Хлеб штодзённы

7 студзеня
Свята Хросту Пана, год В

 

gr-str-30

Езус – мацнейшы

 

1 чытанне — Іс 42, 1-4. 6-7.
Пс 29 (28), 1а і 2. 3ас-4. 3b i 9b-10.
2 чытанне — Дз 10, 34-38.  
Евангелле — Мк 1, 7-11.

 

“Я спаслаў Духа свайго на Яго, Ён прынясе народам Правасуддзе” (Іс 42, 1).  
Якое месца займае Езус у нашым жыцці? Узор шчырага і добрага чалавека? А можа… Разважаць можна бясконца. Аднак! Заўсёды ёсць спакуса скласці сабе ўяўленне пра Езуса, якое адлюстроўвае нашыя чаканні, думкі і прэтэнзіі. Адным словам, у нас заўсёды ёсць схільнасць да таго, каб уяўляць Езуса на свой вобраз і падабенства, дзеля нашых патрэбаў – такога Езуса, які нам падабаецца. Дастаткова толькі прыгадаць некаторыя фільмы пра Езуса, дзе добра відаць, якім чынам Яго ўспрымае і адчувае рэжысёр.
Будзем разважаць над Евангеллем і прасіць Духа Святога, каб дапамог правільна зразумець напісанае, каб маглі пазнаць сапраўднага Езуса і пазбавіцца незразумелых і неабгрунтаваных уяўленняў.
Прыкладам у гэтым служыць Ян Хрысціцель. Ён ідзе насустрач Езусу з усімі ўяўленнямі пра Месію, якія распаўсюджваліся ў той час, аднак ён гатовы безагаворачна прыняць Езуса такім, якім Ён на самой справе ёсць. Хто ж такі Езус? Што кажа пра Яго Евангелле?
Езус спаўняе ў сваім жыцці тое, чым павінен быў быць Ізраэль. Падчас хросту на Езуса сыходзіць Дух Божы. Ён прыносіць свету «закон», Божую праведнасць. Ён з’яўляецца святлом для свету. І Езус можа выканаць усе заданні, бо Ён – Божы Сын. Ён выконвае іх, каб ствараць вакол сябе новую супольнасць, якая бу-дзе здзяйсняць Божы план, намечаны і аб’яўлены ў абліччы слугі Пана.
Тое, што чыніць Езус, пры-значана для ўсіх, бо Ён «абвяшчаў спакой» (пар. Дз 10, 36) і «з Ім быў Бог» (пар. 10, 38).
Езус вызваляў і вызваляе людзей ад улады сатаны і нячыстых духаў. Менавіта таму Езус – сапраўдны Збаўца, які прыйшоў, каб стварыць новую супольнасць, якая жыве тым, каб дапамагчы вызваліцца бліжняму.


14 студзеня
2-я звычайная нядзеля,год В

 

gr-2-str-30

Чаго шукаеце?

 

1 чытанне — І Сам 3, 3b-10. 19.
Пс 40 (39), 2 і 4аb. 7-8а.8b-9. 10.
2 чытанне — 1 Кар 6, 13с-15а.17-20.  
Евангелле — Ян 1, 35-42.

 

“Пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго” (Ян 1, 39)
«Чаго шукаеце?», – спытаў Езус у тых, хто ішоў за Ім. Езус запрашае нас патлумачыць самім сабе сэнс і прадмет нашых пошукаў. Як людзі ўсіх часоў, мы знаходзімся на шляху пошукаў: шукаем шчасця, поспеху, дабрыні, любові, радасці, дабрабыту і так далей. Усё нашае жыццё ўяўляе сабою ненасытнае жаданне неабмежаваных перажыванняў, якія дораць сэнс і радасць нашым думкам і сэрцу. Мы ж не былі створаны толькі для таго, каб існаваць так, як існуе камень ці гара, але каб мы «жылі з…»: мы хочам жыць з хлеба, з радасці, са справядлівасці і г.д. Калі б мы больш нічога не шукалі, мы былі б мёртвыя. І ўсё ж такі часам намі авалодвае жаданне нічога не шукаць. Нам хочацца плыць па цячэнні, жыць абыякава і пасіўна.
Аднак якім чынам Бог пастаянна прабуджае ў нас жаданні да пошуку? Якім чынам Ён пабуджае нас пераадольваць нашыя схільнасці да ляноты, нерухомасці і пасіўнасці? Якім чынам Бог кліча нас з глыбіні, каб мы сапраўды былі самімі сабой і нават больш чым самімі сабой?
Божы голас, Божы заклік ці Божае пакліканне выходзіць нам насустрач у нашых пошуках, абуджае іх, калі яны амаль спяць або скрытыя, і адначасова адказвае на іх. Божае за-прашэнне з’яўляецца «тварцом» рухаючых сіл у пошуках і ў адказе на іх.


21 студзеня
3-я звычайная нядзеля,год В

 

gr-str-31

Кайцеся і верце ў Евангелле

 

1 чытанне — Ён 3, 1-5. 10.
Пс 25 (24), 4-5аb, 6-7bc. 8-9.
2 чытанне — 1 Кар 7, 29-31.
Евангелле — Мк 1, 14-20.

 

“Дай спазнаць Твае дарогі,  Пане, і навучы мяне сцежкам Тваім” (Пс 25 (24), 4).
 «Прымірэнне – гэта дар для грэшнікаў, гэта добрая вестка для бедных, а значыць, для тых, хто лічыць сябе грэшнікамі і раз’яднанымі. Прымірэнне здзяйсняецца праз нашае шчырае ўсведамленне, як у выніку граху мы аддаліліся ад Бога, як мы сталі паслугачамі ідалаў, як мы сталі самотнымі і трапілі ў канфлікты; такім чынам, прымірэнне праяўляецца на шляху пакаяння і навяртання…, якія ў Касцёле звязаны перш за ўсё з сакрамэнтамі хросту і пакаяння». З гэтага пункту гледжання ўсе тры чытанні сённяшняй нядзелі прапануюць нам тры «прыклады» навяртання. Які з гэтых трох узораў найбольш падыходзіць для кожнага з нас і для ўсіх нашых грамадстваў? Самай вялікай памылкай было б тое, калі б мы не абралі ніводнага і калі б думалі, што не патрабуем пакаяння.
На працягу гісторыі свету мноства лідэраў заклікалі лю-дзей падтрымаць іх рэвалюцыйныя планы, каб змяніць свет з дапамогай зброі, сацыяльных, палітычных або эканамічных рэформаў. Езус жа прыходзіць з нечуванай прапановай: Бог змяняе свет на карысць лю-дзей, дастаткова толькі паверыць у Божага Сына і наследаваць Яго ў сваім жыцці. Працэс змены ўжо распачаўся. Ён уключае не толькі душу, але і цела, не толькі асобнага чалавека, але і ўсё грамадства: Езус кліча да сябе групу вучняў – Сымона, Андрэя, Якуба, Яна. Яны і ўяўляюць сабою новае грамадства Езуса, у якім ужо пачынае змяняцца свет. Езус робіць сваіх вучняў «лаўцамі людзей», «рыбакамі людзей», а значыць адказнымі за аб’яднанне Ізраэля, а ў ім – усяго чалавецтва. Такім чынам здзяйсняецца мара Езуса –аб’яднанне людзей вакол Яго.
Біблейскія чытанні паказалі нам тры спосабы, як можна разумець навяртанне. А які з гэтых спосабаў найбольш адпавядае нашым асабістым патрэбам і патрэбам нашых грамадстваў?


28 студзеня
4-я звычайная нядзеля,год В

 

gr-2-str-31

Прароцтва і цнатлівасць у Касцёле

 

1 чытанне — Дрг 18, 15-20.
Пс 95 (94), 1-2. 6-7а. 7с-9.
2 чытанне — 1 Кар 7, 32-35.  
Евангелле — Мк 1, 21-28.

 

“…і ён будзе казаць ім усё, што Я загадаю яму” (Дрг 18, 18).
Першыя два чытанні на гэтую нядзелю апісваюць дзве «харызмы» народу Божага: прароцтва і цнатлівасць. Абедзве зыходзяць ад асаблівага дару ласкі.
Аднак звернем увагу на мысленне свету. Свет падкрэслівае тое, што можна праверыць розумам. Свет мае схільнасць цаніць толькі тое, што спрыяе радасці, задавальненню на ўзроўні пачуццяў і таму ён не можа зразумець такі выбар як цнатлівасць, нявіннасць. А што мы? Жывучы ў хрысціянскіх супольнасцях, ці здольныя разумець хрысціянскі сэнс прароцтва і цнатлівасці і захапляцца імі? Як разумеем станоўчую каштоўнасць гэтых харызмаў у жыцці Касцёла? Ключ да разумення гэтых дзвюх важных з’яў мы знойдзем у Евангеллі.
Прысутнасць Духа Езуса і Яго моцнага, выключнага і дзейснага Слова праяўляецца не толькі ў прароцтве, але і ў прысвячэнні сябе цнатліваму жыццю, пра якое кажа святы Павел. Добра ведаем, што культура, якая пануе ў свеце, не падтрымлівае жыцця ў цнатлівасці, не цэніць яе, а тым больш, калі яе бяруць сабе за пастаянны абавязак.Аднак Касцёл паказвае, што прысвячэнне сябе жыццю ў нявіннасці – гэта чалавечы шлях да сапраўднага поўнавартаснага жыцця, які перажываецца ў лучнасці з Богам.

 

кс. Алег  ГРЫГАРОВІЧ,  SAC


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий