Хлеб штодзённы

5 лістапада

31-я нядзеля звычайная, год А

 

Слова  Божае  трывае навекі

 

1 чытанне — Мал 1, 14b – 2, 2b. 8-10.

2 чытанне — 1Тэс 2. 7b, – 9. 13. 

Евангелле — Мц 23, 1-12.

 

 “Адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы – браты”  (Мц  23,8).

Настаўнік веры паказвае іншым шлях да Бога, да вечнага жыцця. Цяжка ўявіць, што хтосьці вучыць, як ісці да вечнага жыцця, а сам бы да вечнага жыцця не дайшоў. Апостал Павел калісьці адчуваў такі непакой, пісаў: “Гора мне, калі я прапаведую іншым, а сам павінен бы быць адкінутым”. Варта сёння задаць сабе наступнае пытанне: “Ці я сам выконваю тое, чаму вучу іншых?”. Кожны настаўнік веры – біскуп, святар, катэхет, а таксама айцец і маці, якія ўводзяць у веру сваіх дзяцей, і наогул усе хрысціяне, якія дзеляцца сваёй верай з іншымі, маюць задаваць рэгулярна сабе вышэй ўзгаданае пытанне.

Кажучы пра тых, хто навучае жыць паводле веры, але сам не выконвае таго, пра што навучае, Святы Аўгустын пісаў: “Ні на што не прыдасца грэшнікам, што абвяшчаюць Божае Слова, бо самі не слухаюць тое, што прамаўляюць. Дзякуючы Божаму Провіду могуць стаць карыснымі для слухачоў, аднак самі сабе дапамагчы не могуць”.

У сённяшнім Евангеллі ёсць выдатны адказ на пытанне, як паводзіць сябе, калі хтосьці сапраўды добра вучыць веры, але сам не выконвае таго, пра што навучае. Езус кажа: “Рабіце і захоўвайце ўсё, што вам (такія людзі) скажуць, але не паступайце паводле ўчынкаў іхніх”. Настаўнік веры, які добра выкладае, а сам дрэнна паступае, стане перад судом Божым. Але і вы будзеце адданыя суду Божаму, калі не прыслухаліся да добрага вучэння гэтага настаўніка. Святы Аўгустын, кажучы пра сваё служэнне, навучаў: “калі я прапаведую  добрыя рэчы і раблю добрыя  ўчынкі – наследуй мяне. Калі не раблю так, як навучаю, то рабі тое, што кажу, але не паступай так, як я”.

Нам  няма  чым  апраўдацца, калі да нас скіравана Слова Божае, незалежна ад таго, які чалавек прапаведуе. Калі Божае слова асуджае нашы правіны і  грахі, і  мы не можам абвергнуць гэта,  спрабуем абвінавачваць тых, праз каго яно прапаведуецца. Іх дрэннае  захоўванне не з’яўляецца  апраўданнем для слухача. Мякіна згарыць у агні, а Слова Божае трывае навекі. Рабіце і захоўвайце ўсё добрае, чаму вас навучаюць, аднак дрэнных учынкаў не наследуйце.


 12 лістападаgr-str-30

32-я нядзеля звычайная, год А

 

Запаліце  лямпу!

 

1 чытанне — Мдр 6, 12-16.

2 чытанне — 1Тэс 4, 13-18. 

Евангелле — Мц 25, 1-13.

 

 

“Хто шукае мудрасць, той знойдзе яе”  (Мдр 6, 12–16).

Мудрасць прызначана для тых, хто яе шукае. Як Божы дар, яна служыць нам для пазнання ісцін і містэрый, якія нас чакаюць. Бо “Мудрасць цудоўная і неўвядальная. З лёгкасцю заўважыць яе той, хто любіць яе, а хто шукае, той знойдзе яе. Яна спяшаецца да тых, хто яе прагне, каб першай адкрыцца ім” (Мдр 6,12-13).

Імкнучыся  да  мудрасці і напаўняючыся ёю, мы атрымліваем радасць ад пазнання Слова Божага. Бо праз мудрасць мы пазнаем Слова Божае, мы знаходзім надзею, без якой няма радасці  пазнання веры і жыцця ў Езусе Хрысце. “Бо калі мы верым, што  Езус  памёр і ўваскрос, то разам з Ім Бог  прывядзе да жыцця і тых,  хто  памёр ў Езусе” (1 Тэс 4,14). Наша заданне – гэта перайсці да вечнага  жыцця,  дзе пачнецца са-праўднае  жыццё, і  менавіта гэтае жыццё дае нам вера.

Аднак пераход да вечнага жыцця патрабуе падрыхтоўкі, і падрыхтоўка – гэта наша жыццё тут і цяпер. Бо ад таго, як мы яго тут пражывём, будзе залежаць наша жыццё з Богам у раі, або ў месцы вечнага асуджэння ў пекле. Калі тут, на зямлі, чалавек прыме Божага Сына Езуса Хрыста за свайго Збаўцу, які праз сваю муку, смерць і Ўваскрасенне адчыніў нам брамы неба, то будзе рабіць усё магчымае  для  таго, каб  добра падрыхтавацца  на  сустрэчу са сваім Збаўцам у Валадарстве Нябесным. І дасягне збаўлення. А калі не прыме Бога, калі не пакаецца ў грахах, калі сам дабравольна і свядома будзе тут, на зямлі, адкідаць Бога і пагарджаць Божымі  Запаведзямі,  не  рыхтуючыся на сустрэчу са Збаўцам, то жудасны канец чакае  такога  чалавека. Пойдзе ў пекла.

Мудра  выкарыстанае “сёння” падрыхтуе  нас  да нашага “заўтра”. Запаленая лямпа – гэта чалавечае жыццё, якое чэрпае сілу з Крыжа і Ўваскрасення Хрыстовага. Запаленая лямпа – гэта сэрца чалавека, асветленае верай і надзеяй і палаючае любоўю,  якую  Святы  Дух  „пралівае ў  нашы сэрцы”, як алей, аб якім гаворыцца ў Евангеллі. Запаленай лямпай з’яўляецца асвячальная ласка, як стан чалавечай душы, як  задатак вечнага жыцця. Давайце будзем мудрымі дзякуючы нашай  веры.  Заклік  Хрыста ў апошнім сказе Евангелля актуальны для ўсіх нас ва ўсе часы: “Чувайце, бо не ведаеце ні дня ні гадзіны” (Лк 21,17).

Заахвочваю так мудра карыстацца тым,  што маем, каб у тую гадзіну, калі прыйдзе Збаўца, мы былі добра падрыхтаванымі і былі гатовымі рушыць услед за Ім, дасягаючы ласкі збаўлення.


 19 лістапада

33-я нядзеля звычайная, год А

 

Развівайце  таленты!

 

1 чытанне — Прып 31, 10-13. 19-20. 30-31.

2 чытанне — 1Тэс 5, 1-6. 

Евангелле — Мц 25, 14-30.

 

 

 “Слуга добры і верны, (…) над многім цябе пастаўлю”  (Мц  25, 21).

Што такое талент? У старажытнасці гэта была самая вялікая адзінка вымярэння – як вагі, так і грошай. Сёння гэтым словам вызначаюцца выбітныя  здольнасці ў той ці іншай сферы. Талент не можа быць набыты ўласнымі сіламі. Талент – гэта дар, а дары – гэта доля кожнага чалавека, і яны могуць быць вельмі рознымі.

Талент – гэта не толькі выдатныя здольнасці,  але  і здольнасць клапаціцца  пра  іншых, уменне мець добрыя  адносіны з іншымі і ставіцца адзін да аднаго без крытыканства і зайздрасці, уменне слухаць і… доўга можна было б пералічваць розныя дары. Мы  развіваем і ўзбагачаем нашы таленты стараннасцю, вытрываласцю, любоўю, радасцю і малітвай. Аднак ці ўсведамляем мы, што кожны «талент» – гэта заклік і абавязацельствы  працаваць над сабой і працаваць  для  іншых?

Сённяшняе Евангелле паказвае тыповыя паводзіны лянівага слугі, чалавека, які не клапоціцца аб тым, каб атрыманыя дары памнажаліся і прыносілі  плён. Пакіданне  талентаў бясплоднымі – гэта віна, якая заслугоўвае тэрмінаў біблейскага тыпу “плач і скрыгатанне зубоў”. Хаваць і не  развіваць свае таленты – гэта часцей за ўсё глупства і лянота.

Хто атрымаў больш, той павінен даць больш, і хоць гэта патрабуе ад чалавека  вялікіх  намаганняў, узнагарода за гэта будзе нашмат большай. Такая  выснова  выцякае  з  сённяшняй прыпавесці аб талентах. Таму не зайздросцім  талентам  іншым, клапоцімся аб уласным развіцці, аб тым, каб наша жыццё было творчым, каб мы памнажалі дары, атрыманыя ад Бога. Пасля нашага пераходу ад зямнога да вечнага жыцця мы будзем адказваць  за  выкарыстанне дадзеных  нам  талентаў. Тады можа аказацца, што дадзеным нам талентам была  здольнасць выконваць неабходныя,  простыя дзеянні, а добрасумленнасць ў выкананні штодзённых абавязкаў стала нашым пропускам да вечнай асалоды.

Сённяшняе Евангелле, таксама, пераносіць нас  у часы Апошняга суда. Пан Бог пакліча нас і спытае, што мы зрабілі з тымі талентамі, з дарамі, якія атрымалі. Што мы тады адкажам і як, магчыма, будзем апраўдвацца?

Жадаю, каб кожны з нас на апошнім Судзе мог сказаць: “Вось, Пане, памножаныя таленты; прымі іх!”. А ў адказ пачулі словы Бога: “Добра, слуга добры і верны, увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.


 26 лістападаgr-str-31

Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету,

год А

 

Усвядоміць  паўнату жыцця

 

1 чытанне — Эзх 34, 11-12.15-17.

2 чытанне — 1Кар 15, 20 – 26. 28. 

Евангелле — Мц 25, 31-46.

 

 “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”  (Мц 25,40).

Менавіта  Езус Хрыстус, якому мы пакланяемся сёння як Валадару Сусвету, вядзе нас  да вечнасці, дзе ў Яго славе мы зможам атрымліваць асалоду ад сузірання Бога.

Аднак, каб дачакацца гэтых абяцанняў, нам неабходна ўжо тут, на зямлі, не толькі памятаць, што галоўнае – гэта  Запаведзь любові,  але перш за ўсё ператвараць яе ў чын. Накарміць і напаіць галодных і прагнучых,  ды падарожных  прыняць. Наведваць хворых і тых, хто ў вязніцы. Хаваць памерлых. Зрэшты, справа тут не ў адзінкавых сітуацыях, па прынцыпе: быў, выканаў, залічыў. Дабрыня і добрыя ўчынкі – гэта лад жыцця, які пастаянна накіроўвае чалавека да дабра, да Хрыста. Езус кажа: “Сапраўды кажу вам: усё, што вы  зрабілі аднаму з братоў Маіх меншых,  вы  Мне  зрабілі” (Мц 25,40).

Сёння Касцёл жадае нам усвядоміць паўнату жыцця і шчасця ў Хрысце. Ён  хоча, каб мы ўсведамлялі сваю прыналежнасць да Валадарства Хрыстовага, каб мы супрацоўнічалі  ў  пабудове цывілізацыі любові і ў выкананні яе абяцанняў. Такім  чынам,  сённяшняе  свята павінна  адназначна даць нам зразумець, што Хрыстос – Валадар сэрцаў, дабра, любові, адзінства, міру, Валадар даверу, надзеі, вернасці, Валадар перамены  гэтага  свету, нашай зямлі і  «ўнутранага жыцця» кожнага асобнага чалавека. Хрыстос  хоча пабудаваць сваё Валадарства  там,  дзе людзі з мноствам магчымасцяў заўсёды гатовыя  дапамагчы іншым у любой сітуацыі. Ён хоча будаваць і пашыраць сваё Валадарства ў сэрцах тых, хто служыць Яму ў пакоры.

 

кс. Януш  ЧАРНАМОРАЎ


 

 

 

 

 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий