1 нядзеля Вялікага посту, год С
Наша сіла і апора
1 чытанне — Дрг 26, 4-10.
Пс 91, 1-2. 10-15.
2 чыт. — Рым 10, 8-13.
Евангелле — Лк 4, 1-13.
”Ты маё прыстанішча і мая цвярдыня, Божа мой, на Цябе спадзяюся” (Пс 91, 2).
Пасыпаннем попелам нашых галоў мы распачалі Вялікі пост. Пост служыць асабістаму навяртанню, духоўнаму аднаўленню і ўмацаванню сувязі з Богам праз малітву, устрыманне і справы міласэрнасці. Евангелле, якое чытаем у першую нядзелю Вялікага посту, звяртае нашу ўвагу на барацьбу са спакусамі. Спакуса, у розных яе формах, па сутнасці з’яўляецца тым, што кіруе нас да зла. У кожнай спакусе заўсёды прысутная няпраўда. Усе спакусы, якія вядуць нас да зла і граху, паходзяць ад праціўніка Бога і чалавека – паходзяць ад д’ябла. І вельмі часта спакусы пераходзяць праз людзей, якія звязаныя грахом або злом. Кожная спакуса заўсёды вядзе да парушэння Божага Слова і Божых запаведзей, супраць Хрыста і Новага Запавету. Бог падрыхтаваў для кожнага з нас шчасце і радасць збаўлення, а праціўнік стараецца любым спосабам разрушыць гэты Божы план збаўлення кожнага чалавека. У Святым Пісанні чытаем: “Праціўнік ваш д’ябал з рыкам кружыць, шукаючы каго пажэрці, моцныя ў веры, станьце супраць яго”.
Святы Ігнацый з Лаёлы кажа так: “Калі маеш спакусы, спакуса яшчэ не з’яўляецца грахом. Але калі пачынаеш дыскутаваць са спакусай – ужо ўпаў”. І першая рэч, якая вельмі важная для нас у барацьбе са спакусамі, – з праціўнікам нельга ўваходзіць у дыскусію. Езус прыходзіць на пустыню, праціўнік спакушае: калі Ты Сын Божы, скажы гэтаму каменю, каб ён стаў хлебам; пакланіся мне і ўсё будзе Тваё; кінься ўніз і Анёлы панясуць Цябе. Ці Езус тлумачыць спакушальніку… “Паслухай, Я Сын Божы,.. што ты такое кажаш…?”. Езус адказвае фрагментам са Святога Пісання. І кропка, канец дыскусіі.
Адказваючы на спакусы праціўніка, Езус паказаў, дзе знаходзіцца сапраўдная сіла і моц чалавека: “Не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Божых”, “Не будзеш вы-прабоўваць Пана Бога свайго”, “Пану Богу пакланяйся і Яму аднаму служы”. Найлепшы спосаб перамогі спакушальніка – гэта прыклад Езуса ў барацьбе са спакусамі. Божае слова – і вон спакусы! Малітва – галоўная абарона ў спакусах. Яна неабходная для нашага жыцця, як паветра. Толькі Бог з’яўляецца нашай сілай і апорай. Таму можам быць упэўненыя ў тым, што Ім насычаючыся, Яму давяраючы і Яму служачы, будзем мець столькі сіл, каб, ачышчаючы сваё сэрца, адчуваць вызваленне нават з самых цяжкіх грахоў і слабасцей.
2 нядзеля Вялікага посту, год С
Перамяненне
1 чытанне — Быц 15, 5-12. 17-18.
Пс 40, 2.
2 чыт. — Флп 3, 17 – 4, 1.
Евангелле — Лк 9, 28b-36.
“Пра Цябе кажа маё сэрца: шукайце Ягонага аблічча” (Пс 27,8).
Езус падымаецца на гару памаліцца і бярэ з сабой трох апосталаў: Пятра, Якуба і Яна. Гара – гэта месца сустрэчы з Богам; біблейская рэальнасць, дзе здзяйсняюцца вельмі важныя рэчы: перадача Дэкалога, малітва Езуса ў садзе або, нарэшце, збаўчая смерць Хрыста на Галгофе. Узыходжанне на гару звязана з высілкам, стомленасцю і ўстрыманнем. Дасягнуўшы гары, Езус перамяняецца: “Выгляд твару Ягонага перамяніўся, і адзенне Ягонае стала бліскуча-белым”. Вучні таксама бачаць, як Майсей і Ілля размаўляюць з Езусам, што падкрэслівае сувязь са Старым Запаветам. Чутны голас з нябёсаў, які пацвярджае боскасць Хрыста: “Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце”. Гэта падзея, хоць і цяжкая і незвычайная, аднак з’яўляецца добрай падрыхтоўкай апосталаў да тых падзей, якія павінны адбыцца пазней, г.зн. мукі, смерці і ўваскрасення Езуса. Вучні на гары ўпершыню могуць убачыць перамененае, хвалебнае аблічча Езуса. Таму Пётр кажа: “Настаўнік, добра нам тут быць”.
Трываючы ў перыядзе Вялікага посту, Езус і нам прагне паказаць Сваё аблічча. Ён хоча, каб мы ўбачылі ў Ім сябра, які ўсё пра нас ведае і любіць нас такімі, якія мы ёсць, і ў той жа час падказвае нам, якімі мы можам стаць. Такі вопыт асабістай, перамяняючай сустрэчы з Езусам дапамагае змяніць наша жыццё, пакаяцца, пайсці іншым шляхам. Каб гэтага дасягнуць, неабходна наша сяброўства з Езусам, пэўныя намаганні, змяненне планаў, мыслення, звычак.
Пасля ўзыходжання на гару вучні вярнуліся да сваіх штодзённых заняткаў, узбагачаныя вопытам аглядання слаўнага аблічча Хрыста. Мы таксама пасля сустрэчы з Езусам падчас Эўхарыстыі, у канфесіянале, падчас чытання Святога Пісання або ў іншай малітве вяртаемся да штодзённых спраў. Але пасля сустрэчы са Збаўцам мы вяртаемся перамененыя. Толькі калі мы трываем ў Ім, адбываецца перамена нас саміх і асяроддзя, у якім жывём. Гэты вопыт умацоўвае нашу веру і дазваляе дзяліцца ёю з іншымі, даючы сведчанне аб сустрэчы з жывым Хрыстом.
20 сакавіка
3 нядзеля Вялікага посту, год С
Плады веры
1 чытанне — Зых 3, 1-8а. 13-15.
Пс 103, 1-4. 6-8. 11.
2 чыт. — 1 Кар 10, 1-6. 10-12.
Евангелле — Лк 13, 1-9.
“Калі некаму здаецца, што ён стаіць, няхай глядзіць, каб не ўпасці” (1 Кар 10,12).
Прадстаўлены ўрывак Евангелля з’яўляецца завяршэннем вучэння з так званага першага перыяду падарожжа ў Ерузалем. Езус накіроўваецца ў Святы Горад, каб аддаць там жыццё за збаўленне свету. Падчас гэтага падарожжа Ён вучыць і здзяйсняе знакі. Кантэкст, які папярэднічае гэтаму фрагменту, – гэта катэхезы, якія вельмі рашуча заклікаюць чалавека ўключыць у свае планы і дзеянні эсхаталагічнае вымярэнне жыцця. Езус, знаходзячыся перад святам Пасхі ў Бэтаніі, убачыў смакоўніцу, пакрытую багатай зелянінай. Ён падышоў да яе, чакаючы, што сярод лісця знойдзе і плён. Але Езус застаўся расчараваным, бо на дрэве не было ніводнага плёну. Падобнае перажыванне адчуваў Езус з боку тых, хто лічыў сябе пабожным, але не прыносіў чаканых пладоў веры. Большасць жыхароў Галілеі ўжо чулі аб Ім, аднак мала хто паверыў Яму. Ці павінен Езус яшчэ чакаць іх веры? Вялікі пост – гэта час, дадзены нам Богам для навяртання.
Чалавеку, параненаму грахом, эгаізмам, падабаецца засяроджвацца на сабе і думаць толькі пра сябе. Заклік да навяртання паказвае на неабходнасць пастаяннай гатоўнасці да перамены жыцця і згоды на тое, каб перамагчы свой грэх разам з Езусам, які «ласкавы і поўны міласэрнасці». Вера прыносіць добрыя плады толькі тады, калі чалавек сапраўды з’яднаны з Богам!
Якія плады прыносіць дрэва майго жыцця?
4 Нядзеля Вялікага посту, год С
Бязмежны дар Бога
1 чытанне — Нав 5, 9а. 10-12.
Пс 34, 2-7.
2 чыт. — 2 Кар 5, 17-21.
Евангелле — Лк 15, 1-3. 11-32.
“Бог у Хрысце паяднаў з сабою свет, не зважаючы на пра-віны людзей і даў нам слова паяднання” (2 Кар 5, 19).
Сёння Евангелле прадстаўляе нам вобраз міласэрнага Айца. Бог прагне, каб мы, Ягоныя дзеці, былі падобнымі да Яго. Найглыбей Божая любоў аб’яўляецца нам у прабачэнні і міласэрнасці. Калі раскайваемся ў памылках свайго жыцця, то просім прабачэння і спадзяемся яго атрымаць. Бог прабачае наш грэх, які раніць Яго як Айца. Ён першы выходзіць насу-страч чалавеку, які гіне ў грахах. Прабачае, цешыцца і адорвае шматлікімі ласкамі, каб мы маглі падняцца з бруду граху, ачысціцца і апрануцца ў адзенне, годнае дзяцей Божых.
Міласэрнасць з’яўляецца бязмежным дарам Бога для чалавека. Прабачэнне, якое мы асабіста адчуваем у сакрамэнце пакаяння і паяднання, незвычайная лёгкасць сэрца, з якой мы ўстаём ад канфесіянала, і пачуццё, якое немагчыма ні з чым параўнаць, – бо вось Айцец Нябесны прабачае мой грэх. Ён прабачае і заклікае прабачаць іншым ўсе крыўды, якія мы атрымалі ад іх. Калі мы гэтага не зробім, то мы не зробім ніводнага кроку ў нашым духоўным развіцці, а пачуццё крыўды, якое будзем песціць (насіць) у сабе, будзе разбураць і знішчаць нас знутры.
Калі хочам любіць як Бог Айцец, то не можам ставіць межаў або ўмоваў для прабачэння. Прабачаць неабходна заўсёды. Бо і мы таксама чакаем таго, каб нас прабачалі столькі разоў, колькі будзем прасіць прабачэння і шкадаваць за прычыненую крыўду.
Езу, Ты заўсёды нам прабачаеш, шчодра і безумоўна. Прымаючы Тваю міласэрнасць, хочам аказваць яе тым, якія маюць патрэбу прабачэння ў адносінах да нас.
кс. Януш ЧАРНАМОРАЎ