Хлеб штодзённы

4 верасняgr-str-30

23 звычайная нядзеля, год С

 

Трэба ўдасканальвацца!

 

1 чытанне — Мдр 9, 13-18b.

Пс 90, 3-6. 12-14. 17.  

2 чыт. — Флм 9b-10. 12-17. 

Евангелле — Лк 14, 25-33.

 

 

“Хто можа спазнаць, чаго жадае Пан?”    (Мдр 9, 13–18b)

Катэгарычны выбар “альбо-альбо” не занадта прымаецца сёння ў дыпламатыі, палітыцы, ды і ў асабістым жыцці. Навошта зачыняць маленькую брамку, навошта канчаткова вырашаць? Можна не быць чыімсьці сябрам, але і не ворагам. Можна мець тысячы сяброў на Facebook, якіх мы не ведаем і якія нас зусім не цікавяць. Чалавек аддае перавагу кампутарнай гульні жыцця, таму што яна заўсёды дае яму яшчэ адзін шанец.

Пэўныя мэты жыцця дасягаюцца толькі пры поўнай адданасці і адкіданню ўсяго, што не звязана з іх рэалізацыяй. Мы з захапленнем глядзім на спартсменаў, музыкантаў, навукоўцаў, мастакоў ды іншых прафесіяналаў сваёй справы. Цяжка ўявіць сабе, колькі часу яны прысвячаюць сваёй справе, каб мець канкрэтны вынік! Аднак не меншай канцэнтраванасці патрабуюць і іншыя сферы нашага ўласнага жыцця. Чалавек вельмі часта, калі думае пра ўласнае жыццё, імкнецца не звязваць яго з пэўнай мэтай, не аддавацца яму цалкам. І наадварот, раўніва беражэ тое, што належыць яму і толькі яму.

Але каб стварыць добрае сужэнства, выхаваць дзяцей – нельга падзяліць час, нельга падзяліць сэрца. Трэба аддаць усё аднаму чалавеку, палюбіць да такой ступені, каб не было магчымасці закахацца ў іншую асобу. Гэта заўсёды рызыкоўны план, таму  што  як гарантаваць сабе і іншым, што вы ніколі не сыдзеце з абранага шляху?

Евангелле сёння звяртае нашу ўвагу на тое, якім чынам неабходна ўдасканальвацца ва ўласным жыцці. Калі  жадаю быць добрым айцом, маці і жонкай, братам ці сястрою, то маю цалкам аддацца Богу! У адносінах з Ім не можа быць паставы “альбо-альбо”, але канкрэтны выбар пабожнага жыцця. Прысвячаць больш часу на слуханне Божага слова. Шукаць магчымасці поўнага ўдзелу ў Эўхарыстыі, бо, прымаючы Цела і Кроў Хрыста, чалавек атрымоўвае ласку, неабходную для перамены свайго жыцця.

Якасць жыцця, любові і адносін з бліжнімі залежыць ад нашага прысвячэння і з’яднання з Богам.


  11 верасня

 24 звычайная нядзеля, год С

 

Божа, дапамажы навяртанню!

 

1 чытанне — Зых 32, 7-11. 13-14.

Пс 51, 3-4. 12, 13, 17. 19.  

2 чыт. — 1 Цім 1, 12-17. 

Евангелле — Лк 15, 1-10.

 

 

Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа, і аднаві ўва мне трывалы дух”    (Пс 51,12)

У сённяшнім урыўку з Евангелля мы чуем словы: “На нябёсах больш радасці будзе ад аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння”. Хрыстос рашуча падкрэслівае, што кожнаму з нас неабходна знаходзіць радасць і спакой у пастаянным навяртанні да Бога. У сваю чаргу навяртанне – гэта няспыннае перакрочванне самога сябе. У чым яно заключаецца?

Па-першае, гаворка ідзе пра пераадоленне  сваіх слабасцяў, якія перашкаджаюць  або  аслабляюць вернасць і наступствы жыцця пры Богу. Гэта могуць быць залежнасці, але і заганы, якія абцяжарваюць адносіны з іншымі людзьмі. Радасць ад пераадолення такой заганы з’яўляецца  велізарнай  ўзнагародай за цяжкае навяртанне. Прыкладам для нас будзе сам святы Аўгустын, які, блукаючы і шукаючы вобраз жыцця, усё больш і больш уступаў у небяспечны, бязладны лад жыцця. Калі ён знайшоў шлях да Госпада, калі пачаў змагацца са сваімі дрэннымі звычкамі, ён  змог  напісаць: „неспакойнае сэрца чалавека, пакуль яно не спачне ў Богу”. Вялікая колькасць залежных  ад  алкаголю, наркотыкаў, нікаціна, парнаграфіі, мастурбацыі, кампутарных гульняў і іншых залежнасцяў, ад якіх праходзяць лячэнне, радуюцца  таму, што яшчэ адзін дзень яны змаглі пражыць без залежнасці! Таксама: колькі ж радасці можа прынесці ўменне замаўчаць, калі хтосьці правакуе нас на выбух і сварку?

Перакрочванне сябе таксама азначае пастава быць “больш для іншых”. Навяртанне  азначае  перш за ўсё  пераадоленне ўласнага эгацэнтрызму. Эгаізм перашкаджае адносінам з  іншымі.

Калі чалавек  існуе толькі для сябе, ён становіцца таксічным для іншых. Таму  нельга  замыкацца толькі ў коле ўласных спраў. Трэба спрабаваць час ад часу забыцца пра сябе, адкрываючыся для патрэб іншых. Важна знаходзіць у служэнні бліжнім  сапраўдную радасць ад таго, што я  камусьці патрэбны.

