14 звычайная нядзеля, год С
Стыль вучняў Езуса
1 чытанне — Іс 66, 10-14.
Пс 66, 1-7а. 16. 20.
2 чыт. — Гал 6, 14-18.
Евангелле — Лк 10, 1-12. 17-20.
“Жніво сапраўды вялікае” (Лк 10, 2)
Сённяшні ўрывак з Евангелля ад Св. Лукі распавядае нам аб місіі сямідзесяці двух вучняў Езуса. Іх заданнем было падрыхтаваць гарады і вёскі, у якія сам Хрыстос хацеў пайсці, каб прапаведаваць Добрую Навіну. Раней была інфармацыя аб пасланні апосталаў. Святы Лука, напэўна, хоча сказаць нам, што місія не прызначана для вузкай групы людзей, а ўпісана ў гісторыю хрысціянскага паклікання.
Даволі часта мы чуем аб розных евангельскіх акцыях, бачым людзей, якія жывуць абвяшчэннем Хрыста. Ёсць людзі, якія праводзяць сустрэчы, канцэрты, часам нават рэкалекцыі, некаторыя актыўна дапамагаюць пры патрэбах касцёла і г.д. Гэтая інфармацыя супакойвае нас, таму што Евангелле прапаведуецца і не патрабуе майго ўдзелу. Езус нагадвае нам, што працаўнікоў яшчэ мала. Кожны з нас пасланы быць сведкай Уваскрослага Хрыста. Езус, пасылаючы іх, казаў: “Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце” (Лк 10, 3-4).
Пасылаючы вучняў, Езус таксама паказвае стыль, які павінен характарызаваць Яго вучня. Гэта давер Богу, спакой, прастата, убоства, унутраная свабода і стойкасць у выпрабаваннях. Вучні маюць быць пасланцамі Хрыстовага супакою. Сваім словам і жыццём прапаведаваць духа прабачэння, міласэрнасці, прымірэння, міру, спагады Бога да чалавека. Кожны з нас пакліканы Езусам да абвяшчэння Божага Слова. І чым мацней чалавек з’яднаны з Богам праз асабісты досвед Яго прысутнасці ў жыцці, тым мацней будзе гучаць слова сведчання. Жыццё Евангеллем напаўняе сэрцы вучняў сапраўднай радасцю, бо “імёны нашыя запісаны ў нябёсах”. Езу, прагну быць сярод тых сямідзесяці двух, якіх пасылаеш у розныя куткі свету, каб абвяшчалі Тваё імя. Хачу даваць свету сведчанне Твайго Евангелля…
10 ліпеня
15 звычайная нядзеля, год С
Хто мой бліжні?
1 чытанне — Дрг 30, 10-14.
Пс 19, 8-11.
2 чыт. — Клс 1, 15-20.
Евангелле — Лк 10, 25-37.
“Гэта слова блізкае да цябе, каб ты мог выконваць яго” (Дрг 30, 14).
Урывак з сённяшняга Евангелля адказвае на важнае пытанне: “Хто мой бліжні?”. І ў прыпавесці, якую распавядае Езус, мы знаходзім канкрэтны адказ. Езус ясна падкрэслівае каштоўнасць чалавека, які ў сто разоў важней законаў, прадпісанняў або звычаяў. Ён прапануе выйсці за рамкі пэўнай схемы мыслення, пакінуць у баку забабоны, прадпісанні і перш за ўсё заўважыць чалавека ў патрэбе.
У аповедзе Езуса святар і лявіт выбралі бесклапотныя паводзіны. Збіты разбойнікамі чалавек быў амаль мёртвы, але яны, думаючы, што ён мёртвы, пакінулі яго. Абышлі далёка, бо закон сцвярджаў, што, нават калі б іх цень упаў на мерцвяка, яны сталі б нячыстымі. Так яны знялі з плячэй цяжар дапамогі – пройдзе нехта іншы… І прайшоў. Прайшоў чалавек, названы ў Святым Пісанні “міласэрны самарыцянін”. Ён перавязаў хворага, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. Хто бліжні? Той, хто праявіў міласэрнасць.
Міласэрнасць– гэта любоў і спагада, гэта бескарыслівая дапамога. Езус Хрыстус, распавядаючы прыпавесць, падкрэслівае вялікае значэнне быцця добрым чалавекам. І дае нам прыклад праз асабістае жыццё, поўнае міласэрнасці і любові да чалавека. Бог у сваёй літасці ратуе жыццё чалавека. Кожны з нас мае ўпісанай у сваю прыроду гатоўнасць аказваць дапамогу бліжняму. Але, на жаль, сёння такая гатоўнасць часта хаваецца настолькі глыбока, што ад яе не застаецца і следу. Сёння так званая бескарыслівая дапамога часта ператвараецца ў іншае вымярэнне: я дапамагу, але з той ці іншай умовай. Ці павінна сёння нават “бескарыслівая” дапамога мець сваю цану? Гэта залежыць ад таго, ці магу я змяніць пытанне “Хто мой бліжні?” на пытанне “Якім бліжнім мне неабходна быць?”.
16 звычайная нядзеля, год С
Услухацца ў словы Езуса
1 чытанне — Быц 18, 1-10а.
Пс 15, 2-5.
2 чыт. — Клс 1, 24-28.
Евангелле — Лк 10, 38-42.
“Шчаслівыя, хто ў добрым і чыстым сэрцы захоўвае Божае слова і прыносіць плён у цярплівасці” (пар. Лк 8,15).
Штодзённае жыццё чалавека, між іншым, напоўнена рознымі клопатамі і перажываннямі. Сапраўды гэтак жа было і ў доме сяброў Лазара, Марты і Марыі, у якім гасцінна прынялі Езуса. Евангелле кажа: “Марыя села каля ног Езуса і слухала Ягоных слоў. Марта ж занялася многімі паслугамі”. Назіраючы за паводзінамі сясцёр, Езус дакарае Марту не таму, што яна служыць, а таму, што гэта простае дзеянне цалкам паглынае яе і не дазваляе бачыць больш важныя рэчы: “Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а па-трэбна толькі адно. Марыя ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе”.
Браты і сёстры! Што ў нашым жыцці з’яўляецца прычынай нашых трывог і перашкодай для добрага правядзення часу? Магчыма, меркаванне іншых людзей фармуе наша ўспрыманне свету, погляд на іншых або жыццё верай, таму пачынаем засяроджвацца на другарадных рэчах? Яшчэ адна перашкода на шляху жыцця – дрэнныя звычкі, якія прымушаюць нас сумаваць па новаму погляду на рэальнасць, у якой мы жывём. Таксама ёсць людзі, і гэта зусім не так мала, чыё жыццё сканцэнтравана вакол серыялаў. Бывае, што няма часу на малітву, на сустрэчу з блізкімі і размову, таму што акурат пачаўся любімы серыял і г.д.
Езус у сённяшнім Евангеллі паказвае, што мы павінны жыць тым, што цяпер адбываецца вакол нас, а не разважаць аб мінулым або аддавацца нерэальным марам.Таму, гледзячы на стаўленне Марты і Марыі, Езус паказаў, што Марыя, слухаючы Яго словы, “выбрала добрую частку”, гэта значыць зразумела, што трэба рабіць у дадзены момант. Божае Слова няспынна абвяшчаецца, і мы заўсёды маем выбар: спыніць рытм штодзённага жыцця, услухацца ў словы Езуса, ці засяродзіцца на іншых справах?
24 ліпеня
17 звычайная нядзеля, год С
Няхай будзе воля Твая
1 чытанне — Быц 18, 20-32.
Пс 138, 1-3. 6-8.
2 чыт. — Клс 2, 12-14.
Евангелле — Лк 11, 1-13.
“Слаўлю Цябе ўсім маім сэрцам, бо пачуў Ты словы вуснаў маіх” (Пс 138, 1).
Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус казала: “Малітва для мяне – гэта ўзвышэнне сэрца, просты погляд да неба, крык удзячнасці і любові як у цярпенні, так і ў радасці. Гэта так проста. І ўсё ж многія людзі скардзяцца, што малітва дастаўляе ім вялікія цяжкасці. “Я не ўмею маліцца, – кажуць яны. – Няхай хто-небудзь навучыць мяне”. У прадстаўленым фрагменце Евангелля Хрыстос вучыў малітве. Ён даў ўзор у выглядзе малітвы “Ойча наш” і даў мноства парадаў аб тым, чым з’яўляецца для хрысціяніна малітва.
Хрысціянская малітва – гэта сумеснае дзеянне Бога і чалавека. Каб яна была па-сапраўднаму хрысціянскай, яна павінна зыходзіць ад Святога Духа і ад чалавека, яна павінна быць цалкам скіраваная да Айца, у яднанні з воляй Сына Божага, які стаў чалавекам. Той, хто не памятае пра гэта, не з’яўляецца тым вучнем Езуса, які моліцца. А наадварот, спрабуе маніпуляваць Богам. Жадае, каб Бог зрабіў так, як ён жадае, але пры гэтым не адбываецца перамены сэрца чалавека, які моліцца. Ён забыўся адну з першых просьбаў: “Няхай будзе воля Твая”.
31 ліпеня
18 звычайная нядзеля, год С
Паўната жыцця
1 чытанне — Экл 1, 2; 2, 21-23.
Пс 90, 3-6. 12-14.
2 чыт. — Клс 3, 1-5. 9-11.
Евангелле — Лк 12, 13-21.
“Якая карысць чалавеку ад усёй яго працы?“ (Экл 1, 3).
Езус у сённяшнім Евангеллі звяртае ўвагу на сутнасць хцівасці, якая ўяўляе сабою страх за сябе. Прагнасць, якая з’яўляецца прыкметай недаверу да Бога, свайго роду ідалапаклонства. Хцівасць займае другое месца сярод смяротных грахоў. Яна выступае супраць любові, якая вучыць дзяліцца, даваць і ўзбагачаць іншых. Прагны чалавек хоча толькі мець, браць, захопліваць і адымаць. Езус сказаў: “Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці, бо нават калі хтосьці мае дастатак, жыццё яго не залежыць ад ягонай маёмасці”. Затым Езус распавядае прыпавесць пра багацея, які аддае перавагу таму, каб будаваць яшчэ большае збожжасховішча, чым клапаціцца аб сваім збаўленні.
Гэта прыпавесць аб прагнасці. Калі ёсць трохі, хочацца больш, а калі ўжо ёсць больш, то не хапае яшчэ трохі! І так па кругу! Калі чалавек дазваляе сабе авалодаць жаданнем мець усё больш і больш любой цаной, то прагнасць становіцца яго бажком, а чалавек – яго рабом. І як раб ён павінен рабіць усё, абы служыць свайму матэрыяльнаму ідалу. Святы Аўгустын кажа: “Пане, Ты стварыў нас так, каб мы былі скіраваныя да Цябе, і не супакоіцца наша сэрца, пакуль не спачне ў Табе”. Толькі ў Богу чалавек можа асягнуць паўнату жыцця.
19 звычайная нядзеля, год С
Спадзяёмся на Бога
1 чытанне — Мдр 18, 6-9.
Пс 33, 1. 12. 18-20. 22.
2 чыт. — Гбр 11, 1-2. 8-19.
Евангелле — Лк 12, 32-48.
“Дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае” (Лк 12, 34).
Мы часта задаём сабе наступныя пытанні: як палепшыць жыццё, што змяніць, што рабіць? Сёння Езус прамаўляе ў стылі імператыву – гэта значыць рабіць менавіта такім чынам. Прыгатуйце сабе “месца” на нябёсах, давайце міласціну. Будзьце падобнымі да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара, чувайце і маліцеся, дзейнічайце і служыце адзін аднаму, як братам і сёстрам. Будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прый-дзе Сын Чалавечы!
Нам жа часта цяжка засяродзіцца і ўважліва слухаць Бога. Нават калі мы на святой Імшы, мы часта вельмі заклапочаныя сваімі думкамі і праблемамі, і, хоць і хочам палепшыць наша жыццё, чакаем Божай дапамогі, аднак не слухаем Госпада і не робім так, як Ён заклікае. Для кожнага з нас вельмі важна быць уважлівым да Слова Божага на св. Імшы, на асабістай малітве і ў падзеях нашага жыцця, таму што толькі паслушэнствам Хрысту мы здзейснім у паўнаце наша хрысціянскае пакліканне.
І вядома, уся гаворка нашага Хрыста сёння ўмацоўвае ў нас надзею на ўжо прыгатаванае для верных Богу Валадарства Нябеснае Валадарства Божай любові і даверу, узаемнай духоўнай радасці і глыбокай пашаны, святых сэрцаў і пяшчотнага клопату!
Такім чынам, Гасподзь заклікае: “Дзейнічайце, як Я – ваш Хрыстос, і такім чынам збавіце і сваю душу, і душы бліжніх”. Жыццё хрысціян поўнае энтузіязму і дапамогі Божай. Верныя хрысціяне імкнуцца змяняць усё да лепшага, таму што ўсіх людзей, якія побач, і ўсе падзеі нашага жыцця давяраем Божаму Провіду. Спадзяёмся на Бога, стваральніка гісторыі ўсіх часоў і Збаўцу кожнага з нас.
20 звычайная нядзеля, год С
Адкуль бярэцца зло?
1 чытанне — Ер 38, 4-6. 8-10.
Пс 40, 2-4. 18.
2 чыт. — Гбр 12, 1-4.
Евангелле — Лк 12, 49-53.
”Я цвёрда спадзяваўся на Пана, і Ён схіліўся нада мною, і пачуў мой крык” (Пс 40, 2).
Браты і сёстры ў Хрысце! Як моцна мы жадаем спакойнага жыцця, міру і ўзаемнай дапамогі, падтрымкі і дабра. На жаль, бачым, што вялікую частку гісторыі чалавечага жыцця не маем гэтага. Чаму? Чаму, калі кожны чалавек імкнецца да аднаго і таго ж у агульным сэнсе, а паасобку людзі не могуць, а часта і не хочуць жыць разам у міры і згодзе? З’яўляюцца крыўды, расчараванні, адмаўленне і непрыняцце іншага чалавека, агіда да іншага з-за нянавісці і злосці, а то і зусім імкненне пазбавіць жыцця чалавека, які кагосьці не задавальняе. Усё пачынаецца з малога, з унутраных крыўд, а крыўды паўстаюць тады, калі для нас не робяць так, як мы гэтага чакалі, спадзяваліся або лічылі, што нехта павінен выконваць менавіта нашы жаданні. Адкуль столькі зла ў нашым свеце, у нашым грамадстве і ў нашых сем’ях? Адкуль столькі пакут у нашых сем’ях?
Хрыстос адказвае: з сэрца чалавека выходзяць злыя думкі, злосць і нянавісць, забойствы, блуд і здрады, залежнасці ад тэлефона, інтэрнэта, алкаголю, нікаціну, парнаграфіі, мастурбацыі і ўвогуле ад розных грахоў. Такім чынам чалавечая асоба становіцца паранена грахом і злом, таму такі чалавек робіць не добрае, якое жадае, а злое, якога не хоча. Такім чынам, тое, што чалавек мае ў сваёй душы, тое і аддае іншым.
Бог, ведаючы гэтую вялікую трагедыю нашага сэрца, прыходзіць да нас і здзяйсняе Святую Ахвяру для нашага збаўлення і вызвалення ад зла і граху. Гэта Езус Хрыстус і толькі Ён можа вылечыць наша сэрца і напоўніць Яго новым жыццём, Божым святлом Духа Святога. Духа любові і міру, Духа мудрасці і розуму, Духа моцы і спакою, Духа ўзаемнай дапамогі і суцяшэння, Духа малітвы і глыбокай пашаны вечна жывому Богу! Будзем прасіць Збавіцеля, каб наша свабодная воля імкнулася пазнаваць Хрыста і жыць дзякуючы Яго збаўчай ласцы!
21 звычайная нядзеля, год С
Бог дае нам свабоду выбару
1 чытанне — Іс 66, 18-21.
Пс 117.
2 чыт. — Гбр 12, 5-7. 11-13.
Евангелле — Лк 13, 22-30.
“Прывядуць усіх братоў вашых з усіх народаў” (Іс 66, 20).
Даволі часта мне як святару даводзіцца слухаць розныя гісторыі людзей, якія апраўдваюць сябе і сваё далёкае ад Бога жыццё. Калісьці атрымаў хрост, можа нават хадзіў на катэхезы, а жывой веры, на жаль, не было, таму такі чалавек з лёгкасцю адыходзіць ад Бога. Як шмат нашых дзяцей і ўнукаў, якія былі актыўнымі вернікамі, як толькі з’ехалі ў вялікія гарады вучыцца ва ўніверсітэтах, амаль не бываюць у касцёлах… У Мінску вялікая колькасць навучальных устаноў, таксама больш за дзесяць каталіцкіх парафій, але, на жаль, моладзь, якая выехала са сваёй сям’і, не заўсёды імкнецца ўдзельнічаць у літургіі або прыступаць да споведзі ў гэтых парафіях, у лепшым выпадку, прыехаўшы на канікулы ў свае сем’і, яны пойдуць у родныя парафіі на споведзь, але гэта ўжо раз на паўгода. Такім чынам паступова пачынаюць аддаляцца ад Хрыста.
Часта чую, што няма часу для Бога, бо занятыя – вучоба, спорт, танцы, гурткі і секцыі, праца і адпачынак, дзеці і пажылыя бацькі, агарод і дом. Аказваецца, час ёсць на многае, але толькі не для Хрыста. Таму пытанне, якое гучыць у сённяшнім Евангеллі, –“Пане! Няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?” – вельмі актуальнае. Як гэта ні сумна, але даволі часта чалавек сваю свабоду і волю не выкарыстоўвае для дабра, для збаўлення сваёй душы, вернасці Богу і паслухмянасці Яго Слову. Бог пакідае нам свабоду выбару, усіх хоча збавіць і заклікае кожнага да шчаслівага жыцця разам з Ім – крыніцай жыцця. З іншага боку, Бог паважае свабоду чалавека і не прымушае яго, а чалавек расцэньвае гэта як магчымасць жыць без Бога, а без Бога – гэта пагібель, мукі і цемра.
Сапраўды Хрыстос ратуе нас праз Святую Ахвяру і робіць гэта свабодна, добраахвотна і свядома. І чакае ад чалавека таксама добраахвотнай і свядомай волі да імкнення жыць з Хрыстом і жыць вечна, прымаючы Божыя сакрамэнты і ласку, так неабходную для збаўлення! Будзем прасіць Святога Духа, каб мы заўсёды імкнуліся жыць ў поўнай згодзе з воляй Бога, нашага Стварыцеля і Збаўцы.
22 звычайная нядзеля, год С
Просім Духа Святога
1 чытанне — Сір 3, 17-18. 20. 28-29.
Пс 68, 4-7. 10-11.
2 чыт. — Гбр 12, 18-19. 22-24а.
Евангелле — Лк 14, 1. 7-14.
“Станавіся пакорным, і знойдзеш ласку ў вачах Пана” (Сір 3, 18).
Заўсёды прыемна збірацца разам на гасціну з сябрамі, сваякамі, з багатымі, каб і яны цябе потым паклікалі і, магчыма, атрымаеш узнагароду і падарункі ад іх. У такіх кампаніях, хутчэй за ўсё, пра цябе будуць гаварыць толькі добрае, узносіць цябе і дзякаваць табе за тваю гасціннасць, ўзвышаць цябе ў тваёй шчодрасці!
І раптам Пан Бог кажа нешта зусім іншае: не ўзвышай сябе і не наладжвай урачыстыя прыёмы для тых, ад каго шукаеш выгады, ад каго чакаеш, што яны будуць шанаваць твае выдаткі і ўзнагародзяць. Больш за тое, лепш запрашай і клапаціся, дапамагай і кармі тых, хто мае патрэбу, і бедных людзей, якія не аддадуць табе матэрыяльна, а толькі ў малітве да Ўсявышняга будуць дзякаваць за ласку, аказаную праз цябе. Бог заўсёды нам кажа: “Ласка і міласэрнасць вышэй за суд, і міласэрнасці хачу, а не ахвяры.” Сапраўды, справы міласэрнасці, якія Езус заклікае нас рабіць для душы і для цела бліжняга, гэта і ёсць сведчанне хрысціянскай веры, а таксама любові да Бога і бліжняга. Бо вера без учынкаў мёртвая. Ды і як можна казаць пра любоў да Бога, якога не бачыш, калі не маеш любові да беднага і патрабуючага, якога бачыш? Вера ў Бога, любоў разам з міласэрнасцю ў адносінах да іншых – усё гэта ўзаемазвязана!
Просім дапамогі Духа Святога, каб наша жыццё было напоўнена міласэрнасцю, спачуваннем, суцяшэннем, добрым словам, узаемнай дапамогай і любоўю.
кс. Януш ЧАРНАМОРАЎ