Хлеб штодзённы

2 кастрычнікаgr-str-30

27 звычайная нядзеля, год С

 

Бог – крыніца сілы

 

1 чытанне — Абк 1, 2-3; 2, 2-4.

Пс 95, 1-2. 6-9.  

2 чыт. — 2 Цім 1, 6-8. 13-14. 

Евангелле — Лк 17, 5-10.

 

 

Праведны будзе жыць дзякуючы сваёй вернасці”   (Абк 2, 4)

Сёння Езус накіроўвае нашу ўвагу ў бок веры. Св. Лука Евангеліст напісаў, што апосталы прасілі Пана: “Дадай нам веры”. Відавочна, дзякуючы словам перасцярогі ад зямнога, бачнага і матэрыяльнага, яны зразумелі, што маюць слабую веру. Езус сказаў ім: “…калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне”. Хрыстус кажа, што вера можа быць маленькай, як зерне. З маленькага зярняці вырастае вялікі куст. У маленькім зерні схаваная вялікая сіла. Сіла веры зыходзіць не ад чалавека, але ад Бога. Нават малая вера чалавека – гэта падключэнне да вялікай крыніцы, якою ёсць Бог. Таму трэба прасіць не столькі аб вялікай, дасканалай веры, якая разумеецца як чалавечая здольнасць, колькі аб жывой веры. Жывая, гэта значыць тая, якая звязвае нас з Богам, у якой ёсць надзея на большае, патэнцыял росту, які пераўзыходзіць чалавечыя прагнозы.

Езус дапаўняе мысленне апосталаў і кажа, што ключом да запуску Божай сілы ў асабістым жыцці апосталаў з’яўляецца пакора: “Мы нікчэмныя слугі, зрабілі тое, што павінны былі зрабіць”. Пакора – гэта згода на тое, што я слуга, што сам па сабе не маю ніякай заслугі, таму што Бог – крыніца сілы, на Бога спадзяюся больш, чым на самога сябе. Езус нагадвае, што вера будзе расці, калі апосталы стануць пакорлівымі слугамі. Вера будзе памнажацца, калі апосталы аддадуць сябе ў рукі Божыя. Езус нагадвае нам, што пакора і паслухмянасць Богу з’яўляюцца крыніцай вялікай веры. Вера расце дзякуючы пакорліваму служэнню Богу і вернаму выкананню сваіх жыццёвых абавязкаў.


 9 кастрычніка

28 звычайная нядзеля, год С

 

Збаўленне – гэта больш  чым  здароўе…

 

1 чытанне — 2 Вал 5, 14-17.

Пс 98, 1-4.  

2 чыт. — 2 Цім 2, 8-13. 

Евангелле — Лк 17, 11-19.

 

 

Паказаў Пан сваё збаўленне, перад вачыма народаў абявіў сваю справядлівасць”   (Пс 98,2).

Пракажоным з сённяшняга Евангелля было не так лёгка сказаць сабе: “Не хвалюйся, будзь шчаслівы!”. Ім цяжка пераносіць фізічны боль, і яны ўсё яшчэ пакутуюць ад сацыяльнай ізаляцыі. Таму яны звяртаюцца да Езуса і ўсклікаюць: “Езус, Настаўнік, змілуйся над намі!” І Езус прыходзіць ім на дапамогу, аздараўляючы дзесяць пракажоных.

У свой час Папа Бэнэдыкт XVI, каментуючы гэты ўрывак Слова Божага, падкрэсліваў, што Евангелле паказвае дзве стадыі аздараўлення: першая і больш павярхоўная тычыцца цела, а другая і больш глыбокая тычыцца ўнутранай часткі чалавека – таго, што Біблія называе “сэрцам”, – і адтуль выпраменьвае ўсё чалавечае існаванне. Поўнае і радыкальнае аздараўленне – гэта “збаўленне”. А збаўленне – гэта больш чым здароўе: гэта новае, поўнае, канчатковае жыццё. Больш за тое, Езус кажа тут гэтак жа, як і ў іншых выпадках: “Вера твая ўратавала цябе”. Менавіта вера ратуе чалавека, дазваляючы яму ўсталяваць глыбокія адносіны з Богам, з самім сабой і з іншымі; і вера выяўляецца ва ўдзячнасці. Толькі адзін з дзесяці аздароўленых дзякуе Езусу, таму што ведае, што няма такога паняцця, як права быць здаровым і шчаслівым. Бог дапамагае чалавеку і аздараўляе яго. Усё лепшае зыходзіць ад Бога. Вера ж адкрывае чалавеку міласць Божую; дапамагае яму ўсвядоміць, што ўсё добрае, што ён мае, – гэта дар і міласць ад Бога. І чалавек пераконваецца: без Бога я няшчасны; я бездапаможны без Яго дабрыні, таму што толькі Бог можа даць мне сапраўднае жыццё.


 16 кастрычніка

29 звычайная нядзеля, год С

 

Езус   стукае…

 

1 чытанне — Зых 17, 8-13.

Пс 21, 1-8.  

2 чыт. — 2 Цім 3, 14 – 4, 2. 

Евангелле — Лк 18, 1-8.

 

 

“Узнімаю вочы свае да вышыняў: адкуль прыйдзе мая дапамога?»   (Пс 121, 1).

Узнятыя ўверх рукі Майсея, якія падтрымліваюцца сябрамі, з’яўляюцца сімвалам няспыннага трывання перад Богам у малітве, да чаго сам Езус запрашае нас у сённяшнім Евангеллі. Малітва падобная настойліваму стуку ў дзверы. Здаецца, што неба закрыта і глуха. Але праўда ў іншым. Неба ўжо даўно адкрыта, толькі мы – зачыненыя. Езус адкрыў неба ўжо ў сваім  хросце, у перамяненні, у смерці, ва Ўваскрэсенні, унебаўшэсці і спасланні Духа Святога. Бог гатовы выслухаць нас у любы час. Справа ў тым, што мы не хочам стукацца, і адсюль  гэтая  прыпавесць сёння. Скажам мацней: гэта Езус стукаецца ў дзверы нашага сэрца. У знакамітым апакаліптычным бачанні (Ап 3,20) Езус стаіць каля дзвярэй і стукае.

Аснова малітвы – пакора, а прынцып яе эфектыўнасці – настойлівасць. У духоўным жыцці з пакорай і вытрываласцю ў нас больш за ўсё праблем. Пакора – гэта прызнанне таго, што без дапамогі Бога мы не можам зрабіць нічога добрага. Вытрываласць у малітве – гэта наша штодзённае схіленне калена перад Госпадам раніцай і ўвечары. Мы самі ведаем, як часам цяжка скласці рукі, каб маліцца, таму што стомленасць, таму што так шмат спраў не зроблена. А ў Евангеллі Езус, навучаючы людзей, ясна кажа: “Неабходна заўсёды маліцца і не падаць духам” (Лк 18,1б). Малітва, звернутая да Бога, – гэта наша размова з Ім; просім мы або дзякуем, мы заўсёды праз малітву накіроўваем нашы словы і думкі да Бога, які чакае, каб быць у лучнасці з намі.


 23 кастрычнікаgr-str-31

30 звычайная нядзеля, год С

 

Жыць  любоўю

 

1 чытанне — Сір 35, 12-14, 16-18.

Пс 34, 2-3. 17-19. 23.  

2 чыт. — 2 Цім 4, 6-9. 16-18. 

Евангелле — Лк 18, 9-14.

 

 

Блізкі Пан да тых, чыё сэрца змучана, і зламаных духам Ён збаўляе”    (Пс 34, 19).

У евангельскай прыпавесці мы сустракаем у святыні фарысея і мытніка. Яны абодва грэшнікі, але паміж імі ёсць істотная розніца. Фарысей– чалавек, які старанна выконвае ўсе вынікаючыя з закона так званыя “рэлігійныя абавязкі”: пост і міласціну. У яго ёсць толькі праблема з малітвай, бо ён шукае сябе і сваю дасканаласць, а не думае пра Бога. Тут раскрываецца крывадушная прырода фарысея. Крывадушнасць заўсёды з’яўляецца праявай адсутнасці добрай волі і па сваёй прыродзе закрывае дзверы Хрысту, прысланяе праўду пра сябе. Такім чынам, гэта перашкаджае працэсу навяртання. Езус Хрыстус выразна крытыкуе такую пабожнасць, якая замест таго, каб развіваць адносіны з Богам, канцэнтруецца на ўласнай дасканаласці. Фарысей– прыклад чалавека, які становіцца калекцыянерам добрых спраў. Больш таго, ён памылкова перакананы, што гэтага дастаткова для збаўлення. Мытнік з сённяшняй прыпавесці быў, як і фарысей, грэшнікам, але грэшнікам, які ўсведамляе свой унутраны стан. І гэта ўсведамленне нарадзіла ў ім пакаянне сэрца, якое з’яўляецца ўмовай атрымання Божага прабачэння і дазваляе дзейнічаць Богу. Мытнік пайшоў апраўданым, бо “хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, будзе ўзвышаны”.

Прысутнасць Езуса сярод нас як Сына Божага і Чалавечага была, ёсць і будзе пастаянным сведчаннем любові Бога да нас, грэшнікаў. Езус не толькі паказвае нам, як жыць любоўю, як ахінаць ёю Бога і людзей. Але таксама робіць нас здольнымі любіць. У Ім мы адчуваем, што Бог любіць нас, і гэта натхняе нас адказваць Яму любоўю. Кожны, хто набліжаецца да Езуса, не толькі ратуецца ад вечнай смерці, але і напаўняецца любоўю – жыццём Самога Бога.


 30 кастрычніка

31 звычайная нядзеля, год С

 

Каб  іншыя не  абагналі?

 

1 чытанне — Мдр 11, 22 – 12, 2.

Пс 145, 1-2. 8-11. 13-14.  

2 чыт. — 2 Тэс 1, 11 – 2, 2. 

Евангелле — Лк 19, 1-10.

 

 

Паказваеш памылкі тым, хто ўпаў”    (Мдр 11, 24).

Хуткая зменлівасць гэтага свету прымушае чалавека пастаянна за чымсьці ганяцца. Баіцца спыніцца, каб іншыя не абагналі яго, баіцца страціць  тое, што ўдалося “уварваць” ад жыцця. Такія людзі, як бяздонныя  мяшкі: колькі  б яны ні паклалі,  усё  роўна будзе мала. Чаму? Таму што чалавек па сваёй прыродзе заўсёды знаходзіцца ў пошуках. Евангелле сённяшняга дня паказвае нам постаць Закхея, які, будучы багатым чалавекам, надалей  шукаў  нечага большага. З аднаго боку, яго пасада начальніка мытні  забяспечвала яму немалы прыбытак, а з другога – з’яўлялася прычынай  нянавісці  з  боку народа. Хоць Закхей  быў  духоўна  далёкі ад Езуса, ён усё ж жадаў убачыць Яго. Для гэтага ён падымаецца на смакоўніцу, каб не ўпусціць момант пераходу Езуса.

Стаўленне  Закхея вельмі пераканаўча паказвае, што сустрэча з Езусам можа змяніць ранейшае жыццё  чалавека.  Прыкметай  пачатку Закхеем новага жыцця з’яўляецца  жаданне выправіць раней нанесеныя  крыўды. Закхею не трэба  было, але  ён  хацеў аддаць палову  маёмасці  тым,  якія  жывуць у  нястачы. Акрамя таго, ён  не павінен  быў  вяртаць  ажно  ў  чатыры разы болей тым, каго ашукаў. Але ён зрабіў гэта, таму што сустрэў Збаўцу. Такім чынам, гэта былі не пустыя словы Закхея, паколькі Езус кажа ў адказ: “Сёння  збаўленне  прыйшло ў дом гэты!”. Стаўленне  Закхея   настолькі кранула  яго сям’ю, што ўсе прынялі збаўленне  ад  Бога праз веру ў Езуса. У адрозненне  ад  багатага юнака,  ён адчувае радасць, таму што сустрэча з Езусам змяніла яго погляд  на  жыццё  і  стала  момантам раскрыцця ўнутранай свабоды ў дачыненні  да  сваёй  маёмасці.

 

 

кс. Януш  ЧАРНАМОРАЎ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий