1 студзеня
Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, год А
1 чытанне — Ліч 6, 22-27.
Пс 67, 2-3. 5. 6 і 8.
2 чыт. — Гал 4, 4-7.
Евангелле — Лк 2, 16-21.
Усе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі” (Лк 2, 18)
У сённяшнім Евангеллі чуем аб тым, што ўсе тыя выдарэнні і знакі, звязаныя з прыйсцем на свет Езуса, Марыя захоўвала і разважала ў сваім сэрцы. Захаванне Марыі, Яе цалкавіты давер Богу і паслухмянасць Яго волі з’яўляецца для кожнага з нас узорам да наследавання.
Каб быць сапраўдным шанавальнікам Багародзіцы, неабходна ведаць Марыю, прымаць годнасць Марыі, наследаваць Яе цноты і ажыццяўляць іх, а таксама маліцца праз заступніцтва Марыі.
Сапраўдны шанавальнік ведае і свядомы таго, што Марыя: Беззаганна Зачатая, г.зн., што не мела першароднага граху; Марыя з’яўляецца Маці Сына Божага, які зачаўся ад Духа Святога, і адначасова Дзевай, г.зн. падчас зачацця і пасля нараджэння Езуса засталася Дзевай. Яна без грэху, бо ніколі граху не ўчыніла. З’яўляецца Ўнебаўзятай, бо з душой і целам была ўзята на неба, з’яўляецца Паннай неба і зямлі, Каралевай. Сапраўдны шанавальнік Марыі наследуе Яе цноты і ажыццяўляе іх ў сваім жыцці. Напэўна, не атрымаецца нам удасканаліцца ў цнотах, як Марыя, аднак наблізіцца да іх можам. Павел VI у энцыкліцы Marialis cultus пералічвае такія цноты Марыі, як: вера, воля, велікадушная паслухмянасць, шчырая пакора, руплівая любоў, разважлівая мудрасць, ахвотнае спаўненне рэлігійных абавязкаў, выраз падзякі за атрыманыя дабрадзействы, малітва, моц духа ў выгнанні і горы, беднасць, поўная годнасці і даверу да Бога, пільны клопат пра Сына, дзявоцкая чысціня, моцная і чыстая любоў нарачоных. Цноты Марыі адкрываюць пастаянную лучнасць з Сынам – ад ясляў бэтлеемскіх да Крыжа. Марыя не затрымлівае пашаны на сабе, але вядзе да з’яднання з Хрыстом. Таму будзьма сапраўднымі шанавальнікамі Марыі, а праз Марыю – вернымі слугамі Бога.
8 студзеня
Свята Хросту Пана, год А
1 чытанне — Іс 42, 1-4. 6-7.
Пс 29, 1а і 2.
2 чыт. — Дз 10, 34-38.
Евангелле — Мц 3, 13-17.
“Раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго” (Мц 3, 16).
Існаваць – значыць станавіцца ўсё больш падобным да Бога! Бог ведае, што чалавек не павінен ідэнтыфікавацца з грэшнікам. Чалавек – гэта нешта большае. Бог глядзіць на чалавека і бачыць Яго, паводле вобразу Хрыста, Які стаў Чалавекам. “Хрыстус – гэта прыклад, якім чынам мае быць адноўленая ўся людская натура”, – казаў св. Кірыл Александрыйскі. Хрыстос – гэта Новы Чалавек. Таму разумеем, чаму Сын Божы стаў Чалавекам. Сталася гэта дзеля таго, каб чалавек – пасля досведу граху і яго наступстваў – мог вярнуцца да хвалы чалавека, каб мог існаваць аўтэнтычна. Нараджэнне Збаўцы – гэты прыход ад Айца – азначае адкрыццё перад чалавекам адносін, якія яднаюць Сына з Айцом і якія Езус зараз аб’яўляе людзям. Хрыстус заходзіць у ваду ракі Ярдан, каб атрымаць хрост з рук Яна Хрысціцеля. Жэст акунання ў вадзе – сімвал смерці – разам з хростам Хрыста адкрывае неба. Адам з’еў з дрэва плод у раі. Яго жэст быў знакам самадастатку чалавека. Першы чалавек давяраў сабе больш, чым Богу, і такім чынам пазбавіўся магчымасці прабываць у прысутнасці Бога. Для Адама неба стала замкнёным. Адлучаючыся ад Бога, знішчыў адносіны жыцця з Айцом, увайшоў у рэальнасць смерці. У моманце хросту Хрыста неба ізноў адкрываецца. Адкрытыя нябёсы – гэта таямніца дыялогу любові, які ажыццяўляецца ў вольнасці паміж Богам Айцом і Яго Сынам, Езусам Хрыстом, а таксама паміж Богам і чалавекам. Чалавек патрабуе новага мора, падзеленага ветрам, новага зыходу і пераходу. Бо аб’явілася Божая ласка, якая нясе збаўленне ўсім людзям!
15 студзеня
2-я нядзеля звычайная, год А
Дарогаю веры
1 чытанне — Іс 49, 3. 5-6.
Пс 40, 2 і 4 ab.
2 чыт. — 1 Кар 1, 1-3.
Евангелле — Ян 1, 29-34.
“І я бачыў, і засведчыў, што Ён – Сын Божы” (Ян 1, 34).
Калі б сёння пачулі пытанне “Кім для цябе з’яўляецца Езус Хрыстус?”, які далі б адказ? Калі хтосьці мае клопат з адказам, то запрашаю прыпомніць асобу Яна Хрысціцеля. Кім для яго быў Езус? “Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету. Я гэта ўбачыў і даю сведчанне, што Ён з’яўляецца Сынам Божым”,– кажа Ян у сённяшнім Евангеллі. Перад Святой Камуніяй чуем гэтыя словы “Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету”. Хрыстос з’яўляецца крыніцай нашага збаўлення.
Як мае выглядаць нашае сведчанне пра Хрыста? Адказ просты: праз удзел у нядзельнай Святой Імшы. Ужо толькі тое, што прыйшлі ў касцёл, з’яўляецца вызнаннем нашай веры, не кажучы ўжо аб супольнай малітве, спевах ці прыняцці Св. Камуніі. У тыя месцы, куды не даходзіць добрая каталіцкая літаратура, куды не дойдзе святар, прыбывае веруючы хрысціянін, які “разлівае” шчасце свайго сэрца на тых, якія побач. Такі чалавек становіцца як Ян, бо паказвае шлях да адзінай крыніцы шчасця і збаўлення чалавека.
Ян Хрысціцель дзеліцца тым, што бачыў і ў што паверыў. Падобна і мы запрошаны, каб дзяліцца з іншымі тым, што бачылі і чаго дасведчылі, дзякуючы нашай веры ў Езуса. Неабходна пастаянна быць сапраўднымі сведкамі Хрыста, нягледзячы на свет, які навокал, быць можа, кажа іншае…
Пане Езу, Баранку Божы, просім: вядзі нас дарогаю веры, надзеі і любові, дарогаю святасці.
22 студзеня
3-я нядзеля звычайная, год А
1 чытанне — Іс 8, 23b – 9,3.
Пс 27, 1-4. 13-14.
2 чыт. — 1 Кар 1, 10-13. 17.
Евангелле — Мц 4, 12-23.
“Над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло” (Мц 4, 16).
Святы Аўгустын кажа: “Адкрываць шырока вочы не дапаможа, калі хтосьці знаходзіцца ў цемры. Падобна нічога не дапаможа чалавеку, які знаходзіцца ў святле, але мае замкнёныя вочы. Паганін, нават калі і добра паступае, мае адчыненыя вочы ў цемры. Бо не прымае таго, што Езус з’яўляецца ягоным святлом. А вось хрысціянін, які дрэнна паступае, хоць і прабывае ў святле Божым, але яго не бачыць, бо не адкрывае сваіх вачэй на святло”.
Тэма святла часта паяўляецца на старонках Святога Пісання. Ужо на пачатку стварэння Бог аддзяляе святло ад цемры. Прарокі апісваюць сферу цемры як стан граху і адыходу ад Бога-Створцы, які з’яўляецца вечным Святлом. Трыванне ў Богу – гэта трыванне ў бляску гэтага Святла. Адварочваючыся ад Бога, адыходзячы ад Яго з-за духоўнай пасіўнасці, абыякавасці і грахоў, пагружаемся ў цемру. І вось сапраўднае Святло прыходзіць на свет, прымаючы постаць чалавека, каб знішчыць чалавечыя грахі. Вяртае здароў’е нашым унутраным вачам, каб маглі заўважыць тое, што дрэннае маем, тое, што неабходна выправіць, пакуль жывём на зямлі. А Святло Божае – гэта Хрыстус, які асвятляе кожнага чалавека. Езус не толькі асвятляе нашае жыццё святлом веры, але з’яўляецца адзінай дарогай Святла вечнага.
29 студзеня
4-я нядзеля звычайная, год А
Радасць чакае ў вечнасці
1 чытанне — Саф 2, 3; 3, 12-13.
Пс 146, 6-7, 8-9а.
2 чыт. — 1 Кар 1, 26-31.
Евангелле — Мц 5, 1-12а.
«Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах» (Мц 5, 12).
У сённяшнім Евангеллі мы чуем добра вядомы нам урывак, які адкрывае восем благаслаўленняў. Хрыстус пералічвае ўсіх тых, хто атрымае вялікую ўзнагароду на Нябёсах. Між іншых – убогія духам. Гэтае словазлучэнне ў нашай мове не гучыць прыемным, бо нам здаецца, што гаворка ідзе пра беднасць духоўную, адсутнасць унутранага жыцця, адсутнасць з’яднання з Богам, у той час як тут гаворка ідзе пра духоўную паставу дзіцяці, гэта значыць, пра безумоўны і поўны давер Богу, адданне сябе ў рукі Божыя як дзіця Айцу. Наступную групу складаюць сумныя – з прычыны граху, пануючага па ўсім свеце; далей – лагодныя, затым галодныя і прагнучыя справядлівасці, і тыя, якія церпяць пераслед з-за яе. Іншая група – міласэрныя, гэта значыць тыя, хто прыняў блізка да сэрца словы Езуса: “Будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны” (Лк 6,36).
Да наступнай групы належаць людзі чыстага сэрца; чыстае сэрца заўсёды супрацьстаіць граху. Вечнае шчасце атрымаюць і тыя, хто ўносіць супакой – не толькі ў свеце або паміж народамі, але і ў сэрцы іншага чалавека. Езус дадае яшчэ адно благаслаўленне – тым, хто з-за Яго прымае ганенні і розныя пакуты. Хрыстус разумее, што цяжка прыняць пакуты, асабліва незаслужаныя, таму Ён заклікае, каб усе гэтыя перажыванні сталі для нас крыніцай радасці з-за ўзнагароды, якая чакае ў вечнасці.
кс. Януш ЧАРНАМОРАЎ