13-я нядзеля звычайная, год А
Ці вартыя мы Бога?
1 чытанне — 2 Вал 4, 8-11. 14-16а.
2 чытанне — Рым 6, 3-4. 8-11.
Евангелле — Мц 10, 37-42.
“Хто прымае вас, Мяне прымае” (Мц 10,40).
Чалавек, плывучы па цячэнні бязбожных поглядаў, пачынае прывязвацца да граху і іншага чалавека, што робіць яго “не вартым Бога”. Грэх – гэта слова, “чын або жаданне, якое супярэчыць вечнаму Закону” (Св. Аўгустын). Грэх – гэта зневажанне Бога. Праз грэх мы аддаляемся ад Бога. Грэх закрывае чалавека на ласку Божую. Калі грахі паўтараюцца, нараджаецца залежнасць або прывязанасць да грахоўных учынкаў.
Езус канкрэтна і адназначна кажа пра прывязанасць і неправільную іерархію каштоўнасцей: “Хто любіць бацьку ці маці, дачку ці сына больш за Мяне, той не варты Мяне”. Езус не хоча разбураць сямейныя сувязі, але ў сітуацыі канфлікту паміж выкананнем волі Нябеснага Айца і воляй зямных бацькоў выбар для верніка адназначны. Калі трэба выбіраць паміж адданасцю бацькам і адданасцю Езусу – рашэнне для хрысціяніна можа быць толькі адно – выбірае Бога. Такое стаўленне з’яўляецца актам даверу слову Божаму і праўдзівага паслушэнства Богу, што і чыніць нас вартымі Бога.
Чалавек варты Бога тады, калі Ён знаходзіцца на першым месцы ў яго жыцці. Чалавек варты Бога тады, калі пазбягае ўсялякага граху, а таксама прывязанасці да граху і да блізкіх людзей, калі не плыве па цячэнні грэшных поглядаў. Чалавек варты Бога тады, калі развівае свае адносіны з Ім праз малітву, разважанне Божага слова, актыўны ўдзел у святой Імшы, паглыбленне ведаў пра Бога, чытанне Бібліі, а таксама праз жыццё паводле Божых запаведзяў і сведчання веры. Калі так робім, з упэўненасцю можам сказаць – мы вартыя Бога!!!
9 ліпеня
14-я нядзеля звычайная, год А
Суцяшэнне, падтрымка, дапамога
1 чытанне — Зах 9, 9-10.
2 чытанне — Рым 8, 9. 11-13.
Евангелле — Мц 11, 25-30.
“Навучыцеся ад Мяне” (Мц 11, 29).
У сённяшнім Евангеллі Езус звяртаецца да нас і кажа: “Прый-дзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас”. Тым, што абцяжарвае нас, часта з’яўляюцца грэх, хваробы і цярпенні. Грэх – знявага Бога праз непаслухмянасць Яго любові. Грэх раніць чалавечую натуру і наносіць шкоду чалавеку. Грахі могуць адрознівацца паводле іх прадмету ці паводле цнотаў або запаведзяў, якім яны супярэчаць. Грахі могуць датычыць непасрэдна Бога, бліжняга ці нас саміх. Акрамя таго, іх можна па-дзяліць на грахі, здзейсненыя думкаю, словам, учынкам і занядбаннем. Адрозніваюць грахі смяротныя і лёгкія. Хвароба, пакуты ці духоўны крызіс – гэта час звярнуцца да Божай дапамогі, дзеля поўнай перамены сваіх учынкаў, слоў, прынцыпаў, поглядаў, і больш глыбока – самога мыслення, каб ачысціць іх ад рознага роду граху і зла, якія і прыносяць нам столькі пакут, цялесных і духоўных. Таксама хвароба можа быць стымулам змяніць адносіны з бліжнімі. Перажываючы вопыт пакуты, мы становімся больш сталымі і адказнымі ў адносінах да сябе, да сваёй сям’і і да іншых людзей. Дзякуючы хваробе, мы адчуваем і па-новаму цэнім працу лекараў, медсясцёр і ўсяго медперсаналу, а таксама проста добрых людзей, якія дапамагаюць і памятаюць пра нас. Праз цярпенне чалавек можа яднацца з Хрыстом і ахвяраваць свае пакуты ў канкрэтнай інтэнцыі. Менавіта хвароба дапамагае нам адчуць сваю часовасць у гэтым зямным жыцці і накіраваць нашыя думкі на жыццё вечнае, якое рыхтуе для нас Бог. Езус сёння прапануе нам, каб мы даверылі Яму ўсё тое, што нас абцяжарвае, між іншым, грахі, рознага роду хваробы і пакуты. Ён – наша суцяшэнне, падтрымка і дапамога. Ён кажа нам “вучыцеся ад Мяне, бо я ціхі і пакорны сэрцам”.
16 ліпеня
15-я нядзеля звычайная, год А
Слова Божае
1 чытанне — Іс 55, 10-11.
2 чытанне — Рым 8, 18-23.
Евангелле — Мц 13, 1-23.
“Шчаслівыя вушы вашыя, таму што чуюць” (пар. Мц 13, 16).
У вучэнні пра Божае Валадарства Езус выкарыстоўвае прыпавесці. “Вось, выйшаў сейбіт сеяць”. Бог сее зерне свайго слова. Зерне, пасеянае на дарозе, азначае чалавека, які слухае слова пра Валадарства, а не разумее яго; прыходзіць злы і выкрадае тое, што пасеяна ў яго сэрца. Вера патрабуе разумення. Такім чынам, перашкодай для веры з’яўляецца лянота розуму, якая заключаецца ў тым, што ў інтэлектуальнай сферы чалавек шукае таго, што лёгка засвойваецца, але мала карыснае. Зерне, пасеянае на камяністыя месцы, азначае таго, хто слухае слова і адразу з радасцю прымае яго; але ў ім няма кораня, таму ён нясталы. Слухаем казанне падчас Імшы і прымаем яго, але выходзячы з Касцёла ці нясем у сабе тое Божае слова, якое пачулі? Зерне, пасеянае сярод церня, азначае таго, хто слухае слова, але мірскія клопаты і жаданне багацця заглушаюць слова так, што яно застаецца бясплодным. Багацце імкнецца так уплываць на чалавека, што ён забывае пра тое, што не аднымі грашыма жыве чалавек. Пасеянае зерне на ўрадлівую зямлю азначае таго, хто слухае слова і разумее яго. Хто так зразумеў слова пра Валадарства, той прынясе плён добрых спраў хрысціянскага жыцця. Такім чынам са Словам Божым неабходна супрацоўнічаць і жыць ім штодня.
16-я нядзеля звычайная, год А
Дзеянне Бога
1 чытанне — Мдр 12, 13. 16-19.
2 чытанне — Рым 8, 26-27.
Евангелле — Мц 13, 24-43.
“Праведнікі заззяюць, як сонца, у Валадарстве іх Айца” (пар. Мц 13, 43).
Пасля прыпавесці пра сейбіта Мацвей прыводзіць яшчэ тры: адну аб чаканні магчымасці аддзяліць каласоўнік ад пшаніцы, другую – аб зерні гарчыцы і трэцюю – пра закваску. Усе яны апісваюць Валадарства Божае, падкрэсліваючы кантраст паміж чымсьці маленькім і вялікім. Добрае зерне – гэта пшаніца, з якой пяклі хлеб, асноўны кампанент ежы слухачоў Езуса. Каласоўнік – расліна, якую можна аддзяліць ад пшаніцы толькі пасля з’яўлення каласоў. У час жніва збіраюць спачатку каласоўнік і звязваюць яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збіраюць у засекі. Жнівом будзе суд, які прывядзе да разлучэння вернікаў з няверуючымі. Толькі Бог ведае тое, што людзі не могуць распазнаць, г.зн. сапраўдныя матывы і рашэнні людзей адносна Езуса. Пасля абвяшчэння Евангелля аб Валадарстве праціўнікі пасеялі сярод слухачоў Езуса каласоўнік рэлігійнай крывадушнасці, які пачаў расці. З невялікага гарчычнага зерня вырастае вялікае дрэва. Гарчыца, якая расце вакол Галілейскага возера, дасягала нават 5 метраў у вышыню, але звычайна вымяралася каля 1,5 метраў.
Валадарства пачынаецца незаўважна, яно дасягае сваёй паўнаты ў смерці Езуса і Яго ўваскрасенні. Людзі яшчэ не ў стане зразумець утоеную прыроду Валадарства Езуса, надалей яны бачылі ў Ім толькі чалавека, а не поўнага славы Месію. У чаканні Валадарства вучням не трэба паддавацца знеахвочванню або нецярпенню. Вобраз сеяння добрага зерня нагадвае працу фермераў, а вобраз закваскі – жанчыну, якая рыхтуе цеста для хлеба. “Тры меры, каля сарака літраў, складалі максімальную колькасць мукі, з якой жанчына магла прыгатаваць цеста, – выпечанага з яго хлеба было б дастаткова, каб накарміць сто чалавек”.
Закваска прадстаўляе сілу Бога. Божы план рэалізуецца незаўважна. Вучні могуць убачыць дзеянне Бога ў штодзённых справах, калі будуць уважліва сачыць за імі.
30 ліпеня
17-я нядзеля звычайная, год А
З удзячнасцю Богу Айцу
1 чытанне — 1 Вал 3, 5. 7-12.
2 чытанне — Рым 8, 28-30.
Евангелле — Мц 13, 44-52.
”Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу” (Мц 13, 44).
Езус запрашае нас да Валадарства Нябеснага, каб мы шукалі і імкнуліся да Божага Валадарства ў нашых сэрцах, нашых сем’ях, нашым грамадстве. Да Валадарства, дзе вышэйшы закон – гэта Божы закон, дзе нашы адносіны – гэта адносіны братэрскія, дзе кожны служыць Богу і бліжняму. Божае Валадарства, якое існуе вечна, таму ніхто і нішто гэтаму Валадарству не перашкаджае. Валадарства, дзеля якога мы не пашкадуем нічога, нават зямнога жыцця, калі будзе пераслед, так, як дае нам прыклад сам Хрыстус, і даюць прыклады шмат мучанікаў. Валадарства Бога знаходзіцца менавіта ў нашых душах, бо кожны верны Пану прысвячае сябе Яму праз сакрамэнты і праз учынкі, згодна з Божымі запаведзямі. Нават калі пакінем цела, дух далучыцца да Бога і супольнасці анёлаў, і святых у вечнасці. Таму важна такім чынам прымаць усе нашы рашэнні і здзяйсняць выбар, каб ён адпавядаў Божым запаведзям. Варта заўсёды звяртацца да Слова Божага, асабліва Евангелля і Новага Запавету, звяртацца да Катэхізісу Касцёла, каб ведаць Бога і разумець сябе самога.
З удзячнасцю Богу Айцу, які не пашкадаваў свайго Сына Умілаванага, але аддаў Яго за ўсіх нас, будзем ахвяроўваць учынкі і словы, цярпенні і радасці, клопаты і поспехі, і ўсё наша жыццё Пану Богу, якому хвала і пакланенне на вякі вечныя.
Свята Перамянення Пана, год А
Узыходжанне на гару
1 чытанне — Дан 7, 9-10. 13-14.
2 чытанне — 2 П 1, 16-19.
Евангелле — Мц 17, 1-9.
“Аблічча Ягонае заззяла” (Мц 17, 2).
Езус падымаецца на высокую гару і бярэ з сабой трох апосталаў: Пятра, Якуба і Яна. Гара – гэта месца сустрэчы з Богам, біблейская рэальнасць, дзе здзяйсняюцца вельмі важныя рэчы. Узыходжанне на гару звязана з высілкам, стомленасцю і адрачэннем. Дасягнуўшы гары, Езус перамяняецца сярод сваіх вучняў: “Адзенне Яго стала бліскучым і вельмі белым”. Вучні таксама бачаць, як Майсей і Ілля размаўляюць з Езусам, тут пад-крэсліваецца сувязь са Старым Запаветам. Затым чутны голас з нябёсаў, які пацвярджае боскасць Хрыста: “Гэта Сын Мой Умілаваны, Яго слухайце”.
Гэта падзея, хоць цяжкая і незвычайная, аднак з’яўляецца добрай падрыхтоўкай апосталаў да тых падзей, якія павінны адбыцца пазней, г.зн. мукі, смерці і ўваскрасення Езуса. Вучні на гары ўпершыню могуць убачыць перамененае, хвалебнае аблічча Езуса. Яны становяцца сведкамі найвялікшага святла, бачаць славу неба. Таму Пётр кажа: “Раббі, добра нам тут быць”. Вучні пасля Перамянення вярнуліся да сваіх штодзённых заняткаў, узбагачаныя вопытам аглядання слаўнага аблічча Хрыста. Мы таксама пасля сустрэчы з Езусам падчас Эўхарыстыі, у канфесіянале, падчас чытання Святога Пісання або малітвы – вяртаемся да што-дзённага жыцця. Аднак мы вяртаемся перамененымі пасля сустрэчы са Збаўцам. І адсюль чэрпаем сілы, каб трываць у Ім і служыць іншым людзям. Толькі калі мы трываем ў Ім, адбываецца перамена нас саміх. Езус заўсёды побач з намі. Чым часцей мы ўсведамляем гэта, тым часцей наш зрок су-стракаецца з Яго перамененым абліччам.
19-я нядзеля звычайная, год А
Для Бога няма немагчымага
1 чытанне — 1 Вал 19, 9а. 11-13а.
2 чытанне — Рым 9, 1-5.
Евангелле — Мц 14, 22-33.
“Ты сапраўды Сын Божы!” (пар. Мц 14,33).
Разважаючы фрагмент Евангелля пра Езуса, Які ідзе па моры, Святы Аўгустын акрэслівае мора як вобраз сучаснага свету, сімвал часовасці. Калі мы любім Бога, мы ідзем па хвалях. Калі любім часовасць, яна паглынае нас. Звычайна мы думаем пра пагрозу тады, калі сустракаемся са знешнімі нягодамі, няшчасцямі, няўдачамі або недахопам. Тады мы скіроўваем заклік да Пана, просім аб выратаванні і правільна робім. Калі здаецца, што ўсё складваецца паспяхова, то наша пільнасць засынае.
Пётр усведамляе, што сваёй сілай ён не зробіць таго, што зрабіў Езус. Таму кажа: “Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе”. Ён ведае, што Той, Хто загадае яму гэта зрабіць, будзе яго падтрымліваць. Пётр выходзіць з лодкі і ідзе без ваганняў, аднак адчуўшы моцны вецер, паддаўся страху, пачаў тануць, але застаўся ўратаваным дзякуючы прызнанню ўласнай бездапаможнасці і просьбе аб паратунку. Езус выцягнуў тонучага і папракнуў недаверлівага.
Пётр спачатку верыць, а праз хвіліну сумняваецца і баіцца. Ён – той тып Касцёла, членам якога мы з’яўляемся. Бачым у Касцёле тое, што Божае, і тое, што чалавечае. Сустракаем тут як моцных людзей, так і слабых. Самі па сабе мы слабыя, але мы чэрпаем сілу ад Бога і асвячэнне. Гук марскіх хваль і шум ветру – вобраз досведу і пераследу. Сярод смуткаў і ўціскаў чалавек звяртаецца да Бога: Пане, ратуй; суціш марскія хвалі; працягні тонучаму руку. Не знаходзячы ў сабе сілы, моцны ў Богу, але ўзмоцнены будзе толькі тады, калі прызнае, што сам нічога не зможа. Для Бога няма нічога немагчымага. Ён ніколі не пакідае нас адных. Ён заўсёды працягвае нам руку дапамогі.
20-я нядзеля звычайная, год А
Вера канаанкі
1 чытанне — Іс 56, 1. 6-7.
2 чытанне — Рым 11, 13-15. 29-32.
Евангелле — Мц 15, 21-28.
“О жанчына, вялікая вера твая!” (пар. Мц 15, 28).
У сённяшнім Евангеллі сустракаем канаанскую жанчыну, якая просіць аб дапамозе для сваёй дачкі. У першы момант Езус нават не хоча з ёю размаўляць. Здаецца, Ён згодны з апосталамі, якія кажуць адаслаць яе ні з чым. “Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля”, – кажа Езус. А яна з Канаана. Нарэшце, жанчына падыходзіць да Езуса, пакланяецца яму і кажа: “Пане, дапамажы мне”. Езус ніколі не адхіляе такіх просьбаў. Езус кажа жанчыне: “Нядобра адбіраць хлеб у дзяцей, а кідаць шчанятам”.
Што ў гэтым дыялогу паміж Езусам і жанчынай важна? Па-першае, жанчына з Канаана, а яны – жыхары Канаана – не верылі ў прыйсце Месіі, асабліва з роду Давіда. Але гэтая жанчына, у адрозненне ад культуры, з якой яна паўстала, усклікае да Езуса: “Сыне Давіда”; гэта тэрмін, узяты са старых габрэйскіх кніг, якія апісваюць Месію. І магчыма, што гэтая жанчына мела такую першапачатковую веру ў Езуса як Збавіцеля. Па-другое, яна называе Езуса Панам. У Евангеллі, паводле Мацвея, гэта роўназначна са сцвярджэннем, што Езус і Бог адзіныя. Толькі прыглядзеўшыся да мовы, якой карыстаецца гэтая жанчына, відаць, што яна верыла ў Езуса як Месію. І Езус, напэўна, гэта адчуваў. Ізраільцяне і кананэі здаўна былі падзелены. Як гэта магчыма, што паганскі народ з дзіўнымі ідаламі мог спарадзіць жанчыну, якая верыла ў Адзінага Бога і Езуса Хрыста? Ці магчыма, што Езус выпрабаваў яе, жадаючы ўмацаваць і паказаць яе глыбокую веру? Быць можа Ён выкарыстаў слова “шчаняты” як фразу, якую абодва племя выкарыстоўвалі, называючы адзін аднаго! Можа быць і такая інтэрпрэтацыя слоў: мае людзі з Ізраэля вераць у адзінага Бога, а вашыя – не. Як Я магу адабраць ежу ў ізраільцян і кінуць яе сабакам, як яны вас называюць?
Кароткі, хуткі, просты і сумленны адказ жанчыны вырашальны: “Нават шчаняты ядуць рэшткі са стала гаспадара свайго”. Яна быццам кажа: усё роўна, адкуль хтосьці прыйшоў, калі верыць; і ведаеш, я веру! Езус ахвотна даў ёй тое, аб чым яна прасіла. Ён аздаравіў яе дачку. Браты і сёстры! Жанчына, з сённяшняга Евангелля, хоць і выхавалася ў бязбожным асяроддзі, аднак распазнала ў Хрысце Месію, распазнала ў Ім Таго, хто ёсць дарога, праўда і жыццё! І не маўчала, а шукала ў Езусе суцяшэнне і дапамогу!
21-я нядзеля звычайная, год А
Кім для мяне ёсць Езус?
1 чытанне — Іс 22, 19-23.
2 чытанне — Рым 11, 33-36.
Евангелле — Мц 16, 13-20.
“Ты – Хрыстус, Сын Бога Жывога” (Мц 16, 13-20).
У Евангеллі мы пачулі, што Езус пытае ў сваіх вучняў: “За каго лічаць Яго людзі і кім Ён з’яўляецца для іх саміх?”. Ад імя дванаццаці адказвае Пётр. Яго адказ ёсць вызнаннем, якое выразна адрозніваецца ад меркавання людзей. Асноўным крокам ёсць вызнанне вучнямі Езуса Хрыста за Месію Божага, і толькі пасля гэтага Езус больш увагі звяртае на выхаванне сваіх вучняў, на ачышчэнне іх ад зямных і матэрыяльных спраў. Важна засяродзіць сваю ўвагу над пытаннем, а кім для нас з’яўляецца Езус Хрыстус?
Гэтае пытанне – бязмерна істотнае. Мы ў пэўным узросце сцвердзілі, што выбіраем Бога, што Ён з’яўляецца нашым Панам, крыніцай жыцця і мэтай, да якой імкнемся. Нам неабходна ясна і канкрэтна акрэсліць сваю веру і сябе. Таму правільным ёсць часта задаваць сабе пытанне: “Кім для мяне ёсць Езус?”. Адказ, кім Ён для нас з’яўляецца, не такі просты. У кожным адказе крыецца нотка ўласнай любові, ніць пыхі і пах эгаізму. Пачынаем гаварыць болей аб тым, што хацелі б, каб было, чым аб тым, у якім стане сёння знаходзімся. Чаму? Бо не ведаем сябе добра, магчыма, маем толькі нейкія ўяўленні аб сабе, таму часта ставім мур перад балючай або непрыемнай праўдай.
Адказваючы на пытанне, кім Езус з’яўляецца для нас, нашай душы, неабходна старанна паглядзець вачыма сэрца на час ад апошняй малітвы. Менавіта ён пакажа праўдзівы адказ на гэтае пытанне. Засяродзіцца, у які спосаб функцыянаваў, што казаў і якія словы ўжываў, якія рашэнні прымаў, якія пачуцці і эмоцыі краналі сэрца, і як рэагаваў у розных сітуацыях. Наколькі трываў пры Езусе Хрысце? Колькі ў маёй паставе было любові да Бога і бліжняга? Калі ў такі спосаб будзем імкнуцца адкрыць праўду аб сабе і сваіх адносінах з Богам, то зразумеем, чаго нам яшчэ не хапае, каб сцвердзіць, што Езус ёсць сэнсам жыцця, нашай найвышэйшай каштоўнасцю.
кс. Януш ЧАРНАМОРАЎ