Хлеб штодзённы

5 чэрвеняgr-str-30

Урачыстасць

Спаслання Духа Святога, год С

 

Дар любові Айца і Сына

 

1 чытанне — Дз 2, 1-11. 

Пс 104, 1-2а. 21. 35b. 27-30.  

2 чыт. — 1 Кар, 12, 3b-7. 12-13. 

Евангелле — Ян 20, 19-23.

 

“Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас” (Ян 20, 21).

Сёння  мы  адзначаем Урачыстасць Спаслання Духа Святога. Узгадваем Апосталаў, якія сабраліся разам і былі напоўнены Духам Святым. Сіла Святога Духа зрабіла кожнага з іх надзеленымі рознымі ласкамі і дарамі. Ёсць розныя дары Святога Духа. З Катэхізіса мы даведваемся пра такія дары, як мудрасць, розум, рада, мужнасць, умеласць, пабожнасць і боязь Божая. Усе гэтыя дары сыходзяць на чалавека асабліва ў Сакрамэнце канфірмацыі. Сакрамэнт Канфірмацыі дае нам не толькі ласку, дзякуючы якой мы можам дасведчыць у нашым жыцці дзеянне Святога Духа, але і абавязкі. Гэтыя абавязкі, у сваю чаргу, вельмі ясна кажуць нам, што мы нясем адказнасць за нашу веру і за веру ўсяго Касцёла. А Касцёл Езуса Хрыста – гэта супольнасць людзей, якая была напоўнена Святым Духам. У ім, як кажа Святы Павел, ёсць розныя дары і ласкі, але адзін Дух, ёсць і розныя служэнні, але той самы Пан.

Езус Хрыстус кажа: “Спакой вам. Як паслаў мяне Айцец, так і Я пасылаю вас. Прыміце Духа Святога”. Езус – наш Збаўца і Настаўнік –  жадае, каб мы, прыняўшы Духа Святога, былі Яго сведкамі тут на зямлі аж да канца свету. Былі сведкамі дома, на працы, у школе і ўсюды, дзе людзі забываюць, што Бог – крыніца збаўлення і ўсялякага благаслаўлення. Езус жадае, каб мы перамянялі гэты свет пладамі Святога Духа, а значыць, праз любоў, радасць, супакой, цярпенне, дабрыню, мужнасць, велікадушнасць, міласэрнасць, вернасць, сціпласць, стрыманасць, чысціню і інш.

Няхай  Дух  Святы,  Які  ёсць  дарам любові Айца і Сына, сыдзе сёння ізноў на нас. Няхай зменіць нас і ўмацуе. Няхай  будзе  тым, хто разагрэе цвёрдае сэрца, дасць заслугу мужнасці, дасць вянок Перамогі, дасць шчасце  без меры ў Езусе Хрысце, Пану нашым.


 12 чэрвеняgr-str-30-2jpg

Урачыстасць

Найсвяцейшай Тройцы, год С

 

Бог  у Трох  Асобах

 

1 чытанне — Прып 8, 22-31.

Пс 8, 4-9.  

2 чыт. — Рым 5, 1-5. 

Евангелле — Ян 16, 12-15.

 

Усё, што мае Айцец, гэта Маё. Таму Я сказаў вам, што з Майго возьме і абвесціць вам” (Ян. 16, 15).

Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, якую сёння адзначаем, з’яўляецца адной з сямі галоўных праўдаў нашай веры. Бог ёсць Адзіны, але ў Трох Асобах: Бог Айцец, Бог Сын і Бог Дух Святы. І так, нам неабходна прыняць гэту праўду: ёсць толькі Адзін Бог і Бог – гэта Тройца. Бог адзіны, што датычыцца прыроды, але ў Трох Асобах. Такім чынам, кажучы пра Бога, мы маем дачыненне да адной прыроды Бога і да трох Божых асобаў. У Богу няма трох багоў, дзе кожны меў бы прыроду Бога, бо гэта Тры Асобы адзінай Божай прыроды. Адзіны Бог у Трох Асобах. Айцец, Сын і Дух – гэта Бог, усе Тры Асобы з’яўляюцца сутнасцю адзінага Бога ў Тройцы. У той жа час Айцец не Сын і не Дух Святы, Сын не з’яўляецца Духам, і Дух не з’яўляецца Айцом, а толькі паходзіць ад Айца і Сына. Калі казаць пра Асобы, то Яны адрозніваюцца. І гэтае адрозненне паміж асобамі звязана з адносінамі Святой Тройцы. Бог Айцец – нараджае, Сын народжаны, Дух паходзіць ад Айца і Сына. Гэта значыць, што розніца паміж Божымі асобамі вызначаецца выключна іх узаемаадносінамі, а не сутнасцю. Сын і Дух Святы – адзінасутны Айцу, праз якога ўсё сталася.

Мы вызнаем Адзінства Святой Тройцы. Гэта значыць, што Айцец цалкам прысутнічае ў Сыне і ў Духу Святым, Сын прысутнічае цалкам у Айцу і Святым Духу і Святы Дух прысутнічае цалкам у Айцу і Сыну. Ад пачатку існуе Тройца. Бог Адзіны ў Трох Асобах. Нествораны, але існуе вечна. Бог найсвяцейшы і ўсемагутны, доўгацярплівы і шматміласцівы. З любові стварае свет з нічога, бо Бог – гэта першапрычына ўсяго. Ён усталёўвае парадак і гармонію на створанай зямлі. Мы сваім абмежаваным розумам не можам зразумець гэтую таямніцу да канца, але тое, што мы можам зрабіць, гэта ў духу веры глядзець на Святую Тройцу. Праслаўляць дабрыню Бога-Айца, Які стварыў свет і пастаянна кіруе ім. Любіць Езуса, які стаў чалавекам і памёр, каб у нас было жыццё. Прыняць Святога Духа, Які дае нам свае дары, накіроўвае нас і ўмацоўвае ў нашым жыцці.


 19 чэрвеня

12 звычайная нядзеля, год С

 

А вы кім лічыце Мяне?

 

1 чытанне — Зах 12, 10-11; 13, 1. 

Пс 110, 1-4.  

2 чыт. — Гал 3, 26-29. 

Евангелле — Лк 9, 18-24.

 

Да Цябе імкнецца душа мая, трымае мяне Твая правіца (Пс 63,9)

Словы Евангелля, якія Езус Хрыстус у гэтую нядзелю кіруе да ўсіх нас, з’яўляюцца асноўнымі ў нашым узрастанні да жывых адносін з Богам. Мы чытаем, як Езус пытае ў сваіх вучняў “кім лічаць Мяне людзі”? Яны пачалі распавядаць: “Янам Хрысціцелем, іншыя – Іллёю, яшчэ іншыя кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос”. Тады Ён спытаўся ў іх: “А вы кім лічыце Мяне?” Ад імя дванаццаці адказвае Пётр: “Месіяй Божым”. Яго адказ ёсць вызнаннем, якое выразна адрозніваецца ад меркавання людзей. Асноўным крокам ёсць вызнанне вучнямі Езуса Хрыста за Месію Божага, і толькі пасля гэтага Езус Хрыстус больш увагі звяртае на выхаванне сваіх вучняў, на ачышчэнне іх ад зямных матэрыяльных спраў.

Сёння Езус пытаецца кожнага з нас: “а вы кім лічыце Мяне? Кім для  цябе з’яўляюся Я?” Гэтае пытанне для нас з’яўляецца бязмерна істотным. Бо нашыя веды – гэта адно, а нашы адносіны да Яго – зусім іншае. Езус звяртае нашу ўвагу на асабісты досвед Бога і адносіны з Ім. Адказваючы на пытанне, кім Езус з’яўляецца для нас, нашай душы неабходна старанна па-глядзець вачыма сэрца на час ад апошняй споведзі. Менавіта ён пакажа праўдзівы адказ на гэтае пытанне: у які спосаб функцыянаваў, што казаў, якія словы ўжываў, якія рашэнні прымаў, якія пачуцці і эмоцыі краналі сэрца, як рэагаваў у розных сітуацыях, наколькі трываў у Божым Слове, у малітве і пры Езусе Хрысце, наколькі ў маёй паставе  было  любові  да Бога і бліжняга.

Калі ў такі спосаб будзем адкрываць праўду аб сабе і сваіх адносінах з Богам, то зразумеем, чаго нам яшчэ не хапае, каб сцвердзіць, што Езус ёсць нашым Богам, сэнсам і мэтай жыцця, нашай найвышэйшай каштоўнасцю.


 26 чэрвеняgr-str-31

13 звычайная нядзеля, год С

 

Пакліканыя да  свабоды

 

1 чытанне — 1 Вал 19, 16b. 19-21. 

Пс 16, 1-2а. 5. 7-11.  

2 чыт. — Гал 5, 1. 13-18. 

Евангелле — Лк 9, 51-62.

 

“У любові служыце адзін аднаму” (Гал 5, 13).

У сённяшнім фрагменце Евангелля заўважаем, што вучэнне Езуса, а таксама знакі і цуды, якія Ён чыніў, спарадзілі ў некаторых людзей думку пра тое, ці варта далучыцца да Езуса і стаць яго вучнем.

Першы, кіруючыся эмоцыямі, кажа Езусу: “Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў”. Пан Езус зазірае ў яго сэрца і дае адказ: “Лісы маюць норы і птушкі  нябесныя гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву”. Ён звяртае ўвагу на тое, што Сын Чалавечы не мае свайго месца на зямлі. Няма ні дома, ні маёнтка. Езус жыве адносінамі з Богам Айцом і ведае, што ўсе Яго патрэбы будуць задаволеныя. Калі хочаш пайсці за Ім, цябе  чакае тое ж самае, тваё жыццё будзе  пастаянным  місіянерскім служэннем.

Другі гаворыць Езусу: “Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго”. Гэты вучань ведае, што варта кінуць усё і пайсці за Езусам. Толькі не цяпер, не зараз. Яшчэ крыху ён зоймецца справамі гэтага свету, а пасля рушыць услед за Езусам. Суразмоўца кажа важнае слова – “спачатку”; варта разумець яго як указанне на прыярытэт, на нешта больш важнае ў жыцці. А для вучня Езуса няма нічога важней, чым цалкам звязаць сваё жыццё з Настаўнікам. Езус кажа яму: “Ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых – перш за ўсё будзь Маім вучнем. Калі табе сапраўды трэба клапаціцца аб тваім бацьку, ты зоймешся гэтым, але ўжо як мой вучань”.

Яшчэ іншы сказаў: “Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі”. А Езус сказаў яму: “Ніхто з тых, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага”.

У нашым жыцці часта бывае так, што “рэшткі  граху” трымаюць  нас у мінулым. Пастаянна  ўспамінаем  тое, што адбылося. Затым прыходзім да высновы, што ў цэлым з гэтага нічога не вынікае. Ну, можа толькі тое, што наша  самаадчуванне ўсё яшчэ напоўнена  горыччу… Езус кажа, каб усё гэта пахаваць і пакінуць.

Шмат разоў  у  жыцці мы апынемся ў становішчы гэтых евангельскіх персанажаў. Нас мучаць падобныя замяшанні на шляху хрысціянскага жыцця. Прыклады з Евангелля вучаць нас таму, як варта і як не варта рабіць. Акрамя таго, Добрая Навіна ажыўляе ў нас перакананне, што для Бога няма нічога немагчымага! Ён можа  перамяніць  наша  жыццё, толькі ці мы жадаем гэтага? Езус пастаянна  кліча: “ідзі за Мной”.

 

 

 

кс. Януш  ЧАРНАМОРАЎ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий