будзе піць, і прыняць хрост, якім Ён будзе ахрышчаны, азначае далучыцца да Ягонай збаўчай місіі, быць гатовым памерці разам з Ім, каб разам з Ім уваскрэснуць да новага жыцця.
30 звычайная нядзеля, год В
Не толькі фізічны зрок…
1 чытанне — Ер 31, 7-9.
Пс 126, 1-6.
2 чыт. — Гбр 5, 1-6.
Евангелле — Мк 10, 46-52.
“Настаўнік, каб я зноў бачыў” (Мк 10, 51).
Евангеліст Марк у сваім Евангеллі не толькі апісвае розныя здарэнні з жыцця Езуса, але таксама прадстаўляе чытачу і эмацыянальны стан удзельнікаў евангельскіх наррацый. Сёння, падчас Літургіі, мы пачуем апісанне асаблівай сустрэчы Езуса з адным з жыхароў Ерыхона. Гэты горад біблеістамі быў ахарактэрызаваны як горад граху. Дрэнная рэпутацыя горада і яго жыхароў была добра вядомай яшчэ са старатэстаментальных часоў. Разважаем аб гэтым, каб ўсвядоміць, што Пан не чураецца быць усамым цэнтры чалавечага граху і слабасці. Сёння Езус сустракаецца са сляпым Бартымеем. Паводле тагачаснага меркавання, слепата лічылася Божай карай за асабістыя грахі або карай за грахі родных. Бартымей, пачуўшы, што Езус зыходзіць з горада, настойліва спрабуе затрымаць Яго і ўсё гучней крычыць, звяртаючыся да Хрыста: “Сыне Давіда, змілуйся нада мною!”. Калі атрымлівае запрашэнне падыйсці да Езуса, то не чакае пакуль хтосьці дапаможа яму: “Скінуўшы плашч, падскочыў і падышоў…“
Можам уявіць, наколькі нязручна і прыкра гэта выглядала, колькі насмешак і кпінаў Бартымей у той момант пачуў ад іншых. Сляпы, падбегчы да Хрыста, звяртаецца да Яго словамі: Rabbuni – Настаўнік. І па-са-праўднаму так сталася – пасля цуду аздараўлення вачэй Бартымей становіцца вучнем Хрыста. Пойдзе за сваім Настаўнікам у Ерузалем. У пэўным сэнсе стане дакорам сумлення для іншых вучняў, будучых апосталаў, якія вельмі неахвотна туды вандруюць: не разумеюць слоў Хрыста пра крыж і ахвяру, спрачаюцца паміж сабою… Здаецца, што Бартымей з’яўляецца першым сярод усіх вучняў, які па-сапраўднаму атрымаў зрок. Невідушчы жабрак, якога Езус аздараўляе, атрымоўвае не толькі фізічны зрок, але нешта большае – ён атрымоўвае зрок веры.
31 кастрычніка
31 звычайная нядзеля, год В
Вандраванне
1 чытанне — Дрг 6, 2-6.
Пс 18, 2-4. 47. 51.
2 чыт. — Гбр 7, 23-28.
Евангелле — Мк 12, 28b-34.
”Любі Пана Бога твайго усім сэрцам тваім” (Дрг 6, 2-6).
Мэтай хрысціянскага жыцця з’яўляецца дасягненне збаўлення, інакш кажучы, – вандраванне да Божага Валадарства. Зразумелыя нават маленькім дзецям, але не раз вельмі цяжкія ў рэалізацыі Божыя і касцёльныя наказы, упісаны ў гэты шлях. Галоўнай мэтай запаведзяў з’яўляецца не столькі забараняць, колькі накіроўваць чалавека, указваць на тое, што прывядзе да збаўлення. У сённяшнім Евангеллі становімся сведкамі размовы Езуса з кніжнікамі – людзьмі вельмі адукаванымі, якія, даследваючы Святое Пісанне, дасканала ведалі ўсе запаведзі і наказы, аднак пытаюцца ў Езуса, якія з іх найважнейшыя. Здаецца, даволі часта такія ж самыя пытанні людзі задаюць і ў нашыя часы, спрабуючы знайсці адказ: што ў адносінах з Богам, у веры з’яўляецца першым – найбольш важным і істотным?
На жаль, многія хрысціяне выбіраюць другасныя справы, як бы ігнаруючы найважнейшыя: штогод асвячаючы пасхальныя стравы – але абмінаючы Велікодную споведзь; рыхтуючы цудоўныя дэкарацыі на святы Раства – але пазбаўляючы сябе ўдзелу ў святочнай Эўхарыстыі і супольнай малітве; напаўняючы свой дзень абавязкамі – але не знаходзячы некалькі хвілін на асабістую малітву… Выбіраючы другаснае, тое, што магло быць толькі добрым дадаткам праяўлення жывой веры, чалавек усё болей аддаляецца ад Бога. Застаецца спакойны ў сваім сумленні, мяркуючы, што дасканала споўніў усе наказы. Езус у сённяшнім Евангеллі ўказвае на найважнейшыя рэчы, кажа пра запаведзі любові да Бога і да бліжняга. Цікава, што айцы Касцёла, каментуючы гэты ўрывак Святога Пісання, зазначаюць, што дастаткова толькі выконваць гэтыя дзве – і пра ўсе іншыя запаведзі можна забыць. “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, усёю душою тваёю і ўсім розумам сваім і з усіх сіл тваіх”. I другая, падобная да яе: “Любі бліжняга твайго, як сябе самога” (Мк 12, 29–31). Той, хто любіць, заўсёды знойдзе магчымасць быць блізка Бога, прысвячаць Яму свае сілы і час, а бліжняму ніколі не прычыніць ніякай крыўды. Бачым, што Бог хоча, каб мы былі падобныя да Яго ў любові, моц і дзеянне якой заўважаем ад першых старонак Бібліі, а вяршыню якой убачылі на Галгоце. У гэтай школе любові неабходна трымацца Божай логікі. Ніколі не навучымся па-сапраўднаму любіць Бога, пакуль не навучымся любіць тых, хто побач з намі.
кс. Юрый ПРАКАПЮК