5-я нядзеля звычайная, год А
Соль зямлі
1 чытанне — Іс 58, 7-10.
2 чытанне — 1 Кар 2, 1-5.
Евангелле — Мц 5, 13-16.
“Заззяе ў цемры тваё святло” (Іс 58, 10).
Езус Хрыстус гаворыць сёння кожнаму з нас. “Вы соль зямлі і святло свету”. Вы тыя, хто дадае смак хрысціянскай супольнасці: “Калі соль страціць свой смак, чым яе пасоліш?”.
Св. Аўгустын прыпамінае, што словы Хрыста: “вы соль зямлі” скіраваныя да ўсіх хрысціян, якія жывуць сярод нягодаў гэтага свету. Соль з’яўляецца элементам, які надае смак. Нават пакуты і прыніжэнні цяперашняга жыцця прыносяць збаўленчыя плёны, калі толькі пераносяцца дзеля Хрыста, а чалавек сваім жыццём і паступкамі дае сведчанне прыналежнасці да Яго.
Шмат людзей прымае цярпенні і адракаецца ад чаго-небудзь для набыцця багацця, зманлівых гонараў і выгодаў альбо як вынік уласных грахоў, закамянеласці і пыхі – нішчаць супольнасць веруючых. Св. Аўгустын кажа аб такіх людзях: “не маюць солі”. Яны таксама церпяць, але без смаку, інакш кажучы, без плёну. Бо, гонячыся за цяперашнім светам, губляюць найважнейшае – Нябеснае Валадарства.
Езус сказаў аб самім сабе, што з’яўляецца Святлом. Апосталам таксама кажа: “Вы з’яўляецеся святлом свету” і дадае: “Няхай свеціць ваша святло сярод людзей”. Чалавек сам па сабе з’яўляецца цемрай. Толькі Бог з’яўляецца светам, а мы – святлом толькі ў Ім. Так, як лямпа, факел ці якія-небудзь іншыя рэчы не з’яўляюцца крыніцай свету самі з сябе, але былі запаленыя… Хто сам з сябе хоча быць святлом – аддаляецца ад Бога, адзінага і сапраўднага святла.
Мы, вучні Езуса, з’яўляемся соллю зямлі і святлом свету. Кожны з нас пакліканы да чынення добрых учынкаў. Не можам дастасавацца да свету, калі ён адыходзіць ад Бога. Не можам хавацца, каб толькі не выдзяляцца. Бог чакае ад нас добрых учынкаў для таго, каб Яго хвала была большай, каб людзі, бачачы нашы ўчынкі, прыходзілі да Бога.
12 лютага
6-я нядзеля звычайная, год А
Дар вольнай волі
1 чытанне — Сір 15, 15-20.
2 чытанне — 1 Кар 2, 6-10.
Евангелле — Мц 5, 17-37.
“Нікому не загадваў быць бязбожным” (Сір 15, 20).
Бог у сваёй вялікай любові даў чалавеку вольную волю і свабоду выбару. Вольная воля з’яўляецца вялікім дарам Бога. Чалавек можа заставацца свабодным і паступаць свабодна. Але можа стаць нявольнікам і паступаць як чалавек зняволены. У магчымасці выбару дабра і зла ляжыць адначасова веліч і драма чалавека.
Сёння Езус звяртае ўвагу на важнасць жыццёвых выбараў, карыстаючыся свабодай, бо ад іх усё залежыць. Езус Хрыстус праз сваю муку, смерць і ўваскрасенне адчыніў брамы раю для кожнага чалавека, аднак чалавек, маючы вольную волю, сам выбірае – жыццё або смерць, збаўленне або асуджэнне.
Літургія слова сённяшняй нядзелі дае падказкі, як выкарыстаць дар вольнай волі, атрыманай ад Бога. Кніга Сіраха ўводзіць у разуменне свабоды: „Калі захочаш, выканаеш запаведзі; паклаў перад табою агонь і ваду, чаго захочаш, па тое і працягнеш руку сваю”(Сір 15,15-16). Беручы пад увагу гэтыя словы, можам лёгкім спосабам адказаць на пытанне, што такое свабода. Свабодная воля – гэта выбар паміж дабром і злом. Вольнасць, звязаная з выбарам, мае таксама свае вынікі: “Перад чалавекам жыццё і смерць, што табе падабаецца, будзе табе дадзена; нікому не загадаў быць бязбожным і нікому не дазволіў грашыць” (Сір 15,17-20).
Каб аблегчыць чалавеку здзяйсненне мудрага выбару, Езус у Евангеллі прыпамінае межы гэтай свабоднай волі, за якія не можна выходзіць, бо тады свабода можа перастаць ёю быць. Дзесяць Божых Запаведзяў – вось межы, перакрочыўшы якія чалавек здзяйсняе цяжкі грэх, а ў далейшай перспектыве – рызыкуе атрымаць асу-джэнне, г. зн. страціць жыццё і ўсялякую вольнасць.
Быць вольным – гэта быць справядлівым і дасканалым. Да гэтай дасканаласці кліча нас Хрыстус: “Будзьце дасканалымі, як і Айцец ваш дасканалы”. У сённяшнім Евангеллі Хрыстус дадае яшчэ тры падказкі, як асягнуць дасканаласць і сапраўдную свабоду волі: першая – гэта любоў і прабачэнне братам, другая – гэта вернасць, перадусім у сужэнстве, трэцяя – гэта праўдамоўнасць у слове: “Няхай ваша мова будзе так так, не не”. Нам неабходна прыняць сабе да сэрца словы Езуса і паводле іх рэалізоўваць нашу штодзённасць.
19 лютага
7-я нядзеля звычайная, год А
Наш адказ на любоў Бога
1 чытанне — Лев 19, 1-2. 17-18.
2 чытанне — 1 Кар 3, 16-23.
Евангелле — Мц 5, 38-48.
“Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны” (Мц 5,48).
Бог ёсць Святы і заклікае нас да святасці. Святасць, між іншым, палягае на любові. На любові ва ўзаемаадносінах. Прычым неабходна, каб любоў гэтая была мудрай. Любоў не палягае толькі на адсутнасці нянавісці ў сэрцы. Гэтага замала. Неабходным з’яўляецца таксама клопат пра збаўленне бліжняга, таму разумны напамін – таксама элемент любові. Мы наследуем Бога, калі любім бескарысна, не чакаючы на ўзаемнасць і ўдзячнасць. Калі любім любоўю міласэрнай, прабачаючай, калі не дабіваемся толькі свайго, імкнемся да паяднання, прагнем дабра другога чалавека, становімся гатовымі дзяліцца тым, што маем, даваць свой час, сілы, сэрца. Не з’яўляецца гэта простым. Неабходна прызнацца, што і занадта бескарыснымі не з’яўляемся. Любім тых, хто нас любіць, і адносімся дабразычліва да тых, хто блізкі нашаму сэрцу. А Езус пытаецца: “Ці ж і язычнікі не робяць тое ж самае?” І заклікае, каб мы любілі нават нашых непрыяцеляў. Адкрываецца гэта асабліва праз адмаўленні самому сабе ў шуканні помсты для тых, хто нас крыўдзіць, праз прабачэнне і чыненне дабра. Св. Аўгустын, разважаючы пра гэты заклік, перасцерагае, што, хто шукае помсты і перамогі над непрыяцелем, сам становіцца пераможаны злом. “Змагайся са злом, але змагайся дабром”. Неабходна такіх людзей успрымаць як братоў, каб калісьці яны сапраўды імі сталі. Нават калі ў гэтым жыцці гэтага не ўбачым, можам спадзявацца, што ўсцешымся гэтым у нябеснай Айчыне. Да любові нікога не можна прымусіць. Неабходна, каб гэта любоў, якая таксама выражаецца ў паслухмянасці Божым запаведзям і жаданні дабра для іншых, была нашым свабодным адказам на любоў Бога, на Яго дабрыню да нас. Бог чакае ад нас любові. Бог прагне, каб мы былі святымі і дасканалымі. Бог жадае збаўлення ўсіх людзей!
1-я нядзеля Вялікага посту, год А
Не паддавацца спакусам
1 чытанне — Быц 2, 7-9; 3, 1-7.
2 чытанне — Рым 5, 12-19.
Евангелле — Мц 4, 1-11.
”Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа, і аднаві ўва мне трывалы дух” (51,12).
Перыяд пакаяння і паяднання – гэта магчымасць адвярнуцца ад грахоў і з’яднацца з Богам. Таму ў першую нядзелю Вялікага посту літургія слова запрашае нас не паддавацца спакусам.
Святы Ігнацый з Лаёлы выдзяляе тры прычыны спакусаў: д’ябал, свет (у значэнні негатыўным, без Бога), а таксама нашы пажадлівасці. Спакуса прыносіць чалавеку ўнутраны дыскамфорт, які змяшчае ў прастранстве паміж вернасцю і нявернасцю Богу. Спакуса – гэта магчымасць здзейсніць канкрэтны выбар вернасці Богу, бо сама спакуса яшчэ не з’яўляецца грахом. Святы Ігнацый кажа так: “Калі маеш спакусы, спакуса яшчэ не з’яўляецца грахом. Але калі пачынаеш дыскутаваць са спакусай – ужо ўпаў”. Ева, калі дапусціла размову са спакушальнікам, – упала ў грэх. Таму не можна ўваходзіць у размову са спакусай, нельга разважаць аб спакусе.
Чалавек не адзін у змаганнях са спакусамі. Тую ж самую дарогу прайшоў Езус Хрыстус. Гэта Ён паказаў, дзе знаходзіцца сапраўдная сіла і моц чалавека. На кожную спакусу, якую Яму падсоўваў праціўнік, Езус адказваў фрагментам Святога Пісання і кропка, няма дыскусіі. Варта ведаць, што сярод іншых спосабаў перамагаць спакусы асаблівай увагі заслугоўвае наступнае:
- Рашуча пазбягаць усяго таго, што можа стаць прычынай з’яўлення спакусы.
- Захоўваць спакой і давер да Божай дапамогі.
- Весці канкрэтны супраціў, што тычыцца спакусы.
- Рабіць сабе пастановы на жыццё ў вернасці Богу. Клапаціцца пра сваю чалавечнасць, рабіць абдуманы выбар, вучыцца быць больш чуйным; шукаць цішыні на малітве і мець пазітыўнае настаўленне на барацьбу са спакусамі і не знеахвочвацца весьці барацьбу.
- Калі прыходзіць першы сігнал аб спакусе, душа чалавека адразу канцэнтруецца на Богу і вызнае Яму сваю любоў. Такім чынам не толькі пераможаш спакусу, але стане яна магчымасцю паглыблення духоўнага жыцця і з’яднання з Богам.
кс. Януш ЧАРНАМОРАЎ