7 лістапада
32 звычайная нядзеля, год В
Ахвяра, складзеная з любоўю
1 чытанне — 1 Вал 17, 10-16.
Пс 146, 6b-10.
2 чыт. — Гбр 9, 24-28.
Евангелле — Мк 12, 38-44.
“Бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх” (Мк 12, 43)
Працягваем разважанні над тэкстам трэцяй часткі Евангелля св. Марка: Езус прыходзіць у Ерузалем, гэта ўжо апошнія дні перад Ягонай мукай. Божы Сын даволі часта наведвае святыню і сустракаецца з арцыкапланамі, фарысеямі, садукеямі, дыскутуючы з імі наконт улады, падаткаў, змёртвыхпаўстання… Хрыстус навучае ў прыпавесцях і тлумачыць тэксты Святога Пісання. Вартым увагі з’яўляецца факт, што Езус, за некалькі дзён перад сваёй смерцю, апынуўшыся ў Ерузалеме, затрымоўваецца і ўважліва назірае за незнаёмымі людзьмі, якія прыходзяць у святыню. Сённяшнія чытанні з Першай кнігі Валадарстваў і Евангелля акцэнтуюць ўвагу чытачоў на гісторыі двух жанчын-удоў. Жанчыны даюць незвычайнае сведчанне сваёй веры і годнасці. Ці лёгка ў час голаду аддаць апошнюю ежу не свайму дзіцяці, а камусьці чужому (першае чытанне)? Альбо ці разумна апошнія грошы на ўтрыманне кінуць у скарбонку святыні (Евангелле)? Падобная пастава і рашэнне жанчын-удоў кантрастуе з усім іншым захаваннем пастыраў Выбранага Народу – кніжнікаў, святароў і фарысеяў. Больш таго, арцы-святары пагарджалі і высмейвалі такія малыя ахвяры, нягледзячы на тое, што пазней менавіта яны і распараджаліся ўсімі сабранымі грашыма. Існуе спакуса гэтае евангельскае здарэнне ацэньваць выключна з пункту гледжання і перспектывы фінансаў, бо дзве лепты, ахвяраваныя ўдавою, мелі вельмі маленькую вартасць… Слова вучыць нас, што малая ахвяра складзеная з любоўю, ў вачах Бога можа мець надзвычай вялікі кошт, бо з’яўляецца актам поўнага даверу і шчодрасці, актам веры ў тое, што Бог забяспечыць мой лёс, нягледзячы на цяжкасці.
Паводле біблейскіх археолагаў, на дзядзінцы святыні знаходзілася каля трынаццаці месцаў, прызначаных для складання ахвяр. Часта пілігрымам спадарожнічалі святары, якія публічна агучвалі суму складзенай ахвяры і благаслаўлялі ахвярадаўцаў. Без сумніву, вялікія ахвяраванні сустракаліся з вялікай удзячнасцю і пахвалой. Можам уявіць, якую рэакцыю выклікала ахвяра беднай удавы… Дзве лепты, якія складалі чвэрць аса, былі найменьшай у сваёй вартасці з усіх рымскіх манет. Не ведаем, як сведкі гэтага здарэння ацанілі яе ўчынак, але ведаем, што пакору, шчодрасць і давер да Бога адразу заўважыў і ацаніў Езус: сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула увесь пажытак свой.
33 звычайная нядзеля, год В
Таямніца, вядомая Богу
1 чытанне — Дан 12, 1-3.
Пс 16, 5. 8-11.
2 чыт. — Гбр 10, 11-14. 18.
Евангелле — Мк 13, 24-32.
“І ў той час збавіцца народ твой” (Дан 12, 1-3)
Сённяшні ўрывак Евангелля носіць назву эсхаталагічнай мовы, або Апакаліпсіса Марка і з’яўляецца апошняй наррацыяй евангеліста, над якой вернікі будуць разважаць у гэтым літургічным годзе. Літургічныя тэксты прадстаўляюць нам падзеі, злучаныя з другім прыйсцем Хрыста – парузіяй і канцом свету. Сёння мы пачуем трывожныя прароцтвы пра пераслед і ўціск, пра надзвычайныя знакі на небе, якія будуць папярэджваць гэтае здарэнне. Маем прадказанне Езуса, што свет, у якім да гэтага моманту існавала чалавецтва, будзе цалкам пераменены. Гэты момант будзе дэфінітыўнай перамогай Бога, поўным аб’яўленнем Яго моцы і хвалы. Убачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе (пар.Мк 13,26). Маючы ўпэўненасць у перамозе Бога, варта ўсвядоміць сабе, што гэта будзе таксама і перамога тых, хто да Яго належыць: і збярэ выбраных сваіх, ад краю зямлі да краю неба (пар. Мк 13,27). Нягледзячы на тое, што будучыня застаецца таямніцай, вядомай толькі Богу і зачыненай перад чалавекам, то важнейшай справай з’яўляецца падрыхтоўка і трыванне ў стане гатоўнасці да сустрэчы з Езусам. Хрыстус заахвочвае нас быць чуйнымі і дае прыклад смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і распускаецца лісце, ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка Ён, пры дзвярах. (пар.Мк 13,28-29). Першыя хрысціяне верылі, што прыйсце Пана адбудзецца яшчэ падчас іх зямнога жыцця. Аднак з бегам часу, больш асцярожна пачыналі адносіцца да моманту парузіі. Божая міласэрнасць можа працягнуць тэрмін суда, аднак няма сумніву ў тым, што пэўнага дня Бог адкажа на голас цярпення ўсіх па-крыўджаных і церпячых.
Сённяшняя Літургія спрабуе пераламаць страх і пачуццё няўпэўненасці чалавека перад пераследам, смерцю і ўсім тым, што будзе папярэджваць сканчэнне дзеяў роду людскога. Дзень сустрэчы з Божым Сынам для хрысціяніна перад усім павінен быць момантам радасці і споўненай надзеі – гэтую радасць і супакой, шчасце і спаўненне можам адчуць, молячыся псалмам сённяшняй Літургіі: Радуецца маё сэрца і весяліцца душа, цела маё будзе спачываць бяспечна, бо не пакінеш душы маёй у адхлані і не дасі святому Твайму ўбачыць тленне. Ты паўнатой радасці мяне адорыш перад Табою і вечным шчасцем праваруч Цябе!
21 лістапада
Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, год В
Каму належыць сэрца
1 чытанне — Дан 7, 13-14.
Пс 93, 1-2. 5.
2 чыт. — Ап 1, 5-8.
Евангелле — Ян 18, 33b-37.
“Улада Ягоная – вечная ўлада” (Дан 7, 13-14).
Ва Ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, якая завяршае літургічны год, разважаем над тэкстамі “наймалодшага” Евангелля, запісанага св. Янам і крыху пазней адрэдагаванага ягонымі вучнямі, каля 90 года. Сёння схіляемся над урыўкамі Евангелля, якія інакш называюцца Кнігай Крыжа. Апісанне Янам мукі Езуса адрозніваецца ад апісання гэтага здарэння іншымі евангелістамі. У Мацвея, Марка і Лукі дамінуе рэалістычнае прадстаўленне здарэнняў, заснаванае на фактах, дакладнае апісанне мукі, укрыжавання і смерці Хрыста. У Евангеллі Яна маем справу з наррацыяй, напоўненай сімваламі і алюзіямі, якія ўказваюць на Хрыста, узыходзячага на крыж, як Валадара, узыходзячага на свой трон. Ян прадстаўляе момант крыжовай смерці Езуса як момант найвышэйшай хвалы. Выразна бачым, што Езус нават перад Пілатам аб’яўляе сябе сапраўдным каралём. Адкрывае сапраўдны сэнс панавання, указвае на ўладу, дзе найвышэйшымі стандартамі і крытэрыямі не з’яўляюцца аўтарытэт моцы і насілля, але прынцыпы праўды і любові. Неаднакратна, падчас свайго зямнога вандравання Езус запавядаў сваю муку і смерць. Гэтыя прароцтвы вучні не разумелі, спадзяваліся на зусім іншы лёс для свайго Настаўніка. Сённяшняя Літургія вучыць, што Хрыстус прыходзіць на гэты свет – не каб Яму служылі, але каб служыць іншым, і жыццё сваё аддаць дзеля збаўлення свету (Mц 20,28). Урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету правакуе нас да асабістага рахунку сумлення, запрашае да адказу на пытанне: хто з’яўляецца валадаром майго асабістага жыцця і каму належыць маё сэрца?
28 лістапада
Першая нядзеля Адвэнту, год С
Заклік да чування
1 чытанне — Ер 33, 14-16.
Пс 25, 4-5b. 8-10. 14.
2 чыт. — 1 Тэс 3, 12 – 4, 2.
Евангелле — Лк 21, 25-28. 34-36.
“Дык чувайце весь час і маліцеся…” (Лк 21, 36).
Распачынаем перыяд Адвэнту, час духоўнай падрыхтоўкі да святаў Нараджэння Сына Божага. Традыцыйна на перыяд Адвэнту Касцёл запрашае нас паглядзець у трох кірунках: перанесціся да таго што было, успамінаючы Нараджэнне Хрыста; выйсці да таго, што нас чакае ў будучыні, падчас другога прыйсця Хрыста пры сканчэнні свету; а таксама разважанне над цяперашнім, інакш кажучы над тым, як лепш падрыхтавацца на прышэсце Хрыста падчас сёлетняга Адвэнту.
Урывак з Евангелля ад Св. Лукі (21,25-28.34-36), над якім сёння мы разважаем, знаходзіцца ў кантэксце эсхаталагічнай прамовы, называнай вялікім апакаліпсісам (Лк 21,5-36), у якім Езус прадказвае знішчэнне храма, разбурэнне Ерузалема, пераслед вучняў і сваё прышэсце ў хвале. Тэма хвалебнага прыйсця Сына Чалавечага складае цэнтральны пункт эсхаталагічнай прамовы. З гэтым пытаннем звязаны моцны заклік да чування, якое забяспечвае плённую сустрэчу з надыходзячым Панам. А касмічныя знакі і зямныя катаклізмы, пра якія чуем у сённяшнім Евангеллі, ды якія прадказваюць прышэсце Сына Чалавечага, не з’яўляюцца для чалавека падставай для страху і засмучэння, але наадварот, з’яўляюцца надзеяй і радасцю. У знешніх з’явах можна ўбачыць глыбокую, духоўную рэальнасць, у якой праўда перамагае хлусню, а дабро перамагае зло.
Пан Езус прыйдзе тады на зямлю, каб судзіць жывых і памерлых. Адсюль Яго словы: “…Чувайце і маліцеся ўвесь час, каб вы маглі пазбегнуць усяго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым”. Перыяд Адвэнту прыпамінае нам, што на тую сустрэчу з Хрыстом суддзёй, неабходна быць падрыхтаваным у кожную хвіліну нашага жыцця. Бо не ведаем, калі Пан прыйдзе.Таму неабходна, каб чаканне прыйсця Хрыста як Сына Чалавечага было падставай для радасці і чування ў духу няспыннай малітвы, каб мірскія клопаты, часовыя задавальненні і памылкі гэтага свету не засланілі самае галоўнае – сустрэчу з Хрыстом, які прыйдзе ў канцы часу!
Езус заклікае сваіх слухачоў да паставы чування і малітвы!
кс. Юрый ПРАКАПЮК
кс. Януш ЧАРНАМОРАЎ