Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, год А
Узор любові
1 чытанне — Зых 34, 4b-6, 8-9.
2 чытанне — 2 Кар 13, 11-13.
Евангелле — Ян 3, 16-18.
“Ласка Пана Езуса Хрыста і любоў Бога, і еднасць Духа Святога з усімі вамі” (2 Кар 13, 13).
У імя Айца і Сына і Духа Святога! Дзякуючы знаку крыжа лёгка заўважыць верніка, які належыць Хрысту! Звярніце ўвагу на каштоўнасць гэтага знака – пачатак Святой Імшы, пачатак набажэнстваў, іншых сакрамэнтаў і сакрамэнталіяў, асабістай малітвы, размовы, справы, наш спажытак, а нават ўсё распачынаем у Імя Айца і Сына і Духа Святога – і вельмі слушна робім. Святая Тройца – гэта ўзор любові, даверу, вернасці, лагоднасці, мудрасці, увагі да іншай асобы, а найвышэйшы прыклад любові – гэта ахвяра!
Усе мы прагнем даверу, вернасці, мудрасці і зразумення, увагі і любові. Кожнаму з нас неабходны нават найвышэйшы крок любові – гэта ахвяра. А поўная і абсалютная ахвяра здзяйсняецца згодна з актам волі ў імя асобы, да якой маем любоў, асобы, якая нас захапляе, асобы, якая найважнейшая ў нашым жыцці. Дзеля такой любові чалавек гатовы на ўсялякія ахвяры і цярпенні, радасці і суцяшэнні!
У сённяшнім Евангеллі Езус падкрэслівае найвышэйшую Любоў, звяртае ўвагу на найвышэйшую Ахвяру: “Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3,16). Езус гаворыць пра сваю Ахвяру дзеля Любові Айца і свайго стварэння – чалавека, гэта значыць, нас з вамі. Бог трымае лёс усяго стварэння, але не прыйшоў, каб асудзіць: “Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго” (Ян 3,17). Езус заклікае нас да навяртання і паяднання! Бог прагне нашай Любові, Хрыстус прагне нашага даверу, чакае нашай вернасці. Езус жадае і здзяйсняе дзеля нас усё неабходнае, каб мы былі збаўлены праз Яго. І ўжо тут, на зямлі, разважаючы аб прыкладзе Святой Тройцы, імкнуліся мець добрыя ўзаемаадносіны з іншымі.
Кожны з нас мае Любоў Бога, кожны з нас – умілаванае дзіця. Бог нас любіць і гэтая любоў будзе вечна!
Хвала Айцу і Сыну і Духу Святому…
11 чэрвеня
10-я нядзеля звычайная, год А
Заклік да навяртання
1 чытанне — Ос 6, 3-6.
2 чытанне — Рым 4, 18-25.
Евангелле — Мц 9, 9-13.
“Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў” (Мц 9, 13).
У сённяшнім Евангеллі мы су-стракаем чалавека па імені Мацвей, які сядзеў на мытні. Да яго прыходзіць Езус. З іншых Евангелляў (Мк 2,13- 17, Лк 5,27-32) ведаем, што гэты чалавек да свайго паклікання называецца Левіем. У той момант, калі Езус Хрыстус прамаўляе яму словы“Ідзі за Мною”, гэты чалавек становіцца новым. Левій становіцца Мацвеем. Ён нараджаецца нанова. Ён неадкладна і без усялякага супраціву пакідае сваё ранейшае грахоўнае жыццё. Пакідае свой стол, кідае сваю ранейшую працу, усё, што ў яго было, каб прытрымлівацца голасу, які кліча яго. Звярніце ўвагу, што Езусу няма патрэбы пераконваць яго, абяцаючы, што ён патрапіць на нябёсы, ці чаму варта стаць Яго вучнем. Ён не вядзе працяглых дыялогаў. Ён проста кажа “Ідзі за мною”, і Мацвей устае і ідзе. Мацвей чуе заклік, які ацаляе яго душу. Ён атрымлівае новае сэрца, здольнае любіць Бога і ненавідзець грэх. Ён бачыць у Езусе свайго Пана і Збаўцу, які аздараўляе і ратуе Яго душу. Аздароўлены Мацвей ладзіць прыём у сябе для Пана Езуса.
Той, хто прыходзіць да Езуса і знаходзіцца з Ім, натуральна жадае, каб і іншыя былі аздароўлены. Такі чалавек прапаведуе Хрыста і Яго Евангелле. Мы можам здагадацца, што Мацвей распавядае ўсім сваім сябрам пра ласку, якую ён атрымаў. Адсюль і прысутнасць на прыёме іншых грэшнікаў і мытнікаў. Каму здаецца, што ў яго здаровая душа, той не прыходзіць да Хрыста-духоўнага лекара. Грэшнікі, якія прыходзяць сесці за стол з Езусам, адчуваюць, што ім патрэбна перамена жыцця. Фарысеі лічаць сябе здаровымі. “Чаму настаўнік ваш есць з мытнікамі і грэшнікамі?”. Тыя, хто не ведае ласкі Божай, выказваюць самую гучную незадаволенасць, бачачы ласку, якую атрымоўваюць іншыя. Бо калі Хрыстос размаўляе з грэшнікамі і мытнікамі, гэта праява Яго ласкі. Яго ласкай з’яўляецца гатоўнасць паказаць міласэрнасць усім тым, хто адчувае неабходнасць аздараўлення і збаўлення. “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры”. Евангелле заклікае нас да перамены жыцця, да змены нашых задум і нашых шляхоў. “Ідзі за Мною” – гэта заклік Пана Езуса ў дадзены момант да кожнага з нас.
11-я нядзеля звычайная, год А
Паяднайцеся з Богам!
1 чытанне — Зых 19, 2-6а.
2 чытанне — Рым 5, 6-11.
Евангелле — Мц 9, 36 – 10, 8.
“Будзеце для Мяне валадарствам святароў і народам святым” (Зых 19, 2–6а).
Ёсць шмат людзей, у якіх ёсць праблемы з верай. Кажуць, Бога не відаць, Ён дзесьці далёка, таму лёгка апраўдваюць грэшны спосаб жыцця, ладзяць сабе жыццё без Бога, ці проста іх багамі становяцца нейкія ідалы, забабоны ды гараскопы. Вера – гэта не скачок у цемру. Ізраільцяне з Божай дапамогай былі вызваленыя з егіпецкай няволі. Яны адчулі відавочны знак Божага Провіду, якім быў пераход праз Чырвонае мора. Бог праз пасрэдніцтва Майсея выходзіць з прапановай Запавету. Бог спачатку дзейнічае, паказвае знакі, дае чалавеку аргументы, а затым прапануе супрацоўніцтва. Такой формай супрацоўніцтва Бога з чалавекам з’яўляецца Запавет, які Бог прапануе на гары Сінай.
Знакам гэтага Запавету з’яўляюцца скрыжалі з запаведзямі, гэта ёсць Дэкалог. Бог прапануе сумленнае пагадненне на аснове сумеснай адказнасці: калі будзеш прытрымлівацца запаведзяў, гэта пазбавіць цябе многіх непатрэбных праблем, Бог будзе абараняць цябе і ты асягнеш збаўлення. У гэтым, між іншым, і заключаецца вера – прыняцце прынцыпаў, якія дае нам Бог. Гэта запаведзі, якія даюць нам жыццё, вечнае жыццё! Езус узяў на сябе адказнасць людзей за парушэнне закону і заплаціў за яго сваёй смерцю на крыжы. Ён здзейсніў тое, што ні адзін чалавек не мог зрабіць сваімі сіламі – прымірэнне. На падставе гэтага знака любы чалавек можа зноў паяднацца з Богам. Езус паклікаў і паслаў апосталаў, каб яны казалі свету, што магчыма паяднанне, і паказвалі правільны кірунак для загубіўшыхся людзей.
Наша місія, як хрысціян, між іншым, складаецца ў тым, каб паказаць на знакі Бога ў сучасным свеце тым людзям, якія шукаюць, якія сумняваюцца, а таксама страцілі свой шлях і рухаюцца ў процілеглым кірунку на “дарозе жыцця”, тым самым выклікаючы блытаніну і пакуты іншых. Няхай дзякуючы сведчанню пра Бога ўсе родныя і сябры, суседзі і калегі, а нават і ворагі наблізяцца да Божай міласэрнасці, атрымаюць прабачэнне, пераменяць жыццё, а таксама паяднаюцца са Збаўцай, Які жыве і валадарыць на вякі вечныя.
25 чэрвеня
12-я нядзеля звычайная, год А
Якія страхі вас пера-следуюць?
1 чытанне — Ер 20, 10-13.
2 чытанне — Рым 5, 12-15.
Евангелле — Мц 10, 26-33.
”Хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах” (Мц 10, 33).
Езус, адпраўляючы вучняў на місіі, перасцерагае іх перад цяжкасцямі. Місія не заўсёды суправа-джаецца поспехам, апладысментамі, прыёмам. Вучні могуць сутыкнуцца з абыякавасцю, непрыманнем і нават варожасцю, пера-следам, агрэсіяй, бунтам. Гэтыя рэакцыі звязаны з абвешчаным словам. Евангелле не заўсёды супакойвае, не заўсёды прыемнае ды лёгкае… Жыццё паводле Евангелля не бесклапотнае. Наадварот, яно часта звязана з цяжкасцю, крыжам, асуджае сэрца, ставіць перад неабходнасцю радыкальнага выбару. Таму не заўсёды атрымлівае спрыяльны прыём.
Лёс вучняў Езуса звязаны з лёсам Евангелля і, перш за ўсё, з лёсам Езуса: “Ненавідзець будуць вас з-за імя Майго” (пар. Мц 10,22). Аднак вучні не павінны баяцца цяжкасцяў і пераследаў. Давер да Езуса і Божага Провіду – гэта сіла для пераадолення ўсіх страхаў і непакояў: “Не бойцеся іх”. Мы асабліва баімся за сваё цела і, такім чынам, за тое, што прамінальнае. Мы баімся за наш спакой, наша становішча, нашу сям’ю, наш прэстыж, нашу пасаду… Мы баімся быць адрынутымі, адзінокімі, высмеянымі, баімся, што нас няправільна зразумеюць іншыя… Езус паказвае на “правільны страх”: “Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа душу і цела загубіць у геене” (пар. Мц 10,28).
Часам даводзіцца чуць пра страх, які паралізуе, перашкаджае быць самім сабой і смела вызнаваць Езуса. Такі страх узнікае, між іншым, з-за адсутнасці даверу і боязі Божай. “Чым больш змяншаецца боязь Божая, тым мацней узрастае страх перад людзьмі” (Р. Канталамесса). Давер да Езуса, вядома, не ўратуе ад цяжкасцяў, удараў, паражэнняў, адхілення. Аднак раны не прасякнуты ў глыбіні нашага сэрца. Мы не станем горкімі, цынічнымі з-за іх, але застанемся пяшчотнымі, тымі, што любяць, якія ўмеюць дараваць, свядома фарміруюць чалавечнасць і свет. Не як заўзятары на стадыёне, а як сапраўдныя гульцы.
кс. Януш ЧАРНАМОРАЎ