26-я нядзеля звычайная, год А
Бог заклікае да пакаяння
1 чытанне — Эзх 18, 25-28.
2 чытанне — Флп 2, 1-11.
Евангелле — Мц 21, 28-32.
“Мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае” (Мц 21, 31).
У сённяшнім Евангеллі Бог, прадстаўлены як айцец, звяртаецца да абодвух сыноў тымі ж словамі: “Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку”. Гэты заклік адкрывае нам нашу ідэнтычнасць: мы атрымалі ўсё ад Яго, а наша шчасце і радасць – гэта камунія з Ім. За гэтым пакліканнем таксама ідзе місія: “Ідзі і працуй у вінаградніку”.
Аднак Божае пакліканне сустракае пэўны супраціў, адзін з сыноў прама і шчыра выказвае: “Не хачу!”. Проста няма жадання “працаваць у вінаградніку”, а значыць “не хачу” прабачаць, быць пакорным і ахвярным. Думае, што прыемней браць, чым даваць; лягчэй дамінаваць, чым служыць. Такі чалавек перакананы, што суперніцтва і пыха лепш “акупляюцца” ў жыцці, чым маўчанне або салідарнасць з больш слабым. Аднак дзякуючы менавіта таму, што збунтаваны сын не баіцца прызнаць праўду пра сябе, ён здольны апамятацца, пакаяцца ў граху і, нарэшце, вярнуцца да выканання таго, што правільна, – да Запаведзей Айца. Пазнанне ўласнага граху вядзе да навяртання і перамены жыцця.
Другі сын кажа вельмі прыемныя словы: “Іду, гаспадару”. А не пайшоў, далей робіць сваю справу. Ён не верыць, што воля айца добрая для яго, але не можа сказаць “не” з-за страху пакарання ці таму, што не хоча страціць “твар”, бо казаць “не” стварае дрэннае ўражанне. У ім скрыты менталітэт раба. Можа быць, таму ён звяртаецца да айца “гаспадар”, а не “айцец”.
Прыпавесць пра двух сыноў, пасланых у вінаграднік, дапоўнена каментаром Езуса аб тым, што мытнікі і распусніцы ідуць перад “праведнікамі” ў Валадарства Нябеснае. Злодзеі і прастытуткі лягчэй знойдуць шлях да пакаяння і навяртання, да Божай міласэрнасці, чым тыя “набожныя”, якія не ведаюць, з чаго спавядацца, і якія ніколі не просяць прабачэння за свае памылкі. Публічнаму грэшніку лягчэй прызнаць свой грэх і апамятацца, чым таму, хто паверыў у д’ябальскую хлусню: “Я не раблю нічога дрэннага” (1Ян1,8-10). У Валадарства Божае ўваходзяць не тыя, хто лічыць сябе “лепшым”, а тыя, хто ведае свае злыя ўчынкі і не саромеецца крычаць: „Езусе, сыне Давіда, змілуйся нада мною!” (Лк 18,39).
8 кастрычніка
27-я нядзеля звычайная, год А
Плады ў вінаградніку
1 чытанне — Іс 5, 1-7.
2 чытанне — Флп 4, 6-9.
Евангелле — Мц 21, 33-43.
“Вінаграднік аддасць іншым вінаградарам” (Мц 21, 41).
Божае Слова адкрывае нам размову Езуса з першасвятарамі і старэйшынамі народа. Мова Езуса вельмі прамая, поўная папрокаў у бок крывадушных пастыраў народа Божага. Аргументы Езуса моцныя і дакладныя. Настаўнік звяртаецца да добра вядомага слухачам вобразу вінаградніка і гаспадара, які пра яго клапоціцца. Ён паказвае, што словы прарока Ісаі, звернутыя да кіраўнікоў Ізраэля, не скончыліся – усё роўна народ Божы не хоча мяняцца. Бог чакае, што ён будзе ў ім, ідучы па шляху запаведзяў і даверу; між тым першасвятары і старэйшыны не пазнаюць у Езусе Сына Божага ні па Яго словах, ні па Яго справах, нават перад тварам ісціны, пранікальнай у іх сэрцы пра іх саміх: яны слухаюць, але не чуюць; глядзяць, але не бачаць. Яны разумелі вобразы прыпавесцяў і маглі сказаць, якую ісціну яны раскрываюць. Але замест пакоры – праявілі ўпартасць; замест перамены – праявілі жорсткасць. Яны не дазвалялі жыць у сабе Слову Божаму і нават хацелі пазба-віцца Яго. Гэта вінаградары, якія самі сябе зрабілі гаспадарамі вінаградніка. Яны забівалі прарокаў, якіх Бог пасылаў да іх, адкідалі прапаведнікаў праўды. У канцы прыпавесці Езус прароцкі прадвяшчае сваю смерць як Сына Гаспадара вінаградніка.
У Літургіі Слова часта з’яўляецца вобраз вінаградніка, пра які клапоціцца добры гаспадар – Бог, але тым не менш вінаграднік не прыносіць чаканых пладоў. Мы ўсе пакліканы прыносіць плады ў вінаградніку Пана: плён у выглядзе нашага навяртання і жыцця паводле Запаведзяў Божых.
15 кастрычніка
28-я нядзеля звычайная, год А
Заклік да пільнасці і дзеяння
1 чытанне — Іс 25, 6-10а.
2 чытанне — Флп 4, 12-14. 19-20.
Евангелле — Мц 22, 1-14.
“Пан прыгатуе гасціну і вытра слёзы з усіх твараў” (Іс 25, 8).
Сёння разважаем над прыпавесцю пра караля, які падрыхтаваў вясельную гасціну для свайго сына. Паводзіны тых, хто быў запрошаны на вяселле, па меншай меры дзіўныя.
Запрошаныя госці праігнаравалі шчодрага гаспадара – не ўспрынялі сур’ёзна ні яго самога, ні запрашэнне, якое Ён ім паслаў праз сваіх слуг. Ніхто з запрошаных не аказаўся годным атрыманага запрашэння. Запрошаныя госці заняліся штодзённымі справамі; адзін сваім полем, іншы гандлем, а трэція забівалі слуг свайго караля.
Вясельная гасціна з’яўляецца сімвалам гасціны Валадарства Нябеснага, на якую ў сваёй шчодрасці Бог запрашае кожнага з нас. Аднак далёка не ўсе жадаюць прыйсці на гасціну, таму шукаюць апраўданне. Часцей за ўсё гэта звязана з эгаістычным выкарыстаннем зямных рэчаў, якія засланяюць канчатковую мэту жыцця.
Заканчэнне прыпавесці парадаксальна. Паколькі не прыйшлі запрошаныя, кароль запрасіў на гасціну людзей з вуліцы. Аднак пры выглядзе чалавека без вясельнага ўбору ён адрэагаваў гневам. На межах, дзе адбываецца рэалія прыпавесці, нават простыя людзі з вуліцы ведалі, што на каралеўскую гасціну нельга прыходзіць без святочнай ці хаця б чыстай вопраткі. Яе адсутнасць была абразай і непавагай да гаспадара. Прыпавесць Езуса – гэта заклік да пільнасці і дзеяння. Недастаткова проста прыняць запрашэнне на гасціну, застаючыся ў старым убранні, гэта значыць, не змяняючы ранейшага ладу мыслення і жыцця, заснаванага на традыцыях, звычках, штодзённасці. Усе запрошаныя абавязаны змяніць вопратку, г.зн. змяніць жыццё, стаць новымі людзьмі, апрануцца ў Хрыста, каб увайсці на гасціну Валадарства Нябеснага.
22 кастрычніка
29-я нядзеля звычайная, год А
Галоўны матыў
1 чытанне — Іс 45, 1. 4-6.
2 чытанне — 1Тэс 1, 1-5b.
Евангелле — Мц 22, 15-21.
“Я – Пан, і няма іншага” (Іс 45, 5).
У сённяшнім Евангеллі мы сустракаем правакатараў, якія спрабуюць прывесці Езуса ў пастку. Пастка здавалася ідэальнай: “Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не?”. Калі б Езус адказаў, што належыць, Яго маглі б абвінаваціць у супрацоўніцтве. Калі б Ён адказаў, што нельга, Яго абвінавацілі б у тым, што ён падбухторвае да бунту і грамадскіх беспарадкаў. А Езус выкарыстаў гэтую пастку, пастаўленую на Яго, каб сказаць нешта вельмі важнае для ўсіх нас. Ён кажа паказаць Яму падатковую манету і адразу ж уводзіць новую тэму ў размову: “Чыя гэта выява і надпіс?”. Адказалі Яму: “Цэзара”. “Дык аддавайце цэзарава цэзару, а Божае – Богу”. На манеце выява цэзара. А ў кожным з нас ёсць вобраз Божы. Калі ў табе ёсць вобраз Божы, значыць, ты сам належыш Богу. Так што аддай Богу тое, што Божае, аддай Богу самога сябе. Калі я створаны па вобразу Божаму і маю Богу аддаць самога сябе, то гэта азначае, што я не магу быць рабом рэчаў, не магу ганьбіць сваю годнасць прагнасцю, нянавісцю, распустай. Бог ёсць любоў. Таму, калі я створаны па вобразу Божаму, то і для мяне любоў мае быць галоўным матывам паводзінаў.
30-я нядзеля звычайная, год А
Падмурак шчасця і спакою
1 чытанне — Зых 22, 20-26.
2 чытанне — 1Тэс 1, 5с-10.
Евангелле — Мц 22, 34-40.
“Калі пакрыўдзіце ўдаву і сірату, распаліцца гнеў Мой” (Зых 22, 22).
Міласэрнасць, шчырасць, дабро – гэтыя словы для некаторых настолькі высокія, што яны баяцца іх выкарыстоўваць. А менавіта яны ў зямным жыцці прымушаюць нас супрацьстаяць злу, трывозе, хлусні, падману. Толькі калі мы самі адчуваем межы зла і дабра, ілжывасці і шчырасці, нянавісці і любові, пачынаем думаць пра тое, як складана любіць і адорваць іншых дабром. А любоў да людзей – гэта найвялікшы закон, дадзены нам Богам; без Яго нішто не мае каштоўнасці ні ў гэтым, ні ў будучым свеце.
“Настаўнік, якая запаведзь большая ў Законе?”(Мц 22,36). Адказ просты, канкрэтны і выразны: “Любі Пана Бога Твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім”. Гэтая найбольшая і першая запаведзь. Другая ж: “Любі бліжняга як самога сябе”. Езус звяртае нашу ўвагу на тое, што падставай для любові бліжняга з’яўляецца любоў да Бога. Калі мы любім Бога, то мы выконваем тое, чаго Ён жадае. У чым жа заключаецца любоў да бліжняга? “Любі бліжняга як самога сябе”. Крыніцай любові з’яўляецца сам Бог, таму Бог сёння адкрывае наш позірк на любоў з іншага боку. Любоў, якою Ён адорвае нас, – гэта падмурак добрых узаемаадносін, гэта падмурак шчасця і спакою. Варта падкрэсліць, што справа тут не ў эмацыйнай любові, а ў свядомым ўчынку, поўным любові, у жыццёвай паставе, сфармаванай любоўю.
Калі дазволім Богу нас фармаваць, Ён моцай свайго Духа Святога зробіць нас здольнымі любіць. Будзем любіць Яго ўсім розумам праз пазнаванне праўды. Усім сэрцам –праз будаванне сталых, здаровых сувязей і адносін. Усёй душою – праз прыняцце евангельскіх рашэнняў і чысціні інтэнцый (намераў) у дзеяннях.
кс. Януш ЧАРНАМОРАЎ