3 красавіка
5 Нядзеля Вялікага посту, год С
Пачатак новага жыцця
1 чытанне — Іс 43, 16-21.
Пс 126, 1-6.
2 чыт. — Флп 3, 8-14.
Евангелле — Ян 8, 1-11.
”Вось Я ўчыню новае, і цяпер з’явіцца яно…” (Іс 43, 19).
Як добра, што замест каменя можна мець сэрца, замест укаменавання можна аднавіць жыццё, што, асуджаючы грэх, ратуецца грэшнік. Так заўсёды робіць Езус. Жанчына з сённяшняга Евангелля дасведчыла гэта на сабе. Злавіўшы на чужалостве, яе прывялі да Езуса, каб яна памерла, а яна адышла з адноўленым жыццём.
Грэх знішчае жыццё. Спачатку свой грэх. Бо лёгка бачыць грахі іншых, паказваць на іх пальцамі, заклікаць іншых да пакаяння. Так паступалі фарысеі і кніжнікі. Яны ўсюды бачылі грэх, толькі не ў сабе. Замест таго, каб стаць у праўдзе, яны ўцякалі ад яе. Мы бачым гэта ў сённяшнім Евангеллі. Калі Езус паказвае ім, што і яны не без граху, адразу пачалі адзін за адным адыходзіць… “Засталіся толькі Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне” (Ян 8,9). Грэшнік і той, хто без граху, Езус. Так што ж будзе з жанчынай? Яна ведае, што Езус мае права кінуць камень, што яна заслужыла асуджэнне, што няма нічога ў яе абарону. Яна цалкам залежыць ад таго, што зробіць Езус. А што Ён робіць? Ён праяўляе міласэрнасць. “Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе? І Я не асуджаю цябе. Ідзі, і адгэтуль больш не грашы” (пар. Ян 8, 1011).
Браты і сёстры, міласэрнасць большая за грэх! У вачах людзей яна ўжо была адкінута, яе ўжо асудзілі і камяні трымалі ў руках, каб праз хвіліну забіць камянямі. Але яна сустрэла Езуса, які вяртае жыццё, кажучы: і Я не асуджаю цябе. Гэта найлепшыя словы, якія толькі магла пачуць жанчына. Дзякуючы Езусу, яна магла вярнуцца дамоў і распачаць новае жыццё! Сённяшняе Евангелле паказвае нам, што Езус не знішчае, не асуджае, не прымушае апраўдвацца. Ён заўсёды праяўляе міласэрнасць. Чалавеку неабходна толькі захацець прыйсці да Яго, прызнаць сваю грахоўнасць, назваць грэх па імені, стаць у праўдзе перад Ім і перад сабою, сказаць з пакаяннем: я зграшыў і хачу пакаяцца, перамяніць сваё жыццё. І з вуснаў Езуса, праз паслугу святара, пачуем падобныя словы: “І Я адпускаю табе грахі. Ідзі і больш не грашы”.
Споведзь – пачатак новага жыцця!
Пальмовая Нядзеля, год С
Сэнс і мэта
1 чытанне — Лк 19, 28-40.
Пс 22, 8-9. 17-20. 23-24.
2 чыт. — Флп 2, 6-11.
Евангелле — Лк 22, 14 – 23, 56.
“Благаслаўлёны Кароль,які прыходзіць у імя Пана (Лк 19, 38).
У літургіі Касцёла сёння перажываем Пальмовую Нядзелю або Нядзелю Мукі Пана. Прыносім да Касцёла вярбу. Папершае, вярба нагадвае нам, што мы прыйшлі на спатканне з Езусам, каб Яго ўзвысіць. Як чулі з Евангелля, людзі прызнаюць Езуса Валадаром, але толькі для таго, каб Ён выконваў прагненне чалавека, каб тут, на зямлі, збудаваў рай. Падругое, сёння гэтыя рукі трымаюць дрэва – вярбу, а ўжо заўтра тыя ж самыя рукі робяць крыж. Ты я ж самыя людзі, якія сустракалі Езуса з вярбою, праз некалькі дзён патрабавалі ўкрыжаваць Яго.
Бог сапраўды любіць нас бязмежна. З любові да чалавека пасылае ў свет Свайго Сына Езуса Хрыста, як Збаўцу і Адкупіцеля. Ён, спаўняючы волю Айца, распасцёр на крыжы свае рукі, каб смерць перамагчы і аб’явіць змёртвыхпаўстанне.
Кожны раз, калі мы грашым, губляем поўню радасці жыцця ў Хрысце. Калі мы грашым, прычыняем Яму боль. Кожны грэх з’яўляецца злом, якое забівае наша жыццё ў Богу, нас саміх, нашых сем’ях і грамадстве. Хрыстус ведае нашу нявернасць, ведае нашае сэрца, якое хутка імкнецца да зла, сэрца чалавека, якое зранена грахом. Ведаючы, што чалавек не можа аздаравіць сваё сэрца, душу і розум, Хрыстус здзяйсняе Ахвяру на Крыжы, тая ж самая Ахвяра здзяйсняецца на Алтары Касцёла – дзеля нашага збаўлення, вызвалення ад грахоў, каб мы адмовіліся ад зла і распачалі новае жыццё праз Хрыста і разам з Хрыстом. Тады мы станем сапраўды шчаслівымі, бо сэнсам і мэтаю нашага жыцця бу-дзе Езус Хрыстус, Пераможца, Пан Сусвету і Валадар!
Вялікдзень, год С
Знак жыцця
1 чытанне — Дз 10, 34а. 37-43.
Пс 118, 1-2. 16-17. 22-23.
2 чыт. — 1 Кар 5, 6b-8.
Евангелле — Ян 20, 1-9.
“Трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых” (Ян 20, 9)
Хрыстос сапраўды Уваскрос!
Слова “сапраўды” выключае факт Уваскрасення з асяроддзя ілжывых чутак, безадказных сцвярджэнняў і здагадак і робіць яго фундаментальнай праўдай, на якой Пётр і вучні абапіраюць апостальскую місію. Уваскрасенне Езуса – гэта аснова нашай веры.
Уваскрасенне Хрыста таксама з’яўляецца асновай надзеі нашага ўваскрасення. Людзі Старога Запавету, гледзячы ў штодзённасць, мелі меркаванне, што існуе пераход толькі ў адным напрамку, без вяртання. І вось паўстаў факт, адзіны ва ўсёй чалавечай гісторыі: Хрыстос, пакладзены ў магілу, праклаў шлях вяртання да жыцця. І не толькі сабе, але і вучням. Ён сказаў: “Сапраўды кажу вам, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі, і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзень”. Такім чынам, дар Уваскрослага Езуса – гэта наша будучыня. Езус Хрыстус адчыніў нам брамы вечнасці. Там наша Айчына. Мы пакліканы да новага жыцця. Аб гэтым вельмі добра дапамагае паразважаць сённяшняе Евангелле, якое звяртае ўвагу на пусты гроб – як знак жыцця!
…Грабніца пустая, ахінае яе глыбокая цішыня світанку. Аднак навокал столькі руху і мітусні. Марыя Магдалена, Пётр, Ян – бегаюць, шукаюць, задаюць у сэрцы сваім пытанні: што азначае гэтая пустая грабніца? Што здарылася? Дзе цела Езуса? Марыя ў сваім вялікім болі глядзіць знешне, павярхоўна, не ўваходзіць у грабніцу, бачыць толькі адкінуты камень. Пётр глядзіць уважліва, рацыянальна, уваходзіць да грабніцы, заўважае кожную дробязь. Ян уваходзіць у магілу і глядзіць вачыма сэрца, вачыма веры. Уваходзіць у пустую грабніцу і ўжо ведае: Езус Уваскрос!
Ці верыш у гэта? Ці здолеў заўважыць Уваскрасенне Хрыста ў сваім жыцці не толькі знешне але і духоўна?
Езу, вядзі нас ад знешняга позірку праз рацыянальны да позірку сэрцам, якім з’яўляецца вера ў Тваё Змёртвыхпаўстанне.
24 красавіка
Нядзеля Божай Міласэрнасці, год С
Шчаслівыя тыя, хто паверыў
1 чытанне — Дз 5, 12-16.
Пс 118, 2-4. 22-27а.
2 чыт. — Ап 1, 9-13. 17-19.
Евангелле — Ян 20, 19-31.
“Праз веру ўсё больш далучалася да Пана мноства мужчын і жанчын” (Дз 5,14).
Няцяжка ўявіць сабе сітуацыю, у якой апынуліся вучні Пана Езуса пасля таго, што адбылося на Галгофе. Там памёр не толькі Хрыстос. У пэўным сэнсе іх планы і надзеі таксама памерлі. Тэарэтычна яны праз Хрыста да гэтага вопыту рыхтаваліся. Ён не раз казаў ім аб крыжы, аб тым, што Яму давядзецца шмат пакутаваць, перш чым Ён дасягне хвалы. Ці разумелі яны Яго? Тыя, хто ўсё сваё жыццё “ўклаў” у Езуса з Назарэта, у дзень Яго смерці адчулі сябе “банкротам”.
У Евангеллі сённяшняга дня чытаем, што дзверы дома, дзе збіра-ліся вучні, былі замкнёныя зза страху перад юдэямі. Пра што яны думалі і чаго баяліся? Ім здавалася, што трэба планаваць нанова. І хто ведае, ці не разышліся б кожны ў свой бок, калі б “у першы дзень тыдня” не стаў сярод іх уваскрослы Езус Хрыстус. Стаяў пасярод іх, і не было ў Яго ні шкадаванняў, ні прэтэнзій да іх. Ён коратка прывітаў іх: “Супакой вам!”. Здзівіў іх жывою прысутнасцю і моцай сваёй Божай Міласэрнасці. Можна сказаць, што “адрадзіў іх да жывой надзеі”. Ён не толькі прабачыў іх, але і даручыў служэнне прабачэнню: “Вазьміце Святога Духа! Каму прабачыце грахі, таму прабачаны будуць, а на кім пакінеце, на тым застануцца”. Тыя, якія спачатку самі адчулі на сабе Божую міласэрнасць, цяпер павінны былі стаць яе распарадчыкамі.
А як выглядае наша вера? Ці пасапраўднаму верым? А можа, так як Тамаш, кажам: калі не ўбачу, не паверу! “Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў”, – кажа Езус. Вера – гэта не столькі ўпэўненасць у тым, што Бог “ёсць”, але штодзённае адкрыццё “кім” ёсць Бог. Ён – Айцец, які нас пасапраўднаму любіць, Ён – надзея, якая не падвядзе, Ён – мэта чалавечай веры, якой з’яўляецца сустрэча.
кс. Януш ЧАРНАМОРАЎ