Хлеб штодзённы

4 снежняAdvent-2

2-я нядзеля Адвэнту, год А

 

Рыхтуем дарогу Пану

 

1 чытанне — Іс 11, 1-10.

Пс 72, 1-2. 7-8.12-13. 17.  

2 чыт. — Рым 15, 4-9. 

Евангелле — Мц 3, 1-12.

 

 

“Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае” (Мц 3, 2).

Ян Хрысціцель абвяшчае набліжэнне  Валадарства Нябеснага і заклікае падрыхтаваць дарогу надыходзячаму Госпаду. Гаворка ідзе не пра царства гэтага свету, а пра Валадарства Нябеснае. У яго няма ні зямных межаў, ні адборнай арміі для абароны. Ян таксама нічога не кажа аб каралеўскім  двары  або палацы. Ён паказвае толькі на кіраўніка Валадарства, на Госпада, з якім валадарства прысутнічае  паміж  людзьмі.  Менавіта ў Езусе Хрысце да нас набліжаецца  Валадарства Божае, і ў Яго прысутнасці  можна ўбачыць, што гэта такое. Сам  Валадар паказвае сваім  захаваннем, які этыкет дзейнічае ў Яго Валадарстве.

Езус Хрыстус з’яўляецца Валадаром, не ўзвышаецца над іншымі, але служыць сваім падданым і, як слуга, абмывае  ім ногі. Ён не жыве ў палацы, але пастаянна знаходзіцца сярод людзей. Паміж Ім і Яго падданымі няма ніякай адлегласці: яны могуць дакрануцца да Яго і сесці разам з Ім за стол. У Яго Царстве важныя спачуванне  і міласэрнасць. Сам Валадар не саромеецца  слёз  і дазваляе праявіцца жалю, калі бачыць хворых і бедных, для якіх няма месца ў грамадстве. Ён нікога не асуджае і не адхіляе, але  ўсіх  прымае і аздараўляе. У гэтым Валадарстве ёсць месца для ўсіх, хто прыме Езуса як свайго Госпада.

 Як увайсці ў Валадарства, якое набліжаецца? Паводле таго, што кажа Ян  Хрысціцель,  дастаткова падрыхтаваць шлях, а Пан Езус сам прыйдзе да нас са сваім Валадарствам. Той, хто адварочваецца ад сваіх грахоў, рыхтуе  ў  сваім сэрцы месца для Бога. У сэрцы чалавека Божы закон ўкараняецца і  пачынае  прыносіць добрыя  плады. Тады чалавек становіцца падобным да свайго Госпада і спрабуе  паводзіць  сябе  так, каб ніхто не сумняваўся, што ён належыць да Божага  Валадарства.   Дзякуючы  людзям,  якія  трымаюцца этыкету Божага Валадарства, валадаранне Бога  пашыраецца  і  набліжаецца дзень, калі “Гасподзь будзе валадарыць ад мора да мора, і ад ракі ажно да краёў зямлі” (Пс 72,8).

Адвэнт – гэта час адкрыцця Валадарства,  якое  ўжо  прысутнічае сярод  людзей  і ў той жа час пастаянна  набліжаецца  да  нас. Гэта Валадарства, якое  прыйшло  ў свет, калі нарадзіўся  Езус, і якое пастаянна знаходзіцца ў дарозе, таму што мы ўвесь  час  чакаем  яго паўнаты. Божае  Валадарства  тут, на зямлі можа  наступіць у поўнай меры тады, калі  ўсе людзі прызнаюць панаванне  Бога і супакой пакрые ўвесь свет.


 11 снежняAdvent-3

3-я нядзеля Адвэнту, год А

 

Радасць чакання

 

1 чытанне — Іс 35, 1-6а. 10.

Пс 146, 6-10.   

2 чыт. — Як 5, 7-10. 

Евангелле — Мц 11, 2-11.

 

 

 

“Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою” (Мц 11, 10).

Радасць і навяртанне сёння маюць асаблівае значэнне, таму што ІІІ нядзеля Адвэнту, якая носіць назву Gaudete, –нядзеля радасці, кажа пра радасць чакання, пра прыход Чаканага. Аднак, каб дасведчыць радасць чакання, неабходна навярнуцца. Адна з галоўных формаў навяртання – гэта наша адкрыццё на словы і дзеянні Хрыста, які вядзе нас да сябе, да свайго сэрца. Гэтае адкрыццё азначае наш давер, таму што, як піша прарок Ісая: „тады вочы сляпых будуць бачыць, і вушы глухіх адкрыюцца. Тады кульгавы, як алень, падскочыць, і язык нямых усклікне радасна” (пар. Іс 35,5-6), а значыць – радасць ад таго, што будзе, чаго мы чакаем, чаго мы жадаем.

Вучні Яна Хрысціцеля спыталі Самога Езуса: “Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?” Яны паступалі, як тыя, хто шукае святла ў малітве, а толькі потым у кнігах і дакументах. Большасць з нас часцей пытаюцца пра тое, хто такі Езус, у святара, катэхета, спаведніка або прафесара каталіцкай установы. Аднак забываем, што неабходна, як вучні Яна Хрысціцеля, таксама спытаць самога Езуса. Паставіць гэтае пытанне на малітве, падчас святой Імшы, пасля Святой Камуніі. Калі б вучням Яна Хрысціцеля Пан Езус сказаў: “Я Месія”, ніхто б не зразумеў. І калі б Ён сказаў: “Я Бог”, ніхто б у гэта не паверыў. Адказ Езуса быў іншым: “Ідзіце, раскажыце Яну тое, што чуеце і бачыце: сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, і памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна”. Езус звяртае ўвагу на тое, што “тады даведаецеся Мяне, калі ўбачыце, што Я раблю”. Гэта важна для нас. Мы лепш за ўсё даведаемся пра Езуса Хрыста, калі ўбачым у шуме гэтага свету тое, што Ён зрабіў і працягвае рабіць для нас, для людзей. Тады, адчуўшы прысутнасць жывога Езуса ў асабістым жыцці, мы паспяхова пераадолеем любы грахоўны бар’ер на шляху навяртання. А гэта прывядзе нас да бязмежнай радасці ў Езусе Хрысце!


 18 снежняAdvent-4

4-я нядзеля Адвэнту, год А

 

Дзве важныя постаці

 

1 чытанне — Іс 7, 10-14.

Пс 24, 1-6.  

2 чыт. — Рым 1, 1-7. 

Евангелле — Мц 1, 18-24.

 

 

Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана…” (Мц 1, 24)

Першаснай  крыніцай любові ва ўзаемаадносінах, якая сыходзіць ад Бога, з’яўляецца ўзаемная адказнасць у прыняцці іншага чалавека як дару самога Бога.

У літургіі слова сённяшняй нядзелі Бог ставіць перад нашымі вачыма дзве важныя постаці – Марыю і Юзафа, якія з’яўляюцца прыкладам у шматлікіх вымярэннях гэтага слова. “Будзеш айцом Сына Божага” –  не былі простымі гэтыя словы для Юзафа. Юзаф аказаўся ў вельмі дзіўнай сітуацыі, бо дзіця не было ягоным, аднак – чыім? Не мог ён сказаць “гэта маё дзіця”. Калі б сказаў так, то Марыю  пачалі б лічыць чужаложніцай. А лёс  чужаложніцы – гэта смерць праз укаменаванне. Юзаф  адрэагаваў інакш. Першай рэакцыяй было жаданне  ўцячы, каб  яму прыпісалі віну. Такім  спосабам  хацеў абараніць Марыю.

На свае думкі і памкненні ў адказ атрымаў сон, з якога вынікала, што дзіцё з’яўляецца благаслаўленнем ад Бога, што яно з’яўляецца Божым дзіцём. Праз  гэтае  дзіця  павінна было наступіць збаўленне Божага народу. Тады св. Юзаф з вялікай адказнасцю прыняў Езуса за свайго сына.

Юзаф атрымаў дзіцё, якое ёсць Эммануэлем, што азначае “Бог з намі” інакш кажучы,  Бог з тымі, якія Яго прымаюць. Такім чынам Юзаф хоць і не быў родным бацькам Езуса, ён стаў прыкладам айцоўства ў духоўным вымярэнні, бо ў імя Бога прымае дзіця і яго маці, атуляючы іх апекай і выхоўваючы сына да дабра.

Кожны чалавек з’яўляецца дарам Бога. Найперш і перадусім самі з’яўляемся дарам адзін для аднаго. Падставай для прыняцця дару іншай асобы ёсць асабісты досвед быць прынятым як дар у сваёй сям’і ўжо з першых хвілін пасля зачацця. Таямніцай узаемнага дару ёсць Эўхарыстыя, якая з’яўляецца камуніяй чалавека з Богам, які заўсёды з намі, які прыйшоў у гэты свет, каб нас збавіць. Няхай у нашых сем’ях свсв. Юзаф і Марыя стануць прыкладам адказнасці адзін за аднаго ва ўзаемаадносінах, пры-кладам прыняцця дзіцятка і бліжняга чалавека як дару Самога Бога.


 25 снежняgr-43-12-2022

Урачыстасць Нараджэння Пана, год А

 

Нарадзіўся вам Збаўца!

 

1 чытанне — Іс 62, 1-5.

Пс 96, 1-3. 11-13.  

2 чыт. — Дз 13, 16-17. 22-25. 

Евангелле — Мц 1, 1-25.

 

 

 

І вярнуліся пастухі, праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі…” (Лк 2, 20).

Урывак з Евангелля распавядае пра  пастухоў, якім з’явіўся анёл, прадракаючы  радасную вестку. З гэтага  моманту пачынаецца шлях веры пастухоў. Яны пачынаюць думаць, што рабіць, і прымаюць рашэнне: “Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася, і пра што абвясціў нам  Пан”.  Пастухі  прымаюць  рашэнне  адправіцца ў Бэтлеем, каб убачыць Слова, якое сталася целам. Немаўля  Езус не ўмее гаварыць, Ён народжаны ў  бядоце,  але  гэтае Слова даходзіць да сэрца тых, хто ўмее слухаць.

Пазнанне Добрай Навіны прыносіць з сабою радасць і выклікае спешку, чалавек пачынае спяшацца, бяжыць. Так  паступаюць пастухі. Што  яны  знаходзяць? Бедныя людзі ў стайні, для якіх не хапіла месца ў горадзе,  Дзіця, якое ляжыць на сенцы ў яслях. Але Анёл абвясціў ім: “Нарадзіўся вам Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан!”

Мы не ведаем, якімі былі першыя моманты сустрэчы пастухоў з Езусам, мы можам толькі ўявіць іх. Але ведаем, што адбылося далей. Пастухі сведчаць аб тым, што яны перажылі, пра што ім было сказана. Гэтае Немаўля, якое ляжыць у яслях, гэта Збаўца, памазанец (Месія, Хрыстос), Гасподзь (Kyrios). Тое, што кажуць пастухі, выклікае здзіўленне: і ўсе, хто  чуў  гэта, былі здзіўлены тым, што  расказалі  ім  пастухі. Гэтая фраза таксама можа быць перакладзеная як: і ўсе тыя, хто чуў іх, захапляліся тым, што ім было сказана.

Сустрэча з Езусам Хрыстом няхай запальвае нас полымем веры, надзеі і любові падчас сёлетніх святаў! Каб у Духу Святым мы сталі сведкамі  народжанага  Збаўцы  свету і  Адкупіцеля  Чалавека.

 

 

 

кс. Януш  ЧАРНАМОРАЎ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий