Нядзеля Пальмовая, год А
Час засяроджання
1 чытанне — Іс 50, 4-7.
2 чытанне — Флп 2, 6-11.
Евангелле — Мц 26, 14 – 27, 66.
“Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана” (Мц 21, 9)
Пальмовая Нядзеля або Нядзеля Мукі Пана ўводзіць нас у асаблівы час засяроджання і разважання мукі і смерці Езуса за грахі людскія дзеля здзяйснення справы адкуплення чалавека. У Евангеллі, якое Касцёл чытае на пачатку Імшы, перад працэсіяй, мы чуем, што да Езуса прывялі дзве жывёлы: асліцу і асляня. Святы Аўгустын бачыць у гэтым вобраз абранага народу і язычнікаў. Пальмовыя галінкі ў руках людзей, вітаючых Езуса, азначаюць хвалу Яго перамогі. Вітаючы Яго, мноства людзей усклікала: “Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана. Кароль Ізраэля!”. Святы Аўгустын задаецца пытаннем: “Што ж такога вялікага было ў тым, што народ называў Езуса Каралём?”. І дадае: “Ён жа з’яўляецца Каралём вякоў, Панам Анёлаў і Ўладаром над усімі каралямі зямлі. Ён не такі, як каралі гэтага свету, якія абкладаюць падаткамі, узбагачаюць зброяй свае войскі і фізічна перамагаюць ворагаў. Езус – Кароль, які кіруе духамі, клапоціцца пра вечнасць, а тых, якія вераць, давяраюць і любяць, вядзе да нябеснага каралеўства. Праліваючы сваю кроў, змывае нашы грахі і вяртае нам жыццё”. Хвала Табе, Хрыстэ, бо праз Крыж і Ўваскрасенне Ты нас збавіў.
Вялікдзень, год А
Ідзі да Бога
1 чытанне — Дз 10, 34а. 37-43.
2 чытанне — 1 Кар 5, 6b-8.
Евангелле — Ян 20, 1-9.
“Трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых“ (Ян 20, 9).
Дзякуйце Богу, бо Ён добры, бо Яго ласка трывае навекі!
Сёння адзначаем Урачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана. Хрыстус, прысутны сярод людзей, стаўся збаўленнем для тых, якія паверылі ў Яго і не ўскладалі надзею і давер на саміх сябе, але ў Яго імені. Гэта велізарная сіла падняць упаўшага, надзяліць Божай ласкай смяротнага, са слабасці ўчыніць дасканаласць, з прыніжэння хвалу, з мукі перамогу. Не з’яўляецца гэта справай чалавека. Не можа ён прыпісваць уласным сілам свайго ўзвышэння, хвалы і перамогі. Здзейсніў гэта Бог, праяўляючы сілу! Хрыстос памёр за нас, каб выбавіць ад смерці, дзеля нас быў прыніжаны, каб нас узвысіць. Шукаў чалавека, калі той быў яшчэ разгублены і бязбожны, каб, паверыўшы, знайшлі Яго. Хрыстос Уваскрос, каб і мы жылі вечна! Мы пакліканы да падзякі і праслаўлення Бога ўжо цяпер, у зямной пілігрымцы да неба, сярод радасцяў, праблемаў і клопатаў. Да такой малітвы заахвочвае акламацыя “Аллелюя”, якая так часта паўтараецца ў Касцёле асабліва ў пасхальны перыяд. Калісьці будзем спяваць “Аллелюя” ў вечнасці, калі наша надзея стане рэальнасцю.
Да кожнага з нас скіраваны заклік: спявай і ідзі наперад! Не блукай, не вяртайся ў мінулае, не заставайся ў тылу, але, навярнуўшыся, ідзі да Бога.
16 красавіка
Нядзеля Божай Міласэрнасці, год А
Спакой будзе нашым плёнам
1 чытанне — Дз 2, 42-47.
2 чытанне — 1 П 1, 3-9.
Евангелле — Ян 20, 19-31.
“Навекі міласэрнасць Ягоная” (Пс 118, 2).
У Евангеллі на Нядзелю Божай Міласэрнасці тры разы паўтараюцца словы Езуса: “Спакой вам!”. Спачатку як словы прывітання і супакойвання перапалоханых вучняў. Паўторна гучаць гэтыя словы ў кантэксце пасылання і пераказу ўлады адпускаць грахі. І трэці раз пасля васьмі дзён у сцэне спаткання з Тамашом. Гэтыя словы нагадваюць запэўненне з Вячэрніка: “Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам. Не так, як свет, Я даю вам” (Ян 14,27). Супакой Езуса не з’яўляецца супакоем, якога шукае свет. Гэта не той супакой, якому радуюцца грэшнікі, не той, які чалавек мае тут на зямлі. Бо які ж гэта спакой, калі сустракаем столькі войнаў, клопатаў, патрэб, барацьбы са спакусамі, стомленасць і г.д.? Нават тое, што дае адпачынак, калі трывае занадта доўга, пачынае нудзіць і дакучаць. Тут не асягнем сапраўднага і дасканалага супакою. Толькі тады, “калі тое, што смяротнае, апранецца ў несмяротнасць, а тое, што знішчальнае ў незнішчальнасць” (1 Кар15,54), тады запануе сапраўдны спакой, поўны і вечны. Такі супакой нам быў абяцаны і да такога супакою імкнемся. Езус кажа аб ім: “Мой супакой”. Таму знаходзім спакой у спатканні з Ім.
Дарога да такога спакою – навяртанне. Калі прагнем яго, неабходна накіраваць сваё сэрца да Бога. Такому спосабу вучаць нас словы псальма: “Ён абвяшчае спакой народу свайму і тым, якія звяртаюцца да Яго ўсім сэрцам” (пар.Пс 85,9). Супакой – гэта паяднанне з Богам і бліжнімі. Святы Аўгустын звяртае ўвагу на дзве ўмовы супакою. Гэты дар атрымаюць тыя, хто чыніць справядлівасць. Супакой і справядлівасць – гэта два сябры. Хто ў сваіх учынках не кіруецца справядлівасцю, дарэмна прагне спакою і дарэмна шукае яго. І другая ўмова: супакой атрымоўваюць тыя, хто праяўляе міласэрнасць. Калі сеем міласэрнасць, збіраць будзем супакой. Калі ўчынкі міласэрнасці – нашае зерне, тады супакой будзе нашым плёнам.
23 красавіка
3-я Велікодная нядзеля, год А
Дарога ў Эмаўс
1 чытанне — Дз 2, 14а. 22-33.
2 чытанне — 1 П 1, 17-21.
Евангелле — Лк 24, 13-35.
“Гэтага Езуса ўваскрасіў Бог, чаму ўсе мы сведкі” (Дз 2, 32).
Па дарозе ў Эмаўс двое вучняў не распазнаюць Езуса, які далучаецца да іх і распачынае размову. Хрыстос не адразу аб’явіўся ім, каб была большая радасць, калі верне ім надзею, якую страцілі. Іх вочы былі закрытыя, таму што спачатку неабходна было навучыць іх сэрцы. Раней Езус прадказваў ім сваю смерць і змёртвыхпаўстанне. Споўнілася тое, што прадказаў. Чулі аб тым, што Хрыстос уваскрос і жыве, але іх рэакцыяй замест веры стаў жах, смутак, расчараванне, пачуццё пустаты і паразы. Пра таго, якога раней лічылі Месіяй, Сынам Божым, цяпер кажуць, што быў магутным прарокам у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам. Калі Езус пытаў вучняў сваіх, кім лічаць Сына Чалавечага, яны для адказу ўжывалі характарыстыку іншых: адныя –Янам Хрысціцелем, другія – Іллёю, іншыя – Ераміяй або адным з прарокаў. Аднак калі пытаўся іх аб веры, Пётр ад імя ўсіх вызнаў: “Ты Месія, Сын Бога жывога. Верылі і ўжо сумняваюцца? Адышла ўпэўненасць?”.
Падтрымлівае на духу Той, які далучаецца і ідзе з імі. Ён ішоў з імі, тлумачыў ім Пісанне, быў прыняты на гасціне; тады паламаў хлеб і яны пазналі Яго. І мы таксама пазналі Яго, калі паверылі ў Яго. Яны маюць Езуса на гасціне, а мы маем Яго ў сваіх сэрцах. Большае значэнне мець Езуса ў сваім сэрцы, чым проста ў доме. Таму што наша сэрца больш унутранае, чым дом. Але няхай ніхто не замыкае перад Ім сваіх дзвярэй.
“Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?” – сказалі двое вучняў адзін аднаму. Палаючае сэрца, прасякнутае словам Божым, імкнецца адказваць любоў’ю на любоў, якую дасведчвае, сустракаючы Бога ў словах Пісання. Святы Аўгустын навучае: “Тое, што ў Пісанні для нас не яснае і таямнічае, з’яўляецца любоўю, якая ўкрываецца, а тое, што яснае і зразумелае, з’яўляецца любоўю, якая аб’яўляецца”. І дадае: “Будучы чалавекам, бяруся казаць аб тым, што Божае; будучы смяротным, аб тым, што вечнае; будучы цялесным, аб тым, што духоўнае”. Таму неабходна па меры нашых магчымасцяў перадаваць іншым тое, што самі разумеем. Дзяліцца з іншымі тым, што нам адкрыта. Разам з Касцёлам адчыняць тое, што закрыта.
Нядзеля Добрага Пастыра, год А
Брама да збаўлення
1 чытанне — Дз 2, 14а. 36-41.
2 чытанне — 1 П 2, 20b-25.
Евангелле — Ян 10, 1-10.
“Хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак” (Ян 10, 2).
Сённяшняе Евангелле вельмі кароткае і ў той час вельмі выразнае. Езус кажа: “Мае авечкі чуюць Мой голас, і Я ведаю іх і яны ідуць за Мной”. Авечкі слухаюць голасу свайго пастыра. Сучасны свет дае да выбару шмат галасоў, якія цягнуць авечак і бараноў кожнага ў свой бок. Чалавек, маючы свабоду выбару, не заўсёды адпаведна карыстаецца гэтым дарам. На жаль, вельмі часта слухаюць іншага голасу, голасу спакушальніка да граху. Езус у Евангеллі прадстаўляе сябе Добрым Пастырам, які прыйшоў, каб мы мелі жыццё ў дастатку (пар. Ян 10,10–11).
Гэтыя словы маюць выключнае значэнне ў Велікодны перыяд. Мы ўспамінаем смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста. Ён памёр, каб уваскрэснуць і паказаць, што чалавек створаны не для смерці, але для жыцця. А каб мець жыццё ў дастатку, нам неабходна памерці для граху з мэтай нарадзіцца да новага жыцця ў Божай ласцы.
Езус – адзіны сапраўдны Добры Пастыр. Езус аддае сваё жыццё за авечак і такім чынам паказвае нам, якія мы каштоўныя для Яго і для Айца. Праз сакрамэнты, праз Яго слова, прынятае з верай, праз дар Духа Святога мы маем удзел у Яго жыцці. Толькі слухаючы голасу Езуса і праз Езуса, які ёсць брамай, можам дайсці да збаўлення. Няхай гэтая нядзеля Добрага Пастыра дапаможа нам яшчэ мацней адкрыць асобу Езуса і мацней палюбіць Ягоны голас.
кс. Януш ЧАРНАМОРАЎ