4 лютага
5-я звычайная нядзеля, год В
Таямніца болю
1 чытанне — Ёв 7, 1-4. 6-7.
Пс 147А (146), 1-6.
2 чытанне — 1 Кар 9, 16-19. 22-23.
Евангелле — Мк 1, 29-39.
“Хіба жыццё чалавека на зямлі не нагадвае змагання?” (Ёв 7, 1-4. 6-7)
Хвароба, боль і гора вядомы ўсім – яны ўніверсальныя і не абыдуць нікога. Чалавек не ведае больш моцнага перажывання, бо ўсё гэта ўздзейнічае не толькі на цела, але і на душу. Хвароба і гора супярэчаць марам чалавека пра шчасце і жыццё, а гэта акурат тыя самыя два жаданні, якія ў чалавеку глыбока запусцілі свае карані. Яны выклікаюць дыскусію пра чалавечае жыццё, пра яго сэнс і мэты. Значыць, яны выклікаюць дыскусію пра самога Бога.
Хвароба, боль і гора –гэта факты, якія істотна датычаць чалавека, і ў іх вельмі глыбока і драматычна праяўляецца «праблема Бога». Калі Бог добры, навошта мы павінны цярпець? Кожны, хто ўжо перажыў цяжкую хваробу ці гора, на ўласным вопыце ведае, што, хоць на хвілінку, але падобныя пытанні нараджаюцца ў думках і сэрцы. Таму Святое Пісанне, якое адлюстроўвае вопыт і праблемы чалавецтва, не пакідае такія пытанні без адказу.
На заканчэнне сённяшняга ўрыўка з Евангелля гаворыцца, што Езус хадзіў па ўсёй Галілеі, «прапаведаваў у сінагогах і выганяў злых духаў». Езус не з’яўляецца нямым Збаўцам, які вяртае здароўе, на гэтым усё заканчваецца. Езус «прапаведуе», а гэта значыць ізноў дае хворым мэту, сэнс, дзеля чаго трэба жыць і дзеля чаго трэба цярпець. Ён аздараўляе не толькі праз тое, што выганяе злых духаў, але і праз тое – і перш за ўсё праз тое! – што прапаведуе Евангелле.
11 лютага
6-я звычайная нядзеля, год В
Праказа, якая адкідвае на перыферыю грамадства
1 чытанне — Лев 13, 1-2. 44-46.
Пс 32 (31), 1-2. 5. 11.
2 чытанне — 1 Кар 10, 31-11, 1.
Евангелле — Мк 1, 40-45.
“Шчаслівы той, каму адпушчана беззаконне і чый грэх забыты” (Пс 32 (31), 1)
Няшчасце аказацца на перыферыі грамадства можа падсцерагаць у кожнай супольнасці. Выключэнне з грамадства можа адбыцца з прычыны таго, што чалавек не здолее ўключыцца ў яго. А можа, не захоча ўключыцца, і тады гэта будзе ўжо форма пратэсту і адмаўлення грамадства па розных прычынах. Адной з прычын можа стаць уклад грамадства і пануючая ў ім культура. Узрост, культура, хвароба і інш. могуць быць фактарамі, якія ў пэўнай ідэалогіі «ствараюць» грамадскую эмаргінацыю. Выпадкі эмаргінацыі асобных людзей ці груп могуць назірацца і ў Касцёле.
У Святым Пісанні мы не знойдзем гатовых рэцэптаў для вырашэння гэтых праблем і для таго, каб у Касцёле дзейнічала ласка прымірэння, якая зыходзіць ад Бога. Аднак сённяшнія чытанні могуць стаць для нас цікавым імпульсам да разважання пра гэтыя праблемы.
Езус наказаў ачышчанаму спаўняць Закон і паказацца святарам, каб пацвердзілі яго ачышчэнне і стала магчымым яго поўнае прыняцце ў ізраільскую касцёльную супольнасць. Праз гэта евангеліст хоча паказаць, што цяпер Закон знаходзіцца на «службе» ў Езуса і Яго збаўленчай моцы. Закон сам па сабе не ачышчае, не аздараўляе, а сведчыць пра збаўленчую дзейнасць Езуса і выражае яе.
Ізаліруючы «пракажоных», у Старым Запавеце імкнуліся вырашыць гэтую праблему звонку. Езус жа звяртаецца да кораня хваробы і робіць гэта моцаю самога Бога.
У зямным жыцці Езуса «стала бачнай» гаючая Божая моц, якая стала на баку хворых, бедных, прыгнечаных і ўсіх, хто выключаны з грамадства. Езус устанаўлівае новае грамадства, якое не падзяляе людзей, не выключае іх са свайго асяроддзя. Новае грамадства выкарыстоўвае сілу Бога, якую яму даў Езус. Мы не можам застацца ў Старым Запавеце.
18 лютага
I Нядзеля Вялiкага посту, год В
Час посту – выпрабаванне веры
1 чытанне — Быц 9, 8-15.
Пс 25 (24), 4-5аb, 6-7bc. 8-9.
2 чытанне — 1 П 3, 18-22.
Евангелле — Мк 1, 12-15.
“Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, бо Ты Бог збаўлення майго» (Пс 25 (24), 5)
На пачатку Вялікага посту нам можа прыйсці такая думка: мы будзем крыху больш і лепш маліцца, мы адмовімся ад чаго-небудзь на карысць бяднейшага за нас, мы будзем чытаць і слухаць Божае слова і г.д. Аднак тут крыецца небяспека, што мы пераменім святы час посту ў «наш» час, у нашу «велікадушнасць», у нашы «прапановы», хоць справа датычыць перш за ўсё «Божага часу».
На заканчэнне посту мы не павінны з задавальненнем сказаць сабе: я чыніў добрыя ўчынкі, даваў міласціну, складаў ахвяры… Нам варта сказаць па-іншаму: я сустрэў Бога ў малітве, у чалавеку, які ішоў мне насустрач і якому я даў міласціну.
У ахвярах, якія я прынёс, я ўбачыў, што толькі Бог ёсць усё. Час посту з’яўляецца выпрабаваннем і праверкай нашай веры ў Бога, нашай здольнасці бачыць, што ўжо цяпер, у гэты час, у нашых супольнасцях ажыццяўляецца Божы план збаўлення.
25 лютага
II Нядзеля Вялiкага посту, год В
Паказаў Айца
1 чытанне — Быц 22, 1-2. 9а.
10-13. 15-18.
Пс 116B (115), 10 і 15. 16-19.
2 чытанне — 1 Кар 7, 29-31.
Евангелле — Мк 1, 14-20.
“Выканаю свае абяцанні для Пана перад усім Яго народам (Пс 116В (115), 18)
Хто дасць нам магчымасць пазнаць Бога? Скласці ўяўленне пра Бога нам дапаможа наш людскі вопыт: мы разважаем пра перажытае, ачышчаем усё гэта і прыносім Богу. Наш досвед заўсёды пераплятаецца з грахом, ён абумоўлены нашымі інтарэсамі і прэтэнзіямі, ён ажыццяўляецца ў свеце, у якім свой след пакінуў грэх.
Пазнаючы Бога такім чынам, мы падвяргаем сябе небяспецы, што дадзім Богу такое аблічча, якое жадаем мы, якое падабаецца нам. Напэўна, кожны чалавек стварыў бы сваё ўласнае ўяўленне пра Бога. З іншага боку, мы не можам шукаць аблічча Бога на нябёсах, бо і там не прадстаўлены нейкія яго асаблівыя рысы.
Мы павінны шукаць Бога тут, на зямлі, сярод нас, а дакладней сказаць – у чалавеку Езусе Хрысце. Ад Яго мы вучымся пазнаваць, якім на самой справе з’яўляецца Бог. З маўчання зорак, з велічы і прыгажосці свету, з пабуджэнняў сумлення або іншымі шляхамі мы можам прыйсці да пераканання, што Бог існуе. Аднак і гэтага ўсяго недастаткова, каб скласці поўнае ўяўленне пра Бога. Сапраўднае аблічча Бога нам паказвае Яго Сын, Езус Хрыстус. Таму давайце падымемся разам з апосталамі на гару, дзе адбылося перамяненне Пана, каб і мы навучыліся пазнаваць Езуса, а праз гэта –самога Бога.
кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC