Хлеб штодзённы

6 лістапада

32 звычайная нядзеля, год С

 

Узнагарода – вечнасць

 

1 чытанне — 2 Мак 7, 1-2. 9-14.

Пс 17, 1. 5-6. 8. 15.   

2 чыт. — 2 Тэс 2, 16 – 3, 5. 

Евангелле — Лк 20, 27-38.

 

 

“Бог умацуе вас у кожнай справе і добрым слове”   (2 Тэс 2, 17).

Сённяшняя Літургія Слова накіроўвае наша мысленне на сутнасць хрысціянскай веры – уваскрасенне і вечнае жыццё. З Евангелля даведваемся, што наш Бог– гэта Бог не мёртвых, а жывых! А апісанне смерці сямі братоў і “жонкі” прымушае нас усвядоміць словы Езуса, што “тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрашэння з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж; і памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрашэння”. Жыццё па слову Божаму мае вялікі сэнс, таму што ўзнагарода – вечнасць, праведзеная з Богам. Наш Бог ёсць Богам жывых, а смерць – гэта не канец, але пачатак шчасця. Вядома, для тых, хто верыць у гэта і робіць дабро ў зямным жыцці.

Рабіць дабро – значыць сумленна выконваць свае абавязкі. Калі я маці ці бацька – я клапачуся пра выхаванне дзяцей, калі я працаўнік – я памятаю аб шчырасці і сумленнасці; калі я вучань – я раблю хатняе заданне і рыхтуюся да ўрокаў. Можна сказаць: як гэта проста! Аднак мы самі ведаем, што на практыцы гэта часам становіцца крыжам, які цяжка падняць. Хоць гэта цяжка, але гэта варта таго, каб несці, таму што ў канцы гэтага шляху ёсць нешта большае, чым цёмная магіла – ёсць жыццё ў святле, таму што наш Бог ёсць Богам жывых. Той, хто верыць у гэта, можа сказаць пра сябе, што ён шчаслівы. Вельмі шчаслівы.


 13 лістапада

33 звычайная нядзеля, год С

 

Хрыстос  заахвочвае

 

1 чытанне — Мал 3, 19-20а.

Пс 98, 5-9.  

2 чыт. — 2 Тэс 3, 7-12. 

Евангелле — Лк 21, 5-19.

 

“Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя”   (Лк 21, 28).

Сёння Хрыстус кажа: “Глядзіце, каб вас не звялі, бо многія прыйдуць пад імем Маім”. Усё часцей з’яўляюцца ілжэпрарокі, якія прапануюць свет, далёкі ад евангельскага. Узнікае пытанне: як абараніцца ад дэмаралізацыі? Што рабіць, каб не надзяліць сябе “тэлевізійным” мысленнем? Адказ знойдзем у сённяшнім Евангеллі.

Настаўнік з Назарэта ў першую чаргу кажа: “Не ідзіце за імі”. Гэты цвёрды заклік азначае пастаяннае знаходжанне разам з Хрыстом. Сучасны чалавек адчувае велізарную спакусу адысці ад Бога. Часам праблемы ў касцёльным асяроддзі ўзмацняюць гэтую спакусу. Антыклерыкалізм у цяперашні час для пэўнай группы людзей з’яўляецца модным стаўленнем. У той час, як вялікае мноства ахвярных святароў, прысвечаных Божай справе, не заўважаюцца. Сёння Езус кажа, што нават калі ведаеш нейкі дрэнны выпадак з жыцця Касцёла – “не ідзі за ім”. Неабходна маліцца, а не горшыцца!

Разам з вытрываласцю Езус паказвае на давер да Бога як супрацьяддзе ад дэмаралізацыі сучаснага свету. Ён кажа: “Не бойся”. Аднойчы Езус сказаў Святой Фаўстыне, калі ўстрывожаная стаяла на каленях перад абразом Яго Міласэрнасці: “Прычына тваіх падзенняў у тым, што ты шмат разоў разлічваеш на сябе і занадта мала на Мяне. Ведай, што ты нічога не можаш зрабіць сама. Нават міласці Маёй ты не здольная прыняць без асаблівай дапамогі Маёй”. Гэтыя словы Хрыста акрэсліваюць і нам перспектыву дзеянняў. Верыць, ня-гледзячы ні на што, і разлічваць на Хрыста – адзінае рашэнне ў нашым супрацьдзеянні злу ў сучасным свеце. Многія сучасныя хрысціяне не вераць у сілу Езуса. Моляцца, але да канца не давяраюць. Яны часта пытаюцца ў моманты выпрабаванняў: “чаму я? Чаму так рана? Чаму так балюча?”. Але ў такія моманты застаецца толькі адно – “Езу, давяраю Табе”.

У парадах Хрыста з сённяшняга Евангелля можна таксама прачытаць наступны заклік: “І будзе гэта вам на сведчанне”. Любая цяжкая сітуацыя можа стаць падставай для сведчання аб міласэрным Богу. Многія з нас маюць патрэбу ў такім сведчанні. Яно павінна ўтрымоўваць у сабе сілу веры, ўпэўненасць у тым, што варта быць хрысціянінам. Успомнім прыклад Святога Піо з П’етрэльчыны, які, нягледзячы на многія нягоды, велізарную боль стыгматаў і неразуменне касцёльных уладаў, з цярпеннем і пакорай сведчыў аб сваёй веры і любові да Бога і Касцёла. Сённяшняе Евангелле заканчваецца словамі: “Цярпеннем сваім уратуеце душы вашыя” (Лк 21, 19). Таму неабходна працягваць трываць пры Езусе, нягледзячы на цяжкасці, і ў той жа час глядзець у перспектыву вечнасці. Такі шлях паказвае нам Хрыстос, заахвочваючы ісці за Ім.


 20 лістападаgr-str-31

Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста,

Валадара Сусвету, год С

 

З вышыні крыжа

 

1 чытанне — 2 Сам 5, 1-3.

Пс 122, 1-2. 4-5.  

2 чыт. — Клс 1, 12-20. 

Евангелле — Лк 23, 35-43.

 

 

Сёння будзеш са Мною ў раі”   (Лк 23, 43).

Сёння, у апошнюю нядзелю літургічнага года, мы аддаём пашану Езусу Хрысту, Валадару Су-свету. Святы Амброзій навучае: “Жыць – значыць быць з Хрыстом; там, дзе ёсць Хрыстус, там знаходзіцца жыццё і валадарства. Бо Ён валадар чалавечых сэрцаў…”

Калі мы глядзім на крыж – знак нашай веры – увагу прыцягвае надпіс над галавой Езуса: “Гэта кароль Юдэйскі”. На надпіс гля-дзелі старэйшыны, жаўнеры і іншыя людзі, якія сабраліся. Што азначаюць гэтыя словы? У менталітэце людзей таго часу, як і ў разуменні рымлян, Езус быў лідэрам узбунтаваных габрэяў, якія прагнуць улады. Аднак абвінавачаны Месія паказвае тут на неразуменне з боку Яго абвінаваўцаў. Бо валадаранне Езуса не заснавана на зямных прынцыпах або прывілеях, але зыходзіць звыш. Валадарства Езуса пабудавана не на зямных структурах і чалавечых будынках, а на трывалым падмурку любові з Айцом у сіле Святога Духа. Валадаранне Езуса – гэта не эгаістычнае навязванне Сваёй волі і ўлады, каб максімальна выкарыстоўваць сваіх падданых, а цярплівае чаканне таго, хто ў сваёй свабодзе і пакоры наблізіцца да Яго, каб “зачарпнуць з крыніцы збаўлення”.

Езус валадарыць з вышыні крыжа. Тое, што было прадугледжана Яго катамі як пакаранне, знявага і прыніжэнне, становіцца знакам улады і панавання. Пакутуючы і абсмеяны Месія Божы ў акце сваёй поўнай ахвяры Любові паказвае сілу славы і веліч збаўчага дзеяння. Наша штодзённае жыццё – гэта пастаяннае падпарадкаванне валадаранню Езуса Хрыста. З Яго дапамогай можна вызваліцца ад улады ўласных грахоў, неўпарадкаванай любові да сябе, амбіцый і пажадлівасці. З вышыні крыжа Ён жадае супакоіць наш боль, перавязаць нашыя зраненыя сэрцы, суцешыць і прыціснуць да Сваіх збаўчых ран. Бо каштоўнасць, якая здольная зрабіць чалавека шчаслівым, – гэта не спакойнае жыццё на зямлі, а паўната жыцця ў Валадарстве Божым.


27 лістападаAdwent-1

1-я нядзеля Адвэнту, год А

 

Рыхтуемся да  спаткання

 

1 чытанне — Іс 2, 1-5.

Пс 122, 1-2. 4-9.  

2 чыт. — Рым 13, 11-14. 

Евангелле — Мц 24, 37-44.

 

 

“Пан збірае ўсе народы ў вечны мір Божага Валадарства   (Іс 2, 2-3)

Распачынаем перыяд Адвэнту. У чарговы раз прыкладаем намаганні для навяртання, усведамляючы, што рыхтуемся да спаткання з Хрыстом, які прыходзіць у свет. І гэта спатканне не толькі ў таямніцы Яго нараджэння, але найперш падчас Яго прыйсця пры сканчэнні свету, калі Ён прыйдзе судзіць неба і зямлю як канчатковы пераможца.

Традыцыйна ў перыяд Адвэнту Касцёл заахвочвае нас паглядзець у трох накірунках:

  1. Перанесціся да таго, што было, успамінаючы Нараджэнне Хрыста;
  2. Выйсці да таго, што нас чакае ў будучыні падчас другога прыйсця Хрыста пры сканчэнні свету;
  3. Разважанне над цяперашнім, інакш кажучы, над тым, як найлепш прыгатавацца на прыйсце Хрыста падчас сёлетняга Адвэнту.

У першую нядзелю Адвэнту ў Евангеллі чытаем вельмі моцныя словы Езуса: “Чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе… Будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце” (Мц 24, 42, 44). Нам заўсёды неабходна быць падрыхтаванымі на другое прыйсце Хрыста. У гэтым дапамагае пастаяннае жыццё з Богам, як мага часцей прымаючы Яго, калі прыходзіць да нас у сваіх сакрамэнтах. Неабходна клапаціцца пра навяртанне свайго жыцця да лепшага. Таму будзьма ўважлівыя і чувайма падчас сёлетняга Адвэнту, каб мы – не дай Божа – не пачулі калісьці ад Хрыста слоў: “Шмат разоў хацеў прыйсці да цябе са сваёю любоўю і ласкай, але заўсёды дзверы твайго сэрца былі замкнёныя”.

Пан Езус не прыйшоў у свет, каб нас асудзіць, але каб збавіць! Таму з любоўю напамінае нам у гэту І нядзелю Адвэнту, каб мы чувалі, напамінае, што наша жыццё паволі мінае, таму не можам марнаваць Яго, не робячы таго, да чаго Бог нас паклікаў.

Браты і сёстры! Не адкладвайце найважнейшых спраў нашага духоўнага жыцця на потым.

 

 

 

кс. Януш  ЧАРНАМОРАЎ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий