Хлеб штодзённы

1 маяgr-str-30

3-я Велікодная нядзеля, год С

 

Нічога большага за любоў няма

 

1 чытанне — Дз 5, 27b-32. 

Пс 30, 2. 4-6. 11-13.  

2 чыт. — Ап 5, 11-14. 

Евангелле — Ян 21, 1-19.

 

 

“Спявайце Пану вы, Ягоныя верныя, памятайце пра святасць Ягоную” (Пс 30,5).

З сённяшняга Евангелля ясна відаць, хто можа атрымаць канкрэтнае заданне ад Бога. Гэта можа быць толькі чалавек, які любіць Езуса і развівае гэтую любоў. Як ведаем,  Пятру не хапала любові да Езуса ў двары Каяфы. Па сведчаннях відавочцаў, ён тройчы адрокся ад Хрыста. А зразумеў сваю памылку тады, калі пачуў спеў пеўня, і адразу заплакаў. Езус прабачае яго і вяртае яму годнасць, калі ў прысутнасці Яна, які вытрываў пры Ім да канца, і пры іншых сведках пытаецца Пятра аб любові. Нібыта аднёсшыся да той патройнай здрады, Езус тройчы ставіць адно пытанне: “Ці любіш ты Мяне больш, чым яны?” Пётр быў у разгубленасці. Аднак публічна вызнае сваю любоў, звяртаючыся да ведаў Езуса: “Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе”. Езус давярае Пятру адказнасць за вернікаў і даручае кіраванне супольнасцю Касцёла: “Пасі авечак Маіх”.

Умовай добрага выканання гэтай задачы з’яўляецца любоў да Езуса. Кожны з нас мае свае абавязкі, хтосьці адказвае за іншых. Варта памятаць, што кожны чалавек прыналежыць Богу, гэта авечкі Езуса, і правільнае іх вядзенне залежыць ад таго, у якой меры адказная за іх асоба любіць Езуса. Калі гэтай любові нехапае, пра тое, каб пасвіць Яго авечак, не можа быць і гаворкі. Бо той, хто не любіць Хрыста, не дарастае ні да адказнасці за іншых, ні да кіравання імі. Такім чынам, у выкананні розных спраў няма нічога большага, чым любоў да Бога і бліжняга.


 8 мая

4-я Велікодная нядзеля,

Нядзеля Добрага Пастыра,  год С

 

Крыніца жыцця

 

1 чытанне — Дз 13, 14. 43-52. 

Пс 100, 2-5.  

2 чыт. — Ап 7, 9. 14b-17. 

Евангелле — Ян 10, 27-30.

 

 

“Я даю вечнае жыццё авечкам сваім” (пар.Ян 10, 27–28).

Сёння адзначаем Нядзелю Добрага Пастыра! Сучасны свет прапануе нам хутчэй вобраз “лідара”, чым пастыра ў значэнні, прапанаваным Езусам: лідара, які ўплывае на іншых людзей, арганізуе, матывуе, але не дзеля іхняга сапраўднага дабра, а для сваіх мэтаў. Аднак, калі прыйдзе сур’ёзнае выпрабаванне, ён гатовы кінуць “авечак”, а магчыма нават ператварыцца ў ваўка, гатовага разадраць на часткі слабейшых, карыстаючыся сваёй уладай і сілай.

Жывучы ў такім асяроддзі, варта знайсці сапраўднага Пастыра, які абароніць і выведзе на пашу спакою, дзе пануе справядлівасць і пашана годнасці кожнага чалавека як Божага дзіцяці. Больш за тое, адзіны Добры Пастыр адкрывае нам перспектыву жыцця, якое мае перспектыву вечнасці, бо перамагае смерць і зло; перспектыву свабоды, якая не залежыць ад знешніх абставінаў, бо жыве ў сэрцы, поўным любові. У Евангеллі Езус кажа: “Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, ніхто не вырве іх з рукі Маёй” (Ян 10,28). Езус – Пастыр, мы авечкі. Жыццё Пастыра, ахвяраванае за нас ў невымоўнай любові, – вось крыніца жыцця, вось доказ велізарнай годнасці і вартасці нашага жыцця!

Добры Пастыр не ідзе за авечкамі, а авечкі ідуць за пастырам. Ён ідзе першым, пазначаючы ім бяспечны шлях. Авечкі ідуць за пастухом, таму што ведаюць яго. За чужынцам яны не пойдуць. Яны ведаюць голас свайго пастуха, яго пах, ведаюць, як ён выглядае. І вы можаце нават крыху здзівіцца: як гэта, што цэлы статак авечак ідзе па гарах і далінах, на чале толькі з адным пастухом? Авечкі могуць гэта зрабіць, а мы, людзі? Ці ведаем Езуса – нашага Добрага Пастыра? Ці слухаем Яго голасу?


 15 мая

5-я Велікодная нядзеля, год С

 

Новая  запаведзь

 

1 чытанне — Дз 14, 21b-27. 

Пс 145, 8-13.  

2 чыт. — Ап 21, 1-5а. 

Евангелле — Ян 13, 31-33а. 34-35.

 

 

Міласэрнасць Яго над усімі стварэннямі Ягонымі(Пс 145, 9).

Адной з найважнейшых прыкмет прыналежнасці да Хрыста з’яўляецца ўзаемная любоў, аб чым сведчаць словы Езуса: “Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго” (Ян 13,34). Такое пасланне Настаўнік накіроўвае вучням у вячэрніку. Аднак чаму Ён называе “новую” запаведзь любові і ў чым заключаецца гэтая навізна? Бо ўжо ў Старым Запавеце ўзаемнай любові патрабавала запаведзь: “…палюбі бліжняга, як самога сябе” (Лев 19,18). Навізна гэтай запаведзі заключаецца, між іншым, у тым, што нормай гэтай любові ўжо з’яўляецца не толькі чалавек: “…любі бліжняга, як самога сябе”, але любоў самога Езуса: “…як Я палюбіў вас”. Гэтую любоў Езус выказаў не толькі сваімі словамі, але таксама ахвярай і адданасцю жыцця. Прыняцце “новай” запаведзі мае прывесці вучняў Езуса да асаблівага ладу жыцця. “Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін  да  аднаго” (Ян 13,35).

Адметнай рысай апосталаў і хрысціян застаецца любоў. Крыніцай любові з’яўляецца Сам Бог. Любоў, якою Ён адорвае нас, – гэта падмурак добрых узаемаадносін, гэта падмурак шчасця і спакою. Хто па-сапраўднаму любіць, той не думае пра карысць, пра страту сіл. Больш таго, такі чалавек не лічыць аказаную дапамогу, прысвечаны час або іншыя ахвяры, таму што той, хто любіць, адкрыты на дапамогу, ахвярнасць і не думае пра плату ўзамен. Толькі аказваючы адно аднаму дабразычлівасць, мы можам стаць знакам Божай ласкі. Бог чакае ад нас учынкаў любові!


 22 маяgr-str-31

6-я Велікодная нядзеля, год С

 

Хрыстовы спакой

 

1 чытанне — Дз 15, 1-2. 22-29. 

Пс 67, 2-3. 5. 6. 8.  

2 чыт. — Ап 21, 10-14. 22-23. 

Евангелле — Ян 14, 23-29.

 

 

“Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца” (Ян 14, 27).

“Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам”, – з такімі словамі Езус звяртаецца да нас у сённяшнім Евангеллі. На чым палягае спакой, якім Езус хоча нас адарыць? На думку Святога Тамаша Аквінскага, існуе тры сферы, якія Езус Хрыстус прагне напоўніць сваім спакоем: нас саміх, нашы адносіны з іншымі людзьмі і нашы адносіны з Богам.

У чым заключаецца спакой Хрыстовы, які ахоплівае нас саміх? Па-першае, у тым, што ўсё ў нас на сваім месцы і ўсё мае свой сэнс. Па-другое, спакой прысутны ў нас тады, калі з’яўляюся гаспадаром сваіх інстынктаў, жаданняў, імкненняў, уяўленняў, пачуццяў і прывязаннасцей. Калі ўсё гэта падуладна нам, тады мы – людзі Хрыстовага спакою. Спакой, які ёсць у нас, праліваецца на нашы адносіны з іншымі людзьмі, пачынаючы з сям’і. У адносінах з іншымі чалавеку ўласцівыя любоў, дабрыня, справядлівасць, дапамога, прабачэнне. Вядома, уласнымі сіламі такі спакой складана выпрацаваць у сваім жыцці. Бо крыніца спакою – наша паяднанне з Богам. Таму толькі ўваскрослы Хрыстос можа адарыць нас такім спакоем, калі захоўваем слова Яго. “Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго” (пар. Ян 14,23). Любоў па сваёй прыродзе перамяняе таго, хто любіць, у таго, каго любяць: калі мы любім нікчэмнае і тленнае, то становімся нікчэмнымі і агіднымі, як тое, што палюбілі (пар. Ос 6,17). Калі ж мы любім Бога, то становімся падобнымі да Бога, а Хрыстовы спакой спачывае на нас.


 29 мая

7-я Велікодная нядзеля, год С

 

Вера ў спалучэнні з любоўю

 

1 чытанне — Дз 7, 55-60. 

Пс 97, 1-2. 6-7. 9.  

2 чыт. — Ап 22, 12-14. 16-17. 20. 

Евангелле — Ян 17, 20-26.

 

 

“Каб былі з’яднаныя ў адно” (пар. Ян 17, 22-23).

Евангелле сённяшняй нядзелі распавядае пра Езуса, Які моліцца за сваіх вучняў, а значыць – і за кожнага з нас, каб мы былі адно. Заўважым, каб мы былі адно, гэтак жа, як Ён і Айцец – адно.

Адзінства ў коле прысутных на вячэры можа быць, але адзінства з людзьмі многіх народаў і культур складана ўявіць. Езус моліцца аб такім адзінстве, заснаваным на праўдзе, любові, спакоі і радасці, на Духу Святым. Вучні Езуса не толькі паверылі, але і спазналі Бога, так і людзям гэтага свету неабходна верыць у Бога і пазнаваць Яго.  Адзінства, з аднаго боку, адносіцца да еднасці з Богам праз веру, а з другога – да адзінства з вернікамі праз любоў. Вера ў спалучэнні з любоўю і стварае адзінства. Праўда без любові не пераконвае лю-дзей, а  любоў без праўды фальшыва інфармуе, не робіць трывалага адзінства. Вучні пачалі перамяняць сваё жыццё, вучыцца любові, служэнню, пакоры, мудрасці, мужнасці, адвазе і даверу Езусу ва ўсім.

Нам таксама варта памятаць, што адзінства паміж хрысціянамі будзе большым, калі кожны з нас будзе набліжаць іншых да Езуса Хрыста, лепш выконваць запаведзь любові да бліжняга, а таксама калі кожны пачне ў сваім сэрцы вызваляцца ад духа нянавісці, каб падрыхтаваць годнае месца для Духа Святога. 

 

 

 

кс. Януш  ЧАРНАМОРАЎ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий