3 верасня
22-я нядзеля звычайная, год А
Дарога да радасці
1 чытанне — Ер 20, 7-9.
2 чытанне — Рым 12, 1-2.
Евангелле — Мц 16, 21-27.
“Божа, Ты мой Бог, Цябе шукаю” (Пс 63,2).
Хрыстос у сённяшнім Евангеллі заклікае нас ісці за Ім: „Хто хоча ісці за Мною, няхай возьме крыж свой і ідзе за Мною”. Заўважым, што Пан Езус сапраўды выцерпеў крыж разам з яго ганьбай. Ён прыняў боль і пакуты, прыняў абразы і насмешкі, прыняў адкідванне і смерць. Кожны, хто ідзе за Хрыстом, таксама будзе адкінуты светам, выгнаны, змучаны злом, хлуснёй і грахом. Удасканаленне сябе для Бога – гэта шлях крыжа, гэта наследаванне Езуса Хрыста ў Яго пакоры і цярплівасці.
Яшчэ адзін важны элемент сённяшняга Божага Слова. Гэта словы Езуса, скіраваныя да Пятра: “Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае!”. Езус назваў Пятра “сатаной”, але важна, каб мы зразумелі, што хаваецца пад гэтым словам. Успомнім, што і на іўрыце, і на арамейскай мове “сатана” азначае “праціўнік”, і таму Езус называе свайго сябра “праціўнікам”, але не прыраўноўвае яго да асабістага зла. Гэта вельмі важна, таму што мы можам падумаць, што Пётр быў апантаны д’яблам, а гэта, вядома, няпраўда. Кожны з нас, імкнучыся дзейнічаць па логіцы гэтага свету, а не па Божых запаведзях, становіцца праціўнікам Бога.
Вядома, Пётр, жадаючы адцягнуць Езуса ад крыжа, меў высакародныя намеры і хацеў дабра для Настаўніка. У той момант Збаўца даў яму зразумець, што чалавек не павінен навяртаць Бога. Кожны раз, калі мы ставім сябе перад Езусам, неабходна лічыцца з тым, што Ён будзе нагадваць, хто беспамылковы, а чый розум абмежаваны і бачыць толькі невялікі кавалачак рэальнасці. Пакліканне Пятра, як і кожнага з нас, заключаецца ў тым, каб ісці за Езусам, а не пхацца перад Ім і даказваць Яму, што мы ведаем лепш, і Ён павінен слухаць нас. Наследаванне Хрыста праходзіць праз крыж. А крыж – гэта не толькі знак збаўлення, але і дарога да радасці жыцця вечнага ў будучым свеце.
23-я нядзеля звычайная, год А
Дзе двое ці трое…
1 чытанне — Эзх 33, 7-9.
2 чытанне — Рым 13, 8-10.
Евангелле — Мц 18, 15-20.
”Прыйдзіце, заспяваем Пану” (Пс 95,3).
Езус сказаў сваім вучням: “Калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б аб чым-небудзь, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх”. Гэта абяцанне Езуса ад самага пачатку хрыс-ціяне злучалі з нядзельным літургічным сабраннем. У лістах Св. Ігнацыя з Антыёхіі можна знайсці наступны тэкст: “Няхай ніхто не падманваецца! Хто не прабывае каля алтара, пазбаўляецца Хлеба жывога! Ведаем, якую вялікую сілу мае малітва двух або трох асоб. Наколькі ж большую моц мае малітва ўсяго Касцёла?! Хто не прыходзіць на нядзельнае спатканне, паддаецца ўздзеянню пыхі, і такім чынам сам сябе асуджае”. Бо напісана: Бог супраціўляецца пыхлівым!” Гэты тэкст паходзіць з 108 года. Першыя хрысціяне лічылі пыхай, а не лянотай, калі хтосьці не прыходзіў на нядзельную Эўхарыстыю. Малітва ўсёй супольнасці на ня-дзельнай Эўхарыстыі з’яўляецца вельмі важнай. Таксама павінен прысутнічаць адзін істотны элемент: згоднасць у малітве: “Калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б аб чым-небудзь, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах”.На грэчаскай мове выступае часоўнік symfonein, ад якога паходзіць слова сімфонія. Становіцца больш зразумелай магутная малітва Касцёла, якую ў пэўным сэнсе можна параўнаць з вялікім сімфанічным аркестрам.
Нашай малітоўнай еднасці не перашкаджае тое, што кожны ўзносіць розныя інтэнцыі. Калі толькі нас усіх ажыўляе прагненне прыняць і палюбіць волю Божую; жаданне жыць у стане асвячальнай ласкі, рэгулярна прыступаючы да споведзі; калі толькі ў нашых сэрцах будзе прабываць Святы Дух. Калі ж у сэрцах тых, хто мо-ліцца, няма вышэйузгаданых прагненняў, то што да Бога даходзіць? Супрацьлегласць сімфоніі. Няма супольных гукаў. Заахвочваю яшчэ больш цаніць гэты вялікі дар Эўхарыстыі! Шукаць Бога – бо дзе ёсць Бог – там ёсць праўда і жыццё!
17 верасня
24-я нядзеля звычайная, год А
Прабачэнне
1 чытанне — Сір 27, 30 – 28, 7.
2 чытанне — Рым 14, 7-9.
Евангелле — Мц 18, 21-35.
“Даруй несправядлівасць бліжняму свайму” (Сір 27, 30).
Слова аб прабачэнні моцна прагучала ў сённяшнім Евангеллі. На пытанне Пятра, колькі разоў ён павінен прабачыць свайго брата, калі ён здзейсніць правіну супраць яго, Пан Езус адказвае, што ажно семдзесят сем разоў, г.зн. заўсёды. А потым Ён наглядна паказвае нам гэтую праўду ў прыпавесці пра неміласэрнага слугу. Гаспадар дараваў чалавеку няўяўна вялікі доўг (1 талант — 34 кг золата або срэбра, а ў Евангеллі ідзе гаворка пра 10 000 талантаў). На жаль, гэты чалавек не зрабіў ніякіх высноваў, таму што, калі яго даўжнік завінаваціў яму невялікую суму грошай (адзін дэнарый — 1 залатая манета), той не быў падобны на свайго гаспадара. За гэта яго спасцігла пакаранне, бо не быў падобны да свайго Гаспадара ў прабачэнні.
Бог міласэрны да кожнага чалавека! Нястомна прабачае нам нашы грахі падчас споведзі, калі шчыра шкадуем за грахі і маем пастанову выправіцца. І наказвае нам, каб і мы чынілі прабачэнне таксама! Калі Пан Езус заклікае прабачаць семдзесят сем разоў, а гэта значыць прабачаць пастаянна, то Ён ніякім чынам не заахвочвае замоўчваць правіны бліжняга. Калі наш бліжні зрабіў нешта дрэннае, то ў нас ёсць некалькі варыянтаў хрысціянскага захавання з любові да бліжняга. Па-першае, мы можам зрабіць напамін. Па другое, просьбу бліжняга аб прабачэнні неабходна прыняць. Пра гэта кажа сёння Езус. А як паступіць у сітуацыі, калі бліжні не прымае ніякай формы напаміну, і нават у найменшай ступені не выказвае жалю, а наадварот упарта трывае ў злым учынку? Вядома, яго зло не павінна спарадзіць ў нашых сэрцах нянавісць і жаданне адпомсціць. Тут патрэбна вялікая малітва аб пакаянні для яго. У канкрэтных, асабліва сур’ёзных выпадках таксама неабходная відавочная дыстанцыяванасць ад зла бліжняга. Вельмі важна не трываць у асяроддзі зла! Ведаць, што такое прабачэнне, і жыць прабачэннем – гэта розныя рэчы. Жыццё без прабачэння вядзе чалавека ў пекла. Бо як мы прабачаем бліжняму – так і Бог прабачае нам пра-віны нашыя!
25-я нядзеля звычайная, год А
Што такое зайздрасць
1 чытанне — Іс 55, 6-9.
2 чытанне — Флп 1, 20c – 24. 27а.
Евангелле — Мц 20, 1-16.
“Пан добры да ўсіх, і міласэрнасць Яго над усімі стварэннямі Ягонымі” (Пс 145,9).
У Евангеллі чуем, як адзін з уладальнікаў вінаградніка ажно пяць разоў выходзіць, каб наняць работнікаў, каб сабралі вінаград. Хоць гэтыя працаўнікі прыступілі да працы ў розны час, аднак вечарам, пры выплатах за працу яны атрымлівалі столькі ж, колькі і тыя, хто працаваў з раніцы. Паспрабуем ўявіць сабе радасныя твары ад шчасця адных і сумныя – ад зайздрасці другіх. Гаворка ішла аб шчодрасці гаспадара ў адносінах да тых, хто пазней прыступіў да працы на вінаградніку. Такім чынам, што такое зайздрасць? З аднаго боку, гэта гора ад шчасця бліжняга і разам з тым радасць – ад яго няшчасця. Зайздросны чалавек, быць можа нават таго не ўсведамляючы, прагне зла для іншых, а для сябе прагне чужога дабра. У маральным плане зайздрасць – гэта смяротны грэх, таму што спара-джае іншыя грахі. Аснова зайздрасці – паставіць сябе ў цэнтр, ня-здольнасць жадаць дабра іншым, няздольнасць любіць. Такім чынам, зайздрасць заключаецца ў тым, каб жадаць яшчэ большага і ніколі не атрымліваць задавальнення.
Сучасных людзей вельмі пабу-джае зайздрасць і заахвочвае да яе, прадстаўляючы хворыя амбіцыі як здаровую канкурэнцыю. Такім чынам, як адрозніць здаровыя амбіцыі, пазітыўную матывацыю, працавітасць ад зайздрасці? Не думаю, што гэта будзе складана, калі мы добра ведаем самых сябе. Калі мы рэалізуем свае ідэі, планы, мары, калі нашы дзеянні адпавядаюць нашай сістэме каштоўнасцяў – нам не пагражае хворая зайздрасць. Але калі мы раптам зразумеем, што матыў нашых дзеянняў – гэта жаданне параўнацца з кімсьці, перамагчы яго, атрымаць больш – хоць нам гэта зусім не трэба, гэта ўжо хворая зайздрасць, з якой трэба спавядацца і ад якой неабходна выбаўляцца праз сур’ёзную працу над сабой!
Хрысціянская традыцыя рэкамендуе тым, хто хоча перамагчы зайздрасць, некалькі цікавых прапаноў. Напрыклад: здзейсніць бескарыслівы жэст, зрабіць камусьці дабро проста так; чытаць Новы Запавет, лісты Айцоў Касцёла і біяграфіі святых, каб спазнаць, якая гэта прыгажосць – бескарыслівая любоў; маліцца за тых, каму зайздросціш, а таксама спроба абудзіць у сабе да іх лагоднасць.
кс. Януш ЧАРНАМОРАЎ