Хлеб штодзённы

5 cакавіка

2-я нядзеля Вялікага посту, год А

 

Таямніца перамянення

 

1 чытанне — Быц 12, 1-4а.

2 чытанне — 2 Цім 1, 8b-10. 

Евангелле — Мц 17, 1-9.

 

 

 “Міласцю Пана поўніцца зямля”   (Пс 33, 5).

     У штодзённым жыцці чалавека “вырастаюць” розныя горы і пагоркі. Гэта горы радасці і любові, горы  вопыту  асаблівай любові Бога, горы адчування, што Бог носіць нас, як на арліных крылах. Гэта можа быць, напрыклад, гара поспеху ў працы і жыцці. Сярод іх таксама горы пакут, адзіноты, пагарджэння або здрады. З’яўляецца і гара смерці. У гэтай перспектыве апісанне перамены Езуса на гары Табор асвятляе ззяннем нашы горы, даючы нам правільнае разуменне іх. Таямніца  перамянення  тычыцца і нас, і яе практычным выражэннем будзе ўнутранае перамяненне чалавека, якое  заключаецца ў тым, каб  адвярнуцца ад зла і рабіць дабро.

     Каб дасягнуць перамены жыцця, спачатку трэба ісці, ісці за Хрыстом, неабходна прыкласці намаганні, каб пакінуць зручнае гняздо, як Абрагам, і падняцца за Хрыстом на гару, як Пётр, Якуб і Ян. Гэта значыць – нам неабходна наследаваць Хрыста ў Яго паставе паслухмянасці Айцу і збаўчага служэння сярод людзей. Тэалагічныя навукі і асабліва аскеза падкрэсліваюць, што наследаваць Хрыста – значыць звязваць сваё жыццё з Хрыстом, быць паслухмяным Яму – значыць звязаць свой лёс з Яго Крыжам і славай. Наследаваць Хрыста – значыць не толькі прызнаваць Яго маральна-духоўнае вучэнне, але і па-дзяляць з Ім Яго лёс. Ён сказаў: “Калі хто хоча ісці за Мною, хай адрачэцца ад самога сябе, няхай возьме крыж свой і ідзе за Мною” (пар. Мц 16, 24). Наследаванне Хрыста – гэта перамена чалавека. Яна здзяйсняецца праз удзел у сакрамэнтах і праяўляецца ў выкананні Божых Запаведзяў. Таму ва ўсіх падзеях штодзённага жыцця чалавек запрошаны ісці за Езусам, адпачываць ў Яго поўным любові позірку. Усё для таго, каб паверыць, як Апосталы на гары Табор, што Ён умілаваны Сын Айца і дазволіць Яму перамяняць нашае жыццё.


  12 cакавікаgr-str-30

3-я нядзеля Вялікага посту, год А

 

З’яднаныя верай

 

1 чытанне — Зых 17, 3-7.

2 чытанне — Рым 5, 1-2. 5-8. 

Евангелле — Ян 4, 5-42.

 

 

“Дай нам вады, каб мы пілі  (Зых 17, 2).

     У сённяшнім Евангеллі чуем такія словы: “Езус прыйшоў у самарыйскі горад званы Сіхар. Была там студня Якуба. Стомлены дарогай Езус сядзеў пры студні. Прыйшла жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Кажа ёй Езус: “Дай мне піць”. Жанчына адказала Яму: “Як Ты, юдэй, просіш у мяне, жанчыны самаранкі? Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі” (пар. Ян 4,5). Хіба могуць юдэі мець зносіны і маліцца з самаранамі? Знаёмая «карціна»: калі пытаеш, якой вы веры, а ў адказ чуеш нацыянальнасць – беларус або паляк. Хоць ідзе ўжо трэцяе тысячагоддзе, многія ў нашым асяроддзі не ведаюць ці не разумеюць важнага адрознення нацыянальнасці ад канфесійнай прыналежнасці.

     Уважліва гледзячы на Хрыста, можам заўважыць, што Ён заўсёды  злучае і аб’ядноўвае, збірае разам нават тое і тых, што па нашых чалавечых мерках, не сумяшчальнае.

     У Каталіцкім Касцёле ўсе нацыянальнасці свету з’яднаныя разам у адзінай веры праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце. Адзін Бог Айцец ўсіх, адна вера, адзін хрост, адна супольнасць вернікаў. Менавіта таму гэтая супольнасць называецца Каталіцкай, што з грэцкай мовы значыць адзіная для ўсіх, або паўсюдная! Усе адзіныя ў Богу, усе злучаюцца ў сакрамэнтах і перш за ўсё – у адной Святой Камуніі, у з’яднанні з Хрыстом! Толькі адзін Бог Стварыцель і адзін Збаўца кожнага чалавека, любой расы і любога колеру скуры, а мы ўсе ахрышчаныя – дзеці аднаго Спрадвечнага Айца! Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага ў Ахвяру ўміласціўлення за грахі людскія, дзеля збаўлення свету і адкуплення чалавека. І кожны, хто верыць у Хрыста, набывае жыццё вечнае праз Духа Святога! Таму просіць Святога Духа, каб наша вера была напоўнена справамі Божымі  – міласэрнасцю, спачуваннем і суцяшэннем, добрым словам і справай, узаемнай дапамогай і любоўю.


 19 cакавікаgr-str-31

4-я нядзеля Вялікага посту, год А

 

Святло  свету

 

1 чытанне — 1 Сам 16, 1b. 6-7. 10-13а.

2 чытанне — Эф 5, 8-14. 

Евангелле — Ян 9, 1-41.

 

 

 

Прачніся, які спіш”  (Эф 5, 13).