Калі  мы сёння чуем заклік Хрыста  да  радасці з навяртання, давайце паглядзім на нашае ўласнае навяртанне і пастараемся не знеахвочвацца, калі ў нас яшчэ не атрымалася.

Божа, дапамажы нашаму навяртанню… 


 18 верасняgr-str-31

25 звычайная нядзеля, год С

 

Трэцяга не дадзена

 

1 чытанне — Ам 8, 4-7.

Пс 113, 1-2. 4-8.  

2 чыт. — 1 Цім 2, 1-8. 

Евангелле — Лк 16, 1-13.

 

 

“Не можаце служыць Богу і мамоне”    (Лк 16, 13)

Езус  у сённяшнім  Евангеллі расказвае прыпавесць, якая тычыцца праблемы добрага і дрэннага выкарыстання  грошай.  Прыпавесць аб несумленным эканоме, якога ў канцы гаспадар пахваліў за яго паводзіны, часта для нас незразумелая. Аднак, калі мы глядзім на тагачасныя  рэаліі,  уся гісторыя становіцца яснай. У  Палестыне  быў звычай, згодна з якім эканом меў права пазычаць грошы свайго гаспадара. У квітанцыі ён завышаў суму пазычкі, а пры вяртанні захоўваў сабе лішак. Гэта  была крыніца яго даходаў, бо за працу яму звычайна  не плацілі. Несправядлівы эканом з прыпавесці павінен быў страціць працу, таму што ён растрачвае маёмасць свайго гаспадара. Каб  заслужыць  добразычлівасць людзей, ён адмовіўся ад прыбытку з  пазычак, таму даўжнікі вярталі тую суму, якую яны пазычылі. Такім  чынам,  эканом пазбавіў  сябе даходу, але атрымаў падзяку пазычальнікаў. Езус у наступных вершах  Евангелля  заклікае  да сумленнага  выкарыстання  грошай і  шчодрасці. Калі мамона становіцца нашым богам, то мы ўпадаем у грэх, несумленнасць, прагнасць і няздольнасць служыць Богу. Альбо нашым  шчасцем  і  крыніцай бяспекі  з’яўляюцца грошы і знаёмствы, альбо Бог – трэцяга, іншага шляху няма.  Аднак  толькі Бог вечны!


 25 верасняgr-str-31-2

26 звычайная нядзеля, год С

 

Хто абароніць?

 

1 чытанне — Ам 6, 1а. 4-7.

Пс 146, 6в-10.  

2 чыт. — 1 Цім 6, 11-16. 

Евангелле — Лк 16, 19-31.

 

 

“Пан адкрывае вочы сляпым, Пан узнімае прыніжаных, Пан любіць справядлівых”    (Пс 146, 8)

Што рабіць, каб не апынуцца ў становішчы евангельскага багацея?

Хрыстос прыводзіць фарысеям прыклад “багацея, які апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень цудоўна баляваў”. Прыклад вельмі ясны: няправільна зразумелае багацце можа стаць няшчасцем! Справа не ў тым, што гэты чалавек баляваў, а ў вобразе жыцця: кожны дзень ён фарсіў сваім багаццем. Гэта важны ўрок. Бо кожны з нас хоча чымсьці валодаць, быць шчаслівым, мець добры дом, добрую машыну, вопратку і ежу. Ці ж гэта дрэнна? Адказ просты: гэта добрая пазіцыя, але з пэўнай перасцярогай. Слава і багацце без розуму – небяспечны набытак. Таму трэба ўмець валодаць, а багацце не павінна засланяць іншыя каштоўнасці.

Аналізуючы сённяшняе евангельскае пасланне, нельга не заўважыць, што багацей зразумеў сваю памылку толькі пасля смерці. Пры жыцці ён не мог або не хацеў прадбачыць. У гэтай паставе змяшчаецца яшчэ адно настаўленне: неабходна клапаціцца пра сумленне перад учынкам! У многіх з нас пасляўчынкавае сумленне добра развіта – б’ём сябе ў грудзі пасля граху! Такім чынам, гаворка ідзе аб тым, каб спачатку падумаць, зрабіць правільную ацэнку, а затым – зрабіць! Значыць, трэба жыць у эсхаталагічнай перспектыве, у перспектыве вечнага жыцця, да якога нас кліча Езус!

Прыпавесць пра жабрака, які ўсё жыццё прасядзеў каля брамы багацея, – гэта прыпавесць пра апошні суд. Для старажытных людзей брама заўсёды лічылася месцам суда. Гэта пры ёй – у цені і публічным месцы – прайходзілі мясцовыя суды. Багацей нават не ведае, што кожны дзень, маючы пры дзвярах свайго дома жабрака і ігнаруючы яго, становіцца перад судом, укладаючы ў рукі абвінаваўцы чарговыя факты супраць сябе. І сам сабе падпісвае прысуд смерці.

Божы суд, апошні суд, абапіраецца на тым, што малое, штодзённае, на рахунку сумлення з нашых дробных выбараў, здзейсненых на парозе ўласнага дома.

Браты і сёстры! Асцерагаймася слепаты, якая спрычыняецца да таго, што не заўважаем людзей нязначных, бедных, слабых і хворых. Хто абароніць нас на апошнім судзе Божым, калі не яны?

 

 

 

кс. Януш  ЧАРНАМОРАЎ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий