5 звычайная нядзеля, год С
Святасць патрабуе пакоры
1 чытанне — Іс 6, 1-2а. 3-8.
Пс 138, 1-5. 7-8.
2 чыт. — 1 Кар 15, 1-11.
Евангелле — Лк 5, 1-11.
“Праславяць Цябе, Пане, усе каралі зямлі, калі пачуюць словы Тваіх вуснаў” (Пс 138, 4)
Фрагмент з Евангелля паводле святога Лукі (пар. Лк 5,1-11) распавядае пра Езуса, які прапаведваў каля возера Генэзарэт. Калі слухачоў станавілася ўсё больш і больш, Ён увайшоў у лодку Пятра і загадаў яму крыху адплысці ад берага, затым працягваў навучанне, пасля ж сказаў Пятру: плыві на глыбіню. І дадаў, каб кінулі свае сеткі. Улоў аказаўся плённым.
“Плыві на глыбіню!” – гэта таксама запрашэнне Езуса, адрасаванае нам. Калі мы хочам, каб нашае жыццё было плённым, нам неабходна перакрочыць сябе, свае звычкі, свае грахоўныя схемы. “Плысці на глыбіню” – значыць ажыўляць нашу веру, духоўнае жыццё і, перш за ўсё, сувязь з Езусам Хрыстом. Тады наша праца і служэнне будуць плённымі.
Пётр, бачачы плённы ўлоў, які ён здзейсніў па слову Езуса і ў Яго прысутнасці, зразумеў, што нельга быць чалавекам служэння, прапаведвання і любові без больш глыбокай сувязі, а нават сяброўства з Хрыстом. Ён прасіў, каб Езус адышоў ад яго і не рабіў апосталам. Ён адчуваў сябе грэшным, але поўны любові Езус не адмовіўся ад яго. Ён прыняў яго нанова і паклікаў стаць Апосталам, лаўцом людзей для Валадарства Нябеснага.
Чалавечай мудрасці і ўмеласці недастаткова для дасягнення духоўнага поспеху. Неабходна хутчэй у пакоры сэрца сказаць так, як Пётр: “на Тваё слова закіну сеткі”. Святасць патрабуе пакоры і мужнасці адмовіцца ад сваіх уласных жыццёвых схемаў, каб давяраць Езусу і Яго слову.
6 звычайная нядзеля, год С
Бог напаўняе святлом
1 чытанне — Ер 17, 5-8.
Пс 1, 1-4. 5.
2 чыт. — 1 Кар 15, 12. 16-20.
Евангелле — Лк 6, 17. 20-26.
“Благаслаўлёны чалавек, які спадзяецца на Пана, і надзея якога – Пан” (Ер 17, 5-8).
Сённяшняе Евангелле нагадвае, што наш Пан Езус Хрыстус, прапаведуючы Валадарства Божае, звяртаецца да людзей, якія жадаюць шчасця. Кожны чалавек глыбока ў сваім сэрцы прагне супакою і радасці, шчасця і свабоды. Гэты пошук шчасця запісаны ў сэрцы чалавека. Ва ўсім, што мы робім і да чаго імкнемся, мы імкнемся да спаўнення, да поспеху нашага жыцця. Чалавек быў створаны па вобразу і падабенству Божаму. Таму яму неабходна знайсці сваё спаўненне ў Богу па волі Створцы. Бог хоча напоўніць нас святлом сваёй прысутнасці, суцяшэннем, ласкай сваёй любові і зрабіць нас шчаслівымі назаўжды ў Яго Валадарстве.
Згодна з вучэннем Езуса, шчаслівы чалавек не ўспрымае пачуцця бяспекі ў сабе, але дазваляе Богу быць яго крыніцай ва ўсім. Гэта той, хто не пазбягае смутку, але дазваляе Богу суцяшаць яго. Гэта той, хто не выкарыстоўвае насілле ў адносінах, але заваёўвае павагу і аўтарытэт сілай сваёй пакоры, вучачыся ў Бога. Гэта чалавек, які свае спадзяванні, жаданні і мары узгадняе з Богам, шукаючы ва ўсім Яго волю. Шчаслівы чалавек, паводле Евангелля, не абвінавачвае, не асуджае, не ацэньвае іншага толькі са свайго пункту гледжання, а чэрпае з уласнага вопыту Божай Міласэрнасці.
Дзякуючы таму, што ў яго ёсць час для Бога, ён бачыць Яго ў іншым чалавеку чыстым сэрцам і позіркам. Гэта чалавек, які першым працягвае руку да згоды і прымірэння, таму што ён нясе ў сэрцы Божы свет.
Бог заўсёды звяртае нашу ўвагу на галоўнае, на сапраўднае, на тое, што вядзе да шчасця і жыцця вечнага. Ён крыніца шчаслівага жыцця кожнага чалавека.
7 звычайная нядзеля, год С
Любоў Бога не мае межаў
1 чытанне — 1 Вал 26, 2. 7-9. 12-13. 22-23.
Пс 103, 1-4. 8. 10. 12-13.
2 чыт. — 1 Кар 15, 45-49.
Евангелле — Лк 6, 27-38.
“Рабіце людзям так, як хочаце, каб яны вам рабілі“ (Лк 6, 31).
У сённяшнім Евангеллі Езус тлумачыць нам, што такое са-праўдная хрысціянская любоў. Звяртаючыся да тых, хто жадае слухаць, Езус кажа: “Любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць. Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць. Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю. Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту. Рабіце людзям так, як хочаце, каб яны вам рабілі” (Лк 6, 27-31).
Свет, у якім жывём, даўно адышоў ад гэтых слоў Езуса. Аднак, калі б усе людзі імі кіраваліся, спакоем і радасцю поўнілася б наша зямля. Усё часцей людзі злом адказваюць на зло, праклінаюць, а ў выніку сцвярджаюць, што немагчыма любіць тых, хто з’яўляецца ворагам. Напэўна, і ў часы апосталаў узнікалі падобныя эмоцыі. Таму Езус тлумачыць: “Бо калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць. І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае. І калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж” (пар. Лк 6, 32-34).
Любоў Бога да чалавека не мае межаў. Гэта абсалютна безумоўная любоў. Ён – прыклад сапраўднай любові, да якой і нам неабходна імкнуцца. Езус не пагарджаў людзьмі. Ён абвяшчаў Валадарства Нябеснае ўсім. Ён размаўляў з грэшнікамі, хворымі, фарысеямі і кніжнікамі, з мытнікамі і крывадушнымі. Падчас бічавання, цернем укаранавання, крыжовай дарогі і ўкрыжавання Езус не праклінаў, але маліўся за тых, хто пераследаваў Яго і ў Айца прасіў для іх прабачэння! На дрэве Крыжа наш Збаўца пацвердзіў тыя словы любові, якія сёння кіруе да нас.“Любіце адзін аднаго, як Я палюбіў вас”.
8 звычайная нядзеля, год С
Крыніца жыцця ў Богу
1 чытанне — Сір 27, 5-8.
Пс 92, 2-3. 13-14. 15-16.
2 чыт. — 1 Кар 15, 54-58.
Евангелле — Лк 6, 39-45.
“Будзьце моцнымі, непахіснымі, заўсёды будзьце цалкам адданымі справе Пана і ведайце, што не дарэмная ваша праца ў Пану» (1 Кар 15, 58).
Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Адказ відавочны, але, менавіта так часта і адбываецца.
Езус тлумачыць: «сляпы, які мае бервяно ў воку, спрабуе весці за сабой сляпых – асуджае іншых людзей, вучыць, як ім жыць, хоць і сам не ведае праўду Божую, імкнецца кіраваць, або лепш сказаць, маніпуляваць іншымі, каб яго лічылі «аўтарытэтам». Часта такія людзі з бярвёнамі ў вачах перакананыя, што толькі іх меркаванне правільнае, толькі іх павінны слухаць і толькі ім падпарадкоўвацца. «Сляпы вядзе сляпых!». Што будзе з імі?
Езус адказвае: «яны ўпадуць у яму». Гэта «ямы» пыхі, загубленасці і граху; «ямы» знішчальнай сузалежнасці ад фальшывага «аўтарытэту»; «ямы» страху і болю, хвароб і дэпрэсіўных станаў. Прычына такіх падзенняў – гэта «бярвёны ў вачах», гэта розум, паранены злом, які не бачыць святла – Божага святла, не мае Духа Святога, не жыве па Божай волі, але вышэй за ўсё ставіць свой эгаізм, прымушаючы іншых падпарадкоўвацца яму. Хрыстус, працягваючы адкрываць мудрасць Божую, кажа, што «ўсякае дрэва пазнаецца па плёну свайму», так і чалавек. Добры чалавек з добрага сэрца прыносіць добры плод. Мы, верныя Богу, будзем заўсёды прасіць Божай дапамогі, каб нам тварыць дабро для нашых блізкіх, імкнуцца жыць так, як Хрыстос, і прыносіць плён вечнага жыцця!
Чалавек гэтак жа, як усё жывое, мае патрэбу ў крыніцы жыцця. І гэтая крыніца толькі адна – адзіны Бог Стварыцель, Айцец Госпада нашага і Збаўцы Езуса Хрыста, ўсюды і заўсёды прысутны ў адзінстве Святога Духа.
кс. Януш ЧАРНАМОРАЎ