     „Праходзячы, – кажа Евангелле, – Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння”. Езус праходзіць і адразу звяртае ўвагу на пакуты чалавека. Сапраўды, такая логіка Пана Езуса: Ён ніколі не застаецца нячулым да патрэбаў людзей, якіх Ён сустракае.

     Дзеянні Хрыста па вяртанню зроку сляпому поўныя сімвалізму. Спачатку Ён змяшаў зямлю са слінай і памазаў граззю вочы сляпому. Гэты жэст нагадвае ўрывак з Кнігі Быцця, у якім распавядаецца пра стварэнне чалавека, як Бог стварыў яго з праху зямнога і ўдыхнуў у яго жыццё (пар. Быц 2,7). Пан Езус, аздараўляючы гэтага чалавека, творыць новае стварэнне. Гэты сляпы ад нараджэння  народзіцца зноўку, пачне новае жыццё, таму што пачне бачыць.

     Затым Пан Езус кажа яму: “Ідзі, абмыйся ў купальні Сілоэ!”. І ён пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчым. Вада з гэтай купальні, якая абмывае яго вочы, з’яўляецца сімвалам хрысцільнай вады, якая робіць нас здольнымі бачыць вачыма веры. Евангеліст падказвае, улічваючы чытачоў, якія не ведаюць габрэйскай мовы, што Сілоэ азначае „Пасланы”. Евангеліст падкрэслівае, што Езус –  гэта Той, хто Пасланы Богам. Гэта Той, які, робіць нас здольнымі бачыць праўду Божую, у той час як шматлікія людзі заслепленыя дзеяннем зла.

     Чытаючы Евангелле, заўважаем, як сляпы праходзіць дарогу ўзрастання ў веры. Спачатку ён нічога не ведаў пра Езуса. Пазней, здзіўлены вяртаннем зроку, ён адкажа тым, хто пытаецца аб Ім: “гэта прарок”(в.17). Пазней ён тлумачыць, што, “калі Езус быў пачуты Богам, то гэта таму, што Ён пакланяецца Богу і выконвае Яго волю” (в.31). Нарэшце, калі Езус адкрыў яму вочы Веры, сказаўшы, што Сын Чалавечы – гэта той, хто размаўляе  з ім (в. 37), ён сказаў: “Веру, Пане! І пакланіўся Яму” (в.38).

     “Праз гэты цуд, –  вучыць нас Папа Францішак, – Езус аб’яўляецца нам як святло свету; а сляпы ад нараджэння – гэта вобраз кожнага з нас, які быў створаны, каб пазнаць Бога, але з-за граху мы як сляпыя, патрабуем новага святла: святла веры, дадзенага нам Езусам”.


 26 cакавіка

5-я нядзеля Вялікага посту, год А

 

Што  з’яўляецца каменем?

 

1 чытанне — Эзх 37, 12-14.

2 чытанне — Рым 8, 8-11. 

Евангелле — Ян 11, 1-45.

 

 

 

І ўдыхну ў вас дух Мой, і ўчыню, што будзеце жыць”  (Эзх 37, 13).

     Пасля размовы з Мартай і Марыяй Езус у суправаджэнні вучняў і сабраных габрэяў, якія суцяшалі сясцёр памерлага, пайшоў да магілы Лазара. Габрэйскія магілы былі своеасаблівымі пячорамі, высечанымі ў скале, заваленымі звонку каменем. Езус загадаў адсунуць камень. Марта, як заўсёды, з практычнага пункту гледжання, звяртае ўвагу на непрыемны пах, які сыходзіць ад чатыры дні таму пахаванага нябожчыка. Адказ Езуса гучыць як лёгкі напамін: “Ці не сказаў я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?”.

     Пасля гэтага дыялогу распачынаецца прыгожая малітва, размова Езуса з Айцом. Езус узняў вочы ўгару і сказаў: “Ойча, дзякую Табе, што ты пачуў мяне. Я ведаў, што ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне. Малітва Езуса – гэта выраз унутранага адзінства, існуючага паміж Ім і Айцом. Езус з непахіснай упэўненасцю ведае, што пачуты Айцом заўсёды і безумоўна. Езус цалкам з’яднаны са сваім Айцом. Ведае ўсе таямніцы Бога-Айца і просіць тое, што падабаецца Айцу, і з’яўляецца Яго воляй. Толькі Езус валодае такім пазнаннем, таму што толькі Ён жыве ў Айцу.

     Пагаварыўшы з Айцом, Езус крыкнуў моцным голасам: “Лазар, выйдзі вонкі!”. І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Езус дае яшчэ адзін выраз клопату і любові да прыяцеля: “Развяжыце яго і дазвольце яму хадзіць!”.

Разважаючы над гэтым фрагментам з Евангелля, можам адшукаць сябе ў Лазары. Лазар ўяўляе сабой усё, што ўнутры нас загінула, пачало разлагацца, “смярдзець” – тое, што мы абвязваем хусткамі і хочам пакінуць за каменем, каб не мець з гэтым кантакту. Магільны камень, у сваю чаргу, уяўляе сабой усё, што блакуе і адразае нас ад жыцця. Такім каменем нашага жыцця могуць быць іншыя людзі, якія робяць вузкай нашу жыццёвую прастору. Часам нас блакуюць страхі, баязлівасць, агрэсія, пачуццёвасць, няздольнасць прыняць сябе, розныя траўматычныя перажыванні, цярпенні і г.д. Што з’яўляецца маім каменем? Што ўва мне патрабуе вызвалення? Што скавана, утоена, уцягнута ў падсвядомасць?

Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

 

 

 кс. Януш  ЧАРНАМОРАЎ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий