2 студзеня
2 нядзеля пасля Нараджэння Пана, год С
Бог прыходзіць да цябе
1 чытанне — Сір 24, 1-2. 8-12.
Пс 147, 1-15. 19-20.
2 чыт. — Эф 1, 3-6. 15-18.
Евангелле — Ян 1, 1-18.
“Пакланіцеся Пану ў велічнай святыні” (Пс 96 (95), 9)
Трываем у перыядзе Нараджэння Пана, у перыядзе, які прыносіць нам вялікую радасць, бо скончыўся час чакання! Споўнілася Божае абяцанне! Споўніліся прароцтвы! Зямля ўбачыла свайго Збаўцу!
Пралог сённяшняга Евангелля, паводле Яна, уводзіць нас у таямніцу самога Бога. Пераносіць нас па-над часам, па-над усім стварэннем і зямной рэальнасцю, каб паказаць, кім з’яўляецца Езус! Езус – Спрадвечнае Слова Бога – стаўся чалавекам, прыняўшы цела з Панны Марыі. Адзінародны Сын Бога, Адзінасутны Айцу – з’яўляецца аб’яўленнем сапраўднага Бога, будучага мудрасцю ўсяго стварэння.
Езус Хрыстус, прыходзячы ад Бога, прыносіць поўню праўды, бо навучае пра сапраўднага Бога, якога “ніхто ніколі не бачыў”. Прыхо-дзячы ад Бога, прыносіць т. з. поўню ласкі, бо для ўсіх, хто прыняў Яго, дае сілу, каб нанова нарадзіліся з Бога, каб сталі дзецьмі Божымі. Прыходзячы ад Бога, прыносіць радасць збаўлення. Усемагутны Бог, Стварыцель сусвету, не закрыўся ў сабе. Будучы поўным боскасці, святасці і дасканаласці; не стаў неасягальным, але аб’яўляецца ў тым, што найменьшае, а ў той жа час найпрыгажэйшае тут, на зямлі, – аб’яўляе сябе ў дзіцяці, у Бэтлееме, а пазней – у знаку хлеба ў Эўхарыстыі.
Бог прыйшоў на зямлю, каб перамяніць лёс зямлі. А значыць – і наш з вамі лёс. Таму неабходна пастаянна прасіць Бога аб духу мудрасці і пазнання, каб штодзённыя справы і заданні вялі нас да мэты, якой з’яўляецца вечная хвала ў Богу Айцу.
Нядзеля Хросту Пана, год С
Словы жыцця
1 чытанне — Іс 42, 1-4. 6-7.
Пс 29, 1-4. 3. 9-10.
2 чыт. — Дз 10, 34-38.
Евангелле — Лк 3, 15-16. 21-22.
“Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я” (Лк 3, 22)
Сёння ўспамінаем той момант, калі Езус падыходзіць да ракі Ярдан. Просіць Яна Хрысціцеля аб хросту. Падчас хросту на Езуса сыходзіць Дух Святы ў выглядзе голуба, а з неба чуецца голас: “Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я”. І гэта не што іншае, як афіцыйнае прадстаўленне Богам Езуса як Місію, якога чакалі людзі. Пасля прыняцця хросту пачалася публічная дзейнасць Езуса, які быў жывым Евангеллем, словамі і ўчынкамі абвяшчаў хвалу Айца, Які пасылае Яго.
Ёсць такія словы, якія хоць адзін раз у жыцці неабходна пачуць. Словы, якіх патрабуем для таго, каб жыць і любіць. Гэтых слоў не можа нам сказаць абы хто і абы дзе. Не можна іх прамовіць ад імя кагосьці, замест кагосьці. Яны, як агонь, – даюць цяпло і святло. Словы жыцця можа сказаць толькі айцец да сына: “Ты мой, мой сын умілаваны, люблю цябе, цябе ўпадабаў я!”. Такія словы перамяняюць хлапчуковы страх у дарослую мужнасць. Уліваюць у сэрца пяшчоту і адчувальнасць, не ахінаючы яго сентыментальнасцю. Даюць сілу, якая не саромеецца слабасці і мужна зносіць выпрабаванні.
Езус даў нам годнасць дзіцяці Божага. Праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце з’яўляемся дзецьмі Адзінага Бога. Ён сёння кажа да цябе: “Ты … Маё дзіця, цябе ўпадабаў Я”. Гэтых слоў ніхто і нішто не можа вырваць з твайго жыцця, бо гэта словы самога Бога, улітыя ў нашу душу.
16 студзеня
2 звычайная нядзеля, год С
Цуд у Кане Галілейскай
1 чытанне — Іс 62, 1-5.
Пс 96, 1-3. 7-10.
2 чыт. — 1 Кар 12, 4-11.
Евангелле — Ян 2, 1-11.
“Тое, што Ён скажа вам, зрабіце” (Ян 2,3)
Першы цуд Езуса, або інакш кажучы знак, здзейснены праз Яго ў Кане Галілейскай, з’яўляецца пачаткам апісання аб’яўлення Бога праз Езуса Хрыста і пераказу гэтага аб’яўлення нам. Напісана: “Вось такі пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай. Аб’явіў сваю хвалу і паверылі ў Яго ўсе вучні Ягоныя” (пар. Ян 2,11). А гэта значыць, Езус дапускае сваіх вучняў да таямніцы Бога, які жыве. Хрыстус кажа: “Вам дадзена пазнаць таямніцу Валадарства Нябеснага, ім жа не” (пар. Мц 13,11).
Кім жа былі гэтыя вучні? Былі гэта простыя, звычайныя людзі, сабраныя Езусам Хрыстом. Тыя, якія пасля Яго адыходу да неба будуць далей пераказваць людзям Яго справу збаўлення. Езус Хрыстус, прыйшоўшы ў Кану Галілейскую, хоча аб’явіць сваім вучням штосьці такое, што іх заахвоціць да вызнання веры ў Яго. І тая вера, якая будзе праз іх вызнавацца, злучыць іх з Настаўнікам. І так моцна злучыць, што пойдуць за Ім праз усё Яго зямное жыццё…
Знак у Кане кіруе нас да вячэрніка, дзе падчас апошняй вячэры Езус бярэ ў рукі хлеб і віно і вымаўляе словы, якія Кроў, пралітую на Галгофе, змяшчаюць у келіх, а ўбічаванае Цела ўкрываюць у хлеб. Там знак і рэчаіснасць аб’ядноўваюцца ў адно цэлае так моцна, што не зможам разлучыць – бо прыйшла гадзіна.
Цуд у Кане Галілейскай, які па-трабуе веры, адкрывае сакрэт Езуса, а менавіта Божую хвалу ў Ім. А пазнанне хвалы Бога – гэта прызнанне Бога ў Езусе Хрысце.
3 звычайная нядзеля, год С
Езус – Месія
1 чытанне — Нм 8, 2-6. 8-10.
Пс 19, 8-10. 15.
2 чыт. — 1 Кар 12, 12-30.
Евангелле — Лк 1, 1-4. 4. 14-21.
“Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання”(Лк 4, 21).
У сённяшнім фрагменце Евангелля, паводле святога Лукі, мы заўважаем Езуса, які прыйшоў у Назарэт, у горад, дзе Ён вырас. Згодна са звычаем, у дзень суботні Езус увайшоў у сінагогу і там чытае з кнігі Ісаі прароцтва аб Месіі. Месіі, які будзе абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім, вызваленне палонным, сляпым вяртаць зрок… Прачытаўшы, Ён абвясціў: “Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі” (пар. Лк 4,21).
Словы Пісання цалкам споўніліся ў Асобе Езуса Хрыста!
На старонках Святога Пісання мы заўважым, што многія слухачы ўспрынялі гэту інфармацыю з вуснаў Езуса з радасцю, іншыя скептычна, трэція з варожасцю. Калі паглядзім вакол нас, то заўважым, што да Божага Слова, якое няспынна абвяшчаецца, адносіны тыя ж самыя, што і ў тагачасных слухачоў Езуса. Бо Яго Слова датычыцца не толькі жыхароў Назарэта, яно датычыцца ўсіх людзей ва ўсім свеце. Хрыстос прыносіць нам Добрую Навіну. Дае магчымасць прайсці праз зямное жыццё ў перспектыве вечнасці. Для гэтага Ён прыйшоў на зямлю і прыходзіць да нас падчас кожнай Эўхарыстыі. Ён – наша збаўленне.
У зямным жыцці мы сустракаем шмат розных перашкод. Не заўсёды можам іх перамагчы самастойна, аднак заўсёды можам зрабіць гэта разам з Езусам, з Яго моцай. З моманту святога хросту нас суправаджае ўпэўненасць у тым, што Ён любіць нас вечнай і бязмежнай любоўю, што Ён заўсёды блізка нас, прамаўляе да нас! Аднак задумаемся, якім чынам мы ставімся да Ягоных слоў? Калі мы вызнаем, што Езус – Месія, Сын Божы, наша жыццё напаўняецца Добрай Навіной аб збаўленні і становіцца жывым сведчаннем веры ў Езуса Хрыста.
30 студзеня
4 звычайная нядзеля, год С
Прарокаў выбірае Бог
1 чытанне — Ер 1, 4-5. 17-19.
Пс 71, 1-6. 15-17.
2 чыт. — 1 Кар 12, 31 – 13, 13.
Евангелле — Лк 4, 21-30.
“Я асвяціў цябе, устанавіў цябе прарокам…” (Ер 1, 4-5).
Бог для здзяйснення сваёй справы часта пасылае ў свет прарокаў. Гэта выбраныя Ім людзі, якія павінны перадаць пасланне, якое сыходзіць ад Створцы. Аднак чалавек з-за свайго эгаізму можа выкарыстоўваць любую сітуацыю для ўласнага дабра. Паколькі прарокі карысталіся вялікім аўтарытэтам, многія хацелі сябе і свае інтарэсы “падсунуць” пад іх місію. Так з’явіліся ілжэпрарокі. Сам Бог перасцерагае сваіх выбраных, каб былі асцярожнымі, каб умелі адрозніць сапраўднага прарока ад фальшывага. Майсей ясна кажа: адныя выступяць у імя Бога, хоць Ён і не пасылаў іх. Іншыя, пасланыя Богам, парушаюць сваю місію, і з іх вуснаў выходзіць хлусня. Маючы паўнамоцтвы ад Бога, яны будуць гаварыць ад свайго імя або ад імя тых, каму хочуць дагадзіць, а не ад імя Бога.
Калі мы хочам не змарнаваць цяперашняе жыццё і падрыхтавацца да жыцця вечнага, неабходна навучыцца распазнаваць прарокаў, якіх слухаем. Сёння іх вельмі шмат. Адныя спасылаюцца на дадзеныя псіхалогіі, іншыя – на сацыялогію, трэція – на сучасных філосафаў, палітыкаў, спікераў тэлебачання і інтэрнэту, журналістаў, стваральнікаў рэкламы… Усім вельмі важна, каб іншыя ім паверылі…
Неабходна прасіць дароў Духа Святога, каб быць здольнымі адрозніць сапраўднага прарока ад фальшывага, прыняць і распазнаць Божае Слова ў сучасным свеце.
кс. Януш ЧАРНАМОРАЎ