Хлеб штодзённы

5 снежня

2 нядзеля Адвэнту, год С

 

Падрыхтуйце  дарогу Пану!

 

1 чытанне — Бар 5, 1-9.

Пс 126, 1-6.  

2 чыт. — Флп 1, 4-6, 8-11.

Евангелле — Лк 3, 1-6.

 

«Змяні наш лёс, о, Пане, як патокі на поўдзень” (Пс 126, 4).

Адвэнт – гэта час, дадзены нам для таго, каб ажывіць надзею на хвалебнае прыйсце нашага Збаўцы, каб разважаць над Словам Божым, якое Касцёл у гэты перыяд кіруе да нас.

Святы Лука піша ў сённяшнім урыўку з Евангелля, што Ян Хрысціцель “праходзіў усе ваколіцы Ярдана, абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў, як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі: “Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму!” (Лк 3,4). Некалькі разоў мы чулі слова “дарога” і гэта настройвае нас на тэму сённяшняга разважання. Паслухмяныя закліку Яна, мы павінны падчас Адвэнту падрыхтаваць нашы шляхі для Езуса, які прыйдзе да нас.

Як падрыхтаваць “дарогу” для Езуса? Напэўна, у кожнага чалавека ёсць свой шлях да Бога, і  гэта, мабыць, самы лепшы, самы надзейны шлях да Бога, хоць і патрабуе працы і часу з нашага боку. Духоўныя айцы Касцёла кажуць, што навяртанне можа мець некалькі этапаў: гэта будзе спачатку пазбаўленне ад заганаў і цяжкіх грахоў, потым лёгкіх, а потым – нават недасканаласцяў. На думку некаторых, варта навяртацца і з так званай руціны, і нават з таго, што добрае, – да лепшага. Святы Ян Хрысціцель сёння мае для нас канкрэтную прапанову. Сваім вучэннем ён паказвае на Месію, у якім гісторыя збаўлення мае свой пераломны момант. Той, хто хоча прыняць у сваё жыццё Езуса, не можа жыць па старых і грахоўных звычках, прыкідвацца пабожным або толькі час ад часу ўспамінаць пра Бога. Дапамога ў адкрыцці сэрца на прыйсце Пана – гэта Слова Божае і малітва. Бог прыходзіць пастаянна. Ён хоча быць побач з чалавекам. Каб прыняць Яго, неабходна адкрыць сэрца і змяніць жыццё. Адвэнтавы заклік прарока – гэта напамін аб тым, што час хутка праходзіць, і можа так стацца, што чалавек не заўважыць Бога, які заўсёды блізка яго. “Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму”!


 12 снежня

3 нядзеля Адвэнту, год С

 

Ідзе  Мацнейшы!

 

1 чытанне — Саф 3, 14-18а.

(Пс) Іс 12, 2-6.  

2 чыт. — Флп 4, 4-7.

Евангелле — Лк 3, 10-18.

 

 

Пан будзе цешыцца табою ў весялосці(Саф 3,17).

Gaudete, Нядзеля Радасці распачынае другую палову Адвэнта. Радасная падрыхтоўка нашага сэрца і розуму на канчатковае прыйсце Пана прыводзіць да таго, што ўжо сёння нам неабходна радавацца, радавацца маючаму адбыцца прышэсцю Збаўцы, таму што неўзабаве “Пан Бог твой сярод цябе, Магутны, – Ён збавіць! Будзе вельмі радавацца табе, узрушаны ў любові сваёй, будзе цешыцца табою ў весялосці, як у святочны дзень!” (Саф 3, 17). Мы чуем у Літургіі Слова, як неабходна дзейнічаць, як рэагаваць, каб быць гатовымі да вялікага свята, якое нас чакае. У Евангеллі ад Святога Лукі, слухаючы размову Святога Яна Хрысціцеля з народам, мы даведаемся аб правілах паводзінаў, чуем абяцанні, але ў той жа час засцярогу тым, хто не прыме гэтых слоў.

Святы Ян Хрысціцель кажа: “Той, які прыйдзе, будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём. Лапату трымае ў руцэ сваёй, каб ачысціць гумно сваё і сабраць пшаніцу ў засекі свае, а мякіну спаліць агнём непагасным” (Лк 3, 16-17). У адказ на пытанне людзей “Што нам рабіць?”, Ян Хрысціцель навучае, што неабходна дзяліцца з іншымі тым, што маеш; не ўжываць сілу супраць іншых людзей; быць шчырым у сваёй працы. Ён заклікае да навяртання, да перамены спосабу свайго жыцця! А перамена пачынаецца знутры, ад звяртання ўвагі на тых, хто жыве вакол нас, прызнаючы, што гэта тыя, каго нам неабходна любіць, як самога сябе. Таму працэс навяртання патрабуе ад нас канкрэтных рашэнняў і ўчынкаў.

Немагчыма даць тое, чаго сам не маеш, нельга весці іншых, калі не ведаеш дарогі. А пераадоленне глыбока ўкаранелага эгаізму гэта ня-проста. На шчасце, той, хто ідзе,– Мацнейшы за нас! Праца над сабой не лёгкая справа, аднак менавіта яе плады вядуць да вялікай радасці! Таму так важна ўважліва слухаць голас Яна Хрысціцеля і рэалізоўваць яго словы ў сваім жыцці!


 19 снежня

4 нядзеля Адвэнту, год С

 

Будзь воля Твая!

 

1 чытанне — Міх 5, 1-4а.

Пс 80, 2-3. 15-16. 18-19.  

2 чыт. — Гбр 10, 5-10.

Евангелле — Лк 1, 39-45.

 

 

”З цябе выйдзе той, хто будзе ўладаром у Ізраэлі” (Міх 5, 1-4).

У чацвёртую нядзелю Адвэнту Божае слова паказвае нам прысутнасць благаслаўлёнай Марыі, якая суправаджае нас на дарогах Адвэнту, у часе тугі і чакання на сустрэчу з Езусам. У сённяшнім Евангеллі Альжбета назвала Марыю благаслаўлёнай, інакш кажучы – шчаслівай. Размова гэтых дзвюх святых жанчын паказвае, што шчасце Марыі звязана з Яе актам даверу. Давер азначае прыняцце і выкананне волі Бога, а таксама паслухмянасць Яго бачанню чалавечага жыцця з унутраным перакананнем у тое, што гэты Божы план з’яўляецца найлепшым з магчымых. Чалавек так часта бунтуецца, не жадае падпарадкоўвацца, таму што не давярае Богу і не можа прыняць розныя складаныя сітуацыі і перажыванні ў сваім жыцці. Тады думае, што Бог памыляецца і што Ён не ведае, што мне сапраўды трэба. Хацеў бы змяніць Бога такім чынам, каб Ён выконваў маю волю і рэалізаваў не Сваю Боскую, але маю ідэю жыцця. Марыя давярала, даверылася Створцы ўсёй душой, таму Яна з’яўляецца для нас узорам падпарадкавання Божым планам, як найлепшай дарозе да таго, каб быць шчаслівым, г.зн. благаслаўлёным. Калі я не паверу Богу, як Ён будзе дзейнічаць у маім жыцці? Калі я не прызнаю Бога як таго, які лепей ведае, што мне патрэбна, я зачыняю сваю душу на Яго любоў, якая з’яўляецца адзіным шляхам да збаўлення. Таму кожнае Слова Бога, якое слухаем, дапамагае нам ва ўдасканаленні нашых адносін з Богам і бліжнім, падрыхтоўвае да выканання Яго волі і вядзе нас да шчасця, якім ёсць збаўленне. А захаванне Марыі, Яе цалкавіты давер Богу і паслухмянасць Яго волі з’яўляецца для кожнага з нас узорам да наследавання. Так, як Марыя, неабходна шукаць прысутнасці Бога ў сваім жыцці. Прыпа-мінаць сабе тое, што Ён ужо зрабіў для нас і з даверам аддаць Яму ўсе свае прагненні і намеры, якія датычаць будучыні. Прысутнасць Езуса неабходна ў нашым жыцці. А малітва і чытанне Святога Пісання дапамагаюць нам з дапамогаю Духа Святога адкрыцца на волю Божую ў нашым жыцці.


 26 снежня

Свята Святой Сям’і:

Езуса, Марыі і Юзафа,  год Сgr-str-31

 

Будзь  воля Твая!

 

1 чытанне — Сір 3, 2-6. 12-14.

Пс 128, 1-5.  

2 чыт. — Клс 3, 12-21.

Евангелле — Лк 2, 22-40.

 

 

Яны пайшлі, спяшаючыся, і знайшлі  Марыю і Юзафа, і Немаўля…” (Лк 2, 16).

Сёння Нядзеля Святой Сям’і. Літургія Касцёла дае нам у якасці прыклада самую дасканалую сям’ю: Езуса, Марыю і Юзафа. Іх пастава з’яўляецца паказчыкам таго, куды павінна імкнуцца наша сям’я. З Евангелля мы даведваемся, што Святая Сям’я адправілася ў Ерузалемскі храм паводле звычаю свята. Гэта падзея паказвае важную для нас ісціну: без веры сям’я ніколі не будзе па- сапраўднаму шчаслівай, а без Бога немагчыма пабудаваць трывалы падмурак сямейнай любові. Вера ў сям’і – гэта найвялікшая каштоўнасць, якую можна перадаць сваім дзецям. Складзеныя ў малітве рукі айца або маці – самае выдатнае казанне, якое можна прамовіць дзецям. Часам мы дзівімся, чаму сёння дзеці губляюцца ў сваім жыцці, так часта не паважаюць бацькоў і г.д. Адказ адзін. Калі ў сем’ях не хапае веры, малітвы, сумеснага перажывання Эўхарыстыі, гэта прамы шлях да жыццёвай загубленасці. Святая Сям’я пытаецца сёння нас, на якіх каштоўнасцях будуем наша жыццё.

Мы бачым, як бацькі клапоцяцца пра сваіх дзяцей, каб ім усяго хапала, каб яны атрымалі добрую адукацыю, каб у іх пазней была добрая праца… І гэта правільна. Але ці ёсць ва ўсім гэтым яшчэ месца для Пана Бога?

Цэнтрам жыцця Святой Сям’і становіцца Бог. Поўная паслухмянасць Богу з’яўляецца для іх найважнейшым аспектам сямейнага жыцця. Таму зразумела, што для Езуса паслухмянасць Айцу перавышае ўсё іншае. Езус, які ў святыні займаецца справамі Айца, з’яўляецца для нас прыкладам, бо і ў нашым жыцці, у нашых сем’ях неабходна на першае месца паставіць Бога, і ўсё іншае скіраваць да Айца. Калі сям’я “моцная Богам”, тады ёсць месца на ўзрост “у ласцы ў Бога і ў людзей”. Нашмат лягчэй пераадолець розныя цяжкасці, калі паслухмяныя Айцу, калі пастаянна прысутныя ў тым, што Марыя і Юзаф разам з Дзіцяткам Езус, вучаць нас, як трываць у супольнас-ці, накіраванай адзін на аднаго і на самога Бога. Няхай іх прыклад стане для нас узорам для захавання добрых адносін у сваёй сям’і, а таксама ў Касцёле і перш за ўсё з Богам. Каб адказнае бацькоўства не зводзілася толькі і выключна да пакупкі найлепшых сучасных цацак, якія будуць выхоўваць патомства, але трывала ў сямейных адносінах па прыкладу Святой Сям’і і ад Бога чэрпала ласкі, неабходныя для сямейнага жыцця.

 

 

 кс. Януш  ЧАРНАМОРАЎ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий